Наўрад ці хто будзе спрачацца з тым, што вучыцца неабходна ўсё жыццё. Свет так хутка мяняецца, з’яўляюцца новыя тэхналогіі, ствараюцца новыя сацыяльныя сеткі, узнікаюць новыя стрэсагенныя фактары і псіхалагічныя пагрозы. Дадатковыя веды дамагаюць нам адпавядаць часу, не згубіцца ў моры інфармацыі. Таму раю моладзі не надаваць празмернай важнасці выбару будучай спецыяльнасці. Сёння мы не можам прадбачыць, да чаго прыйдзе чалавецтва праз 5, 10 і тым больш праз 20 гадоў. Галоўная наша задача — у працэсе прафесійнай дзейнасці рэалізаваць асобасны патэнцыял.
Больш увагі да ўласных здольнасцей
У выбары вельмі важная адпаведнасць паміж псіхалагічнымі асаблівасцямі чалавека і характарыстыкамі прафесіі. Калі дзіцяці падабаюцца жывёлы, расліны, то ў прафесійнай дзейнасці яму будзе цікава мець справу з аб’ектамі жывой прыроды. Калі дзіця захапляецца тэхнікай — яго зацікавіць дзейнасць інжынера-канструктара або фізіка-тэарэтыка.
Любая прафесія патрабуе наяўнасці ў чалавека прафесійна важных якасцей. Напрыклад, карэктар павінен быць уважлівым, мастак — валодаць вобразным мысленнем. Выбіраючы пэўную прафесію, падлетку важна ўсвядоміць, ці ёсць у яго адпаведныя здольнасці, зразумець свае моцныя і слабыя бакі. Паколькі характар у падлеткавым узросце толькі фарміруецца, яму трэба працаваць над сабой, спазнаваць сябе.
Псіхічныя ўласцівасці чалавека — гнуткія, зменлівыя якасці. Вядома нямала выпадкаў, калі юнак ці дзяўчына без выразных музычных здольнасцей развівалі музычны слых. Проста яны вельмі хацелі займацца любімай справай. А яшчэ нельга забываць, што здольнасці фарміруюцца ў дзейнасці, на адных жаданнях далёка не паедзеш.
Трэба адзначыць, што цікавасць — рэч таксама няўстойлівая. Некаторыя думаюць, што любяць вучэбны прадмет, а на самай справе ім вельмі падабаецца настаўнік. Для таго каб не памыліцца, падлетку трэба пашыраць свой кругагляд у адносінах да свету прафесій. Карысна задаваць дарослым пытанні аб іх прафесійнай дзейнасці. Як правіла, людзі з задавальненнем расказваюць пра сваю сапраўдную работу. Так падлетку лягчэй будзе ўсвядоміць, ці цікавая яму гэтая сфера.
З цягам часу захапленні мяняюцца, і гэта нармальна. Магчыма, тое, што цікавіць падлетка зараз, праз пяць-шэсць гадоў перастане быць актуальным. На гэты выпадак існуе шмат дадатковых, нават дыстанцыйных, курсаў перападрыхтоўкі.
Наталля ПІКАС, настаўніца фізікі і матэматыкі сярэдняй школы № 41 Гомеля:
— Мой сын вучыцца ў выпускным класе, і неўзабаве ён стане перад выбарам, куды паступаць. Зразумела, што гэтая тэма вельмі актуальная для нашай сям’і зараз. Назар добра разбіраецца ў тэхнічных навуках, таму думаю, што ён будзе выбіраць для сябе фізіка-матэматычны профіль. Перыядычна чую ад яго, што ёсць жаданне стаць эканамістам ці лагістам. Са свайго боку я намагаюся падтрымліваць сына, заклікаю не падыходзіць да выбару прафесіі як да выбару пажыццёвага прытулку. Я добра запомніла словы Роберта Дэ Ніра: “У тым, што тычыцца будучыні, я паўтараю адно: за што б вы ні ўзяліся, галоўнае — будзьце адданыя сваёй справе да канца. Не абавязкова дасягаць нейкага зорнага поспеху, але быць сумленным перад самім сабой у выбранай прафесіі — абавязкова”. Так жыву сама, так і сына вучу.
Бацькам у роля кансультантаў
Турбавацца пра будучыню свайго дзіцяці — гэта нармальна, але бацькоўская трывога можа быць заразлівай. Каб зрабіць дакладны выбар на парозе школы, падлеткам патрабуюцца падтрымка і давер бацькоў. Яны баяцца памыліцца, аказацца горшымі за іншых, расчараваць маму і тату. А дарослыя ў сваю чаргу баяцца “прайграць”, бо многія з іх паступленне ва ўніверсітэт успрымаюць як экзамен, праверку іх, бацькоўскай, годнасці.
