Важна быць на пярэднім краі навукі

На пачатку верасня ў НАН Беларусі прайшоў маладзёжны форум “Шлях у навуку”. Вельмі змястоўнай і цікавай часткай праграмы стала сустрэча моладзі з вядучымі вучонымі, акадэмікамі. Яны расказалі пра асноўныя дасягненні і трэнды ў сваіх напрамках навукі.

Любіць навуку — гэта як любіць музыку

Памятаеце гарэзлівую песеньку з фільма “Прыгоды Электроніка”?

До чего дошел прогресс,

До невиданных чудес,

Опустился на глубины

И поднялся до небес…

Мы прывыклі да штодзённых навін “з навуковых палёў” і ўжо мала чаму здзіўляемся. Айфоны, вакцыны, спадарожнікі Ілана Маска… Большасць падзей у свеце навукі ўспрымаецца як данасць (а часта нават з доляй скепсісу ці крытыкі). А між тым усё гэта неверагодна крута, наша жыццё мяняецца літаральна на вачах. І калі сучасныя школьнікі, лічы, нарадзіліся са смартфонамі ў руках, ім цяжка ацаніць перспектыву, то людзі ва ўзросце 40+, якія памятаюць дыскавыя тэлефоны і касетныя магнітафоны, проста скурай адчуваюць палёт навуковай і інжынернай думкі. Трэба сказаць, што гэта вельмі прыемнае адчуванне, і важна, каб яно перадавалася нашым дзецям. Цікаўнасць, чуйнасць, адкрытасць да навацый і адкрыццяў прыносіць сапраўднае задавальненне. Любіць навуку — гэта прыкладна тое, што любіць музыку. І нават калі сам не іграеш, нават калі не маеш музычнага слыху, нішто не перашкаджае табе атрымліваць асалоду. Вялікая навука таксама здольная ўражваць.

Індустрыя 4.0: “вкалывают” робаты

Позабыты хлопоты,

Остановлен бег,

Вкалывают роботы,

А не человек.

Гэта з таго ж фільма пра Электроніка, які выйшаў на экраны ў 1979 годзе. У свеце якраз ішла трэцяя прамысловая рэвалюцыя (першая, як мы памятаем, адбывалася ў XVIII—XIX стст. і звязана са стварэннем паравога рухавіка; ключавой інавацыяй другой прамысловай рэвалюцыі стаў канвеер і выпуск Генры Фордам першага даступнага аўтамабіля ў 1908 годзе). Трэцяя прамысловая рэвалюцыя пачалася ў 1960-х гадах, калі на вытворчасці з’явіліся станкі з праграмным кіраваннем і робаты.

Выступаючы перад удзельнікамі маладзёжнага форуму, першы намеснік старшыні Прэзідыума НАН Беларусі, доктар тэхнічных навук, акадэмік Сяргей Чыжык расказаў пра чацвёртую прамысловую рэвалюцыю, якая ідзе проста зараз, — гэта так званая індустрыя 4.0.

— Тэрмін з’явіўся зусім нядаўна, у 2011 годзе, у Германіі, — паведаміў Сяргей Антонавіч. — Індустрыя 4.0 абумоўлена новымі магчымасцямі, якія адкрывае інтэрнэт. Гаворка ідзе пра інфармацыйныя тэхналогіі, зносіны чалавека з машынай і машын паміж сабой.

Першы намеснік старшыні Прэзідыума НАН Беларусі, доктар тэхнічных навук, акадэмік Сяргей ЧЫЖЫК:

“Вельмі важна, каб у маладога даследчыка быў добры навуковы кіраўнік. У такім выпадку чалавек атрымае неабходную падтрымку і будзе рабіць менш непатрэбных рухаў на сваім шляху. Таксама важна працаваць на пярэднім краі навукі. Гэта прыносіць сапраўднае задавальненне ад работы і адчуванне ўласнай запатрабаванасці”.

