Гісторыкі, аналітыкі і нават крыху дыпламаты

На гістарычным факультэце БДУ адкрываецца новая спецыяльнасць — “Рэгіёназнаўства”. З гэтага года набор будзе ажыццяўляцца як на першую ступень атрымання адукацыі, так і ў магістратуру.

— Дагэтуль спецыялістаў-рэгіёназнаўцаў у беларускіх універсітэтах не рыхтавалі, — паведаміў дэкан гістарычнага факультэта БДУ прафесар Аляксандр Каханоўскі. — Падобныя спецыяльнасці ёсць у Расіі, у Казахстане і іншых краінах, дзе яны даволі папулярныя. Беларуска-Расійскі ўніверсітэт выпускае бакалаўраў адпаведнай кваліфікацыі, але там падрыхтоўка вядзецца па расійскіх стандартах. Мы ў БДУ пастараліся максімальна ўзгадніць вучэбны план з патэнцыяльнымі заказчыкамі, каб падрыхтоўка спецыялістаў адпавядала інтарэсам нашай краіны.

Цікавасць да спецыялістаў-рэгіёназнаўцаў праявілі органы дзяржаўнай улады і кіравання, экспартна арыентаваныя прад­прыемствы, арганізацыі, кампаніі, звязаныя дзелавымі і эканамічнымі інтарэсамі з тымі ці іншымі рэгіёнамі свету.

Гістарычны факультэт праводзіць прафесійную падрыхтоўку па наступных спецыяльнасцях:

“Гісторыя” (напрамкі — “Айчынная і ўсеагульная гісторыя”, “Паліталогія”, “Археалогія”, “Гісторыя мастацтваў”, “Гісторыя міжнародных адносін”, “Гістарычная інфарматыка”);

“Музейная справа і ахова гісторыка-культурнай спадчыны” (напрамкі — “Гісторыя і музеялогія”, “Культурная спадчына і турызм”);

“Дакументазнаўства” (напрамкі — “Дакументацыйнае забеспячэнне кіравання”, “Інфармацыйнае забеспячэнне кіравання”);

“Гісторыка-архівазнаўства”;

“Рэгіёназнаўства”.

— Новая спецыяльнасць — міждысцыплінарная і ўключае фундаментальную падрыхтоўку па гуманітарных, эканамічных, палітычных, юрыдычных навуках, — тлумачыць Аляксандр Генадзьевіч. — Выпускнікі будуць на павышаным узроўні вало­даць дзвюма замежнымі мовамі, адна з якіх — мова рэгіёна, які вывучаецца. Дзякуючы комплексным ведам, спецыялісты змогуць працаваць аналітыкамі, прагназістамі, экспертамі па развіцці сацыякультурных, эканамічных ці палітычных сувязей з рознымі рэгіёнамі і краінамі.

Для забеспячэння падрыхтоўкі па новай спецыяльнасці будзе акумуліраваны патэнцыял розных падраздзяленняў БДУ. Базавым з’яўляецца гістарычны факультэт, але да выкладання спецыяльных дысцыплін далучацца калегі з юрыдычнага, эканамічнага факультэтаў, факультэта геаграфіі і геаінфарматыкі, а таксама міжнародных адносін.

— У нас часта пытаюцца: “Рэгіёназнаўства” — гэта рэгіёны Беларусі?” Такая дысцыпліна, безумоўна, прысутнічае ў вучэбным плане, студэнты будуць вывучаць рэгіянальныя асаблівасці нашай краіны таксама. Але новая спецыяльнасць мае на ўвазе найперш замежнае рэгіёназнаўства, — гаворыць дэкан факультэта.

Плануецца, што студэнты будуць вучыцца па спецыялізацыях “Заходняя Еўропа і Паўночная Амерыка”, “Цэнтральная і Усходняя Еўропа”, “Блізкі Усход і Афрыка”, “Азіяцка-Ціхаакіянскі рэгіён”, “Лацінская Амерыка”. Канкрэтныя рэгіёны будуць вызначацца ў залежнасці ад запытаў патэнцыяльных заказчыкаў кадраў і патрэб эканомікі. Спецыялізацыя для студэнтаў пачнецца ў 3 семестры.

Для паступлення на спецыяльнасць “Рэгіёназнаўства” абітурыенты будуць здаваць ЦТ па гісторыі Беларусі, сусветнай гісторыі і адной з дзяржаўных моў. На першую ступень сёлета плануецца прыняць 10 чалавек за кошт бюджэту і 10 — на ўмовах аплаты.

Сёння на 16 факультэтах і ў 4 адукацыйных інстытутах БДУ вядзецца падрыхтоўка па 82 спецыяльнасцях на першай ступені атрымання адукацыі і па 50 — у магістратуры.

— Значна, што мы адкрываем новую спецыяльнасць, але яшчэ больш значным з’яўляецца яе далейшае развіццё, — заўважыў Аляксандр Каханоўскі. — Мы будзем прыкладаць шмат намаганняў, каб забяспечыць спецыялістам годны ўзровень кваліфікацыі, чым заўсёды адрозніваўся Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт. Класічная адукацыя адкрывае перад людзьмі вялікія магчымасці. Што да выпускнікоў гістарычнага факультэта, то сярод іх ёсць дыпламаты, паслы, міністры, дзяржаўныя дзеячы. І нават выпуск­нікі спецыяльнасцей, якія маюць нядаўнюю гісторыю, — архівісты, дакументазнаўцы, музеезнаўцы — ужо праявілі сябе ў розных сферах. Перакананы, што і рэгіёназнаўцы змогуць праявіць сябе найлепшым чынам на дзяржаўнай службе і ў бізнесе.

Што да будучага набору ў магістратуру, то ўжо зараз абвешчана профілізацыя — “краіны і рэгіёны новага шаўковага шляху”. Як паведаміў Аляксандр Каханоўскі, акцэнт будзе зроблены на Кітай.

— Паступаць у магістратуру па спецыяльнасці “Рэгіёназнаў­ства” могуць і гісторыкі, і міжнароднікі, і эканамісты, і філолагі, і лінгвісты — пералік спецыяльнасцей першай ступені вельмі шырокі, — заўважыў дэкан факультэта. — Мы чакаем выпускнікоў розных універсітэтаў краіны. Пакуль не будзе выпуску дыпламаваных рэгіёназнаўцаў на першай ступені, у якасці ўступнага іспыту ў магістратуру прапануецца адна з дысцыплін, якая вывучаецца на ўсіх спецыяльнасцях і будзе аптымальная для кожнага паступаючага.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.