Адвечны дыялог філасофіі і прыродазнаўства

Днямі ў Беларускім дзяржаўным універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі адбылося ўнікальнае навуковае мерапрыемства — юбілейныя XXV Міжнародныя чытанні “Вялікія пераўтваральнікі прыродазнаўства”. Сёлета яны былі прысвечаны выбітнаму вучонаму, аднаму са стваральнікаў квантавай фізікі, мысліцелю і грамадскаму дзеячу, Нобелеўскаму лаўрэату Нільсу Бору.

Вучоныя з некалькіх краін на працягу двух дзён вялі цікавае абмеркаванне на стыку сучаснага прыродазнаўства, тэхнікі і філасофіі. Прадметам дыскусій былі не толькі квантавая фізіка і сінергетыка, але і пытанні навуковай веры, шляхі дасягнення бяспечнай будучыні і іншыя важныя тэмы. Вялікую цікавасць да мерапрыемства праявілі маладыя навукоўцы і студэнцкая моладзь. Гэта было надзвычай захапляльна, і я падумала: “Калі б у школе дзецям давалі такую фізіку — чалавечую, мудрую, спаяную з самім жыццём, — напэўна, гэта быў бы найлюбімейшы прадмет дзяцей, а фізічныя факультэты не мелі б адбою ад жадаючых там вучыцца.


Сапраўдная навука — яна па-за часам, па-за прасторай і нават па-за той сферай, дзе праявіла сябе на ўсю моц. Так, не абавязкова быць фізікам, каб зразумець геніяльнасць Нільса Бора, на чытаннях у БДУІР было вельмі шмат філосафаў. І гэта была дзіўная ў сваім поўным узаемаразуменні размова паміж філосафамі і фізікамі, якую загадчык кафедры філасофіі БДУІР Галіна Малыхіна назвала адвечным дыялогам філасофіі і прыродазнаўства.

Падчас чытанняў быў паказаны фільм пра жыццё і дзейнасць Нільса Бора, створаны на кафедры філасофіі, дзе ён выступае не толькі як знакаміты вучоны і Нобелеўскі лаўрэат. Нам паказалі Нільса Бора найперш як чалавека — сына, мужа, бацьку, сябра, настаўніка, гуманіста. “Гісторыя навукі не павінна падмяняцца храналогіяй адкрыццяў”, — заўважыла Галіна Малыхіна.

На жаль, у школе не вывучаюць біяграфіі вялікіх людзей, за матэматычнымі запісамі суадносін фізічных велічынь немагчыма ўбачыць найцікавейшыя гісторыі іх жыцця. І атрымліваецца так, што пра дыктатараў і тыранаў дзеці ведаюць значна больш, чым пра выбітных вучоных. А між тым іх жыццёвыя пошукі, дасягненні, прынцыпы для многіх маладых людзей маглі б стаць прафесійным і нават маральным арыенцірам.

Намеснік старшыні Прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук акадэмік Сяргей Кілін, які плённа працуе ў галіне квантавай фізікі, паведаміў, што менавіта Нільс Бор паўплываў на яго выбар у галіне навукі. “Калі я быў школьнікам, мне трапілася кніга пра навуковыя адкрыцці Нільса Бора, — распавёў Сяргей Якаўлевіч. — Тады я яшчэ не зразумеў усёй іх глыбіні, але ўспрыняў вучонага як чалавека, якому можна давяраць, і ў выніку абраў той шлях, якім іду. Біяграфія Нільса Бора — гэта шлях стваральніка, ідэал для пераймання. Ён з дзяцінства стаў цікавіцца навукай і на працягу ўсяго жыцця браў для даследавання самыя незразумелыя, самыя складаныя, самыя дыскусійныя пытанні. Зрабіўшы свае адкрыцці ў маладосці, у сталыя гады Нільс Бор прыйшоў да іх практычнага прымянення, што патрабавала не толькі навуковага, але і палітычнага генію. Уступіўшы на гэты шлях, ён да канца жыцця, дзякуючы павазе да сваёй асобы, аказваў уплыў на многія грамадскія працэсы”.


У 1922 годзе Нільс Бор атрымаў Нобелеўскую прэмію па фізіцы “За заслугі ў вывучэнні будовы атама”. Вялікую вядомасць набылі яго навуковыя дыскусіі з Альбертам Эйнштэйнам, якія доўжыліся 35 гадоў і завяршыліся толькі пасля смерці Эйнштэйна. Часам яны прымалі даволі жорсткую форму, але вучоныя ніколі не страчвалі павагі адзін да аднаго і ў спрэчках шукалі ісціну.

Расказваюць, што ў Нільса Бора было выдатнае пачуццё гумару. Напрыклад, пра свайго вучня, які пацярпеў няўдачу ў навуцы, ён сказаў: “Стаў паэтам — для фізікі ў яго было занадта мала ўяўлення”. Добра вядома таксама выказванне Бора пра адну з фізічных тэорый: “Няма сумнення, што перад намі вар’яцкая тэорыя, але ўсё пытанне ў тым, ці дастаткова яна вар’яцкая, каб апынуцца яшчэ і дакладнай!”

У ходзе фарміравання новай квантавай тэорыі, калі кожны вучоны шукаў аргументы на карысць свайго пункту гледжання, Эйнштэйн прамовіў: “Бог не гуляе ў косці!”, маючы на ўвазе, што Творца не можа кіравацца выпадкам. Нільс Бор тут жа адрэагаваў: “Але ж гэта не наш смутак — загадваць Богу, як яму належыць кіраваць гэтым светам!” Асабіста мне вельмі падабаецца класіфікацыя думак па глыбіні, якую прапанаваў Нільс Бор. Так, ён лічыў, што сцвярджэнне трывіяльнае і неглыбокае, калі прама супрацьлеглае яму недарэчна; калі ж прама супрацьлеглае напоўнена сэнсам, то сцвярджэнне нетрывіяльнае.