Лічбавізацыя

— Важным складнікам індустрыі 4.0 з’яўляецца лічбавізацыя, — прадоўжыў Сяргей Антонавіч. — Усё навокал (фота, музыка, кіно і інш.) пераводзіцца ў лічбавы фармат. Аднак трэба мець на ўвазе, што для лічбавізацыі недастаткова толькі камп’ютара. Усё ж першапачаткова павінны быць аналагавыя сігналы, зыходныя даныя, якія потым паступяць у машыну. Гэты працэс патрабуе наяўнасці розных сістэм, датчыкаў, сэнсараў. Дарэчы, каму цікава, даю адрас: Мінскі НДІ радыёматэрыялаў. Там спецыялісты працуюць на перасячэнні механікі, электронікі і праграмавання.

Сёння НДІ радыёматэрыялаў вядзе распрацоўку тэхналогій, элементнай базы і на яе аснове прыбораў для сістэм радыёлакацыі, валаконна-аптычных ліній сувязі, лазерных дальнамераў, сістэм гарызантавання і арыентацыі аб’ектаў, сістэм кіравання, навядзення, навігацыі і інш.

Разумны горад

У свеце ўсё часцей гавораць пра разумныя гарады (smart city)  — абсталяваныя, аб’яднаныя, інтэлектуальныя. Гарады, дзе комплексна ўкараняюцца рашэнні на карысць асяроддзя і жыхароў. Сярод базавых характарыстык разумных гарадоў — устойлівасць і экалагічнасць, эфектыўнае выкарыстанне даных, высокая якасць сэрвісаў і ўзровень жыцця.

Сяргей Чыжык паведаміў, што ў Нацыянальнай акадэміі навук новыя тэхналогіі і падыходы, здольныя пераўтварыць нашы гарады, распрацоўвае Аб’яднаны інстытут праблем інфарматыкі. Тут праводзяцца фундаментальныя і прыкладныя даследаванні ў галіне кібернетыкі, інфарматыкі, аўтаматызацыі і прыкладной матэматыкі. Вынікі могуць выкарыстоўвацца для стварэння самых розных інавацый smart city.

Электратранспарт

— Праблемай электратранспарту ў Нацыянальнай акадэміі навук займаецца Аб’яднаны інстытут машынабудавання, — расказаў Сяргей Антонавіч. — Калектыў смела ўзяўся за распрацоўку і прапанаваў ужо дзясяткі доследных узораў — ад матацыклаў і легкавых аўтамабіляў да камунальных машын на электрацязе.

Электраскутары і электравеласіпеды вырабляе яшчэ адно прадпрыемства НАН Беларусі — прыборабудаўнічы завод “Аптрон”. Сярод распрацовак завода таксама прыцягвае ўвагу электрычная прыстаўка да інвалідных калясак “Пегас”. Яна дапаможа пажылым людзям і людзям з абмежаванымі магчымасцямі пераадолець цяжкасці, звязаныя з перамяшчэннем. Устаноўлены на прыстаўцы электрапрывад падыходзіць да большасці тыпаў інвалідных калясак. Магутнасць электрарухавіка — 350 Вт. Запас ходу на адной зарадцы — да 40 км. LCD дысплей дазваляе сачыць за ўзроўнем зараду батарэі і выбраным хуткасным рэжымам (маецца 5 рэжымаў). Ёсць круіз-кантроль. Максімальная хуткасць — да 16 км/г. Здымная літый-іонная акумулятарная батарэя вытворчасці завода “Аптрон” высакаякасная і бяспечная.

— Што да электратранспарту, то мы не павінны спыняцца — гэта вельмі перспектыўны напрамак, — заўважыў Сяргей Антонавіч. — Калі на пачатку года ў Беларусі было 300 электрамабіляў, то зараз ужо 4 тысячы. Павялічваецца колькасць заправачных станцый.

