Абітурыенты сталі больш прагматычнымі

Прэстыж прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі вяртаецца. Гэта пацвярджаецца конкурсамі і высокімі прахаднымі баламі ў многіх установах.

Што паказала сёлетняя ўступная кампанія ў ліцэі і каледжы Гомельшчыны і чым наогул жыве сёння прафтэх — пра гэта наша размова з намеснікам начальніка аддзела дашкольнай, агульнай сярэдняй, спецыяльнай і прафесійнай адукацыі ўпраўлення адукацыі Гомельскага аблвыканкама Дзмітрыем ЧОРНЕНЬКІМ.

— Дзмітрый Мікалаевіч, якое месца ў структуры адукацыі вобласці займаюць прафесійна-тэхнічныя і сярэднія спецыяльныя ўстановы?

— Сістэма прафесійнай адукацыі Гомельшчыны дазваляе ажыццяўляць падрыхтоўку кадраў для ўсіх галін сацыяльна-эканамічнага комплексу нашага рэгіёна. Такім чынам, мы самі вырошчваем кваліфікаваных спецыялістаў рабочых прафесій. Зараз у больш чым 40 прафесійных ліцэях, прафтэхкаледжах, каледжах сярэдняй спецыяльнай адукацыі, якія ў апошнія гады перайшлі з рэспубліканскай у абласную ўласнасць, і педагагічных каледжах займаецца больш за 16 тысяч навучэнцаў.

— Сёння ўстановам прафтэхадукацыі даводзіцца быць даволі мабільнымі: запыты эканомікі пастаянна мяняюцца, і неабходна гэта ўлічваць, а значыць, закрываць адны спецыяльнасці, адкрываць іншыя. Ці ўдаецца своечасова рэагаваць на змены?

— Сапраўды, прагрэс развіваецца настолькі хутка, іншы раз нават цяжка адсачыць. Як толькі мы сутыкаемся з незапатрабаванасцю на рынку працы, праблемамі працаўладкавання выпускнікоў — шукаем выйсце. Некаторыя спецыяльнасці сыходзяць у нябыт, а замест іх прапануюцца новыя. Сёлета закрыта падрыхтоўка па 52 кваліфікацыях, у тым ліку тынкоўшчык, абліцоўшчык-плітачнік, праваднік пасажырскага вагона і інш. З улікам патрэб сацыяльна-эканамічнага комплексу ў кадрах была ўведзена падрыхтоўка па 29 новых кваліфікацыях, такіх, напрыклад, як электрамеханік па сродках аўтаматыкі і прыбораў тэхналагічнага кантролю, наладчык тэхналагічнага абсталявання, машыніст цестаапрацоўчых машын, цеставод, аператар аўтаматызаванага раскройнага комплексу.

— Як пры гэтым вырашаюцца кадравыя пытанні?

— Зразумела, новыя прафесіі патрабуюць мабільнасці і ад педагогаў. Стажыроўка на базавых прадпрыемствах дазваляе выкладчыкам і майстрам вытворчага навучання ісці ў нагу з сучаснымі тэхналогіямі. Дзякуючы гэтаму мы не адчуваем кадравых праблем. Увогуле, ва ўстановах прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі сабраны моцны кадравы патэнцыял, склаліся добрыя традыцыі пераемнасці, шмат увагі ўдзяляецца маладым педагогам.

— Яшчэ адна важная задача для сучасных устаноў адукацыі — гэта ўменне зарабляць грошы…

— Безумоўна. Я сказаў бы, што ўменне зарабляць грошы — адзін з важных крытэрыяў паспяховасці ўстановы прафесійнай адукацыі. Перш за ўсё гэта самы просты шлях да ўмацавання вучэбна-матэрыяльнай базы і павышэння ўзроўню даходаў педагагічных работнікаў. Варта адзначыць, што некаторыя нашы ўстановы самастойна зарабляюць да паловы свайго гадавога бюджэту.

— Працэс аптымізацыі закрануў установы прафтэхадукацыі. Зразумела, што гэта няпросты працэс. Як прымаюцца такія рашэнні?

— Мы пастаянна аналізуем сітуацыю. Тэрытарыяльнае размяшчэнне, аб’ёмы і структура прыёму, размеркаванне выпускнікоў — усё падрабязна вывучаецца і робяцца пэўныя высновы. Гэта насамрэч няпросты працэс, аднак ён не адбываецца спантанна. Кожнае рашэнне старанна прадумваецца, узважваюцца ўсе “за” і “супраць”, вядуцца размовы з калектывамі. Людзі таксама разумеюць, што няма сэнсу трымаць установу, калі яна эканамічна не апраўдвае сябе. Сёлета таксама адбыліся змены. Рэарганізаваны Мазырскі дзяржаўны ліцэй № 2 будаўнікоў, які далучыўся да Мазырскага прафесійнага ліцэя будаўнікоў, а таксама ўтварылася новая ўстанова адукацыі шляхам зліцця прафтэхкаледжа машынабудавання і прафесійнага політэхнічнага ліцэя. Цяпер гэта Гомельскі дзяржаўны аўтамеханічны каледж.

