Маладыя, але дасведчаныя

Да работы прыступілі першыя выпускнікі педагагічных класаў

Сёлета з Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка ў прафесійны шлях выправіліся 130 маладых спецыялістаў — першых выпускнікоў педагагічных класаў. Гэта людзі, якія задоўга да паступлення вызначыліся з прафесіяй і мэтанакіравана авалодвалі ёю не 4, як усе студэнты, а цэлых 6 гадоў.

Пра выпускнікоў педагагічных класаў, якія ўжо атрымалі дыпломы, і тых, што зараз вучацца ва ўніверсітэце, гутарым з прарэктарам па вучэбнай рабоце БДПУ Аляксандрам МАКОЎЧЫКАМ.

— Аляксандр Васільевіч, сёлета адбылася пятая прыёмная кампанія, у якой удзельнічалі выпускнікі педагагічных класаў. Колькі такіх хлопцаў і дзяўчат прыйшлі ва ўніверсітэт на першы курс?

— У БДПУ прайшлі субяседаванне і залічаны на першы курс бюджэтнай формы 192 выпускнікі педагагічных класаў (летась — 136). Яшчэ 11 выпускнікоў педкласаў паступілі ва ўніверсітэт па выніках уступных выпрабаванняў.

Геаграфія паступлення выпускнікоў педагагічных класаў сёлета выглядае наступным чынам. З Мінскай вобласці да нас прыйшлі 80 чалавек. На 2-м месцы апынулася Гродзенская вобласць — 27. Мінск, на жаль, толькі на 3-м месцы — 23 чалавекі.

У гэтым навучальным годзе ў БДПУ вучацца 718 студэнтаў з ліку выпускнікоў педкласаў. Такім чынам, кожны пяты наш студэнт — педкласавец.

— Якія спецыяльнасці найчасцей выбіраюць выпускнікі педагагічных класаў?

— Больш за ўсё выпускнікоў педкласаў сёлета паступіла на спецыяльнасці філалагічнага факультэта — 37, факультэта пачатковай адукацыі — 33, факультэта прыродазнаўства — 24 і факультэта сацыяльна-педагагічных тэхналогій — 21. Найбольш папулярныя сярод іх спецыяльнасці: “Руская мова і літаратура. Замежная мова”, “Беларуская мова і літаратура. Замежная мова”, “Пачатковая адукацыя”, “Сацыяльная і псіхолага-педагагічная дапамога”, “Біялогія і хімія”.

Радуе добрая падрыхтоўка педкласаўцаў. Сярэдні бал атэстата ў іх — ад 8,2 да 10. 8 чалавек — медалісты.

— Ці былі выпадкі, калі выпускнікі педкласаў (а таксама медалісты, алімпіяднікі, якія ма­юць права паступаць без уступных выпрабаванняў) займалі ўсе месцы на пэўных спецыяльнасцях?

— Такія выпадкі былі і ёсць, але толькі з улікам абітурыентаў, якія заключылі дамовы аб мэтавай падрыхтоўцы. Сёлета на тры спецыяльнасці дзённай бюджэтнай формы залічаны абітурыенты, якія паступаюць без экзаменаў (медалісты, выпускнікі педкласаў), а таксама мэтавікі.

Напрыклад, на спецыяльнасці філалагічнага факультэта “Руская мова і літаратура” пры плане прыёму 15 чалавек будуць вучыцца 1 выпускнік педкласа, 8 медалістаў і 6 мэтавікаў з баламі ад 297 да 221.

На спецыяльнасці “Гісторыя і грамада­знаўчыя дысцыпліны” пры плане набору 20 — 5 выпускнікоў педкласаў, 7 медалістаў і 8 мэтавікаў з баламі ад 303 да 218.

Аналагічная сітуацыя і яшчэ на адной спецыяльнасці філалагічнага факультэта: “Руская мова і літаратура. Замежная мова”.

Трэба адзначыць, што ў нас будуць вучыцца мэтавікі з даволі высокімі баламі. Гэта сведчыць пра больш адказны падбор абітурыентаў для выдачы ім мэтавых дагавораў у раёнах.

— Скажыце, Аляксандр Васільевіч, наколькі паспяховыя ва ўніверсітэце выпускнікі педкласаў? Дапамагае ім двухгадовая падрыхтоўка на факультатыве “Уводзіны ў педагагічную прафесію”?

— Выпускнікі педагагічных класаў — асаблівая катэгорыя студэнтаў. Іх выбар старанна прадуманы і ў­cвядомлены. Яны ведаюць спецыфіку педагагічнай працы, плюсы і мінусы гэтай прафесіі. Таму ва ўніверсітэце выпускнікі педагагічных класаў вучацца лепш за астатніх, практычна не горш за медалістаў. Па выніках апошняй экзаменацыйнай сесіі іх сярэдні бал склаў 7,9 (у медалістаў/выдатнікаў, залічаных у БДПУ без экзаменаў, — 8,2; у студэнтаў у цэлым — 7,2 бала).

