Такая магчымасць стане рэальнай для абітурыентаў Беларускай дзяржаўнай акадэміі авіяцыі, дзе днямі адбыўся брыфінг з нагоды адкрыцця новай спецыяльнасці “Лётная эксплуатацыя паветраных суднаў грамадзянскай авіяцыі”. На пытанні маладых людзей і іх бацькоў адказвала старшыня прыёмнай камісіі Марына ЛІТВІНА.
Выпускнікі лётнай спецыяльнасці, куды сёлета плануецца набраць 16 чалавек, атрымаюць кваліфікацыю “спецыяліст па лётнай эксплуатацыі грамадзянскіх суднаў. Інжынер-пілот”. Тэрмін навучання на ёй складзе 4,5 года.
Пра спецыяльнасць
— Дзе будзе адбывацца падрыхтоўка?
— Тэарэтычныя заняткі будуць праходзіць на базе акадэміі, лётная падрыхтоўка — у арганізацыях, якія маюць сертыфікат і аснашчаны трэнажорамі і паветранымі суднамі для падрыхтоўкі пілотаў. Для забеспячэння максімальнай канкурэнтаздольнасці выпускнікоў падрыхтоўка будзе ажыццяўляцца ў адпаведнасці са стандартамі Еўрапейскага агенцтва па бяспецы палётаў.
— На якім тыпе паветранага судна студэнты будуць вучыцца лётаць?
— Першапачатковы тып самалёта — звышлёгкі ці лёгкі аднаматорны сухапутны тыпу Viper SD-4, Sport Star RTC, Аэрапракт А32, Fusion 213, Diamond DA 40, Як-152. Выпускным тыпам самалёта стане двухматорны самалёт тыпу Diamond DA 42, Tecnam P2006T.
— Ці будуць выкладаць спецыяльныя дысцыпліны дзеючыя авіяцыйныя спецыялісты?
— Так, будуць.
— Ці змагу я прайсці ваенную падрыхтоўку ў працэсе навучання?
— Ваенную падрыхтоўку праходзяць юнакі, якія не маюць медыцынскіх супрацьпаказанняў. Заняткі адбываюцца па-за сеткай вучэбных гадзін на аснове асобнага графіка і раскладу заняткаў па ваенна-ўліковых спецыяльнасцях.
— Якія дакументы буду мець пасля выпуску?
— Падчас навучання курсант будзе прадстаўляцца ў Дэпартамент па авіяцыі Міністэрства транспарту і камунікацый для атрымання пасведчання пілота-аматара (PPL). Пасля паспяховага праходжання навучання выпускнік атрымае дыплом аб вышэйшай адукацыі і, пры адпаведнасці патрабаванням, будзе прадстаўлены ў Дэпартамент па авіяцыі для атрымання пасведчання пілота камерцыйнай авіяцыі (CPL).
— Колькі належыць заплаціць за навучанне на платнай форме атрымання адукацыі? З чаго складаецца кошт?
— Кошт навучання за 4,5 года складзе прыблізна 191 тысячу рублёў (за 1 курс — 6 тысяч, за 2 і 3 — па 54,5 тысячы, а за 4 — 76 тысяч). Сума складаецца з выдаткаў на тэарэтычную і практычную (лётную і трэнажорную) падрыхтоўку.
— Калі я паступлю на бюджэт, а мяне адлічаць па прычыне, якая не залежыць ад мяне (напрыклад, па стане здароўя), ці буду я пакрываць кошт навучання?
— Не, не будзеце.
— Пры паступленні на бюджэт трэба будзе дадаткова аплачваць гадзіны палёту і трэнажор?
— Не, не трэба.
— Ці змагу ў будучыні лётаць у Еўропе?
— Прызнанне дакументаў аб адукацыі праходзіць у адпаведнасці з авіяцыйнымі правіламі той краіны, дзе вы плануеце працаваць. Яны грунтуюцца на Міжнародных правілах, у прыватнасці — на першым дадатку Чыкагскай канферэнцыі. Калі дзяржава акрамя выдачы ўласнага пасведчання надае сілу пасведчанню, выдадзенаму іншай дзяржавай, яна ўстанаўлівае яго сапраўднасць дазволам. Яго трэба насіць разам з пасведчаннем, што выдала іншая дзяржава. Калі ж пры выдачы дазволу першая дзяржава абмяжоўваецца прадастаўленнем канкрэтных правоў, у дазволе ўказваюцца пэўныя правы ўладальніка пасведчання, якое прымаецца ў якасці раўнацэннага. Тэрмін дзейнасці дазволу не перавышае тэрміну дзеяння самога пасведчання.
