Крылатыя кватаранты БДУ

Напярэдадні стагоддзя БДУ студэнцкі гарадок пры падтрымцы грамадскай арганізацыі “Ахова птушак Бацькаўшчыны” запусціў акцыю, дзякуючы якой птушкі, вяртаючыся з цёплых краін, змогуць знайсці для сябе домік. Cтудэнты і супрацоўнікі ўніверсітэта зрабілі і ўсталявалі ў Мінску больш як 100 шпакоўняў.

У дворыку студэнцкага гарадка БДУ, нягледзячы на пахмурнае надвор’е, шмат светлых адценняў. На лавачках красуецца мноства драўляных домікаў для крылатых кватарантаў. Узоры на шпакоўнях адлюстроўваюць эмблемы інтэрнатаў, лагатыпы студэнцкіх арганізацый і падраздзяленняў БДУ, выявы жывёл і птушак. Многія выкананы ў карпаратыўных колерах універсітэта — сінім і блакітным.

Першакурсніца біялагічнага факультэта Паліна Мурачова трымае ў руках шпакоўню з блакітным дахам, невялічкім акенцам і подпісамі яе стваральнікаў. Побач домік у выглядзе дзядулі-лесавічка — гэта ідэя педагога-арганізатара інтэрната № 10 БДУ. Аб правядзенні акцыі дзяўчына разам з сябрамі даведалася ад старшыні студэнцкага савета “дзясяткі”. І неяк адразу ў маладых лю­дзей з’явілася задума, якую рэалізоўваў увесь студсавет. Натхніў моладзь знешні вы­гляд любімага інтэрната.

“У мінулым годзе наша “дзясятка” вылучалася не­апрацаванымі цаглінамі — такім інтэрнат ведалі ўсе. А зусім нядаўна яго пафарбавалі. Захацелася ўзнавіць выг­ляд цаглінак на шпакоўні. Мы імкнуліся захаваць неабходныя параметры, каб домік быў зручны і бяспечны для птушак. Здорава, што ў размалёўванні ўдзельнічалі ўсе, гэта было весела і аб’ядноўвала нас. Як вядома, птушкі баяцца яркіх колераў, таму стараліся мінімізаваць колькасць фарбы на доміку, — тлумачыць студэнт­ка. — Жывучы блізка да прыроды, знаходзімся з ёй на адной хвалі. Яна стварае камфорт для нас, і мы стараемся адказваць ёй узаемнасцю”.

Акцыя знайшла падтрымку як сярод студэнтаў, так і сярод супрацоўнікаў універсітэта, стаўшы, па словах першага прарэктара БДУ Дзмітрыя Мядзведзева, “свое­асаблівым флэш-мобам універсітэцкіх падраздзяленняў”. Замест запланаваных 100 шпакоўняў удзельнікі зрабілі 120.

Дарэчы, выраб птушыных домікаў — адна з мност­ва ініцыятыў, прымеркаваных да стагоддзя Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Далей прыхільнікаў БДУ ча­каюць відэа- і фотапраекты, акцыі, флэш-мобы, віктарыны, фэс­ты, форумы і канферэнцыі, прысвечаныя святочнай даце. Пры гэтым многія праекты будуць цікавыя не толькі студэнтам і супрацоўнікам універсітэ­та. Так, увагу абітурыентаў прыцягнуць дні факультэтаў і фэст “Мая дарога ў БДУ”, а выпускнікі змогуць паўдзельнічаць у флэш-мобе “Любімы фотаздымак у студэнцкія гады” і міжнародным клубе “Сябры БДУ”. Актыўнасці скіраваны на аб’яднанне выпускнікоў універсітэта розных гадоў.

“Маленькая справа пра­к­ладвае сцяжынку ў вялікую будучыню”, — перакананы студэнты, якія, праводзячы падобныя акцыі, ствараюць гісторыю БДУ.

Ірына ІВАШКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.