На пытанне штогадовага маніторынгу “Ці дапамаг­ло вам навучанне ў педагагічным класе адаптавацца да вучэбнага працэсу ва ўніверсітэце?” 90% першакурснікаў адказваюць сцвярджальна. Па словах студэнтаў, навучанне ў педагагічным класе развіло ў іх стрэсаўстойлівасць, асертыўнасць, упэўненасць у сабе, навыкі самаменеджменту, уменне дамаўляцца і спраўляцца са складанасцямі.

Усе выпускнікі педагагічных класаў сацыяльна актыўныя. Ва ўніверсітэце яны займаюцца валанцёрствам, уключаюцца ў адукацыйныя праекты. Больш за 17% з іх — старасты груп. Гэта значыць выпускнікі педагагічных класаў гатовы браць на сябе адказнасць.

Летась ва ўніверсітэце быў створаны студэнцкі клуб выпускнікоў педкласаў ПРОФіль+. Адзін з асноўных напрамкаў яго дзейнасці — прафарыентацыйная работа з будучымі абітурыентамі і іх бацькамі і папулярызацыя педагагічнай прафесіі. Студэнты наведваюць школы, у якіх адкрыты педагагічныя класы, натхняюць старшакласнікаў сваім прыкладам, дзеляцца ведамі, вопытам, матывуюць праз сваю гісторыю поспеху.

— Куды размеркаваны на работу маладыя спецыялісты — выпускнікі педкласаў? І якія шансы, што гэтыя людзі замацуюцца на сваіх працоўных месцах і ўвогуле ў прафесіі?

— Штогод з заяўкамі на маладых спецыялістаў у БДПУ звяртаюцца Камітэт па адукацыі Мінгарвыканкама, Галоўнае ўпраўленне па адукацыі Мінскага аблвыканкама, упраўленні па адукацыі іншых абласцей краіны. Таму геаграфія размеркавання нашых выпускнікоў, у тым ліку педкласаўцаў, досыц­ь шырокая.

Калі казаць пра замацаванне маладых спецыялістаў, то на гэта ўплывае шмат фактараў: матывацыя самога спецыяліста, зарплата і інш. Выпуск­нікі ведаюць аб прэферэнцыях, якія ім гарантуе дзяржава: прадастаўленне першага працоўнага месца, кампенсацыя ў сувязі з пераездам на работу ў іншую мясцовасць, грашовая дапамога, ільготнае крэдытаванне на набыццё хатняй маёмасці і тавараў першай неабходнасці. Як вынік, многія прымаюць рашэнне застацца на першым працоўным месцы.

Паводле статыстыкі, замацаванасць маладых спецыялістаў на першым працоўным месцы па Мінскай вобласці за апошнія 5 гадоў складае амаль 80%. А ў Клецкім, Крупскім, Слуцкім, Уздзенскім і Любанскім раёнах дасягае 100%.

— Першыя выпускнікі педкласаў выйшлі з універсітэта дыпламаванымі спецыялістамі. Аляксандр Васільевіч, прааналізуйце, калі ласка, чатырохгадовы вопыт. Як выпускнікі педкласаў мяняюць студэнцкую супольнасць і стаўленне да педагагічнай прафесіі ў маладзёжным асяроддзі?

— Ці добрая гэта практыка? Маркуйце самі. Яшчэ гадоў восем назад мы гаварылі пра нізкі конкурс, а часам і пра недаборы на педагагічныя спецыяльнасці, пра востры недахоп педагагічных кадраў у краіне. Прыцягненне на педагагічныя спецыяльнасці самых матываваных абітурыентаў уяўлялася задачай з мноствам невядомых. А сёння мы можам гаварыць ужо аб вырашанай задачы.

У 2015/2016 навучальным годзе былі адкрыты першыя педагагічныя класы і групы. Праз 6 гадоў іх колькасць павялічылася больш чым у пяць разоў.

Сёння ў краіне працуюць 556 педагагічных класаў і груп, у якіх вучацца больш за 5 тысяч дзяцей.

Каб наладзіць сістэму профільнай педагагічнай падрыхтоўкі ў школах, у БДПУ распрацавалі сістэму навуковай, вучэбна-метадычнай, арганізацыйнай і інфармацыйнай падтрымкі такой прафілізацыі. Былі створаны льготы для паступлення на педагагічныя спецыяльнасці выпускнікоў профільных класаў.

Мы рэгулярна праводзім маніторынг эфектыўнасці педагагічнай прафілізацыі (рэспубліканскае апытанне адзінаццацікласнікаў). Штогод прасочваецца адна і тая ж тэндэнцыя: траціна рэспандэнтаў выказвае намер паступаць на педагагічныя спецыяльнасці. А ў адкрытым пытанні анкеты практычна ўсе дзякуюць за вопыт навучання ў педкласе, за карысныя навыкі, жадаюць будучым педкласаўцам не ўпускац­ь унікальнай магчымасці спазнаць сябе, зрабіць усвядомлены прафесійны выбар, навучыцца ладзіць з сабой і людзьмі.

Упэўнены, што ва ўстановы і дашкольнай, і агульнай сярэдняй адукацыі будзе прыток маладых педагогаў іншай якасці: гатовых і здольных працаваць ва ўмовах абноўленай школы.

Гутарыла Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.