— Калі я адвучуся на пілота, змагу працаваць бортправадніком (сцюардэсай)?
— Толькі пры ўмове, што пройдзеце навучанне па прафесіі “бортправаднік” і паспяхова здасце кваліфікацыйны экзамен.
— Куды плануюць размяркоўваць выпускнікоў? Я змагу працаваць у “Белавія”?
— Выпускнікі атрымліваюць размеркаванне на вядучыя авіяцыйныя прадпрыемствы краіны. “Белавія” ўваходзіць у іх лік.
Паступленне
Працэс паступлення на лётную спецыяльнасць складаецца з трох этапаў. Першы з іх — медыцынскі. Абітурыентам трэба будзе прайсці медагляд па месцы жыхарства (з выпіскамі прафесійнага агляду вузкіх спецыялістаў) і УЛЭК (урачэбна-лётную экспертную камісію) у перыяд з 03.06.2021 і да канца прыёму дакументаў. На другім этапе маладыя людзі рэгіструюцца для здачы дадатковага іспыту па вызначэнні ўзроўню фізічнай культуры і ў вызначаны тэрмін праходзяць яго. Хлопцам трэба будзе здаць падцягванне на перакладзіне, бег на 100 м і 1,5 км, дзяўчатам — падняцце тулава са становішча “лежачы на спіне”, бег на 100 м і 1 км. Іспыты будуць праходзіць у ад зін дзень. Па словах Марыны Аляксандраўны, вынікі кожнага кантрольнага практыкавання фіксуюцца ў ведамасці і ацэньваюцца “залічана / не залічана”. Канчатковая ацэнка складаецца з усіх вынікаў: “залічана” — у выпадку здачы ўсіх іспытаў у адпаведнасці з нарматывамі, “не залічана” — калі падобная ацэнка ёсць у адным з практыкаванняў. На заключным этапе пры паспяховым завяршэнні папярэдніх маладыя людзі падаюць дакументы ў прыёмную камісію.
— Калі я ўжо вучуся ў БДАА, ці магу перавесціся на спецыяльнасць “Лётная эксплуатацыя паветраных суднаў грамадзянскай авіяцыі”?
— Не, не можаце. Вам прыйдзецца паступаць яшчэ раз па агульным конкурсе.
— Калі ў мяне ўжо ёсць вышэйшая адукацыя, магу я паступіць, каб атрымаць другую?
— Так, можаце, але на аснове агульнага конкурсу і выключна на 1 курс.
— Каля я ўжо працую бортправадніком / авіяцыйным спецыялістам, у мяне ёсць перавагі пры паступленні?
— Не, вы паступаеце на агульных умовах.
— Колькі каштуе прайсці медыцынскі агляд?
— Арыенціровачны кошт — 150 рублёў.
— Наколькі часта трэба праходзіць медагляд? За яго прыйдзецца плаціць штогод?
— Медагляд вы будзеце праходзіць кожны год як падчас навучання, так і ў працэсе работы па спецыяльнасці. Так, аплачваць яго давядзецца кожны раз.
— Я кандыдат у майстры спорту / майстар спорту. Ці пойдзе гэта ў залік пры праходжанні профільнага ўступнага іспыту, ці будзе перавагай?
— Не. Вы будзеце праходзіць іспыт на агульных падставах.
Абмежаванні
— Калі я планую быць пілотам, можна рабіць лазерную карэкцыю зроку?
— Не. Абітурыенты, якія перанеслі падобныя аперацыі, прызнаюцца непрыдатнымі да навучання па лётных спецыяльнасцях.
— Ці існуюць абмежаванні па росце / вазе / узросце для паступлення на спецыяльнасць?
— Рост абітурыента павінен быць не меншы за 160 і не большы за 190 см. Вага не павінна перавышаць 90 кг. Па ўзросце абмежаванняў няма.
— Ёсць абмежаванні па пірсінгу і татуіроўках?
— Татуіроўкі не могуць знаходзіцца на адкрытых частках цела і выходзіць за межы формы (кашуля з кароткім рукавом ці спадніца ў дзяўчат). Пірсінг таксама прыйдзецца зняць. “Тунэлі” і плагі катэгарычна не дазваляюцца, бо расцэньваюцца як няправільная анатамічная форма, што можа прывесці да пэўных наступстваў.
Ірына ІВАШКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.