1 студзеня ў райцэнтры Гарадок Віцебскай вобласці адбылося аб’яднанне дзвюх профільных устаноў адукацыі — дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа сельскагаспадарчай вытворчасці імя І.В.Дарошчанкі і дзяржаўнага аграрна-тэхнічнага каледжа. Узначаліў калектыў вопытны кіраўнік Уладзімір Шыцько, раней дэпутат Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь і дырэктар знакамітай Лужаснянскай школы-інтэрната-гімназіі для адораных і таленавітых дзяцей Віцебскай вобласці. Як адзначае Уладзімір Уладзіміравіч, з эканамічнага і практычнага пунктаў гледжання рэарганізацыя была правільным і неабходным рашэннем. Цяпер галоўная мэта — мабілізаваць усе наяўныя рэсурсы і шукаць новыя, каб адукацыя ў Гарадоцкім дзяржаўным аграрным каледжы была са знакам якасці, а запатрабаванасць у выпускніках — максімальна высокай.
— Каб адпавядаць сучасным патрабаванням і рухацца наперад, важна ўсім структурным падраздзяленням дзейнічаць у адзіным рытме, — падкрэслівае Уладзімір Шыцько. — Прыемна канстатаваць, што адаптацыйны перыяд у каледжы можна лічыць паспяхова завершаным. Зразумела, без праблемных пытанняў не абыходзіцца, але яны вырашаюцца ў рабочым парадку. Недасягальных вышынь у адукацыі не бывае, скептыкаў я пераконваю ў гэтым на прыкладзе Лужаснянскай гімназіі. Калі мы яе арганізоўвалі, многія таксама сумняваліся, што атрымаецца штосьці вартае, а гімназія стала адной з лепшых у краіне. Адпаведны ўзровень мы пастараемся трымаць і ў прафесійнай адукацыі.
Каледж валодае ўнікальнай матэрыяльна-тэхнічнай і вучэбна-метадычнай базай, моцным патэнцыялам і прадуманай стратэгіяй далейшага развіцця. У адукацыйным працэсе разам з лепшымі класічнымі актыўна выкарыстоўваюцца інавацыйныя тэхналогіі. Практычнае навучанне арганізавана па трохузроўневай сістэме.
Вучэбна-матэрыяльная база каледжа ўключае два вучэбныя корпусы, сучасную бібліятэку з камп’ютарнай залай і выхадам у інтэрнэт, тры вучэбна-вытворчыя майстэрні, два гаражы, рэсурсны цэнтр, рамонтную майстэрню з пунктам тэхнічнага абслугоўвання, два аўтатрактарадромы, вучэбную гаспадарку агульнай плошчай каля 500 га. Машынна-трактарны парк пастаянна абнаўляецца. Зараз гэта 7 грузавых і 6 легкавых аўтамабіляў, 5 зернеўборачных камбайнаў, 2 “Амкадоры”, сучасныя трактары. Тэхніка актыўна выкарыстоўваецца ў адукацыйным працэсе.
— Тым не менш гэтага недастаткова, — сцвярджае дырэктар каледжа. — Напрыклад, на базе пункта тэхнічнага абслугоўвання мы збіраемся адкрыць першую ў Гарадку СТА, што дазволіць і зарабіць грошы, і арганізаваць у перспектыве базу для падрыхтоўкі па новай спецыяльнасці. Тэхналогіі развіваюцца імкліва, мяняюцца ўмовы працы і запыты наймальнікаў. Неабходна больш цесная сувязь устаноў прафесійнай адукацыі з вытворчасцю — інакш за прагрэсам не паспець. Айчынныя прадпрыемствы выпускаюць добрыя ўзоры сельгастэхнікі, аднак новыя мадэлі іду ць не да нас — у гаспадаркі. Калі мы зможам іх набыць і ці зможам увогуле — вялікае пытанне. І нават калі атрымаецца, то досыць хутка набытак састарэе, такім чынам гонка загадзя прайграная. Лічу, што аптымальнае выйсце — каб прадпрыемствы прадастаўлялі эксперыментальныя мадэлі ўстановам адукацыі ў часовае карыстанне. Вытворцы атрымаюць эфектыўную рэкламу. У гаспадаркі прыйдуць дасведчаныя спецыялісты, якіх не трэба будзе адаптаваць і перавучваць. А мы зможам значна павысіць эфектыўнасць прафесійнай падрыхтоўкі і канкурэнтаздольнасць выпускнікоў.
