Гісторыя Лідскага каледжа пачынаецца ў 1944 годзе. Краіна, вызваленая ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, пачынала падрыхтоўку спецыялістаў для сістэмы адукацыі, таму было створана педагагічнае вучылішча. У 2006 годзе адбылося аб’яднанне двух каледжаў — педагагічнага і тэхнічнага, які дзейнічаў у Лідзе з 1964 года. І вось ужо 15 гадоў Лідскі каледж існуе ў структуры Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.
Пра месца навучальнай установы ў сістэме адукацыі Лідчыны расказвае дырэктар каледжа Андрэй Сямашка.
Дырэктар Лідскага каледжа Андрэй Сямашка:
— Выбар будучыні, вызначэнне траекторыі сваёй адукацыі і паспяховасці ў прафесіі — гэта, бадай, самы важны выбар у жыцці кожнага маладога чалавека. Мы імкнёмся падрыхтаваць не проста спецыялістаў, а прафесіяналаў, якія ўмеюць творча мысліць і эфектыўна працаваць у сучасных эканамічных і сацыяльных умовах.
— Больш як 25 тысяч спецыялістаў у розных галінах прамысловасці і адукацыі атрымалі пуцёўку ў прафесійнае жыццё менавіта ў Лідскім каледжы. Сёння ў нас вучацца 1150 чалавек на дзённай форме навучання і 200 — на завочнай форме па 9 спецыяльнасцях. Працуюць чатыры аддзяленні: аўтамабільнае, будаўнічае, гуманітарнае і аддзяленне электронікі, — расказвае Андрэй Мікалаевіч. — Мы пазіцыянуем Лідскі каледж як установу, якая дынамічна развіваецца, як тэрыторыю творчасці і поспеху.
У нашым каледжы наладжана і паспяхова функцыянуе сістэма партнёрскіх адносін з прадпрыемствамі — заказчыкамі кадраў. Яна заснавана на вывучэнні патрэб у спецыялістах адпаведных профіляў. З усімі прадпрыемствамі-партнёрамі, незалежна ад форм уласнасці, заключаны дагаворы на правядзенне вытворчай практыкі навучэнцаў. Прадпрыемствы — заказчыкі кадраў дапамагаюць распрацоўваць вучэбныя праграмы, іх прадстаўнікі бяруць удзел у рабоце дзяржаўных кваліфікацыйных камісій. Усё гэта дапамагае павышаць прафесійныя кампетэнцыі выпускнікоў Лідскага каледжа.
На прадпрыемствах навучэнцам прадастаўляюць рабочыя месцы ў складзе вытворчых брыгад, прызначаюць дасведчаных кіраўнікоў практыкі, якія перадаюць навучэнцам свой вопыт і дапамагаюць ім хутчэй адаптавацца на вытворчасці. Напрыклад, вучэбная практыка для атрымання кваліфікацыі рабочага (напрамак спецыяльнасці “Прамысловае і грамадзянскае будаўніцтва”) праводзіцца на будаўнічых аб’ектах Будаўніча-мантажнага трэста № 19 Ліды, аснашчаных высокатэхналагічным абсталяваннем, з выкарыстаннем інавацыйных тэхналогій.
Сумесна з МРЭА ДАІ штогод праводзяцца акцыі “Бяспека дарожнага руху”, “Лепшы вадзіцель”, “Пешаход”. На базе СТА “Лідарамсэрвіс” праводзяцца конкурсы “Лепшы па прафесіі” для слесараў па рамонце аўтамабіляў і шынамантажнікаў. ТАА “СвятланаАўтаСэрвіс” праводзіць курс практычных заняткаў з навучэнцамі па дыягностыцы аўтамабіляў. У аўтобусным парку № 2 Ліды навучэнцы ўдзельнічаюць у правядзенні дзяржаўных тэхнічных аглядаў аўтамабіляў.
Прадпрыемствы-партнёры даюць магчымасць выкладчыкам і майстрам вытворчага навучання прайсці стажыроўку на сваіх плошчах і азнаёміцца з сучасным абсталяваннем і тэхналогіямі.
Сваю ключавую задачу калектыў каледжа бачыць у стварэнні ўмоў для якаснай адукацыі і падрыхтоўкі спецыяліста сярэдняга звяна, але пры гэтым спецыяліста кампетэнтнага, гатовага да пастаяннага прафесійнага росту, сацыяльнай і прафесійнай мабільнасці, здольнага да эфектыўнай работы. У каледжы зацікаўлены ў тым, каб пасля асваення праграм сярэдняй спецыяльнай адукацыі навучэнцы працягвалі свой адукацыйны шлях у вышэйшых навучальных установах, і ў першую чаргу, у родным універсітэце.