Зрэшты, з электрычным транспартам не ўсё так проста. Здавалася б, электрарухавік павінен быць больш танным, чым рухавік унутранага згарання, тым не менш электрамабілі застаюцца даволі дарагімі. Перш за ўсё за кошт акумулятара.

— Вучоныя ва ўсім свеце шукаюць рашэнне, як зрабіць танны назапашвальнік энергіі і пажадана з даступных матэрыялаў, — сказаў акадэмік С.А.Чыжык. — Сёння вырабляюцца пераважна літый-іонныя батарэі (у 2019 годзе іх стваральнікі нават удастоіліся Нобелеўскай прэміі), але літыю на планеце намнога менш, чым нафты. Напрыклад, Вялікабрытанія паставіла задачу да 2030 года замяніць усе аўтамабілі на электрычныя. Аднак падлічылі, што ў такім выпадку гэтая краіна выкарыстае ўсе наяўныя запасы літыю, нікому больш не застанецца. У Навукова-практычным цэнтры Нацыянальнай акадэміі навук па матэрыялазнаўстве таксама шукаюць вырашэнне згаданай праблемы. Ужо ёсць пэўныя напрацоўкі, каб стварыць батарэю на аснове графену.

Беспілотнікі

У Нацыянальнай акадэміі навук дзейнічае НВЦ шматфункцыянальных беспілотных комплексаў. Вучоныя вядуць адпаведныя распрацоўкі, арганізавана вытворчасць беспілотнікаў. Выпускаюцца таксама апаратна-праграмныя і пілатажна-навігацыйныя комплексы для кіравання беспілотнымі лятальнымі апаратамі, катапульты, трэнажоры і інш.

Беспілотнікі, што вырабляюцца на прадпрыемстве, здольны ажыццяўляць фота-, відэа-, інфрачырвоныя або мультыспектральныя здымкі мясцовасці і аб’ектаў у светлы і цёмны час сутак. Вялікі спектр магчымасцей мэтавай нагрузкі і высокія аэрадынамічныя якасці дазваляюць выкарыстоўваць лятальныя апараты для кантролю дзяржаўнай мяжы, выяўлення надзвычайных сітуацый, барацьбы з браканьерствам, уліку жывёл, маніторынгу патокаў аўтатранспарту на дарогах, маніторынгу стану ліній электраперадач і сельскагаспадарчых угоддзяў і г.д.

Напрыклад, беспілотныя лятальныя апараты “Бусел М” эфектыўна прымяняюцца ў Міністэрстве па надзвычайных сітуацыях, у тым ліку для маніторынгу і ацэнкі стану аб’ектаў (прыродных, антрапагенных) з мэтай хуткага рэагавання на надзвычайныя сітуацыі, іх ліквідацыі і прадухілення.

— Ствараюцца таксама наземныя беспілотнікі, — падзяліўся інфармацыяй Сяргей Антонавіч. — Так, зусім нядаўна сумесна з Мінскім трактарным заводам нашы вучоныя выпрабавалі беспілотны трактар. Гаворка ідзе пра дакладнае земляробства, калі кожны кавалачак поля будзе атрымліваць неабходны догляд. Такі трактар, аснашчаны шматлікімі датчыкамі, сам рэгулюе колькасць угнаенняў, вільгаці і г.д. Кантраляваць працэс можна з космасу ці з беспілотнага лятальнага апарата.

Лічбавыя двайнікі

— Яшчэ адна задача, якая стаіць перад вучонымі, — стварэнне лічбавых двайнікоў, — звярнуў увагу Сяр гей Антонавіч. — Сёння кожны новы аб’ект тэхнікі павінен пачынацца з лічбавага двайніка, ці камп’ютарнай мадэлі. Вывозіць тэхніку на палі, на дарогі і праводзіць краш-тэсты вельмі дорага. Дзякуючы лічбавым двайнікам, можна правесці выпрабаванні, праверыць надзейнасць і бяспеку тэхнікі, пры гэтым захаваць яе і сэканоміць значныя сродкі.

