У кожнага з нас час ад часу з’яўляецца жаданне наведаць новыя месцы, актыўна адпачыць, пазнаёміцца з жыхарамі іншых краін… Імклівае развіццё турызму актывізуе бізнес, цягне за сабой стварэнне новых працоўных месцаў, вымагае адкрыцця сучасных спецыяльнасцей ва ўстановах адукацыі. У Гомельскім дзяржаўным універсітэце імя Францыска Скарыны для больш якаснай падрыхтоўкі спецыялістаў турыстычнай галіны была нават створана новая кафедра — міжкультурных камунікацый і міжнароднага турызму.
З акцэнтам на замежныя мовы
Для першакурснікаў спецыяльнасці “Лінгвістычнае забеспячэнне міжкультурных камунікацый (міжнародны турызм)” гістарычнага факультэта ГДУ гэты навучальны год быў незвычайным. Спачатку ім пашанцавала прайсці ўступныя выпрабаванні і стаць студэнтамі найбуйнейшага ўніверсітэта Палесся. Потым хлопцы і дзяўчаты паспяхова здалі зімовую сесію, а ў другім семестры на іх факультэце была створана кафедра міжкультурных камунікацый і міжнароднага турызму.
Трэба заўважыць, што на гістарычным факультэце і раней рыхтавалі менеджараў па культурнай спадчыне і турызме, якія паспяхова знаходзілі сваё месца ў турыстычным бізнесе. Але ў адрозненне ад “Музейнай справы і аховы гістарычна-культурнай спадчыны” новая спецыяльнасць прадугледжвае больш моцны ўзровень моўнай падрыхтоўкі па англійскай і нямецкай мовах. Выпускнікі атрымаюць кваліфікацыю “спецыяліст па міжкультурных камунікацыях. Перакладчык-рэферэнт”.
Таццяна ПАЧЫНАК, загадчык кафедры міжкультурных камунікацый і міжнароднага турызму:
“Нашы выпускнікі змогуць кампетэнтна і кваліфікавана прадстаўляць нацыянальны культурны здабытак замежным партнёрам і гасцям, якія наведваюць Беларусь. Яны авалодаюць ведамі пра менталітэт, асаблівасці ўспрымання навакольнага свету, традыцыі і звычкі прадстаўнікоў іншых культур, культурныя славутасці і гістарычныя рэаліі іншых краін. Гэтыя веды дапамогуць у рэалізацыі эфектыўнай міжкультурнай камунікацыі”.
— Значная частка вучэбнай праграмы будучых спецыялістаў па міжкультурных камунікацыях звязана з вывучэннем замежных моў і шэрага спецыяльных прадметаў, якія не выкладаюцца на існуючых кафедрах, — гаворыць дэкан гістарычнага факультэта, кандыдат гістарычных навук, дацэнт Станіслаў Чаропка. — За спецыялізаванай выпускаючай кафедрай будзе замацавана значная частка вучэбнай нагрузкі спецыяльнасці “Лінгвістычнае забеспячэнне міжкультурных камунікацый”. Гэта дасць магчымасць на больш высокім узроўні арганізаваць адукацыйны працэс і даследчую дзейнасць студэнтаў.
Новая кафедра ў дапамогу студэнтам
Кіраўніком кафедры міжкультурных камунікацый і міжнароднага турызму прызначана кандыдат педагагічных навук дацэнт Таццяна Пачынак. Яна падкрэсліла, што асаблівая ўвага будзе ўдзяляцца вывучэнню студэнтамі гістарычна-культурнай спадчыны нашай краіны.
— Выпускнікі змогуць кампетэнтна і кваліфікавана прадстаўляць нацыянальны культурны здабытак замежным партнёрам і гасцям, якія наведваюць Беларусь. Яны авалодаюць ведамі пра менталітэт, асаблівасці ўспрымання навакольнага свету, традыцыі і звычкі прадстаўнікоў іншых культур, культурныя славутасці і гістарычныя рэаліі іншых краін. Гэтыя веды дапамогуць у рэалізацыі эфектыўнай міжкультурнай камунікацыі, напрыклад, у вядзенні дзелавых перамоў з замежнымі партнёрамі, на сустрэчах з замежнымі дэлегацыямі і г.д.
Таццяна Віктараўна адзначыла, што гістарычна-культурная кампетэнтнасць дазволіць спецыялістам эфектыўна ажыццяўляць міжкультурную камунікацыю на міжнародным узроўні. У гэтым і ёсць адметнасць і ўнікальнасць дадзенага напрамку падрыхтоўкі спецыялістаў. Адначасова супрацоўнікі кафедры будуць пашыраць міжнароднае супрацоўніцтва з універсітэтамі-партнёрамі па лінгвістычным кірунку, з акцэнтам на турыстычную і экскурсійную дзейнасць.
Мацвей АХРЭМЕНКА, студэнт 1 курса спецыяльнасці “Лінгвістычнае забеспячэнне міжкультурных камунікацый. Міжнародны турызм”:
“У вучэбнай праграме прыярытэт аддадзены англійскай мове, і гэта радуе. А з другога курса пачнецца вывучэнне яшчэ адной мовы — нямецкай. Вялікай перавагай нашай спецыяльнасці з’яўляецца шырокі выбар прафесій. Мы можам уладкавацца ў турфірму, стаць гідам-перакладчыкам або экскурсаводам. Я хацеў бы звязаць сваю будучыню з работай у дзяржаўных органах спорту і знайсці там прымяненне сваім здольнасцям”.
