Шлях у прафесію пачынаецца з першага кроку

Ужо ў сярэдніх класах многія дзеці пачынаюць задумвацца пра сваю прафесійную будучыню. Асноўнае пытанне, якое турбуе ў гэты час не толькі падлеткаў, але і іх бацькоў, — ці варта ісці ў 10 клас? Або лепш забраць дакументы са школы і выбраць установу сярэдняй спецыяльнай адукацыі? Якая спецыяльнасць у такім выпадку будзе найлепшай для навучання? Прапаную знайсці адказы на гэтыя пытанні разам.

Пайсці са школы: за і супраць

Адказ на пытанне, ісці ў 10 клас ці ў каледж, залежыць найперш ад самога вучня, яго мэт і таго, кім ён бачыць сябе ў будучыні. Аднак перш чым забіраць дакументы са школы, я раю бацькам абмеркаваць гэтае пытанне на сямейным савеце.

У ім могуць прымаць удзел не толькі сам падлетак і яго баць­кі, але і старэйшыя сёстры, браты, дзядулі і бабулі. Кожны можа выказаць сваё меркаванне і прывесці шэраг прыкладаў у пацвярджэнне сваёй пазіцыі. Пры гэтым важна не націскаць на дзіця і даць яму выказацца. Важна памятаць: вучыцца будзеце не вы, а ваш сын ці дачка, і вынікі навучання заўсёды будуць залежаць ад іх зацікаўленасці. Таксама можна скласці спіс пераваг і недахопаў кожнага з рашэнняў.

Сярод пераваг навучання ў старшай школе можна пазначыць дадатковы час для прыняцця рашэння. Калі падлетак не ведае, кім ён хоча быць у будучыні, не варта прыспешвац­ь яго, прымушаць тэрмінова выбіраць прафесію і ісці ў каледж. Дайце яму яшчэ два гады. За гэты час ён зможа вызначыцца са сваёй будучыняй. А ваша задача — дапамагчы яму ў гэтым.

Магчыма і іншая сітуацыя, калі дзіця выразна ведае, чаго хоча. Напрыклад, марыць паступіць на журналістыку ў БДУ. Варта паважаць імкненне падлетка і даць яму магчымасць грунтоўна падрыхтавацца да паступлення і ажыццявіць сваю мару. У старшых класах ён будзе паглыблена вывучаць профільныя прадметы.

На карысць каледжа сведчаць іншыя аргументы. Па-першае, паступленне адбываецца паводле сярэдняга бала атэстата, без праходжання  цэнтралізаванага тэсціравання. Па-другое, малады чалавек атрымлівае магчымасць раней пачаць працоўную дзейнасць. У сярэднім навучанне ў кале­джы доўжыцца каля трох гадоў. Праз гэты час, а можа, і раней, малады спецыяліст пачне зарабляць уласныя грошы. 

Не варта ісці ў 10 клас і ў тым выпадку, калі падлетак ужо вызначыўся з будучай прафесіяй. Калі яму больш за ўсё падабаецца шыць або гатаваць, не варта прымушаць яго вучыцца лішнія два гады. Дазвольце дзіцяці сысці са школы і заняцца любімай справай. Тым больш што пасля заканчэння кале­джа выпускнік таксама можа паступіць ва ўніверсітэт, яшчэ і на скарочаны тэрмін навучання.

Выбар спецыяльнасці у справа нялёгкая

Калі рашэнне прынята на карысць каледжа, наступным крокам будзе выбар спецыяльнасці. Каб не тыкаць пальцам у неба і вызначыцца з профілем, які падыходзіць дзіцяці па тэмпераменце, характары і здольнасцях, можна прайсці анлайн ці разам са школьным псіхолагам разнастайныя праф­арыентацыйныя тэсты, а потым вывучыць пералік спецыяльнасцей, якія ёсць у каледжах і прафесійных ліцэях.

Ва ўстановах сярэдняй спецыяльнай і прафесійна-тэхнічнай адукацыі адкрыта шмат спецыяльнасцей і кваліфікацый, якіх не знойдзеш ва ўніверсітэцкіх праграмах. Жывёлагадоўля і раслінаводства, слясарная, станочная справа, лёгкая, харчовая і хімічная прамысловасць, будаўніцтва, грамадскае харчаванне, паліграфія, педагагічная дзейнасць… Адукацыю ў каледжах атрымліваюць і будучыя цырульнікі, візажысты, фатографы, нават артысты балета. Усе пералічаныя спецыяльнасці даступныя выпускнікам 9-х класаў і вельмі запатрабаваныя.

