БДУ ўзнімае ўласную планку

30 кастрычніка БДУ адзначыць 100-гадовы юбілей. Да гэтай даты плануецца зацвердзіць новую стратэгію развіцця ўніверсітэта на найбліжэйшыя чатыры гады.

Нядаўна праект дакумента абмяркоўвалі на савеце БДУ з удзелам кіраўніцтва факультэтаў і інстытутаў, дырэктараў прадпрыемстваў, начальнікаў упраўленняў, прадстаўнікоў грамадскіх арганізацый і студэнтаў універсітэта. З адпаведным дакладам выступіў рэктар БДУ Андрэй Кароль.

У аснову праекта пакладзены вынікі дзейнасці ўніверсітэта ў папярэднія гады і новыя выклікі, звязаныя з трансфармацыяй грамадства і тэхналогій. Ключавымі стратэгічнымі напрамкамі заяўлены: павышэнне якасці адукацыі з арыентацыяй на індывідуалізацыю і лічбавізацыю; развіццё прафесійных кампетэнцый выкладчыкаў і супрацоўнікаў; павелічэнне долі высакакласных спецыялістаў і перадавых тэхналогій; пабудова ўстойлівай эканамічнай мадэлі БДУ і дыверсіфікацыя крыніц даходаў; інтэрнацыяналізацыя і развіццё экспартнага патэнцыялу ўніверсітэта для інтэграцыі ў сусветную навуковую прастору.

Пазначаныя стратэгічныя напрамкі з’яўляюцца карэкціроўкай мэт БДУ апошніх гадоў, з вынікамі якіх таксама азнаёмілі членаў савета. Так, у галіне адукацыі эфектыўна рэалізуецца вектар на крэатыўнасць, якасць і канкурэнтнасць. У навуковай сферы расце колькасць публікацый у замежных часопісах і доля супрацоўнікаў з навуковай ступенню. Значным вынікам работы з’яўляецца ўваходжанне БДУ ў 1% лепшых універсітэтаў свету. У сферы інфармацыйнай палітыкі важнай падзеяй стаў запуск абноўленай версіі афіцыйнага сайта БДУ на чатырох мовах. А ўсяго ва ўніверсітэце функцыянуе 120 сайтаў структурных падраздзяленняў, дзейнічаюць студэнцкія анлайн-СМІ і групы ў сацыяльных сетках. 

Што да эканамічнай дзейнасці, то БДУ ўдалося нарасціць экспарт адукацыйных паслуг. Атрыманы прыбытак дазволіў павялічыць сярэднюю заработную плату па ўніверсітэце і ўмацаваць матэрыяльна-тэхнічную базу. Дарэчы, заробкі кіраўнікоў і прафесарска-выкладчыцкага складу залежаць ад прадукцыйнасці працы і выканання ключавых параметраў развіцця БДУ.

Вынесены на абмеркаванне праект новай стратэгіі развіцця ўніверсітэта будзе дэталёва прапрацаваны членамі савета БДУ. Пасля гэтага дакумент адкарэкціруюць і распрацуюць дарожныя карты па рэалізацыі вызначаных мэт. Плануецца, што выніковы варыянт будзе зацверджаны на святочным савеце БДУ, прымеркаваным да 100-гадовага юбілею ўніверсітэта. 

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота з лічбавага фотаархіва БДУ.