Каб навучэнцы змаглі больш даведацца пра спецыфіку сваіх прафесій на прыкладзе не толькі прадпрыемстваў свайго рэгіёна, каледж наладжвае кантакты з профільнымі ўстановамі замежжа. Асабліва паказальны ў гэтым плане вопыт супрацоўніцтва з Расіяй і Еўрасаюзам. І калі на ўзроўнях вышэйшай адукацыі маладзёжныя абмены практыкуюцца шырока, то ў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі гэта выключная з’ява. Зараз каледж абмяркоўвае магчымасць штогод накіроўваць лепшых па выніках года навучэнцаў на практыку ў Еўропу і Маскоўскую вобласць. Праходзіць стажыроўку будуць і выкладчыкі, пашыраючы свае веды ў галіне методык навучання. Акрамя таго, супрацоўніцтва ажыццяўляецца ў культурнай сферы, спорце, даследчай дзейнасці. Вядзецца работа па прыцягненні інвестыцый па праграмах Еўрасаюза, якія садзейнічаюць эканамічнаму і сацыяльнаму развіццю памежных рэгіёнаў. Мэта калектыву на найбліжэйшы час — выйграць замежны грант, каб укласці сродкі ў рэканструкцыю стадыёна. Дарэчы, спартыўны інвентар па адной з праграм ужо набыты і спартзала на сродкі з той жа крыніцы адрамантавана.
Няма межаў для ўдасканалення, але і сёння навучэнцы каледжа маюць дастойныя ўмовы для адпачынку і творчасці. Да іх паслуг — дзве выдатныя актавыя залы з неабходнай апаратурай, два стадыёны, валейбольная і баскетбольная пляцоўкі, лыжная база, дзве спартыўныя і трэнажорная залы. У каледжы працуюць секцыі футбола, валейбола, баскетбола, лёгкай атлетыкі, атлетычнай гімнастыкі, настольнага тэніса, усходніх адзінаборстваў, грэка-рымскай барацьбы, фітнес-клуб і “Майстэрня здароўя”. Дзейнічаюць гурткі дэкаратыўна-прыкладной творчасці і мастацкай самадзейнасці (па разнастайных напрамках — ад харэаграфіі, тэатральнага мастацтва і вакалу да гукарэжысуры і рэжысуры масавых, фальклорных мерапрыемстваў), а таксама “Старонкі гісторыі”, “Радыё”, “Свет у аб’ектыве”, “Юны журналіст”, “Умелыя рукі”, “Эрудыт”, Клуб вясёлых і знаходлівых.
— Праз розныя формы дзейнасці нашы навучэнцы знаёмяцца з гісторыяй каледжа і раёна, далучаюцца да нацыянальных традыцый i каштоўнасцей беларускага народа, праяўляюць свае здольнасці і таленты, вучацца сябраваць, працаваць у адзінай камандзе, асвойваюць новыя карысныя ўменні і навыкі, якія спатрэбяцца ім потым у самастойным жыцці, — робіць акцэнт намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Валянціна Палянічка. — Лепшыя спартсмены і ўдзельнікі аб’яднанняў па інтарэсах паспяхова прадстаўляюць каледж і становяцца пераможцамі на гарадскіх, абласных, рэспубліканскіх спаборніцтвах і конкурсах.
