У бягучым годзе ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі авіяцыі набралі першых курсантаў на ўнікальную для краіны спецыяльнасць “Лётная эксплуатацыя паветраных суднаў грамадзянскай авіяцыі”. Трыма шчасліўчыкамі, якія ў гісторыі навучальнай установы назаўсёды застануцца піянерамі ў гэтым напрамку, сталі Іван Каратай, Мікіта Русецкі і Мікалай Мачанскі.
Каб стаць курсантамі БДАА, юнакам прыйшлося нямала папрацаваць. Хлопцы здавалі ЦТ па трох прадметах (матэматыка, замежная і адна з дзяржаўных моў), праходзілі медыцынскую камісію і здавалі спартыўныя нарматывы (падцягванне, бег на доўгую і кароткую дыстанцыі). У выніку да падачы дакументаў Мікіта падышоў з 357 баламі, Іван — з 331, а Мікалай — з 278.
Мікалай Мачанскі — выпускнік сталічнай гімназіі № 2. У БДАА ён будзе вучыцца на платнай аснове. У атмасферы палётаў хлопец знаходзіцца з дзяцінства: амаль увесь вольны час ён праводзіў на аэрадроме, сачыў за тым, як лётаюць дарослыя. Значную ролю адыграў прыклад таты-пілота: малы пастаянна чуў цікавыя гісторыі, сутыкаўся з лётнай справай асабіста. З трох гадоў жаданне стаць лётчыкам сфарміравалася і пачало мацнець. Пазней хлопчык палюбіў глядзець фільмы пра авіяцыю. Пасля такіх кінапраглядаў дашкольнік Коля надзяваў напоўнены рознымі рэчамі рукзак, узбіраўся на канапу і заяўляў бацькам: “Я скачу з парашутам!”. Першы сапраўдны скачок ён здзейсніў у тандэме ў дзесяцігадовым узросце.
З палётамі цяперашняга курсанта аб’ядноўвае і вучоба ў “касмічным” класе (клас, над якім узялі шэфства беларускія касманаўты). Сяброўства з касманаўтамі пачалося з пачатковай школы: дзеці выязджалі на экскурсіі, запрашалі вядомых таварышаў да сябе. У акцябраты Мікалая і яго сяброў прымалі Пётр Клімук і Уладзімір Кавалёнак, а з выпускным віншаваў Алег Навіцкі.
Апошнія тры гады хлопец прысвяціў самалётнаму спорту (Коля мае трэці спартыўны разрад), на яго рахунку 5 скачкоў. А яшчэ Мікалай не па чутках знаёмы з кіраваннем лётнага судна: ён выконваў такія базавыя кампаненты падрыхтоўкі пілота, як узлёт і пасадка, палёты па крузе і інш. Курсант называе сябе канкурэнтным чалавекам і гаворыць, што ў будучыні будзе імкнуцца перавесціся на бюджэтную форму навучання або пастараецца атрымаць скідку.
Сёлета на спецыяльнасць “Лётная эксплуатацыя паветраных суднаў грамадзянскай авіяцыі” залічана 11 чалавек, сярод якіх дзве дзяўчыны. 8 чалавек будуць вучыцца за кошт рэспубліканскага бюджэту. Навучэнцамі платнай формы сталі трое маладых людзей.
Галоўны аўтарытэт для яго, бясспрэчна, бацька — Мікалай Пятровіч. “Мой тата — фенаменальны чалавек, унікальны пілот, які за час сваёй дзейнасці прайшоў усё тое, праз што толькі мог прайсці спецыяліст яго прафесіі. Я хацеў бы не толькі быць падобным да яго, але і стаць яшчэ лепшым, каб ён мог ганарыцца сынам”, — падзяліўся Мікалай.