Нашы выпускнікі маюць магчымасць працягнуць навучанне ва ўніверсітэце па праграмах вышэйшай адукацыі I ступені, інтэграваных з адукацыйнымі праграмамі ССА па ўсіх спецыяльнасцях, па якіх вядзецца падрыхтоўка ў каледжы.
На пачатку чэрвеня на базе Гродзенскага дзяржаўнага электратэхнічнага каледжа імя Івана Шчаснага праводзіўся абласны конкурс прафесійнага майстэрства сярод навучэнцаў устаноў прафесійнай адукацыі Гродзенскай вобласці па прафесіі слесар па рамонце аўтамабіляў. Каманда Лідскага каледжа, у якую ўваходзілі навучэнцы 3 курса аўтамабільнага аддзялення Андрэй Ставарук, Віктар Цыдзік і Кірыл Якелевічус, заняла 3-е месца.
— 15 гадоў Лідскі каледж з’яўляецца часткай Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Якія змены адбыліся за гэты час?
— За гады сумеснай работы ў сістэме “ўніверсітэт — каледж” склалася пэўная мадэль узаемадзеяння. Так, каледж уключаны ў адзіную інфармацыйна-адукацыйную прастору ГДУ (выкарыстанне вучэбна-лабараторнага комплексу для рэалізацыі адукацыйных праграм ССА з прыцягненнем прафесарска-выкладчыцкага складу ўніверсітэта); распрацаваны пераемныя вучэбныя планы; ёсць доступ да нарматыўна-прававой базы (Кансультант+) і базы стандартаў, прадастаўлена магчымасць удзелу ў адукацыйным працэсе ўніверсітэта выкладчыкаў каледжа. Універсітэцкія выкладчыкі ўдзельнічаюць у выніковай атэстацыі навучэнцаў каледжа. У рабоце прыёмнай камісіі выкарыстоўваецца адзіная ўніверсітэцкая праграма АСК “Абітурыент”. Абнаўленне і папаўненне базы абітурыентаў адбываецца па праграме “Прафпрагноз”. Вучэбныя планы адукацыйных праграм сярэдняй спецыяльнай адукацыі разглядаюцца на савеце ўніверсітэта і зацвярджаюцца рэктарам. Навучэнцы каледжа маюць доступ да інфармацыйных рэсурсаў універсітэта: электроннай бібліятэчнай сістэмы, а таксама баз даных, набытых навуковай бібліятэкай.
Нашы навучэнцы прымаюць удзел у конкурсах, алімпіядах, навукова-практычных канферэнцыях, спартыўных сустрэчах, выставах, фэстах, якія ладзяцца ва ўніверсітэце. Напрыклад, вясной гэтага года яны ўдзельнічалі ў конкурсе навукова-даследчых работ па псіхалогіі “XXI стагоддзе як псіхазойская эра”, алімпіядзе па псіхалогіі “ПсіLogos”, алімпіядзе па педагогіцы “Адкрываю свет педагагічных прафесій”, арганізаваных факультэтам псіхалогіі і педагагічным факультэтам універсітэта. Вынік удзелу — 4 дыпломы II ступені і 2 дыпломы III ступені.
Лідскі каледж як структурнае падраздзяленне ГрДУ імя Янкі Купалы ўдзельнічае ў культурных мерапрыемствах універсітэта. Толькі ў гэтым годзе нашы навучэнцы атрымалі два дыпломы на ўніверсітэцкім конкурсе плакатаў “Свабодны ад залежнасцей”. У маі ў музеі гісторыі развіцця ГрДУ праходзіла часовая выстава Лідскага каледжа “Вучыся з намі — выберы дастойную будучыню!”.
— Якасная падрыхтоўка навучэнцаў грунтуецца на некалькіх складніках. Важнымі з’яўляюцца выкладчыцкі склад і матэрыяльна-тэхнічная база…
— Адукацыйны працэс у каледжы ажыццяўляюць 113 педагагічных работнікаў, сярод якіх 3 кандыдаты навук, 2 выдатнікі адукацыі Рэспублікі Беларусь, 1 даследчык у галіне тэхнічных навук, 21 магістр, 2 бакалаўры. 76% выкладчыкаў маюць вышэйшую і першую кваліфікацыйную катэгорыю. Аднак галоўнае, што ўсе яны творчыя і неабыякавыя людзі.
