Майстэрня прафесійных адкрыццяў

Гродзенскі дзяржаўны аграрны ўніверсітэт сёлета адзначае сваё 70-годдзе. Пачынаўся ён як сельскагаспадарчы інстытут з двума факультэтамі, а сёння ў складзе ўстановы адукацыі 11 факультэтаў. Дваццаць гадоў тут існуе і факультэт даўніверсітэцкай падрыхтоўкі і прафарыентацыйнай работы.

Удзельнікі летніка “ПрафСТАРТ” на экскурсіі.

— Факультэт даўніверсітэцкай падрыхтоўкі і прафарыентацыйнай работы быў арганізаваны 2 мая 2000 года на базе падрыхтоўчага аддзялення і кабінета прафарыентацыі, — расказвае дэкан факультэта Віктар Паплеўка. — Была арганізавана падрыхтоўка да здачы ўступных выпрабаванняў ва ўніверсітэт як для навучэнцаў школ, ліцэяў, гімназій, так і для выпускнікоў мінулых гадоў. Акрамя гэтага, у задачы факультэта ўваходзіла фарміраванне на конкурснай аснове кантынгенту абітурыентаў. Прафарыентацыйнай работай былі ахоплены чатыры вобласці — Гродзенская, Мінская, Гомельская і Брэсцкая. Выкладчыкі ўніверсітэта выязджалі ў школы, удзельнічалі ў агульнараённых прафарыентацыйных мерапрыемствах. У раёнах праводзіліся дні ўніверсі­тэта, на якіх навучэнцы мелі магчымасць паразмаў­ляць не толькі з выкладчыкамі, але і са студэнтамі.

Многія апрабаваныя метады работы з абітурыентамі выкарыстоўваюцца і сёння, але з’яўляецца і шмат новых, сучасных. Інтэрнэт, сродкі масавай інфармацыі, рэклама — актыўныя крыніцы інфармавання і праф­арыентацыі. Але, як падкрэслівае Віктар Іванавіч, па-ранейшаму прыносяць плён непасрэдныя сустрэчы з абітурыентамі, бацькамі, настаўнікамі. Дні адкрытых дзвярэй на факультэтах, выязныя дні  — дагэтуль вельмі эфектыўныя сродкі работы з навучэнцамі. Напрыклад, зараз рыхтуюцца да правядзення Дня аграрнага ўніверсітэта ў Воранаўскім раёне. Акрамя кіраўнікоў усіх факультэтаў, пра вучобу, жыццё, магчымасці расказваюць і самі студэнты. Такая агітацыя, калі роўны вучыць роўнага, не менш эфектыўная, чым іншыя крыніцы.

— А якія пытанні больш за ўсё хвалююць сучасных абітурыентаў? — пытаюся ў Віктара Іванавіча.

— Калі раней пытанні найчасцей тычыліся здачы экзаменаў, спецыяльнасцей, то сучасныя абітурыенты заглядваюць за больш далёкі гарызонт. Так, іх цікавіць, дзе яны змогуць працаваць пасля заканчэння аграрнага ўніверсітэта. Таму запрашаем на такія сустрэчы прадстаўнікоў прадпрыемстваў і арганізацый. На іх абавязкова прысутнічаюць кіраўнікі аддзелаў і ўпраўленняў адукацыі і ўпраўленняў сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкамаў. Тлумачым і пра магчымасць заключыць мэтавы дагавор на атрыманне адукацыі. Па выніках анкетавання бачым, што больш за 76 працэнтаў студэнтаў выбіраюць аграрныя прафесіі мэтанакіравана і свядома.

У праграму дзён адкрытых дзвярэй, калі яны адбываюцца ў самім ўніверсітэце, абавязкова ўключаецца наведванне музеяў. Найперш, музея Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта, потым — мёду і пчалярства, анатамічнага. Таксама абітурыентаў запра­шаюць у навукова-даследчыя лабараторыі, ДНК-лабараторыі, біятэхналагічны цэнтр. На факультэце ветэрынарнай медыцыны наведвальнікі атрымліваюць кансультацыі па кармленні і лячэнні свойскіх жывёл, а на інжынерна-тэхналагічным — не толькі даведваюцца пра сакрэты смачнай каўбасы ці марожанага, але і могуць прадэгуставаць іх. На факультэце бухгалтарскага ўліку школьнікі ўдзельнічаюць у бізнес-трэнінгах “Заплаці падаткі і спі спакойна” і “Як палепшыць свае фінансавыя магчымасці”, наведваюць вучэбныя лабараторыі цэнтра навучання і развіцця Гродзенскага аграпрамысловага парка і вучэбную лабараторыю “Фінансавы аддзел”.

Геаграфія ўдзельнікаў сустрэч у аграрным універсітэце — не толькі Гродзенская вобласць. Напрыклад, летась на Дзень адкрытых дзвярэй біятэхналагічнага факультэта прыязджалі навучэнцы сярэдняй школы № 85 Мінска.