Сонечная энергетыка

— Энергетыка павінна быць эфектыўнай і бяспечнай, — заўважыў акадэмік С.А.Чыжык. — Амерыканскія футуролагі гавораць пра перспектыву шырокага выкарыстання сонечнай энергіі. Але браць яе давядзецца не на Зямлі, бо ёсць многа перашкод і страт. Плануецца, што будуць устаноўлены магутныя люстэркі ў космасе, якія змогуць канцэнтраваць сонечную энергію і перадаваць яе ў пэўны пункт Зямлі праз лазерны прамень. Дарэчы, лазернымі сістэмамі і тэхналогіямі актыўна займаецца Інстытут фізікі імя Б.І.Сцяпанава Нацыянальнай акадэміі навук. Магчыма, тое, што нашы вучоныя распрацоўваюць сёння, будзе выкарыстоўвацца ў сонечнай энергетыцы заўтра.

Кансервацыя тэхналогій

Яшчэ адна вельмі важная задача, на якую звярнуў увагу акадэмік С.А.Чыжык, — кансервацыя тэхналогій:

— Часам тэхналогія старэе і… забываецца. Напрыклад, нядаўна было агучана, што ў Расіі страчана каля 900 ключавых тэхналогій. Гэта значыць, што раней маглі штосьці стварыць, а цяпер — не. Калі б гэтыя тэхналогіі былі закансерваваны, іх можна было б захаваць для будучых пакаленняў, а гэта веды, вопыт, мудрасць. У Беларусі, я думаю, таксама ёсць многа рэчаў, якія важна перадаць нашчадкам.

Чым займаюцца беларускія генетыкі?

Намеснік старшыні Прэзідыума НАН Беларусі, доктар біялагічных навук, акадэмік Аляксандр Кільчэўскі расказаў, чым займаюцца беларускія генетыкі. Ён адзначыў, што ў пэўных напрамках айчынныя вучоныя з’яўляюцца лідарамі на прасторах СНД.

— Генетычныя даследаванні праводзяцца ў цэлым шэрагу ўстаноў Нацыянальнай акадэміі навук. Таксама вельмі моцная школа ў Беларускім дзяржаўным універсітэце. Вучоныя вывучаюць геномы раслін, жывёл і чалавека, распрацоўваюць праблемы біяінжынерыі, біябяспекі, ствараюць геномныя тэхналогіі і прадукцыю на іх аснове, — паведаміў акадэмік.

Намеснік старшыні Прэзідыума НАН Беларусі, доктар біялагічных навук, акадэмік Аляксандр КІЛЬЧЭЎСКІ:

“Галоўны трэнд сучаснай генетыкі — пераход на малекулярныя даследаванні. Вучоныя-генетыкі вырашаюць глабальныя задачы ў галіне медыцыны, сельскай і лясной гаспадаркі, прыродакарыстання”.

Даследаванні ў галіне сельскай гаспадаркі

Сёння беларускія генетыкі актыўна распрацоўваюць метады маркер-спадарожнай селекцыі каштоўных прыкмет сельскагаспадарчых раслін (тамата, перцу, пшаніцы, капусты, лубіну, кукурузы, лёну і інш.).

Так, ужо ідэнтыфікаваны гены, якія адказваюць за ўстойлівасць бульбы да фітафторы і шкоднікаў, за працягласць захоўвання, афарбоўку пладоў, устойлівасць да хвароб таматаў і перцаў. Што да збожжавых, то выяўлены гены, адказныя за хлебапякарныя якасці, устойлівасць да перадуборачнага прарастання, даўжыню сцябла, масу зерня і г.д. У садовых дрэў (яблынь, груш) вызначаны гены, што ўплываюць на тэрміны выспявання і захоўвання пладоў, устойлівасць да паршы, мучністай расы, тлі і інш.