— Ёсць меркаванне, што лепшыя спецыялісты і кіраўнікі атрымліваюцца з тых, хто прайшоў праз прафтэх. Што вы думаеце на гэты конт?

— Цалкам падзяляю такі пункт гледжання. Чалавек, які прайшоў праз навучанне ў прафтэху, пастаяў ля станка і потым ужо ўдасканальваў сваю адукацыю, стаўшы кіраўніком прадпрыемства, ніколі не забудзе, чым жыве практыкант, просты рабочы, майстар участка. Такі кіраўнік будзе ведаць знутры ўсе праблемы свайго калектыву, а значыць, лепш разумець, як іх вырашаць.

— Практычныя навыкі пры атрыманні прафесіі — гэта аснова для паспяховай прафесійнай будучыні любога выпускніка. Якая ўвага ўдзяляецца гэтаму ў рэгіёне?

— Так, атрыманне практычных навыкаў вельмі важнае, асабліва калі гаворка ідзе пра рабочыя прафесіі, таму ў каледжах і ліцэях гэтаму ўдзяляецца вялікая ўвага. Варта сказаць, што кіраўнікі ўсімі сіламі стараюцца ўмацоўваюць вучэбна-матэрыяльную базу сваіх устаноў, хаця, вядома, сёння гэта вырашаць няпроста.

Для адпрацоўкі практычных навыкаў на сучасным абсталяванні ў вобласці створаны рэсурсныя цэнтры, на базе якіх навучэнцы з усёй вобласці праходзяць вытворчае навучанне па масавых прафесіях. З эканамічнага пункту гледжання больш выгадна абсталяваць адзін рэсурсны цэнтр самым сучасным абсталяваннем, чым распыляць гэтыя сродкі на дзясяткі ўстаноў. Таму для арганізацыі работы рэсурсных цэнтраў набыта больш за 80 адзінак сучаснай тэхнікі і абсталявання, што дазволіла за тры гады забяспечыць высокі ўзровень падрыхтоўкі 2240 навучэнцаў і арганізаваць стажыроўку 93 майстроў вытворчага навучання з 24 устаноў прафтэхадукацыі.

Ёсць і другі, магчыма, яшчэ больш удалы кірунак для вырашэння згаданай праблемы — вытворчае навучанне непасрэдна на прадпрыемстве.

— Дзмітрый Мікалаевіч, пералiк прафесiй, якія можна атрымаць ва ўстановах прафтэхадукацыі, даволі шырокі. Якія з іх найбольш запатрабаваныя ў выпускнікоў школ?

— Установы прафтэхадукацыі сістэмна працуюць у кірунку фарміравання іміджу рабочых прафесій, сучаснага пазітыўнага вобраза маладога рабочага. Заканамерным вынікам з’яўляецца наяўнасць конкурсу пры залічэнні на шэраг спецыяльнасцей. Напрыклад, у Гомельскім аграрна-тэхнічным ліцэі конкурс па кваліфікацыі “вадзіцель аўтамабіля (міжнародныя перавозкі)” склаў 2 чалавекі на месца. Амаль тры чалавекі на месца прэтэндавалі на спецыяльнасць “Аператар камп’ютарнай графікі” ў Гомельскім каледжы народных мастацкіх промыслаў. Конкурсы былі і на такія прафесіі, як “Цырульнік, швачка” ў Гомельскім каледжы бытавога абслугоўвання і “Лабарант хімічнага аналізу, апаратчык хімводаачысткі” ў Гомельскім тэхналагічным ліцэі. Па-ранейшаму запатрабаваны ў абітурыентаў педагагічныя спецыяльнасці.

— Лепш быць выдатным сантэхнікам, чым дрэнным інжынерам. Аднак многія юнакі і дзяўчаты, нягледзячы ні на што, імкнуцца ва ўніверсітэты. Ці ўплывае гэта на набор навучэнцаў у каледжы і ліцэі? Што паказваюць лічбы ўступнай кампаніі гэтага года?

