Аляксандр КАПІЛАЎ: “Наша мэта — рыхтаваць якасных спецыялістаў”

Гаварыць “першая” пра гэтую ўстанову вышэйшай адукацыі можна многа разоў. Гэта першая прыватная ўстанова вышэйшай адукацыі нашай краіны. Яе студэнты і выпускнікі займаюць першыя месцы на прэстыжных нацыянальных i мiжнародных конкурсах, сярод якіх “Млын моды”, New Names у рамках Belarus Fashion Week (“Новыя імёны” на Тыдні моды ў Беларусі) і “Моладзь — за Саюзную дзяржаву”. Гэтая ВНУ стала першай, дзе будуць рыхтаваць прадзюсараў у сферы мастацтва на другой ступені вышэйшай адукацыі.
Мяркую, вы здагадаліся: размова ідзе пра Інстытут сучасных ведаў імя А.М.Шырокава, з рэктарам якога мы і сустрэліся. Прыемнай нагодай для сустрэчы з Аляксандрам Львовічам Капілавым сталі не толькі згаданыя вышэй факты. У кастрычніку 2015 года інстытут адзначыў свой 25-гадовы юбілей — сапраўды значны ўзрост для прыватнай установы адукацыі.

— Аляксандр Львовіч, 90-я гады сталі часам актыўнага адкрыцця прыватных устаноў адукацыі. 2000-я, у сваю чаргу, азнаменаваліся скарачэннем іх колькасці: не многія ВНУ такой формы ўласнасці вытрымлівалі канкурэнцыю і патрабаванні часу. Сярод тых, якія пацвердзілі, што прапаноўваюць якасную адукацыю, быў ваш інстытут…
— Наш інстытут стаў першай прыватнай установай адукацыі краіны. У 1990 годзе яго заснаваў Аляксандр Міхайлавіч Шырокаў, член-карэспандэнт Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі, заслужаны дзеяч навукі і тэхнікі БССР, доктар тэхнічных навук, прафесар. Аляксандр Міхайлавіч стаў яго першым рэктарам.
Першапачаткова, як і ў іншых прыватных ВНУ таго часу, тут вывучалі эканоміку, юрыспрудэнцыю, фінансы, сацыяльную педагогіку і практычную псіхалогію. Аднак інстытут відазмяняўся, і з цягам часу нам удалося знайсці свае нішы. Зараз мы рыхтуем спецыялістаў па 4-х спецыяльнасцях.На факультэце мастацтваў вучым па розных напрамках на спецыяльнасцях “Мастацтва эстрады” i “Дызайн”. У свой час на гэтым факультэце вучыліся вядомыя артысты эстрады: Анжалiка Ялiнская (Агурбаш), Настасся Цiхановiч, Аляксей Хлястоў, Аляксандра Гайдук, Венера, Яўген Чалышаў i iнш. Вучыліся ў нас і Алена Цакаленка, Святлана Гнядзёнак, Наталля Поткiна, Наталля Паўлючэнка, Юлія Латушкiна, якія сталі дызайнерамі мiжнароднага класа…
На гуманітарным факультэце студэнты асвойваюць спецыяльнасці “Культуралогія” і “Лінгвістычнае забеспячэнне міжкультурных камунікацый” — таксама па напрамках. Дарэчы, адукацыю па апошняй спецыяльнасці з напрамкам “Мiжнародны турызм” можна атрымаць толькі ў МДЛУ і ў нас. Калі гаварыць канкрэтна, то мы рыхтуем перакладчыкаў-рэферэнтаў англійскай і нямецкай моў, а таксама англійскай і італьянскай. Такія камбінацыі моў выкрышталізаваліся з часам, дзякуючы вывучэнню запытаў саміх студэнтаў.
Адзначу, што студэнты ўсіх спецыяльнасцей дасягаюць значных поспехаў. Разам з тым, не без удзелу СМІ, найбольш вядомымі становяцца іх перамогі на конкурсе маладых дызайнераў New Names падчас Тыдня моды ў Беларусі. Нашы студэнты і выпускнікі выдатна праяўляюць сябе і за межамі нашай краіны. Паказы іх калекцый з поспехам праходзяць у Еўропе, напрыклад, у Мiлане, Берліне, Капенгагене, Стакгольме, Рызе.