— На аснове атрыманых даных распрацаваны ДНК-маркеры для МАС-селекцыі сельскагаспадарчых культур, — паведаміў Аляксандр Уладзіміравіч. — Гэта значна спрашчае работу селекцыянераў, робіць яе больш хуткай і дасканалай. І я лічу, што сёння ў плане МАС-селекцыі Беларусь на прасторы СНД на першым месцы.

Распрацаваныя тэхналогіі дазваляюць ідэнтыфікаваць, падбіраць і ствараць зыходны селекцыйны матэрыял з гаспадарча важнымі прыкметамі для вывядзення новых гатункаў з зададзенымі ўласцівасцямі. Так, дзякуючы айчынным генетыкам, створаны і раяніраваны ў нашай краіне дзясяткі гатункаў розных культур. На беларускіх градах ужо расце салодкі перац з павышанай лежкасцю пладоў, устойлівасцю да стрэсаў, высокім утрыманнем каратыноідаў. Гатункі і гібрыды тамата адаптаваны да нашых умоў, устойлівыя да захворванняў, валодаюць высокай экалагічнай стабільнасцю, ураджайнасцю, лежкасцю пладоў.

Падобная работа вядзецца і ў галіне жывёлагадоўлі.

Генетыка — лясной гаспадарцы

Адна з найважнейшых праблем апошніх гадоў — усыханне лясных культур.

— Гэта звязана са змяненнем клімату, меліярацыяй, памяншэннем смалы ў хвойных дрэвах. У выніку ўзмацняецца дзеянне жука-караеда, — тлумачыць акадэмік А.У.Кільчэўскі. — Трэба сказаць, што нашы калегі з Інстытута лесу працуюць на малекулярным узроўні. Яны актыўна даследуюць генетычныя, фізіялагічныя і біяхімічныя механізмы фарміравання прадукцыйнасці і ўстойлівасці лясоў, і іх работа прыносіць плён.

І рыба, і мяса

Зараз генетыкі актыўна развіваюць такую тэму, як генетычная экспертыза. Аналізуючы крыніцу жывёльнага бялку, яны з лёгкасцю вызначаюць відавую прыналежнасць мясных кампанентаў, што ўваходзяць у склад харчовых прадуктаў і сыравіны, і такім чынам ставяць надзейную заслону любому фальсіфікату.

— Гандлёвыя сеткі часта могуць прадаваць гарбушу замест стронгі, курыцу замест індычкі (асабліва калі гаворка ідзе пра фарш), больш танную ікру замест заяўленай і г.д. Выгада гандляроў ад такой падмены відавочная, але мы можам дакладна ідэнтыфікаваць прадукт і выдаць адпаведны сертыфікат. Такая экспертыза, калі яна праводзіцца, абараняе добрасумленных удзельнікаў рынку — як прадаўцоў, так і пакупнікоў, — адзначыў Аляксандр Кільчэўскі.

Генетыка чалавека

У Беларусі развіваецца некалькі напрамкаў генетыкі чалавека — персаніфікаваная медыцына, крыміналістыка, генетыка спорту, нутрыгеноміка.

— Персаніфікаваная медыцына — гэта аснова будучыні, — заўважыў Аляксандр Уладзіміравіч. — Сёння паставіць дыягназ без генетычнага аналізу вельмі складана. І нават некаторыя лекі (напрыклад, у ЗША) не прызначаюцца без генетычнага аналізу. Гэта так званая фармакагенетыка. Адны і тыя ж прэпараты для пэўнага чалавека могуць быць лекамі, а могуць быць атрутай.

У рамках праграмы Саюзнай дзяржавы “ДНК-ідэнтыфікацыя” вучоныя распрацавалі тэхналогію вызначэння верагоднай знешнасці невядомага індывіда па яго ДНК. Створана ўнікальная база даных “ДНК-знешнасць-Бел”, якая ўключае інфармацыю пра фенатыпічныя асаблівасці, іх паходжанне, нацыянальную прыналежнасць, а таксама лічбавыя выявы радужкі вачэй, узоры валасоў.