Нашы выкладчыкі распрацоўваюць вучэбныя планы спецыяльнасцей, вучэбна-метадычныя комплексы, электронныя вучэбна-метадычныя комплексы па вучэбных дысцыплінах агульнаадукацыйнага і прафесійнага кампанента. Праект “Адукацыйны партал Avtolk.by” прадстаўлены ў рэспубліканскім аглядзе “Інфармацыйныя тэхналогіі ў прафадукацыі”, а ў конкурсе “Асабісты сайт/блог педагога” адзначаны дыпломам ІІ ступені.
Для падрыхтоўкі спецыялістаў у каледжы створана добрая матэрыяльна-тэхнічная база: сучасныя кабінеты, вучэбныя майстэрні, парк вучэбных аўтамабіляў, даследчая лабараторыя. У майстэрнях каледжа, акрамя неабходнага абсталявання, ёсць мультымедыйны комплекс. Па кожнай тэме вучэбных заняткаў распрацаваны відэапрэзентацыі.
У чытальных залах вучэбных карпусоў і інтэрнатах устаноўлены пункты доступу Wі-Fі, ёсць дамашні кінатэатр. Арганізавана падключэнне да сеткі інтэрнэт са стацыянарных рабочых месцаў па ADSL-тэхналогіі. Лакальная сетка Лідскага каледжа аб’яднана з лакальнай сеткай ГрДУ імя Янкі Купалы, што забяспечвае доступ супрацоўнікаў каледжа да адзінай інфармацыйнай прасторы ўніверсітэта.
Для заняткаў спортам ёсць дзве спартыўныя залы. У распараджэнні навучэнцаў — бібліятэка з чытальнымі заламі, медпункт, два інтэрнаты.
Намеснік дырэктара Лідскага каледжа па вучэбна-метадычнай рабоце Наталля Калпінская:
— Па выніках удзелу ў канферэнцыях, конкурсах рознага ўзроўню за два апошнія гады нашы навучэнцы заваявалі 18 дыпломаў раённага, 32 дыпломы абласнога, 14 дыпломаў рэспубліканскага і 7 дыпломаў міжнароднага ўзроўню; зрабілі 39 публікацый. За гэтымі лічбамі — вялікая праца навучэнцаў і педагагічнага калектыву, які нацэльвае моладзь на актыўную дзейнасць, — паведаміла Наталля Станіславаўна.
Разумеючы, што многія навучэнцы не спыняцца на дасягнутым, у каледжы адпрацавалі методыкі, якія дапамагаюць ім кіраваць сваімі жыццёвымі, адукацыйнымі і прафесійнымі маршрутамі. Маюцца на ўвазе майстар-класы спецыялістаў, урокі на прадпрыемствах, праектная дзейнасць, удзел у выставах-кірмашах, фестывалях прафесій, правядзенне дзён аддзяленняў, тыдняў цыклавых камісій. Такім чынам, у навучэнцаў фарміруюцца канкрэтныя прафесійныя веды, уменні і навыкі (HardSkills) і комплекс агульных кампетэнцый (SoftSkills), неабходных для паспяховага самавызначэння: здольнасць ацэньваць паспяховасць сваёй дзейнасці, сябе ў прафесіі і якасць прадукту, створанага ў ходзе бягучай і выніковай атэстацыі, уменне бачыць дэфіцыт у сваіх ведах, навыках і асобасных якасцях, якія неабходна карэкціраваць, каб паспяхова вучыцца і працаваць у выбранай сферы.
Навучэнка 4 курса спецыяльнасці “Дашкольная адукацыя” Марыя Казлоўская:
— Ужо ў 9 класе я цвёрда вырашыла, што буду выхавальніцай у дзіцячым садзе. З заміраннем сэрца несла дакументы ў прыёмную камісію Лідскага каледжа. Чатыры гады навучання праляцелі непрыметна. Для мяне гэта быў не толькі час спасціжэння прафесіі, але і час зносін з выкладчыкамі, людзьмі, улюбёнымі ў сваю прафесію. Яны навучылі мяне разумець, як важна любіць дзяцей і самаўдасканальвацца.
Падрыхтавала Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.