Вельмі важна, каб дарослыя не нагняталі сітуацыю, робячы з цэнтралізаванага тэсціравання пытанне жыцця і смерці, а прапаноўвалі варыянты, альтэрнатывы. Падтрымлівалі, паказвалі, што не разлюбяць дзіця і не расчаруюцца, нават калі сын ці дачка нікуды не паступіць або выбера “не тое”. Моцны стрэс зніжае здольнасць думаць, а калі сур’ёзнае рашэнне прымаецца ў стане панікі — гэта звычайна не лепшы выбар.
Бацькі павінны дапамагчы падлетку ўсвядоміць, чаго ён хоча. Не куды паступіць, а чым займацца. Карысна арганізаваць сустрэчу падлетка з татавымі і мамінымі сябрамі, якія маюць розныя прафесіі, а потым сабраць разам усю інфармацыю. Трэба паказаць дзіцяці розныя спосабы дасягнення мэты.
Бацькам неабходна пазначыць межы свайго ўдзелу: яны гатовы, напрыклад, аплаціць работу рэпетытара, а на платнае навучанне ў дарагой установе адукацыі разлічваць не варта. Падлетак павінен ведаць, што, выбіраючы ўніверсітэт, ён выбірае і сваё асяроддзе на найбліжэйшыя 4—6 гадоў. Хто вучыцца, хто выкладае ва ўстанове? Менавіта ў студэнцкія гады вызначаюцца сістэма каштоўнасцей, жыццёвыя арыенціры, будучае кола зносін.
Калі падлетак вырашыў не паступаць ва ўніверсітэт і ўзяць год на самавызначэнне, відавочна, што ён павінен працаваць. Але бацькам давядзецца дапамагчы яму знайсці бяспечную працу, якая пакідала б час для заняткаў. Так ці інакш, галоўнае, каб выбар быў яго ўласным. Бацькам застаецца роля кансультантаў.
Паліна НОВАК, вучаніца 9 “А” класа гімназіі № 36 Гомеля імя І.Мележа:
— У класе пятым я ўжо, як мне здавалася, сур’ёзна задумвалася аб сваёй будучай прафесіі. Дакладна ставіла мэты на будучыню і распісвала іх ад а да я. Але з кожным годам мае погляды на жыццё і на выбар прафесіі мяняліся. Так, усяго за некалькі гадоў у сваім уяўленні я была і настаўнікам, і перакладчыкам, і дызайнерам, і мастаком. А ў выніку перайшла ў 9 клас, а дакладнага плана наконт будучай прафесіі няма. Адназначна пайду ў профільны 10 клас з паглыбленым вывучэннем замежнай мовы, а што будзе далей — таямніца для мяне.
Крытэрыі паспяховасці
Які выбар прафесіі варта лічыць паспяховым? Той, пры якім супадуць тры кампаненты: магчымасць, імкненне, запатрабаванасць.
Па-першае, як мы ўжо казалі, гэта наяўнасць здольнасцей менавіта да гэтай работы, адпаведнасць асаблівасцей асобы спецыфіцы выбранай прафесіі, адсутнасць медыцынскіх або псіхалагічных супрацьпаказанняў да яе. Па-другое, жаданне выконваць канкрэтную работу, цікавасць да яе, захапленне, накіраванасць менавіта на гэтую дзейнасць. І па-трэцяе, немалаважным фактарам паспяховасці з’яўляецца патрэба грамадства ў работніках адпаведнага профілю. Вызначаецца яна попытам на рынку працы і гатоўнасцю работадаўцаў плаціць спецыялістам годную зарплату.
Калі тры крытэрыі супадаюць, чалавек задаволены сваёй справай, працоўным месцам, пасадай, дасягненнямі, бачыць перспектывы для прафесійнага росту, зарабляе на годнае жыццё. Захапленне работай і магчымасць раскрыць у ёй свае здольнасці вядуць да таго, што чалавек зможа дасягнуць высокага ўзроўню прафесіяналізму. Як вынік, навакольныя таксама будуць задаволены яго справай, ён будзе карыстацца заслужанай павагай.
Атрымліваецца зачараванае кола: калі чалавек ахвотна выконвае запатрабаваную ў грамадстве працу, ён дасягае добрых вынікаў, здабывае матэрыяльны дабрабыт і прызнанне калег, і, як вынік, яго захапленне работай яшчэ больш узрастае. Паспяхова выбраная прафесія — гэта тая, якая адпавядае магчымасцям чалавека, якой ён захоплены і якая запатрабавана грамадствам.
Практыкаванне для разважання
Уявіце: у вашым жыцці адбылося нешта, пасля чаго вам больш не трэба працаваць і турбавацца пра грошы. Увесь свет ля вашых ног: можна рабіць усё, што ўздумаецца, атрымліваць ад жыцця выключна задавальненне. Што б вы рабілі? Паразважайце, калі будзе вольны час. У адказе на гэтае пытанне вы знойдзеце падказкі, якая справа вам падабаецца больш за іншыя.
Кацярына КАВАЛЕНКА,
магістрант факультэта псіхалогіі і педагогікі ГДУ імя Францыска Скарыны.
Фота аўтара і Алега ІГНАТОВІЧА.