Распрацавана панэль ДНК-маркераў для вызначэння колеру вачэй і валасоў у папуляцыях Саюзнай дзяржавы. Выяўлена 36 такіх маркераў для пігментацыі радужкі і 31 маркер — для колеру валасоў. Цяпер дакладнасць вызначэння індывіда дасягае 90%.

Таксама на аснове аналізу ДНК з дакладнасцю тры-чатыры гады можна вызначыць узрост чалавека. Гэта вельмі важна, напрыклад, калі на месцы злачынства выяўлены рэшткі біялагічнага матэрыялу. Ведаючы ўзрост злачынцы (ці ахвяры), кола пошуку можна істотна звузіць.

Прэвентыўная медыцына

Генетычнае тэсціраванне — неабходны этап персанальнай і прэвентыўнай медыцыны. Так, вучоныя ўжо распрацавалі тэхналогіі ДНК-тэсціравання генетычнай схільнасці чалавека да мультыфактарных захворванняў: сардэчна-сасудзістых паталогій, вянозных трамбозаў, дыябету 2-га тыпу, астэапарозу, парушэння абмену рэчываў, метабалічнага сіндрому (атлусценне + артэрыяльная гіпертэнзія + цукровы дыябет), разрыву і расцяжэння звязак і сухажылляў.

— Сучасная медыцынская навука валодае сродкамі і метадамі карэкцыі неспрыяльных праяўленняў спадчыннай інфармацыі, — гаворыць акадэмік А.У.Кільчэўскі. — Выяўленне генетычнай схільнасці да небяспечных паталогій дазваляе праводзіць іх прафілактыку або раннюю дыягностыку, правільна выбіраць метады лячэння.

Вельмі запатрабавана ў краіне даследаванне генетычных прычын страт цяжарнасці. Паводле навуковых даных, штогод кожная пятая жаданая цяжарнасць завяршаецца спантанным абортам. Адной з галоўных прычын вучоныя лічыць спадчынную тромбафілію, калі ў плацэнце ўтвараюцца мікратромбы, якія закаркоўваюць пупавіну. Вызначыць спадчынную схільнасць да гэтай хваробы можна толькі з дапамогай ДНК-аналізу.

— Калі ўстаноўлена высокая рызыка страціць цяжарнасць, урач прызначае жанчыне лекавыя прэпараты, якія карэкціруюць эфекты неспрыяльных варыянтаў генаў, — патлумачыў Аляксандр Уладзіміравіч. — Мы правялі апытанне тысячы пацыентак з усталяванымі генетычнымі прычынамі невыношвання цяжарнасці, якія атрымалі адпаведнае лячэнне. Яно паказала, што 86,6% цяжарнасцей завяршыліся нараджэннем дзіцяці.

Век жыві…

Адна з апошніх тэм, якую пачалі даследаваць вучоныя, — генетычныя асаблівасці доўгажыхароў.

— Стараемся знайсці гены, агульныя для гэтых людзей, каб зразумець, чаму яны жывуць доўга, — расказаў Аляксандр Кільчэўскі. — Займаемся тэмай сумесна з італьянскімі калегамі. Востраў Сардынія — адзін з рэгіёнаў у свеце, дзе распаўсюджана доўгажыхарства. І, верагодна, гэта звязана не толькі з асаблівасцямі харчавання, але і абумоўлена генетычна. Першыя вынікі нашай работы вельмі цікавыя, будзем працягваць.