Замежныя студэнты на занятках па рускай мове.

Актыўнымі ўдзельнікамі сустрэч са школьнікамі з’яўляюцца студэнты. Менавіта па іх прапанове ў канцы 2020 года ўпершыню былі арганізаваны Калядныя сустрэчы з навучэнцамі аграрных класаў у Гродзенскім, Шчучынскім і Дзятлаўскім раёнах, у 28-й і 35-й школах Гродна. З канцэртнай праграмай “Азімыя”, якая ўключала і гульні аграрнай тэматыкі, студэнты пабывалі ў сярэдняй школы № 2 Смаргоні і Гальшанскай сярэдняй школе гэтага ж раёна, у Лідскім, Іўеўскім, Шчучынскім раёнах.

У рабоце факультэта даўніверсітэцкай падрыхтоўкі і прафарыентацыйнай работы можна вызначыць некалькі асноўных напрамкаў — падрыхтоўчыя аддзяленні і курсы для беларусаў і замежных грамадзян, работа з замежнымі студэнтамі, прафарыентацыйная работа, правядзенне рэпетыцыйнага тэсціравання, супрацоўніцтва з агракласамі. Апошні сёння з’яўляецца значнай часткай дзейнасці факультэта.

Гродзенскі дзяржаўны аграрны ўніверсітэт быў адным з ініцыятараў стварэння аграрных класаў, а выкладчыкі ўдзель­нічалі ў распрацоўцы вучэбна-метадычнага ком­плексу факультатыўнага курса “Уводзіны ў аграрныя прафесіі”. Дзякуючы гэтаму, настаўнікі школ, якія вядуць гэты факультатыў, маюць поўнае суправаджэнне ўрока ў выглядзе тэксту, прэзентацыі і відэароліка.

Універсітэт актыўна супрацоўнічае з аграрнымі класамі з першых дзён іх існавання. Летась адбыўся першы выпуск навучэнцаў аграрных класаў — тых, хто наведваў згаданы факультатыў. Студэнтамі Гродзенскага аграрнага ўніверсітэта сталі 57 такіх выпускнікоў: 33 чалавекі паступілі па выніках субяседавання, астатнія — па выніках цэнтралізаванага тэсціравання.

Сёння ў Гродзенскай вобласці аграрныя класы створаны ва ўсіх раёнах, у іх вучыцца 461 навучэнец. Прычым не толькі ў вясковых школах. 22 школьнікі вучацца ў 10 і 11 аграрных класах сярэдняй школы № 2 Смаргоні. 20 чалавек вывучаюць факультатыўны курс у Верцялішкаўскай сярэдняй школе Гродзенскага раёна, 19 — у Забалацкім яслях-садзе — сярэдняй школе Воранаўскага раёна, 15 — у сярэдняй школе г.п.Краснасельскі Ваўкавыскага раёна.

Заключаны дагаворы аб супрацоўніцтве з 71 школай у Гродзенскай, Мінскай, Гомельскай, Брэсцкай і Віцебскай абласцях па дзейнасці агракласаў.

Сёлета адбудзецца першы выпуск аграрнага класа ў сярэдняй школе № 28 Гродна. Без падтрымкі аграрнага ўніверсітэта, лічаць у школе, стварэнне і існаванне такога класа было б немагчымым.

У гэтым навучальным годзе факультатыў “Уводзіны ў аграрныя прафесіі” пачаў працаваць у яшчэ адной гродзенскай школе — № 35 імя М.А.Волкава. Факультэт даўніверсітэцкай падрыхтоўкі і прафесійнай арыентацыі таксама цесна супрацоўнічае з гэтай установай. Яе наведваюць і вучні суседніх школ.

Яшчэ адным элементам прафарыентацыйнай работы стала правядзенне аграгіяд: на базе Гро­дзенскага абласнога інстытута развіцця адукацыі збіраюцца настаўнікі і метадысты РВМК, якія кіруюць аграрнай адукацыяй. Сустрэчы арганізуюцца сумесна з Гродзенскім дзяржаўным аграрным універсітэтам. Для ўдзельнікаў праводзяцца адукацыйныя мерапрыемствы. Для навучэнцаў аграрных класаў арганізуюцца профільныя летнікі. Дзеці знаёмяцца з будучай прафесіяй на майстар-класах, наведваюць перадавыя сельскагаспадарчыя, харчовыя і перапрацоўчыя прадпрыемствы, установы вышэйшай адукацыі.

