Для таго каб маленькая спрэчка стала вялікім канфліктам, часам дастаткова некалькіх слоў. Значна больш рэсурсаў патрэбна, каб аднавіць згоду. Нярэдка зрабіць гэта дапамагае медыятар. Пра тое, што такое медыятарства і чаму яно можа стаць адукацыяй будучыні, расказвае старшыня праўлення рэспубліканскага грамадскага аб’яднання “Беларуская ліга сямейных медыятараў” Алена Сцяпанава.
Медыятар — гэта спецыяліст, які выступае нейтральным пасрэднікам пры рознагалоссях людзей і дапамагае ім знайсці рашэнне ў канфліктных сітуацыях. Гэты спецыяліст не зацікаўлены ў інтарэсах бакоў, не знаходзіцца з імі ў роднасных ці блізкіх адносінах. Ён суправаджае перамовы такім чынам, каб тыя, хто канфліктуе, змаглі знайсці найбольш пазітыўнае для кожнага выйсце.
У Еўропе і ЗША напрамак з’явіўся даўно і паспеў станоўча заявіць пра сябе. У Беларусі медыятарства пачало развівацца яшчэ да заканадаўчага замацавання — у 2010 годзе. Тады айчынныя спецыялісты, якія спецыялізаваліся на вырашэнні гаспадарчых спрэчак, пры садзейнічанні Германскага фонду міжнароднага прававога супрацоўніцтва, звярнулі ўвагу на практыку замежных калег. У нашай краіне на пачатковым этапе медыятарства прымянялася ў эканоміцы, бізнесе, юрыдычнай справе. Першыя беларускія спецыялісты, якія хацелі займацца гэтай дзейнасцю, прайшлі навучанне ў Санкт-Пецярбургу. У 2012 годзе гэтыя ж людзі запусцілі пілотны праект па падрыхтоўцы медыятараў у Беларусі на базе эканамічных судоў. Ініцыятыва паказала сваю эфектыўнасць. Па выніках праекта была створана рабочая група са спецыялістаў розных напрамкаў (юрысты, псіхолагі і інш.), якая абгрунтавала, чаму працэдуры медыяцыі важныя для краіны. Так медыятарства выйшла на заканадаўчы ўзровень, і ў 2014 годзе ўступіў у сілу Закон “Аб медыяцыі”.
— У нашай краіне медыятарам не можа быць чалавек без вышэйшай адукацыі. У той жа час для гэтай дзейнасці дыплома недастаткова. Каб садзейнічаць вырашэнню канфліктаў, неабходна дасягнуць пэўнага ўзроўню мудрасці, жыццёвага вопыту. Трэба не толькі ведаць заканадаўчую базу і асновы медыятарства, але і мець асобасны стрыжань. Не ўсе спецыялісты, якія атрымалі пасведчанне медыятара, практыкуюць: гэта эмацыянальна затратна. Важна ўмець захаваць сябе ў прафесіі, — тлумачыць Алена Сяргееўна. — Асновам медыятарства трэба вучыць не толькі з універсітэта, але і са школы, паколькі ўсе веды ў выніку вырастаюць у культуру зносін. Гэта пацвярджаюць вопыт і практыка. Хацелася б, каб у вучэбных праграмах школ і ўніверсітэтаў былі дадатковыя заняткі, дзе пра медыятарства расказвалі б дзецям і студэнтам, а таксама далучалі да гэтых працэсаў бацькоў. У некаторых установах ужо актыўна практыкуюць заняткі па медыятарстве (шмат такіх школ у Мінскай і Гродзенскай абласцях). Падобная практыка магла б прыносіць карысць грамадству, стаць у будучыні дадатковай адукацыяй: людзі вучыліся б разумець адно аднаго, канфліктаў станавілася б менш.
Медыятарамі не могуць быць:
l асобы без вышэйшай адукацыі;
l дзяржаўныя служачыя (у тым ліку суддзі, пракуроры, супрацоўнікі Следчага камітэта, Дзяржаўнага камітэта судовых экспертыз, органаў унутраных спраў, дзяржаўнай бяспекі, мытнай службы і інш.);
l недзеяздольныя ці абмежавана дзеяздольныя;
l тыя, хто мае судзімасць;
l асобы, пазбаўленыя пасведчання медыятара ў сувязі з парушэннем Правіл этыкі медыятара.
Па словах Алены Сцяпанавай, галоўнымі якасцямі, якія павінны быць у кожнага медыятара, з’яўляюцца ўпэўненасць у сабе і жаданне дапамагчы. Пры гэтым важна, каб жаданне дапамагчы было імкненнем не выратоўваць усіх і кожнага, а садзейнічаць. Такі спецыяліст павінен шчыра верыць, што ўсе без выключэння людзі могуць дамовіцца.
— Бывае, што не час і не месца для вырашэння спрэчкі, але гэта не значыць, што нельга ўвогуле прыйсці да кансэнсусу, — пераканана практык. — З тэхнік медыятара важнымі з’яўляюцца ўменне слухаць і чуць абодва бакі. Трэба правільна і дакладна “счытваць” невербальныя знакі, перакладаць пачутае з мовы абвінавачанняў на нейтральную інфармацыю, разумець, што чалавек хацеў сказаць насамрэч, каб данесці сваю пазіцыю да супрацьлеглага боку. Калі гавораць эмоцыі, зразумела, што за гэтым стаіць штосьці глыбокае, нейкі боль. Такі падыход будзе дапамагаць рухацца да вырашэння сітуацыі. Таксама нельга не адзначыць жаданне вучыцца — заўсёды і пастаянна — у медыяцыях, на вопыце калег, падчас семінараў і канферэнцый. Медыятарства падыходзіць тым, хто хоча лепш разумець сябе, быць паспяховым у сваім асяроддзі, арыентавацца ў паводзінах людзей. Такія веды патрэбны заўсёды — і ў прафесіі, і ў побыце.
Тым, хто хоча звязаць сябе з медыятарствам, Алена Сцяпанава раіць пачаць з вывучэння “матэрыяльнай базы”: азнаёміцца з даступнымі матэрыяламі. Зразумеўшы, што такая дзейнасць падыходзіць чалавеку, яму варта звярнуць увагу на ўстановы, якія прадастаўляюць магчымасць асвоіць неабходную праграму. Пералік акрэдытаваных арганізацый можна знайсці на сайце Міністэрства юстыцыі (рубрыкі “Дзейнасць”, “Адвакатура і ліцэнзаванне юрыдычнай дзейнасці”, “Медыяцыя”, “Арганізацыі, якія маюць права ажыццяўляць адукацыйную дзейнасць у сферы медыяцыі”).
Спецыяліст прапаноўвае пачытаць водзывы пра ўстановы, азнаёміцца з іх праграмамі і спыніцца на той, якая найбольш падыходзіць. Як правіла, суіскальнікам прапануюць два ўзроўні: базавы (тут раскажуць пра асновы медыяцыі) і прасунуты (уключае ў сябе каля 140 гадзін для людзей з юрыдычнай адукацыяй і каля 170 гадзін для прадстаўнікоў іншых прафесій). Пасля праходжання праграмы ахвочыя могуць падаць дакументы ў Міністэрства юстыцыі на атрыманне пасведчання, якое дазволіць праводзіць медыяцыі.
— Медыяцыя ніколі не праходзіць дарэмна. Як бы ні скончыліся перамовы, ва ўсіх удзельнікаў будзе над чым падумаць, — рэзюмавала Алена Сцяпанава.
Ірына ІВАШКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.