Спартыўная генетыка

Адным з перспектыўных напрамкаў з’яўляецца спартыўная генетыка. Вучоныя вывучаюць сувязі спартыўных дасягненняў з генамі, адказнымі за развіццё і кантроль функцый, неабходных для фізічнага ўдасканалення. Даследаваны ўжо больш як 10 зборных каманд Беларусі, а гэта каля 500 спартсменаў высокага ўзроўню. Былі выяўлены гены, якія вызначаюць цягавітасць, хуткасць, сілу, здольнасць да аднаўлення пасля фізічных нагрузак. У выніку распрацавана сістэма генетычнага тэсціравання спартсменаў, прапанаваны праграмы адбору і прафілізацыі спартсменаў розных відаў спорту (цыклічных, хуткасна-сілавых, гульнявых, складана-каардынацыйных).

— Інфармацыя аб індывідуальных генетычных асаблівасцях арганізма дазваляе вызначыць найбольш прыдатную спартыўную спецыялізацыю для кожнага спартсмена (спрынтар ён, стаер ці камандны гулец), вызначыць тып нагрузак і пры гэтым не нашкодзіць здароўю, — гаворыць Аляксандр Кільчэўскі. — Дарэчы, па выніках генетычнага тэсціравання можна вызначыць, ці будзе развівацца празмерная гіпертрафія міякарда ў адказ на працяглыя нагрузкі, ці ёсць павышаная рызыка траўм, артэрыяльнай гіпертэнзіі і г.д. Усё гэта дазваляе распрацоўваць індывідуальны рэжым трэніровак і карэкціраваць медыка-біялагічнае забеспячэнне спартсмена.

Такім чынам, выкарыстоўваючы ДНК-тэсціраванне, можна забяспечыць пачаткоўцу і прафесійнаму спартсмену ўмовы, неабходныя для поўнай рэалізацыі яго генетычнага патэнцыялу.

Значна, што вынікі даследаванняў беларускіх генетыкаў ужо ўкаранёны ў Рэспубліканскім цэнтры спартыўнай медыцыны, рэспубліканскіх цэнтрах алімпійскай падрыхтоўкі па мастацкай гімнастыцы і лядовых відах спорту, у беларускіх федэрацыях біятлона, стральбы з лука, пажарна-выратавальнага спорту і інш.

Рэспубліканскі цэнтр геномных тэхналогій выконвае ў сярэднім 38 тысяч генетычных аналізаў за год.

Генетычны пашпарт

Напэўна, не за гарамі час, калі кожны чалавек разам з агульнаграмадзянскім пашпартам будзе мець і пашпарт генетычны. Гэта персанальны дакумент, які змяшчае ўнікальную інфармацыю, зашыфраваную ў генах канкрэтнага чалавека. На цяперашні час у Беларусі выдадзена 19 тысяч такіх пашпартоў.

— Пры нараджэнні дзіцяці можна скласці яго генетычны пашпарт. У яго ўключаюцца звесткі пра гены, што аказваюць істотны ўплыў на стан здароўя, індывідуальныя спартыўныя якасці, здольнасці і інш., — паведаміў акадэмік А.У.Кільчэўскі. — ДНК-тэсціраванне геному чалавека вельмі карыснае для захавання яго здароўя.

Біябанк

Стварэнне біялагічных банкаў — гэта сусветная тэндэнцыя. І беларуская навука не застаецца ўбаку. Рэспубліканскі банк ДНК складаецца з чатырох тэматычных секцый: ДНК чалавека, ДНК жывёл, ДНК раслін, ДНК мікраарганізмаў.

— Біялагічны банк створаны з мэтай працяглага захоўвання, а таксама эфектыўнага выкарыстання ўнікальных узораў ДНК і біяматэрыялу для навуковых даследаванняў, медыцыны, сельскай гаспадаркі, біятэхналогій, — патлумачыў Аляксандр Кільчэўскі. — На цяперашні час тут захоўваецца больш як 15 тысяч узораў. Рэспубліканскі банк ДНК абвешчаны нацыянальным здабыткам Беларусі.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА, БелТА і з адкрытых крыніц.