— Наколькі мне вядома, навучанне па спецыяльнасці “Дызайн” на факультэце мастацтваў падразумявае не толькі падрыхтоўку дызайнераў адзення.
— У нас вучаць дызайну адзення, дызайну інтэр’ераў і дызайну віртуальнага асяроддзя. Нягледзячы на тое, што дызайн віртуальнага асяроддзя ў нас быў адкрыты апошнім, фірмы зацікаўлены ў нашых спецыялістах. Так, вядомая кампанія Game Stream, якая ўваходзіць у ПВТ, заключыла з намі пагадненне аб супрацоўніцтве, якое дае магчымасць нашым студэнтам праходзіць практыку ў кампаніі.

— Аляксандр Львовіч, у абітурыентаў, якія надумаюць паступаць да вас, з гэтага года павялічыцца выбар. Вы пачынаеце набор студэнтаў на спецыяльнасць “Музейная справа і ахова гісторыка-культурнай спадчыны”. Чым выклікана яе адкрыццё?
— Усё проста. Ахова гісторыка-культурнай спадчыны — адзiн з найважнейшых прыярытэтаў у культурнай палiтыцы нашай краiны, і мы маем намер унесцi свой уклад у развiццё гэтай сферы. Мы прааналізавалі кваліфікацыю нашых выкладчыкаў і зразумелі, што ў інстытута дастаткова рэсурсаў, каб адкрыць яшчэ адну спецыяльнасць, якая будзе цесна звязана з гiсторыяй i культурай нашай краiны.Нашы выкладчыкі чытаюць, напрыклад, гісторыю айчыннай культуры, гісторыю сусветнага мастацтва па розных напрамках. Ёсць сапраўдныя знаўцы беларускай міфалогіі і старажытнай культуры. У інстытуце працуюць і выдатныя спецыялісты па музеязнаўстве, якія не толькі абаранілі дысертацыi ў гэтай галіне, але і маюць вопыт работы ў вядучых музеях краіны. Спадзяюся, што абітурыенты праявяць цікавасць да гэтай спецыяльнасці.

— У гэтым годзе вы аб’яўляеце аб яшчэ адным новаўвядзенні. Інстытут пачне падрыхтоўку студэнтаў на другой ступені вышэйшай адукацыі. Раскажыце, якія кадры будзеце выпускаць з магістратуры.
— Гэтым летам мы ўпершыню пачынаем прыём у магістратуру. Навучанне будзе весціся па трох спецыяльнасцях — “Тэхнічная эстэтыка і дызайн”, “Дызайн асяроддзя” і “Прадзюсарства ў сферы мастацтваў”. Думаю, што падрыхтоўка на другой ступені па спецыяльнасці “Прадзюсарства ў сферы мастацтваў” выклікае асаблівую цікавасць: наш інстытут — першая і пакуль адзіная ВНУ ў краіне, якая адкрыла магістратуру ў гэтай галіне. Прычым не толькі ў сферы шоу-бізнесу, але і ў музейна-галерэйнай, тэатральнай, тэле- i кінасправе.
Прыемна, што зацікаўленасць у магістратуры ўжо праявіла каля 20 нашых выпускнікоў. Аднак мы чакаем не толькі нашых выпускнікоў, але і выпускнікоў іншых устаноў адукацыі, а таксама тых, хто плённа працуе ў гэтай галiне.