Мікіта Русецкі скончыў сярэднюю школу № 15 Пінска. Пасля 9 класа юнак вызначыўся з прадметамі для здачы ЦТ і выбраў фізіка-матэматычны ўхіл. Мікіта вельмі цікавіўся фізікай, нават ездзіў на абласны этап алімпіяды па гэтым прадмеце, але пасля заканчэння школы адправіўся штурмаваць БДАА. Ён гаворыць, што ехаць на вучобу ў сталіцу было нястрашна: дапамог вопыт самастойнага пражывання падчас алімпіяд і звычка вырашаць праблемы без чужой дапамогі.
Юнак расказвае, што з дзяцінства прымяраў форму (вайсковую, міліцэйскую), але аднойчы ўбачыў форму з блакітнымі палоскамі на пагонах — адметны знак ваеннай авіяцыі. “Матуля расказала, што некалі стаць лётчыкам хацеў яе дзядзька (спачатку не прайшоў па стане здароўя, а потым ўжо не адважыўся). З авіяцыяй была звязана і дзейнасць дзядулі: ён абслугоўваў аэрадромы як ратавальнік. Відаць, думкі пра неба ў мяне ў крыві”, — расказвае курсант.
Хлопец імкнецца браць прыклад з бацькоў — Аксаны Васільеўны і Сяргея Яўгеньевіча. “У плане цягі да ведаў і спакою я хацеў бы раўняцца на маму: яна пастаянна вучыцца. А ў цярпенні — на тату: ён заўсёды стойка пераносіць перыяды, калі мама атрымлівае чарговую адукацыю”, — прызнаецца Мікіта.
Лётная практыка пачнецца ў будучых пілотаў на старшых курсах, а да гэтага ім яшчэ прыйдзецца прайсці наземную і трэнажорную падрыхтоўку. Пакуль жа ў раскладзе маладых людзей шмат інжынерных дысцыплін: фізіка, начартальная геаметрыя, матэрыялазнаўства, вышэйшая матэматыка і інш.
Выпускнік мінскай гімназіі № 174 Іван Каратай таксама займаецца спортам — дзюдо і плаванню ён прысвяціў 4 гады. У гімназіі актыўнічаў у якасці алімпіядніка — шчыльна займаўся гісторыяй. Акадэмія авіяцыі (разам з БДУ і БНТУ) доўгі час знаходзілася ў яго асабістым топе ўстаноў вышэйшай адукацыі. Але ўрэшце хлопец пераканаўся, што, нават калі не паступіць на “лётную” спецыяльнасць, усё роўна стане курсантам БДАА. Як і яго сябры, Ваня не першы з сям’і прыйшоў у авіяцыю: адзін яго дзядуля кіраваў верталётам, другі служыў у марской авіяцыі.
Маладыя людзі перакананы, што самы галоўны іспыт пры паступленні на іх спецыяльнасць — праходжанне медыцынскай камісіі. Маўляў, калі прайшоў яе, з астатнім справішся, дзякуючы ведам і вопыту. “Пасля першай УЛЭК (урачэбна-лётнай экспертнай камісіі. — І.І.) яна ўжо не такая страшная”, — усміхаюцца будучыя пілоты. Усе трое прызнаюцца, што самым малапрыемным у перыяд прыёмнай кампаніі стала чаканне вынікаў. Таму калі хлопцы даведаліся аб залічэнні, то адчулі палёгку, а пасля да іх прыйшлі радасць і заспакаенне.
“Лётчыка паважаюць усюды, а самалёт — самы бяспечны від транспарту. Нават пры паездцы на таксі чалавек падвяргае сябе большай небяспецы, чым пры палётах на самалёце за ўсё жыццё”, — заўважаюць Мікалай і Мікіта. Хлопцы перакананы, што важнымі для пілота якасцямі з’яўляюцца адказнасць, хуткасць у прыняцці рашэнняў і вытрымка ў складаных сітуацыях. Яны хоць і знаходзяцца ў пачатку сваёй авіяцыйнай кар’еры, але цвёрда ведаюць: паніка — найстрашнейшы вораг пілота.
На развітанне задаю курсантам пытанне: “Што значыць быць пілотам?” “Гэта шчасце”, — гаворыць Іван. “А для вас, хлопцы?” “А ён за ўсіх адказаў”.
Ірына ІВАШКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.