Для старшакласнікаў пара перад паступленнем і здачай цэнтралізаванага тэсціравання — час найбольшай трывожнасці і няўстойлівасці перад стрэсам. На эмацыянальны стан падлеткаў у гэты перыяд уплывае многае: сям’я, сябры, уласныя перажыванні, паспяховасць у вучобе і інш. Пра тое, як камунікаваць з падлеткамі ў няпросты для іх час, расказвае педагог-псіхолаг Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта Юлія ЯЦКЕВІЧ.
Ты займаешся 8 гадзін, а можна 10
ЦТ — рэальнасць, якой не пазбегнуць. У гэты час націск на абітурыентаў ідзе з розных бакоў: “Ты павінен паступіць”, “На тэсціраванні патрэбны высокі бал”, “Ідзі да рэпетытара”, “Патрэбна “падцягнуць” атэстат”. Нярэдка да нагнятання абстаноўкі далучаецца блізкае асяроддзе: “Ты займаешся 8 гадзін, а можна і 10 рыхтавацца”. У такіх умовах рэдкі старшакласнік можа абстрагавацца, не звяртаць увагі і быць спакойным. У дзіцяці з’яўляецца ідэя фікс: калі не паступлю — жыццё быццам абарвецца. У будучыні ўзнікае сцяна, паколькі падлеткі не думаюць над тым, чым зоймуцца пасля, не фантазіруюць. Часта першакурснікі дзеляцца, што, калі яны былі школьнікамі, іх звышмэтай было жаданне паступіць. Таму ў першыя гады ва ўніверсітэце хлопцы і дзяўчаты знаходзяцца ў падвешаным стане, паколькі не ведаюць, што ім важна на новым этапе.
Юлія пераканана, што і бацькі, і педагогі павінны трансліраваць спакой і веру ў сілы дзіцяці: не нагнятаць трывогу, а здымаць яе. На думку спецыяліста, добрымі і дрэннымі эмоцыямі можна заражацца. Калі дзіця расказвае пра праблемы, якія яго хвалююць, дзеліцца сваімі страхамі і перажываннямі з дарослымі, а бацькі спакойна і разважліва рэагуюць, стрэсавыя праяўленні ідуць на спад. Зусім іншая справа, калі бацькі самі нестрэсаўстойлівыя і псіхалагічная нагрузка падлетка павышаецца. У такім выпадку лепей даць магчымасць дзіцяці выказаць перажыванні даросламу са спакойным эмацыянальным фонам, якому яно давярае: настаўніку, сябру сям’і, псіхолагу.
“Ай, і так усё здам!” — гэта ігнараванне рэчаіснасці
Каб добра здаць тэсты, зразумела, трэба шмат працаваць. Але некаторыя абітурыенты (іх меншасць), наадварот, расслабляюцца: маўляў, і так усё здам, а калі не — бацькі дадуць грошы на навучанне. Важна, каб дзіця рэальна паглядзела на сітуацыю з паступленнем, зразумела ўласныя магчымасці і адказна падышло да падрыхтоўкі. Бацькі знаходзяць розныя спосабы: даюць магчымасць зарабляць самастойна і размяркоўваць выдаткі, прымаць сур’ёзныя рашэнні і несці адказнасць за іх вынік. Такія метады правільныя, бо дарослыя павінны дапамагчы дзіцяці, а не ўмацоўваць у ім інфантыльнасць: “Мы цябе будзем падтрымліваць, але падтрымка будзе абапірацца на твае ўсвядомленыя рашэнні, да ажыццяўлення якіх ты першы пачнеш прыкладваць намаганні”.
Яшчэ адна крыніца трывожнасці — боязь таго, што нешта не атрымаецца. У абітурыента ёсць жаданне вучыцца, ён паставіў перад сабой мэту, але з’яўляецца трывожнасць, што дайсці да яе не атрымаецца — і дзіця гатова апусціць рукі. Гэта прыводзіць да неўрозу. У такім выпадку неабходна прапісаць тое, што школьнік робіць для дасягнення мэты і наколькі прадукцыйныя вынікі яго намаганняў.