— Для таго, каб да вас у магістратуру, як вы сказалі, ішлі не толькі вашы выпускнікі, каб вас абіралі пры паступленні на першую ступень, трэба быць вядомым сярод абітурыентаў і іх бацькоў, прычым рэпутацыю трэба мець добрую. Што, на вашу думку, спрацоўвае на добрае імя?
— Звычайна пры выбары ВНУ абітурыенты і іх бацькі цікавяцца тым, хто выкладае ў навучальнай установе, звяртаюць увагу на поспехі студэнтаў і выпускнікоў. Тут спрацоўвае так званае “сарафаннае радыё”. Каб пачарпнуць інфармацыю, часта заходзяць і на сайт навучальнай установы. Аднак станоўчы вынік ад гэтага бывае толькі ў тым выпадку, калі ўстанова насамрэч працуе на дастойным узроўні. (Апошняй “конкурснай” навіной на сайце інстытута стала паведамленне аб тым, што пераможцай спаборніцтва New Names Belarus Fashion Week 2015 стала выпускніца інстытута гэтага ж года Сабіна Алышова.Заўв. аўт.).Падтрымаць імідж дапамагаюць і такія падзеі, як удзел студэнтаў i выкладчыкаў iнстытута ў папулярных тэлевiзiйных праграмах. Напрыклад, блiскучае выступленне старшага выкладчыка iнстытута Пятра Ялфiмава ў папулярным расійскім конкурсе “Галоўная сцэна” значна павысiла зацiкаўленасць абiтурыентаў да нашага iнстытута. Што непасрэдна да рэкламы, то вялікіх грошай на яе мы не трацім.

— Аляксандр Львовіч, ці не складана прыцягваць да выкладання сапраўдных спецыялістаў, без якіх немагчыма якаснае навучанне?
— Мы не адчуваем кадравага голаду. Да нас з задавальненнем ідуць выкладаць самыя лепшыя прафесiяналы. Не так даўно да нас завітаў з прапановай сваіх паслуг выдатны спецыяліст — гукарэжысёр Аляксандр Папроцкi, якi на працягу многiх гадоў працуе са знакамiтым калектывам “Беларускiя песняры”. Працаваць у нас ён пачынае з гэтага семестра.
З медыйных прафесіяналаў, якія сталі выкладаць у нас нашмат раней, назаву народных артыстаў Беларусi — кампазітара Валерыя Iванова і спевака Мікалая Скорыкава, а таксама Пятра Ялфімава, пра якога казаў раней.
Імёны выкладчыкаў такога сур’ёзнага ўзроўню можна прывесці з любой кафедры, на любой спецыяльнасці. Напрыклад, кафедру культуралогіі ў нас узначальвае, несумненна, адзін з вядучых культуролагаў Беларусі, доктар культуралогіі, прафесар Уладзімір Мартынаў.

На эмблеме Інстытута сучасных ведаў імя А.М.Шырокава намаляваны крылаты конь Пегас — сімвал паэтычнага натхнення. Ідэя зрабіць такую выяву належыць Аляксандру Шырокаву, які сам пісаў вершы. Дарэчы, на стале ў Аляксандра Капілава, цяперашняга рэктара інстытута, можна ўбачыць зборнік вершаў свайго папярэдніка.

— Для студэнтаў дзяржаўных ВНУ, якія вучацца за бюджэтныя сродкі, прадугледжана абавязковае размеркаванне. Выпускнікі прыватных устаноў адукацыі знаходзяцца ў іншай сітуацыі: навучальныя ўстановы не абавязаны прадастаўляць ім першае працоўнае месца. Наколькі ўдала ўладкоўваюцца вашы выпускнікі?
— Інстытут зацікаўлены, каб нашы выпускнікі былі запатрабаваны работадаўцамі, каб яны знайшлі сябе на рынку працы. Камусьці можа здацца, што гэта лiшнiя клопаты, але для нас гэта вельмi важны паказчык нашай работы. Наша мэта — рыхтаваць якасных спецыялістаў.
Мы пастаянна нагадваем нашым студэнтам, што іх не чакае размеркаванне. На рэальных прыкладах тлумачым, што добрая вучоба — гэта іх магчымасць дастойна рэалізаваць сябе ў далейшым. Калі ты будзеш сапраўдным прафесіяналам у сваёй справе, ты будзеш патрэбен.
У нашай практыцы былі выпадкі, калі на абарону дыпломных праектаў дызайнераў з’язджаліся прадстаўнікі фірм з усёй краіны і на месцы аўтарам упадабаных праектаў прапаноўвалі працу з добрымі зарплатамі. Гэта значыць, што мы даём якасную адукацыю, а далей усё залежыць ад саміх людзей.
— Вялікі дзякуй за размову. Поспехаў вашаму інстытуту.

Падрыхтавала Святлана ШЫЯН.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.