Прафесія архітэктара — адна з самых складаных. Гэта прызнана ва ўсім свеце. У такой сферы нават IT-тэхналогіі, роля якіх у апошні час абсалютызуецца, не змогуць замяніць па-сапраўднаму геніяльных ідэй чалавека.
Як рыхтуюць людзей, ад якіх залежыць выгляд нашых гарадоў і дамоў, і чаму мы павінны даражыць сваёй унікальнай беларускай архітэктурай, расказаў дэкан архітэктурнага факультэта БНТУ прафесар Армен Сяргеевіч Сардараў.
— Армен Сяргеевіч, беларуская архітэктура і архітэктурная адукацыя маюць вельмі глыбокія карані і налічваюць не адно стагоддзе. Раскажыце, калі ласка, пра іх.
— Архітэктура Беларусі ў такім прафесійным выглядзе, на мой погляд, існуе тысячу гадоў, пачынаючы з полацкай Сафіі, потым Каложскай царквы ў Гродне, Спаса-Ефрасіннеўскай у Полацку. У нас былі свае майстры, дойліды. Дарэчы, на сцяне Спаса-Ефрасіннеўскай царквы сярод іншых фрэсак захаваўся эскіз храма. Гэта дзіва. Я лічу, што гэта самы першы беларускі праект царквы. Уяўляеце — яму 900 гадоў.
Існавалі і архітэктурныя школы. Самыя вядомыя — у Полацку, Вільні, дзе рыхтавалі дойлідаў, хоць у Сярэднявеччы ўмельства ў асноўным перадавалася ад майстра да вучня. Такая была традыцыя. Заняткі, падобныя да сучасных, калі вучні сядзелі і слухалі, з’явіліся 300 — 400 гадоў назад у Полацку, у езуіцкім калегіуме.
Наша пакаленне і пакаленне, якое было да нас, звязаны ўжо з пасляваеннай школай, якая была створана на базе політэхнічнага інстытута спачатку як кафедра і аддзяленне пры будфаку. Пасля вайны Беларусь была адной з самых разбураных у Еўропе. Сталіца была практычна зруйнавана. Спатрэбіліся моцная навука, майстэрства, прафесійны падыход — інакш кажучы, айчынная архітэктурная школа.
Наша школа стала месцам, дзе спляліся прадстаўнікі маскоўскай і пецярбургскай (тады ленінградскай) архітэктуры. Некаторыя тагачасныя беларускія архітэктары вучыліся ў Маскве, Ленінградзе. Былі выкладчыкі, якія адтуль прыехалі ў Беларусь. Ужо ў 1970 годзе тут быў створаны самастойны архітэктурны факультэт.
Пасляваенная школа памятае шмат таленавітых архітэктараў і педагогаў, якія перадавалі сваё майстэрства моладзі. А вучылі нас тады на аснове неакласікі. Узоры гэтага напрамку можна ўбачыць на забудовах Мінска. Праспект Незалежнасці сталіцы і ёсць той вобраз неакласікі. Мы і ў XXI стагоддзі ганарымся гэтым архітэктурным творам.
— Такая непарыўная сувязь тэорыі і практычнага ўвасаблення існуе і па сённяшні дзень?
— Непарыўная сувязь паміж архітэктурнай школай і жыццём вельмі важная для нас, і мы ёй даражым. Так, на мінулым тыдні на наш факультэт прыйшло некалькі лістоў з Капыля, Слуцка, Пухавіч з просьбай упрыгожыць скверы, цэнтральныя часткі гарадоў. Зараз мы ствараем групы з выкладчыкаў, студэнтаў, якія будуць займацца гэтымі праектамі. У мінулым годзе нашы студэнты падрыхтавалі добры праект парку ў Лагойску. У гэтым годзе стварылі праекты да свята Купалля ў Александрыі.
Часам мы самі адсылаем лісты ў розныя рэгіёны з паведамленнем, што ў нас ёсць магчымасць рабіць дыпломныя праекты-распрацоўкі тых жа сквераў і іншых форм у гарадах. Вядома, студэнцкія праекты адразу на будоўлю не аддаюцца. Гэта хутчэй праекты-прагнозы, ідэя, канцэпцыя, якая, тым не менш, дае магчымасць і адміністрацыі, і грамадскасці штосьці ўбачыць, намеціць, абмеркаваць.