— У чэрвені мінулага года быў заключаны дагавор аб супрацоўніцтве з Пскоўскім дзяржаўным універсітэтам. У лютым мы прынялі ўд зел у арганізаванай там канферэнцыі “Экскурсійная дзейнасць і турызм: тэорыя і практыка”, дзе расказалі пра тэндэнцыі і перпектывы развіцця турыстычнай прывабнасці Гомельшчыны. Актыўна супрацоўнічаем з Чувашскім дзяржаўным педагагічным універсітэтам імя І.Я.Якаўлева. У хуткім часе плануем сумесны круглы стол у анлайн-фармаце на тэму “Гістарычна-культурная спадчына Беларусі і Чувашыі. Памяць культуры вечная”, дзе студэнты двух універсітэтаў прадставяць даклады аб сваёй нацыянальнай культуры на англійскай мове. Дамаўляемся аб супрацоўніцтве і з іншымі буйнымі ўніверсітэтамі Расіі па лінгвістычным кірунку, — праінфармавала Таццяна Пачынак.
Загадчык кафедры таксама падкрэсліла, што асноўны акцэнт у вучэбным працэсе будзе зроблены на авалоданне ведамі пра гістарычна-культурную спадчыну Беларусі і іншых краін, на развіццё ўнутранага нацыянальнага турызму, выхаванне ў студэнтаў пачуцця патрыятызму, грамадзянскай адказнасці і любові да сваёй Радзімы.
Кацярына СУХАРКОВА, студэнтка 1 курса спецыяльнасці “Лінгвістычнае забеспячэнне міжкультурных камунікацый. Міжнародны турызм”, стараста групы:
“Для выпускнікоў нашай спецыяльнасці адчынены многія дзверы: мы можам працаваць у турфірмах, дзяржаўных органах, на прадпрыемствах, звязаных са знешнеэканамічнай дзейнасцю, або здаць дадатковы экзамен і працаваць гідам-перакладчыкам. Варыянтаў шмат, таму і вызначыцца даволі цяжка.
Асабіста мяне прываблівае магчымасць займаць адказную пасаду: яна падразумявае шмат абавязкаў, але так ты адчуваеш сваю значнасць. Спадзяюся, у будучыні будзе шмат семінараў і трэнінгаў, якія дапамогуць развівацца ў прафесіі”.
Зацікаўленасць дзяржаўных структур
З утварэннем новай кафедры на факультэце актывізавалася дзейнасць па экскурсійным кірунку. Падрыхтоўка экскурсаводаў і гідаў-перакладчыкаў ажыццяўляецца ў супрацоўніцтве з Нацыянальным агенцтвам па турызме і профільнымі органамі дзяржаўнага кіравання Гомеля і Гомельскай вобласці. Напрыклад, анлайн-семінар “Роля экскурсавода ў развіцці турызму ў Рэспубліцы Беларусь” быў праведзены Гомельскім дзяржаўным універсітэтам сумесна з Нацыянальным агенцтвам па турызме. Студэнты, выкладчыкі, прадстаўнікі дзяржструктур і культурна-гістарычных устаноў абмеркавалі асноўныя тэндэнцыі і перспектывы развіцця ўнутранага турызму ў краіне, магчымасці забеспячэння дадзенага кірунку кваліфікаванымі кадрамі.
Сваім поглядам на праблему падрыхтоўкі спецыялістаў турыстычнай галіны падзялілася загадчык сектара турызму ўпраўлення спорту і турызму Гомельскага аблвыканкама Вольга Кацянкова:
Станіслаў ЧАРОПКА, дэкан гістарычнага факультэта:
“За кафедрай міжкультурных камунікацый і міжнароднага турызму будзе замацавана значная частка вучэбнай нагрузкі спецыяльнасці “Лінгвістычнае забеспячэнне міжкультурных камунікацый”. Гэта дасць магчымасць на больш высокім узроўні арганізаваць адукацыйны працэс і даследчую дзейнасць студэнтаў”.
— Сёння беларускі турызм уключаецца ў канкурэнцыю на сусветным турыстычным рынку. У той жа час існуе шэраг фактараў, якія негатыўна ўплываюць на жыццядзейнасць турыстычных арганізацый. Адзін з іх — недастатковы ўзровень кампетэнтнасці значнай часткі супрацоўнікаў, складанасці пры правядзенні імі дзелавых перамоў, нізкая выніковасць працы. Як вынік, узнікае вялікая патрэба ў кваліфікаваных спецыялістах.
Кампетэнтныя спецыялісты, па меркаванні Вольгі Дзмітрыеўны, будуць, з аднаго боку, ведаць міжкультурныя адрозненні народаў, весці дыялог з прадстаўнікамі іншых культур, а з другога — годна прадстаўляць сваю краіну і культуру ў любых сітуацыях зносін.
— Падрыхтоўка спецыялістаў па міжкультурных камунікацыях у ГДУ імя Ф.Скарыны будзе садзейнічаць забеспячэнню турыстычнай галіны прафесійнымі кадрамі, — падсумавала загадчык сектара. — А ўлічваючы, што сёння міжнародныя камунікацыі выходзяць на новы ўзровень адносін, гэтая спецыяльнасць, як ніколі, запатрабавана на рынку працы нашай краіны і нават за мяжой.
Заканамерна, што ў мінулагоднюю ўступную кампанію новая спецыяльнасць з’явілася менавіта на гістарычным факультэце. Спецыялісты сведчаць: спасціжэнне сусветнай культурнай спадчыны немагчыма без вывучэння гісторыі сваёй краіны.
Кацярына КАВАЛЕНКА.
Фота Кацярыны СТЭЦКАЙ і з архіва герояў.