У Нільса Бора была вялізная плеяда таленавітых вучняў. Аднойчы вядомы савецкі фізік Леў Ландау спытаў у настаўніка, якім чынам яму ўдалося сабраць вакол сябе такую творчую моладзь. І Нільс Бор адказаў: “Ніякага асаблівага сакрэту не было, хіба толькі тое, што мы не баяліся паказацца перад моладдзю дурнаватымі”.

Гэтую павучальную гісторыю паведаміў Сяргей Якаўлевіч Кілін. “Калі чалавек, які выкладае моладзі, лічыць сябе геніем і не апускаецца да тых пытанняў, што моладзь ставіць перад ім, то ніякіх вучняў не будзе. Трэба спакойна ўспрымаць тыя складанасці, якія ўзнікаюць у аўдыторыі падчас лекцыі, старацца ўвайсці ў становішча маладых людзей і адказаць на ўсе іх пытанні, якімі б дзіўнымі яны нам ні здаваліся”, — заўважыў Сяргей Якаўлевіч.

Адметна, што сёння, амаль праз стагоддзе пасля вялікіх адкрыццяў Нільса Бора, на планеце наспявае другая квантавая рэвалюцыя. Яе вынікам ста нуць больш надзейныя і хуткія сродкі сувязі, больш эфектыўныя камп’ютары, высокадакладная тамаграфія і інш.

Цікавую інфармацыю пра тое, як хутка развіваецца наша грамадства ў параўнанні з мінулым стагоддзем, паведаміў загадчык лабараторыі “Інтэграваныя мікра- і нанасістэмы” БДУІР акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Уладзімір Архіпавіч Лабуноў. Вось літаральна некалькі цытат, якія наглядна паказваюць, што рабіць прагнозы ў навуцы — справа няўдзячная.

• “Усё, што можна было вынайсці, ужо вынайдзена”, — кіраўнік патэнтнага ведамства ЗША Чарльз Дуэл, 1899 год.

• “Тэхнічна і тэарэтычна тэлебачанне можа існаваць, але на яго не хопіць фінансаў. Гэта вынаходства, на якое мы не павінны марнаваць час”, — Лі Дэ Форэст, амерыканскі першапраходзец у сферы радыё, 1926 год.

• “Думаю, на сусветным рынку мы знойдзем попыт для 5 камп’ютараў”, — Томас Ватсан, дырэктар ІВМ, 1943 год.

• “Няма ніякага сэнсу мець персанальны камп’ютар у сваім доме”, — Кен Олсан, заснавальнік карпарацыі Digital Equipment Corp. — DEC, 1977 год.

• “640 КВ памяці дастаткова для любых прымяненняў у гэтым свеце”, — Біл Гейтс, адзін са стваральнікаў і найбуйнейшы акцыянер кампаніі Microsoft, 1981 год.

З гэтых цытат, якія належаць прафесіяналам у сваёй справе, можна зрабіць пэўную выснову: якімі б мы прагрэсіўнымі ні былі, рэчаіснасць усё роўна перасягне нашы чаканні.

“Сёння мы з’яўляемся сведкамі рэвалюцыі ў тэхналогіях інфармацыйнага грамадства, бо мае месца экспаненцыяльны рост тэхналагічнага прагрэсу, — заўважыў Уладзімір Архіпавіч Лабуноў. — Інтэрнэт-трафік падвойваецца кожныя 6 месяцаў, аб’ём бесправадной сувязі падвойваецца кожныя 9 месяцаў, ёмістасць аптычнай сувязі падвойваецца кожныя 12 месяцаў, ёмістасць магнітных носьбітаў інфармацыі падвойваецца кожныя 15 месяцаў. Неверагодная хуткасць! Ніякая іншая галіна, акрамя ІТ, не развіваецца такімі хуткімі тэмпамі!”

Што да з’яўлення новых мадэлей мікрасхем, то Закон Мура сцвярджае: колькасць транзістараў на адным крышталі падвойваецца кожныя 24 месяцы.

“Усё пачыналася з некалькіх транзістараў на інтэгральнай схеме, але ўжо ў 2010 годзе на адным крышталі памерам з пазногаць удалося змясціць 7 млрд транзістараў, — тлумачыць Уладзімір Архіпавіч. — Уявіць такое надзвычай складана, але гэта ўжо рэальнасць. А ў 2020 годзе нам абяцаюць ужо 1 трлн транзістараў на адным крышталі, што супастаўляльна з чалавечым мозгам. Гэта значыць, што вельмі хутка штучны інтэлект можа перасягнуць чалавечы, будзе новы ўзровень цывілізацыйнага развіцця”.

Я распавядаю пра ўсё гэта, бо ўражана, як на адным мерапрыемстве дзіўным чынам сышліся фізіка і філасофія, мінулае і будучыня, Нільс Бор і другая квантавая рэвалюцыя… Там, дзе сапраўдная навука, няма ні часу, ні прасторы — усё разам і ўсё адзінае.

Зараз пакуль невядома, якому вучонаму будуць прысвечаны наступныя XXVІ Міжнародныя чытанні “Вялікія пераўтваральнікі прыродазнаўства” ў БДУІР. Аднак ужо зараз прагучала прапанова для арганізатараў пашырыць склад удзельнікаў і запрасіць на мерапрыемства школьных настаўнікаў і вучняў. Гэта надзвычай важна — адчуць жывую навуку, адначасова сталую і маладую, натхніцца біяграфіямі вялікіх людзей. Магчыма, хтосьці дзякуючы гэтаму пачне ствараць у навуцы ўласную біяграфію.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Івана КУЛАЖАНКІ.