Істотны для кожнага абітурыента аргумент на карысць каледжа пры вызначэнні месца будучай вучобы — дзве сталовыя і буфет, дзе арганізавана якаснае, смачнае і таннае (для многіх навучэнцаў бясплатнае) харчаванне. А таксама 5 камфартабельных інтэрнатаў, дзе нядаўна быў праведзены капітальны рамонт і пастаянна паляпшаюцца ўмовы побыту. У штодзённым жыцці такія дробязі, як новыя пліты і душавыя кабіны, пральныя машыны, маюць немалаважнае значэнне. Як і трэнажорная зала, новыя більярдныя і тэнісныя сталы, добраўпарадкаваная тэрыторыя — нядаўна якраз пачалі рэалізоўваць новае дызайнерскае рашэнне па яе афармленні. Для навучэнцаў зроблена і робіцца многае.
— Не дзеці для нас, а мы для дзяцей — гэта мой прынцып, калі хочаце, стыль работы. Толькі так можна атрымаць давер навучэнцаў, іх шчырую падтрымку ва ўсіх нашых пачынаннях, абудзіць маладзёжную ініцыятыву, — пераконвае дырэктар. — У нашым каледжы не дзеці са сваімі патрэбамі ходзяць за педагогамі, а мы за імі. Калі да мяне ў прыёмную, дзе знаходзяцца выкладчыкі, заходзіць навучэнец — яго прапусцяць у кабінет дырэктара без чаргі. І вельмі радуе тое, як у адказ мяняюцца адносіны моладзі да месца вучобы, будучай прафесіі: расце гонар за каледж, навучэнцы адчуваюць сябе яго руплівымі гаспадарамі. Можа, для кагосьці пафасна прагучыць, але па сутнасці правільна: каб выхаваць сапраўдных прафесіяналаў, мы ніколі не павінны забывацца аб сваёй педагагічнай місіі.
На ўзроўні прафтэхадукацыі найбуйнейшая ў Віцебскай вобласці ўстанова сельскагаспадарчага профілю прапануе спецыяльнасці “Тэхнічнае забеспячэнне сельскагаспадарчых работ. Эксплуатацыя і рамонт аўтамабіля” (для выпускнікоў 9 і 11 класаў) і “Грамадскае харчаванне. Гандлёвая справа” (для выпускнікоў 9 класа). За час падрыхтоўкі па першай з названых спецыяльнасцей навучэнцы набываюць запатрабаваныя кваліфікацыі “вадзіцель аўтамабіля катэгорыі C”, “трактарыст-машыніст сельскагаспадарчай вытворчасці катэгорый А, B, С, D” і “слесар па рамонце сельскагаспадарчых машын і абсталявання 3 разраду”. Маладыя спецыялісты сферы гандлю і грамадскага харчавання выходзяць са сцен каледжа з кваліфікацыямі “кухар 3 разраду”, “прадавец 4 разраду”.
Для тых, хто збіраецца вучыцца далей, дарога адкрыта. На ўзроўні ССА набор на спецыяльнасць “Грамадскае харчаванне” (дзённая форма навучання) з кваліфікацыяй “кухар 5 разраду” праводзіцца на аснове прафесійна-тэхнічнай адукацыі. Падрыхтоўка ў дзённай форме навучання па спецыяльнасцях “Тэхнічнае забеспячэнне сельскагаспадарчай вытворчасці” (кваліфікацыя “тэхнік-механік”) і “Энергетычнае забеспячэнне сельскагаспадарчай вытворчасці” (кваліфікацыя “тэхнік-электрык”) ажыццяўляецца на аснове базавай, агульнай сярэдняй і прафесійна-тэхнічнай адукацыі. У завочнай форме навучання гэтыя спецыяльнасці могуць атрымаць выпускнікі 11-х класаў і профільных устаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі.
Выпускнікі каледжа пры жаданні маюць магчымасць прадоўжыць адукацыю і паступіць па профільнай спецыяльнасці адразу на 3 курс устаноў вышэйшай адукацыі, у тым ліку Беларускага дзяржаўнага аграрнага тэхнічнага ўніверсітэта, Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі, Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта.
Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.