Кнігі ў дапамогу:
Юлія Гіпенрэйтэр “Общаться с ребенком. Как?”, “Чудеса активного слушания”;
Джон Готман “Эмоциональный интеллект”;
Найджэл Лат “Пока ваш подросток не свел вас с ума”;
Ілсе Санд “Близко к сердцу”;
Саен Бэйлак “Мозг и тело”;
Эмілі Нагоскі “Выгорание”;
Аляксей Красікаў “Я в порядке. Самопомощь при неврозе”;
Алекс Корб “Восходящая спираль”.
— Уявіце сітуацыю: я вучу англійскую ўвечары, пасля ўсіх астатніх прадметаў. Але ў гэты час мая канцэнтрацыя крыху спадае, і мне цяжэй запамінаць словы. Я разумею, што праблему можна вырашыць, займаючыся англійскай у пачатку вечара. Або, калі мне не падабаецца мой рэпетытар ці яго падыход да выкладання, я або агучваю свае думкі педагогу, або звяртаюся да іншага спецыяліста. Таксама падумваю займацца дадаткова. У такім выпадку лепш не рабіць гэтага за кошт сна і актыўнага адпачынку, а скараціць час на падрыхтоўку прадмета, які даецца лягчэй і не самы важны на дадзены момант, — тлумачыць спецыяліст.
— Залатое правіла любой падрыхтоўкі — мэтазгоднасць. Трэба зразумець, што запамінаць інфармацыю 8 гадзін запар немагчыма. Таму ў раскладзе тлустай “птушачкай” павінен значыцца адпачынак (але не такі, падчас якога думаецца “Ох, колькі яшчэ ў мяне дамашняй работы!”, а той, што дазваляе свядомасці пераключыцца) — заняткі спортам, танцы, актыўная дзейнасць. Нейронныя сеткі лепей працуюць, калі мы рухаемся. Чытаючы кнігі безупынна, іх не наросціш, — гаворыць Юлія Яцкевіч.
Адбітак на эмацыянальны стан накладвае і псіхалагічны фактар. У школе дзіця атрымлівае па прадмеце нізкія адзнакі — і яго не пакідае пачуццё сораму ці недаацэненасці. Падлетак стараецца, а пасля сутыкаецца з унутраным сабатажам: “Мой настаўнік такі добры педагог. Як гэта я сваімі ведамі аспрэчу яго адзнаку!” Тут важна сачыць за ўласнымі адчуваннямі дзіцяці і разумець, чаму сітуацыя развіваецца менавіта па гэтым сцэнарыі. Напрыклад: “Я вучу добра дома, а ў школе не атрымліваецца”, “З тэстамі праблем няма, але, калі здаю рэпетыцыйныя, не магу сабрацца”. Варта адказаць на пытанні, якія ўзнікаюць пры сутыкненні з цяжкасцямі, і, адказаўшы на іх, выйсці з праблемы.
— Важна, каб, дзякуючы сваёй будучай прафесіі, дзіця ўладкавалася ў жыцці. Бываюць выпадкі, калі студэнты малодшых курсаў гавораць пра тое, што не любяць свае спецыяльнасці, але змяніць напрамак не могуць па шэрагу прычын. Часта таму, што выбар за іх рабілі бацькі. Таму трэба мэтазгодна працаваць з апошнімі, — пераканана Юлія Яцкевіч. — Пастаянныя думкі пра ЦТ прыводзяць да стрэсу, паколькі дзіця разумее, што перад ім стаіць задача, якую пакуль яно вырашыць не можа, а развязка адбудзецца толькі праз два гады (год, паўгода). У такіх умовах важна мець выпрацаваны рэжым, які дысцыплінуе і дапамагае пазбегнуць непатрэбных перажыванняў. А звыштрывожным бацькам не трэба кожныя пяць хвілін насядаць на дзіця з нагадваннем пра падрыхтоўку да экзаменаў.
