Аб прафесіях ад “А” да “Я”

У Гродзенскім абласным цэнтры тэхнічнай творчасці дзейнічае Галерэя прафесій. Тут прадстаўлены экспазіцыі 24 устаноў прафесійнай адукацыі рэгіёна.

Кожную суботу па загадзя скла­дзеным графіку ў Галерэю прафесій пры­ходзяць навучэнцы 9—11 кла­саў на сустрэчу з прадстаўнікамі прафтэхустаноў. Тут яны знаёмяцца з прафесіямі, гісторыяй, дасягненнямі, жыццём прафесійна-тэхнічных ліцэя­ў і каледжаў. На канікулах экскурсіі праводзяц­ь для навучэнцаў з другога па шосты клас. Для іх арганізоўва­юць мерапрыемствы ранняй праф­арыентацыі ў адпаведнасці з узростам.

— Ствараючы Галерэю прафесій у 2017 годзе, мы ставілі задачу практыка-арыентаванай прафарыентацыі,— гаворыць метадыст Цэнтра тэхнічнай творчасці Таццяна Аляксандраўна Галавенка. — Ніводнае суботняе мерапрыемства не абыходзіцца без майстар-класаў. Асабліва важна, што вучні могуць не толькі атрымаць інфармацыю, але і паспрабаваць сябе ў нейкай справе. А расказваем мы пра 72 прафесіі, якія можна атрымаць у прафтэх­установах рэгіёна.

З моманту адкрыцця і на канец 2019 года ў Галерэі прафесій пабывала каля 11 тысяч навучэнцаў. Каля дзвюх тысяч — навучэнцы малодшых класаў. Гэты год унёс у работу галерэі карэктывы, некаторыя майстар-класы ладзяць анлайн. За студзень — люты тут арганізавалі 12 майстар-класаў з удзелам амаль 600 чалавек. За два першыя месяцы гэтага навучальнага года таксама правялі 12 майстар-класаў, пяць з іх — дыстанцыйна.

У адну з лістападаўскіх субот расказалі пра свае ўстановы і правялі май­стар-класы спецыялісты Гродзенскага дзяржаўнага прафесійнага электратэхнічнага каледжа імя Івана Шчаснага і Гродзенскага дзяржаўнага прафесійнага ліцэя будаўнікоў № 1. Майстры вытворчага навучання электратэхнічнага каледжа Ілья Калеснік і Дзмітрый Ліцвінчык прадэманстравалі распрацоўкі і мадэлі, якія ствараюць удзельнікі гуртка тэхнічнай творчасці кале­джа, расказалі, што прафесіі, звязаныя з электрычнасцю, заўсёды будуць запатрабаваны.

— Кожная ўстанова прафесійнай адукацыі афармляла сваю экспазіцыю з творчым падыходам, — працягвае Таццяна Уладзіміраўна. — Гродзенскі каледж тэхнікі, тэхналогій і дызайну, дзе рыхтуюць спецыялістаў і для ІТ-галіны, прадэманстраваў развіццё камп’ютарнай тэхнікі на працягу апошніх дзесяцігоддзяў. На стэндах Гродзенскага прафесійна-тэхнічнага каледжа бытавога абслугоўвання насельніцтва можна ўбачыць фота­здымкі модных прычосак ранейшых часоў. Супрацоўнікі Гродзенскага каледжа камунальнай гаспадаркі стварылі некалькі інсталяцый з водаправодных труб. Адну з іх упрыгожылі літарамі, і а­трымалася з гумарам, як у дзіцячай лічылцы, дзе “А” і “Б” сядзелі на трубе. І так кожная ўстанова прадэманстравала сваю іскрынку.

Не толькі ад “А” да “Б”, можна лі­чыць, што ад “А” да “Я” — поўную інфармацыю атрымаюць тут наведвальнікі, бо кожная ўстанова прапануе разнастайныя звест­кі пра спецыяльнасці і жыццё ўстаноў. З гонарам тут прадстаўляюць удзельнікаў і пераможцаў прэстыжнага конкурсу прафесійнага майстэрства WorldSkills Belarus. І так кожную суботу.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота Ірыны БАРСУКОВАЙ.