Нашы студэнты павінны адчуваць, што яны працуюць не абстрактна, а для сваёй краіны, з яе традыцыямі, культурай, эканомікай, сацыяльнымі ўмовамі. І адчуваць гэта не толькі са слоў выкладчыкаў, а ў канкрэтных праектах, якія яны робяць самі.
— У многіх установах вышэйшай адукацыі ў гэтым годзе скарацілі тэрмін навучання. Ці закранула такое новаўвядзенне ваш факультэт?
— Пытанне скарачэння тэрміну навучання абмяркоўвалася і ў нас. Мы яшчэ раз упэўніліся, што паўнацэнная падрыхтоўка архітэктара займае не менш за 6 гадоў. У свой час урадам нашай краіны было прынята рашэнне, па якім архітэктурная адукацыя прыраўноўваецца да медыцынскай і авіяцыйна-інжынернай.
Ёсць цікавае пацвярджэнне складанасці самой прафесіі, працэсу навучання і ў гісторыі. Я знайшоў дакумент XVIII стагоддзя з Францыі. У гэты час там якраз зараджалася адна з першых архітэктурных школ у свеце. (А.С.Сардараў займаецца гісторыяй архітэктуры і архітэктурнай адукацыі. — Заўв. аўт.). У гэтым дакуменце, які ўяўляе сабой план работы школы, напісана, што падрыхтаваць архітэктара так жа складана, як і ўрача. Колькі ў гэтым сэнсу і логікі. Напрыклад, калі вучацца на інжынера, перш за ўсё авалодваюць дакладнымі навукамі. Нашым студэнтам, акрамя дакладных навук (матэматыка, фізіка, будаўнічая механіка, сапрамат), якія яны вывучаюць у такіх жа аб’ёмах, што і інжынеры, трэба развіваць мастацкае пачуццё. Зараз ты працуеш з лічбамі, а хутка трэба будзе фантазіраваць, маляваць. Гэтае зліццё мастацкага з дакладным — найскладанейшая рэч.
Паглядзець на прафесію архітэктара трэба і вось з якога боку. У перакладзе з грэчаскай архітэктар — галоўны будаўнік. І калі простаму будаўніку дастаткова ведаць геалогію, канструкцыю, трываласць і даўгавечнасць матэрыялаў, то архітэктару трэба ведаць умовы жыцця людзей, іх псіхалогію. Ён павінен унікнуць у само чалавечае жыццё, таму што стварае не проста дом, а асяроддзе жыцця некалькіх пакаленняў. Ён павінен уявіць, як растуць дзеці, а вось тут, побач, жывуць старыя. Вось яны адчынілі акно і любуюцца прыродай. Архітэктару важна ўжыцца ў будучае жыццё. Гэта звышважная задача. І для таго каб яе вырашыць, нам трэба выхаваць асобу чалавека, якая бярэ на сябе адказнасць прыдумаць і забяспечыць будучыню чалавека.
— З якога курса, на ваш погляд, студэнту можна і карысна ісці працаваць па прафесіі, каб не нашкодзіць вучобе, але і каб пасля заканчэння ўніверсітэта не застацца проста тэарэтыкам?
— На старшых курсах для студэнтаў арганізавана практыка ў праектных арганізацыях. Таму проста тэарэтыкам застацца не атрымаецца. Аднак нашы студэнты насамрэч працуюць. І гэта можна рабіць літаральна з 2-3 курса.
Ужо на 2 курсе дзесьці самастойна, дзесьці з выкладчыкамі студэнты авалодваюць спецыяльнымі праграмамі: Аўтакадам, Фоташопам, новай праграмай Аўтадэск. З дапамогай гэтых сучасных праграмных сродкаў намнога лягчэй ствараць архітэктурныя эскізы, праекты. Ды і студэнтаў часцей бяруць менавіта на такую работу. Праўда, у такім выпадку студэнты павінны быць актыўнымі і дысцыплінаванымі, каб паспяваць і на рабоце, і на занятках.
Увогуле падпрацоўкі ідуць на карысць студэнтам. Вельмі часта маладыя людзі прыходзяць на размеркаванне ўжо з імяннымі заяўкамі ад арганізацый, дзе станоўча паказалі сябе на практыцы альбо падпрацоўваючы ў вольны ад вучобы час.
— Куды часцей за ўсё размяркоўваюцца вашы студэнты?