Для таго каб палепшыць эмацыянальны фон, спецыяліст таксама раіць зрабіць спіс плюсоў-мінусаў сваіх дзеянняў і, абапіраючыся на аб’ектыўны аналіз, высветліць, што можна ў іх скарэкціраваць. Тут, па словах Юліі Яцкевіч, важна слухаць унутраныя пачуцці.
— Задайце сабе пытанні: “Чаго я хачу праз 10 гадоў? А калі гэта ж будзе адбывацца праз 50?” Адказы на іх дадуць разуменне таго, наколькі выбар важны для вас, — тлумачыць псіхолаг.
Неабходна было зрабіць два дні назад, а я ўсё яшчэ п’ю чай
Такі стан называецца пракрастынацыяй, і праяўляцца ён можа на ўзроўні дзеянняў ці рашэнняў. У абедзвюх сітуацыях галоўнае — пачаць рабіць. І калі праз 15 хвілін унутранае “Я” перастае супраціўляцца, любая справа ідзе да лагічнага завяршэння.
1. Калі моцна стаміліся, лепш не адразу класціся спаць, бо пасля сну стомленасць ператворыцца ў разбітасць.
2. Для пераключэння думак дапамагаюць перапальцоўкі — хадзьба пальцамі адной рукі па розных пальцах другой. У інтэрнэце шмат спосабаў такіх гульняў, таму кожны зможа знайсці найбольш прывабную для сябе камбінацыю.
3. Памятайце, што немагчыма дапусціць больш памылак, чым іх можна здзейсніць.
4. Калі даяце сабе абяцанне выканаць нешта — абавязкова зрабіце. Будзе сумна, калі ў сваёй асобе вы атрымаеце чалавека, які кідае словы на вецер. Цяжка трымаць абяцанне — зрабіце таблічку-матыватар.
Хачу штодзень прачытваць старонку мастацкай літаратуры.
Лічыцца, што звычку можна сфарміраваць за 40 дзён. Важна толькі не гвалтаваць сябе. Спачатку вы прапісваеце мэту (напрыклад “Хачу штодзень прачытваць старонку мастацкай літаратуры”). Кожны дзень ставіце птушачку пад нумарам дня і перыядычна (напрыклад раз на 5 дзён) нагадваеце сабе, які вы малайчына, падбадзёрваеце і, калі адчуваеце сілы, накідваеце некалькі старонак звыш нормы. Пасля, калі чалавек глядзіць на каляндар і бачыць станоўчы вынік, яго не пакідае думка: “Змог 40 дзён чытаць кнігі, змагу і англійскую вывучыць”.
5. Самы добры варыянт — пастаноўка не звышважных, а проста важных мэт. У першым выпадку з’яўляецца трывога ад боязі іх не дасягнуць, а ў другім — чалавек спакойна і мэтанакіравана робіць крокі да іх увасаблення.
Неўроз
У неўрозе знаходзяцца абсалютна ўсе: і дзеці, і дарослыя. Хачу асвоіць гітару, а грошай няма — стрэс. Трэба быць у двух месцах амаль адначасова, а не атрымліваецца — сітуацыя паўтараецца. Варта разумець, што наша зацыкленасць на праблеме як катанне на снежнай горцы: чым больш перажываеш, тым больш яна становіцца ўезджанай. Галоўная парада — не надаваць такім праявам шмат значэння, а прымаць іх як данасць. Спецыяліст раіць афармляць праблемы ў выглядзе табліцы (табліца 1).
Юлія Яцкевіч пераканана, што, калі наперад асэнсаваць і ацаніць магчымыя наступствы, якія могуць выклікаць стрэсавыя праявы, рэальная сітуацыя будзе ўспрынята лягчэй.
Ірына ІВАШКА.
Фота Дар’і ФУРСІКАВАЙ.