У большасць устаноў выпускнікі 9 класа паступаюць па конкурсе пасведчанняў аб базавай адукацыі (для творчых спецыяльнасцей прадугледжаны экзамен). Пасля 9 класа звычайна вучацца ад 2 гадоў 10 месяцаў да 3 гадоў 10 месяцаў і толькі на дзённым аддзяленні.

Умоўна ўсе спецыяльнасці можна падзяліць на тыя, што больш падабаюцца дзяўчатам, і тыя, што прыйдуцца даспадобы хлопцам. Напрыклад, учарашнія выпускніцы ахвотна выбіраюць прафесіі сакратара-рэферэнта, настаўніка пачатковых класаў, арганізатара сацыякультурнай дзейнасці, выхавальніка, дызайнера, швачкі, цырульніка, стыліста, мастака, бухгалтара, повара, кандытара. Юнакі могуць знайсці сябе ў прафесіях тэхніка-будаўніка, тэхніка-тэхнолага, механіка, электрыка, архітэктара, праграміста, тэхніка лясной гаспадаркі, дызайнера, мастака, юрыста, аўтамеханіка, маляра, тынкоўшчыка, цесляра, слесара, электрагазазваршчыка.

Адукацыя праз усё жыццё

Добра, калі выпускнік даўно вызначыўся з установай адукацыі, спецыяльнасцю і цвёрда імкнецца да сваёй мэты. Але такі ідэальны варыянт сустракаецца рэдка.
Значна часцей учарашнія школьнікі не ведаюць, кім хочуць стаць: паступаюц­ь ва ўстанову адукацыі за кампанію або з падачы бацькоў, ці яшчэ “весялей”— па прынцыпе “куды возьмуць з балам атэстата”. Калі так здарылася, што прафарыентацыя не адбылася, не дапамаглі тэсты, то, як мне здаецца, ёсць сэнс застацца ў школе да заканчэння 11 класаў.
Выбар прафесіі і свайго шляху ў жыцці — задача ня­простая. Чалавек, які выбраў не сваю справу, вучыцца сяк-так, і працуе потым без задавальнення. Хаця сучасны трэнд гучыць так: адукацыя не на ўсё жыццё, а праз усё жыццё. Магчыма, выпускніку каледжа прыйдзецца асвойваць сумежную спецыяльнасць ці шукаць работу на стыку з той, пра якую ён марыў. Любы цяперашні выбар можа быць паспяховым ці не вельмі. Толькі праз час стане зразумела, што было карысным, а што не спатрэбілася зусім.

Самы просты спосаб вызначыцца — пачуць сябе. Але гэта адначасова і самы складаны спосаб. У патоку знешніх галасоў (сваякі, сябры, сацыяльныя сеткі, СМІ) цяжка засяродзіцца і пачуць сваё “Я”. Паспрабуйце знайсці для гэтага адну гадзіну ў дзень, пасядзіце ў адзіноце і цішыні. Перабярыце варыянты ў галаве, задайце сабе пытанне і паспрабуйце пачуць адказ унутры сябе.

Звычайна праз 5—10 мінут такіх роздумаў чалавеку хочацца ўстаць і пайсці па сваіх справах. Але чалавеку, які не ўмее выдаткаваць час, каб пачуць сябе, раіць што-небудзь бескарысна. Ён паслухае знешні голас, які “крычыць” гучней.

Выпадак з практыкі

Аднойчы да мяне з пытаннем звярнулася знаёмая дзяўчынка. Бацькі настойвалі на пэўнай прафесіі, прыкладалі максімальныя намаганні, каб палегчыць яе паступленне. Давяраць бацькоўскаму жаданню ці ісці сваёй дарогай? А раптам памылка?

Ва ўзросце 15—17 гадоў у падлеткаў яшчэ існуе залежнасць ад бацькоў (тэрытарыяльная, фінансавая, псіхалагічная). Шмат хто баіцца ўзяць на сябе адказнасць за свой лёс. І бацькі, самі таго не ўсведамляючы, часта “захопліваюць” волю сваіх дзяцей. Яны зыходзяць з уласнага вопыту, ім здаецца, што яны сапраўды ведаюць, як трэба жыць. Але свет бацькоў, хоць яны і пражылі доўгае жыццё, — гэта толькі іх свет. За ім можна не ўбачыць вялікага светаўладкавання, не заўважыць яго магчымасцей.