Летась аграгіяда прайшла ў дыстанцыйнай форме. У ёй удзельнічалі каля ста педагогаў і звыш 200 навучэнцаў з усёй краіны. Усе пяць дзён аграгіяды былі насычаны цікавымі падзеямі — гэта і інтэрнэт-экспедыцыя “Беларусь аграрная”, і віртуальны аграквест, і стварэнне эканом-праекта “Мой край хлебасольны”, і прафарыентацыйны стрым. Кожны навучэнец наведаў псіхалагічную вэб-лабараторыю “Сябе ў гэтым жыцці адкрыць” і майстэрню прафесійных адкрыццяў “Формула майго поспеху”.

Сёлета аграгіяда таксама запланавана, як і летнік “ПрафСТАРТ” для навучэнцаў педагагічных і аграрных класаў Гродзеншчыны. Супрацоўнікі аграрнага ўніверсітэта праводзяць для дзяцей шмат актыўнасцей: лекцыі-дыялогі, практычныя і экскурсійна-пазнавальныя заняткі. Мінулагодні “ПрафСТАРТ”, які прайшоў у анлайн-фармаце, аб’яднаў больш за 30 школьных каманд Гродзеншчыны.

Для анлайн-работы з навучэнцамі агракласаў выкладчыкі аграрнага ўніверсітэта стварылі 21 відэаўрок, а таксама відэаэкскурсіі па ўсіх факультэтах. Да гэтых відэаўрокаў падключыліся ужо 20 сельскіх школ з Гродзенскай, Мінскай і Брэсцкай абласцей.

Падзяліцца марамі і ўяўленнямі пра сваю будучую прафесію навучэнцы змаглі падчас конкурсу “PR-эксперт”. Прарэкламаваць сваю будучую аграрную прафесію (тэма “Агракласнік — мая прафесія і спецыяльнасць”), расказаць пра сваю вялікую і малую радзіму (тэма “Я люблю Беларусь”) ці прарэкламаваць прадпрыемства АПК (рэклама тавару, прадпрыемства) старшакласнікі маглі шляхам стварэння рэкламнага плаката, відэароліка, прэзентацыі. На конкурс, вынікі якога будуць падведзены ў канцы сакавіка, даслана больш за 50 работ.

— Лепшыя работы вызначае экспертная камісія, у склад якой увайшлі выкладчыкі нашага ўніверсітэта, а таксама прадстаўнікі Гродзенскага мясакамбіната, іншых прадпрыемстваў-партнёраў, — расказвае дэкан факультэта даўніверсітэцкай падрыхтоўкі і прафесійнай арыентацыі. — У канцы сакавіка адбудзецца ўзнагароджанне лаўрэатаў па некалькіх намінацыях.

У 2003 годзе факультэт пачаў рыхтаваць да паступлення ва ўстановы вышэйшай адукацыі замежных грамадзян. У першыя гады тут вучыліся 30—40 чалавек. Зараз на падрыхтоўчым аддзяленні і падрыхтоўчых курсах для замежных грамадзян рускую мову і агульнаадукацыйныя прадметы вывучаюць 205 чалавек.
Студэнт 2 курса эканамічнага факультэта Джонатан Экокай Конія Конія па-руску размаўляе вельмі добра. Гэта дапамагае яму выдатна адчуваць сябе не толькі на занятках, але і ў зносінах з беларускімі сябрамі.

— На першай сесіі было цяжка, — успамінае хлопец. — Але мне ўсе дапамагалі — і выкладчыкі, і студэнты-аднагрупнікі. У Беларусі вельмі добрыя людзі. Першымі словамі, якія я вывучыў, былі “так”, “дзякуй”, “прыедзь”.

Актыўнасць студэнта з Тога дапамагае яму ўдзельнічаць у шматлікіх мерапрыемствах — конкурсе чытальнікаў у Гродзенскім дзяржаўным універсітэце, алімпіядзе па рускай мове, семінары ў Беларускім дзяржаўным універсітэце па тэме “Праваслаўе і цывілізацыйны выбар Беларусі”.

Грамадзянін Гвінеі Мамаду Афігіў Ба робіць толькі першыя крокі ў вывучэнні рускай мовы, але ўжо валодае фрнцузскай, англійскай і арабскай мовамі. Мамаду плануе паступаць у магістратуру па спецыяльнасці “Агранамія”. Пасля заканчэння аграрнай установы адукацыі на радзіме ён займаўся вырошчваннем ананасаў. А ў Гродзенскі аграрны ўніверсітэт прыехаў, па яго словах, атрымаць новыя карысныя веды.


Пытаюся ў Віктара Паплеўкі, якую галоўную рысу Гродзенскага дзяржаўнага аграрнага ўніверсітэта ён вылучае, калі размаўляе з абітурыентамі.

— Прафесіяналізм, — адказвае Віктар Іванавіч. — Мы выпускаем вельмі падрыхтаваных спецыялістаў. Маем якасную матэрыяльную, даследчую базу і адданых сваёй справе выкладчыкаў.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота прадастаўлена ГДАУ.