— У нас сістэма дастаткова зразумелая. Прыкладна 2/3 студэнтаў — бюджэтнікі, якіх мы размяркоўваем. Той, хто сам аплачвае вучобу, мае права на свабоднае размеркаванне, хоць часам па просьбе саміх студэнтаў ім мы таксама прадастаўляем рабочыя месцы. У такім выпадку гэтыя выпускнікі маюць ільготы як маладыя спецыялісты.
Бюджэтнікаў перш за ўсё размяркоўваем у дзяржаўныя арганізацыі. І такіх звыш 90%. Ёсць невялікі працэнт, каму дазваляем ісці ў прыватную арганізацыю. Аднак толькі ў тым выпадку, калі гэтая арганізацыя выконвае важныя дзяржаўныя заказы. Мы просім пацвердзіць гэта дакументальна. Так што работа такіх выпускнікоў таксама ідзе на карысць дзяржавы.
Прыкладна 50 — 60% выпускнікоў застаюцца працаваць у Мінску. І гэта нядзіўна. Нядаўна мы вывучалі рынак, і аказалася, што ў Мінску толькі па рабоце з інтэр’ерам працуе 500 фірм. У раёнах сітуацыя іншая. У некаторых з іх скасавалі службу раённых архітэктараў, засталіся проста маленькія праектныя бюро, аддзелы пры ўпраўленнях капітальнага будаўніцтва, райвыканкамах. Там таксама працуюць нашы архітэктары. І гэта правільна, калі ў раёне ёсць архітэктар і яго служба. Не варта эканоміць на гэтым, таму што роля раённага архітэктара вельмі вялікая. Менавіта ён можа прагназаваць будучае развіццё горадабудаўніцтва, ландшафтнай архітэктуры на 5, 10, 50 гадоў. Нават сама яго прысутнасць пры прыняцці рашэнняў развіцця — гэта вельмі важная справа.
— Гуляючы па горадзе, ловіш сябе на думцы, што ў апошні час з’явілася шмат аднатыпных офісных будынкаў. Ці не паглыне такая ўніфікаваная архітэктура нацыянальныя адметнасці?
— Гэтае пытанне хвалюе мяне не толькі як дэкана факультэта, але і як практыкуючага архітэктара. Глабалізацыя, уніфікацыя, масавая культура насамрэч нівеліруюць асяроддзе нашых гарадоў. Яны выпрацоўваюць мадэлі, клішэ, якія адразу распаўсюджваюцца па ўсім свеце праз інтэрнэт, з дапамогай IT-тэхналогій. І гэта, безумоўна, бяда.
Нядаўна я быў у журы на адным важным конкурсе. Прадстаўляючы праект англійскай фірмы, нам сказалі, што ў нас будзе, як у Дубаі. Даруйце, але ў нас тут не Дубай!
Вядома, работа замежных архітэктараў — гэта добра. Але таленавітыя людзі абавязкова ўлічваюць тутэйшыя асаблівасці. Яны павінны ўжыцца ў гэтую зямлю. А гэта складана. Зразумела, прасцей запазычыць што-небудзь чужое, каб выглядаць не горш, як, напрыклад, Абу-Дабі. Але гэтага нам якраз і не трэба. Нам трэба зрабіць штосьці сваё. У гэтым сэнсе беларуская архітэктура — унікальная з’ява.
У нас ёсць адметныя будынкі ў стылі беларускага (альбо віленскага) барока. Нават зараз будынкі гэтага стылю выглядаюць вельмі сучаснымі — настолькі вобразная і выразная іх архітэктура.
Многія даследчыкі адзначаюць, што наша архітэктура вельмі гарманічна ўпісваецца ў прыроду. Задача сённяшняга архітэктара — гэтак жа гарманічна ўпісаць у ландшафт новыя забудовы, напрыклад, аграгарадок. А гэтаму трэба вучыцца, і гэта мы стараемся прывіць.
Для практычнага навучання мы арганізоўваем паездкі на аб’екты архітэктурнай рэстаўрацыі. Сёлета ездзілі на рэстаўрацыю замка ў Любчы. Да гэтага былі ў Крэве, Нясвіжы. Работа на такіх аб’ектах дапамагае нашым студэнтам унікнуць у сутнасць нацыянальнай архітэктуры, зразумець сваю Радзіму і шукаць сваю архітэктуру, сваё бачанне, а не трымацца модных часопісаў. Я думаю, што гэта адна з найважнейшых мэт адукацыі.
— Армен Сяргеевіч, вялікі дзякуй за размову.