Я параіла дзяўчынцы, як бы цяжка гэта ні было, выбірац­ь уласную дарогу. І не думаць, што гэтым яна здраджвае сваім бацькам. Дзяўчынка падзякавала ім за клопат, растлумачыла, што мае права на пошук, на памылку. Калі займацца пошукам сябе, як не ў маладосці? Да і наогул, добрыя бацькі павінны быць заўсёды побач, падтрымліваць, але не ўмеш­вацца ў справы і лёс сына, дачкі. Гэта вельмі цяжка, але ў гэтым і заключаецца бацькоўскі талент — паважаць выбар сваіх дзяцей.

Зараз гэтая дзяўчынка ўжо скончыла юрыдычны каледж і паступіла ва ўніверсітэт. У хуткім часе, упэўнена, яна стане выдатным юрыстам.

Замест выніку у пяць “не”

Не бойцеся перамен! З кожным годам колькасць новых прафесій павялічваецца. Рынак працы мяняецца вельмі хутка. Будзьце гатовыя вучыцца ўсё жыццё — павышаць кваліфікацыю, асвойваць сумежныя спецыяльнасці. Асваенне цалкам новай прафесіі зробіць вас каштоўным спецыялістам, запатрабаваным у міждысцыплінарных сферах дзейнасці. Любая атрыманая вамі прафесія можа спатрэбіцца ў непрадбачаных жыццёвых абставінах.

Не думайце толькі аб прэстыжнасці прафесіі. Гэта павінна ўлічвацца, але толькі пасля ўсведамлення вашай індывідуальнасці, інтарэсаў і здольнасцей. Інакш ёсць верагоднасць застацца з “моднай”, але не любімай спецыяльнасцю, якая не прыносіць задавальнення.

Не глядзіце выключна на знешнія праявы прафесіі. Напрыклад, за лёгкасцю сцэнічнага, кінематаграфічнага ладу жыцця не бачна штодзённая, часам даволі цяжкая і аднастайная праца акцёра. Перш чым ісці на штурм установы адукацыі, даведайцеся ўсе падрабязнасці аб выбранай прафесіі, пажадана з першых вуснаў.

Не выбірайце прафесіі, якія могуць пагоршыць здароўе. Маладым людзям уласціва пераацэнка сваіх фізічных магчымасцей, няўменне суадносіць стан здароўя з патрабаваннямі выбранага віду дзейнасці. Між тым даказана, што прафесія, якая не адпавядае фізічнаму развіццю асобы, здольна нанесці істотную шкоду маладому арганізму.

І апошняе, самае важнае. Не бойцеся ніякага свайго рашэння. У кожнага ёсць права на пошук, на памылку. Не ў­спрымайце інструкцыі літаральна, прыдумайце свой творчы спосаб выбару прафесіі. Распрацуйце ўласны план — пералік неабходных для выбару дзеянняў. Прайдзіце ўсё па­этапна: аналіз прапаноў на рынку адукацыі, аналіз попыту на рынку працы, ацаніце свае здольнасці, схільнасці, веды. Памятайце: толькі вы самі гаспадары свайго лёсу!

Паступленне на ўзровень сярэдняй спецыяльнай адукацыі

Тым, хто паступае на бюджэт, трэба падаць дакументы ў прыёмную камісію з 20 ліпеня па 3 жніўня, на ўмовах аплаты — з 20 ліпеня па 14 жніўня. На спецыяльнасці, дзе прадугле­джаны ўступныя экзамены, прыём дакументаў і на бюджэтнае, і на платнае навучанне праводзіцца да 3 жніўня. Самі ўступныя іспыты пройдуць з 4 па 8 жніўня. Вынік паступлення бю­джэтнікі даведаюцца да 10 жніўня, платнікі — да 16 жніўня.

Паступленне на ўзровень прафесійна-тэхнічнай адукацыі

Паступаць на ўзровень ПТА можна ўжо з 15 чэрвеня. Завяршаецца прыём дакументаў 20 жніўня. Экзамены для некаторых спецыяльнасцей пройдуць да 24 жніўня. А вынікі залічэння будуць вядомыя да 25 жніўня.

Кацярына КАВАЛЕНКА,
магістрант факультэта псіхалогіі і педагогікі ГДУ імя Францыска Скарыны.
Фота аўтара.