— Сёлетні набор паказаў, што нашы абітурыенты сталі больш прагматычнымі: пры паступленні іх цікавіць не толькі папулярнасць прафесіі, але і тое, наколькі яна запатрабавана, на якія прадпрыемствы ідзе размеркаванне, ці ёсць магчымасць працягнуць навучанне ў профільнай установе вышэйшай адукацыі. Скажу так: кантрольныя лічбы прыёму ва ўстановы прафесійна-тэхнічнай адукацыі ў вобласці выкананы. Але не гэта галоўнае. Калі раней палохалі, маўляў, будзеш дрэнна вучыцца, пойдзеш у прафтэх, то зараз на некаторыя рабочыя прафесіі паступіць не так проста. Напрыклад, на спецыяльнасць “Цырульнік, майстар па манікюры” ў Гомельскім каледжы бытавога абслугоўвання прахадны бал у гэтым годзе быў 7,4, на спецыяльнасць “Бухгалтарскі ўлік, аналіз і кантроль” у Гомельскім аграрна-эканамічным каледжы — 8,2.

Як бачыце, каб паступіць на запатрабаваную спецыяльнасць, трэба добра вучыцца. Хацелася б звярнуцца да бацькоў, каб яны ўдзялялі больш увагі паспяховасці сваіх дзяцей. Нярэдка дарослыя бачаць праблему толькі тады, калі надыходзіць пара паступаць у ліцэй або каледж, а ў дзіцяці бал атэстата ад двух да чатырох.

— Ужо не першы год у вобласці рэалізуецца прафарыентацыйны праект “Прафесійныя суботы”. Пра якія вынікі можна гаварыць сёння?

— “Прафесійныя суботы” — сапраўды паспяховы праект. Установы адукацыі, якія актыўна ў ім удзельнічалі, не адчувалі праблем з наборам навучэнцаў. Школы, якія ўключыліся ў яго, дапамаглі многім дзецям вызначыцца з выбарам прафесіі. У гэтым навучальным годзе стартуе яшчэ адзін цікавы праект — “Субота на прадпрыемстве”, які стане лагічным развіццём “Прафесійных субот”. Сучаснаму школьніку трэба паказаць не толькі як рыхтуюць да рабочай прафесіі, але і ў якіх умовах даводзіцца працаваць. Часта ў школьнікаў няправільнае ўяўленне аб сучасным прадпрыемстве.

— Навучанне ў каледжы і ліцэі — гэта не толькі тэарэтычныя і практычныя заняткі. Гэта яшчэ і творчыя, спартыўныя дзеі, розныя конкурсы і перамогі…

— Нездарма кажуць, што студэнцкія гады самыя лепшыя. Яны нясуць у сабе шмат прыемных успамінаў і застаюцца ў памяці на ўсё жыццё. Нашы дзеці паасобку і ў камандах удзельнічаюць у творчых, спартыўных, прафесійных конкурсах і амаль заўсёды вяртаюцца пераможцамі. Так, каманда навучэнцаў Гомельскага прафесійна-тэхнічнага каледжа бытавога абслугоўвання ўжо 10 гадоў прымае ўдзел у Міжнародным фестывалі прыгажосці “Неўскія берагі” ў Санкт-Пецярбургу. Сёлета на конкурсе навучэнцы каледжа атрымалі 14 прызавых месцаў, а за ўвесь перыяд удзелу ў “Неўскіх берагах” налічваецца больш як 200 дыпломаў. Каманда “Ліга творчай моладзі” Беларусі, у якую ўваходзілі 8 навучэнцаў каледжа бытавога абслугоўвання, летась прызнана пераможцай сярод краін СНД.

У XV Рэспубліканскім конкурсе-злёце “Вынаходнікі і рацыяналізатары” каманда вобласці заняла 1-е месца. У Рэспубліканскім конкурсе прафесійнага майстэрства па спецыяльнасці “Паштовая сувязь” каманда навучэнцаў Гомельскага ліцэя прыборабудавання атрымала 2-е агульнакаманднае месца. Даволі добрыя вынікі паказваюць гамяльчане і на конкурсе WorldSkills. Так, летась 12 устаноў сярэдняй спецыяльнай і прафесійна-тэхнічнай адукацыі нашага рэгіёна прынялі ўдзел у ІІ Рэспубліканскім конкурсе прафесійнага майстэрства “Другі чэмпіянат WorldSkills Belarus — 2016” па 13 кампетэнцыях. Па выніках конкурсу навучэнцы ўзнагароджаны залатым, сярэбраным і чатырма бронзавымі медалямі. Гэта толькі некаторыя дасягненні, а іх вельмі шмат.

— Дзмітрый Мікалаевіч, якім вы бачыце будучыню прафтэха?

— Я мару, каб нашы ўстановы ўсе без выключэння мелі добрую вучэбна-матэрыяльную базу. Упэўнены, што яны і далей будуць дынамічна развівацца і адгукацца на патрэбы эканомікі. Наша краіна зберагла сістэму прафесійна-тэхнічнай адукацыі, і мы пастаянна ўпэўніваемся, наколькі гэта важна. Зразумела, наша мэта — трымацца гэтага курсу далей.

Наталля ЛУТЧАНКА.
Фота аўтара.