Бацькі ці дзеці — хто лепш ведае жыццё?

Як патрабаванні сучаснага часу абумоўліваюць выбар прафесіі? Як фарміруюцца ўласныя здольнасці? І чаму меркаванне бацькоў — важны, але не вызначальны крытэрый? Спрабуем разабрацца.

Дзяўчынкі слухаюць голас сэрца

Статыстыка цэнтраў занятасці краіны сведчыць аб тым, што на рынку працы сёння больш запатрабаваны рабочыя і спецыялісты сярэдняга звяна. Таму дзяржаўная палітыка накіравана на пашырэнне сістэмы іх падрыхтоўкі, і прафарыентацыйная работа ў школах засяроджана на паступленні вучняў ва ўстановы прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі.


Існуе і такая думка, што ў сучасным грамадстве вызначальным фактарам, эканамічным і псіхалагічным, сталі грошы. Гісторыі пра хуткі поспех, рэклама каштоўных тавараў робяць сваю справу — моладзь не жадае працаваць за ідэю, за нечую светлую будучыню, а жадае атрымаць усё і адразу. У той жа час самі вучні, калі разважаюць пра будучую прафесію, адзначаюць не толькі фактар хуткага заробку.

Вучаніца 9 “А” класа сярэдняй школы № 41 Гомеля Настасся Нісіфарава вырашыла гэтым летам паступаць у Гомельскі дзяржаўны аграрна-эканамічны каледж на спецыяльнасць “Праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій”. Дзяўчына прызнаецца, што бацькі раілі ёй паступаць у медыцынскі каледж, але яна вырашыла вучыцца на праграміста.

— Краіна наша маладая, і ў ХХІ стагоддзі ёй патрэбны IT-спецыялісты, — кажа Насця і дадае, што хоча даведацца, як ствараюцца камп’ютарныя гульні, і паспрабаваць стварыць адну з іх самастойна.

Выпускніца 11 “А” класа той жа гомельскай школы Вольга Лабанава збіраецца глыбока вывучаць замежныя мовы.

— Мая мара — Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт, — дзеліцца Вольга. — Некалькі разоў я была на адпачынку ў Італіі, і калі паступлю ў МДЛУ, мовай вывучэння, акрамя англійскай, хачу выбраць італьянскую. Праз некаторы час, магчыма, пераеду жыць у гэтую краіну сучаснай моды і антычнага мастацтва.

Слухаюць голас сэрца і выпускніцы, якія мараць паступіць у Гомельскі каледж бытавога абслугоўвання, атрымаць прафесію цырульніка і стыліста. Дызайнерам жаночага адзення хоча стаць Кацярына Чубукова.

— З дзяцінства люблю маляваць і шыць, не ўяўляю свайго жыцця без гэтых спраў. Памятаю, як упрыгожвала лялек, а потым — наведвала гурток па канструяванні і дызайне моднага адзення, — расказвае Кацярына.

Светлыя, прыгожыя дзяўчынкі ахвотна дзеляцца планамі, і я веру, што ў іх абавязкова ўсё атрымаецца. Бо ў моладзі яшчэ няма цяжкага жыццёвага вопыту і страху памыліцца, як у нас, дарослых.

10% геніяльнасці

Англічане кажуць: “Не выхоўвайце дзяцей, а выхоўвайце сябе, бо вашы дзеці ўсё адно будуць падобныя на вас”. З іншага боку, практыкуючы псіхолаг урач-псіхатэрапеўт з больш як 25-гадовым стажам Сяргей Станкевіч лічыць, што выбар прафесіі павінен вызначацца, зыходзячы з уласных здольнасцей. А бацькам спецыяліст раіць развіваць індывідуальныя здольнасці дзяцей з ранняга ўзросту, але не перагружаць, даваць ім свабоду выбару.

— Нашы нейрафізіялагічныя магчымасці сапраўды вялізныя. Кожны чалавек унікальны, бо ўнікальны яго мозг. З ранняга дзяцінства неабходна ўважліва назіраць за схільнасцямі дзіцяці і развіваць іх. Менавіта развіваць, бо наведванне гурткоў, секцый развівае мозг. Аднак тут неабходна прытрымлівацца меры, спрабаваць, але не перагру-жаць. Мозг і яго здольнасці развіваюцца павольна, і ніякае тэсціраванне не адкажа дакладна на пытанне, хто вы сам, ваш сын ці дачка — матэматык, мастак ці спартсмен, — упэўнены Сяргей Сцяпанавіч.

Нягледзячы на вялізную колькасць псіхалагічных тэстаў на прафарыентацыю, падказкі можа даць само жыццё. Уважліва назірайце за сваімі штодзённымі паводзінамі, звычкамі, тэмпераментам — хуткасцю псіхічных працэсаў. Нехта хутка бегае, іншы — лічыць. І не трэба забываць, што геніяльнасць, якая закладзена прыродай, — гэта толькі 10% геніяльнасці, астатнія 90% — напружаная праца.

— Характар нараджаецца не адразу, а складаецца ў працэсе выхавання. На працягу першага года жыцця фарміруюцца нейронныя сувязі лобных долей з іншымі ўчасткамі мозга, што і становіцца базісам нашага характару. Прасцей кажучы, важную ролю ў жыцці кожнага чалавека адыгрываюць сувязі, добрыя нейронныя сувязі, — тлумачыць спецыяліст.

Бацькі і дзеці: пошукі прызначэння

Здараецца, што малады чалавек, дзяўчына не ўпэўнены ў правільнасці свайго выбару. Яны вагаюцца, не разумеючы, ці то паслухаць бацькоў, сяброў, ці то даверыцца ўласным пачуццям. Заў сёды складанае і актуальнае пытанне… Бацькі і дзеці— хто лепш ведае жыццё? Адказ падаецца зразумелым — вядома, бацькі. За іх плячыма вопыт, яны пражылі жыццё і ведаюць, як зарабляць грошы, выхоўваць дзяцей, пераадольваць цяжкасці. Ведаюць, дзе можна зарабіць больш, а дзе — працаваць без напружання.

— Сапраўды, вопыт кожнага чалавека ўнікальны, але ж разам з тым ён абмежаваны яго поглядамі і зносінамі, — разважае Сяргей Сцяпанавіч. — А зараз прапаную паглядзець на пытанне з іншага боку. Калі спытаць, хто бліжэй не да сённяшняга, а да заўтрашняга дня? Безумоўна, моладзь. Вопытныя людзі ствараюць эканамічны і псіхалагічны базіс сучаснасці, маладыя адказныя за будучыню. Таму ніхто не ведае, які выбар будзе правільным.

Трэба ўсвядоміць, што выбар прафесіі — гэта не справа ўсяго жыцця, а толькі выбар сённяшняга дня. Мы маем права на памылку і заўсёды можам змяніць сваю траекторыю. Так і адбываюцца пошукі жыццёвага прызначэння — шляхам проб і памылак.

— Пошукі могуць стаць працэсам усяго жыцця, а могуць скончыцца ўжо пасля заканчэння школы, калі вы вызначыліся з выбарам прафесіі, мужа ці жонкі, вобраза і стылю жыцця, — удакладняе Сяргей Станкевіч. — Але трэба пазбягаць таго, каб пражываць жыццё аўтаматычна, згодна з усталяванымі звычкамі, жаданнямі, страхамі і турботамі. Неабходна пастаянна развівацца, цікавіцца новым, спрабаваць увасобіць дзіцячыя мары і жаданні. Шэрасць нашага жыцця — не ад шэрасці кары галаўнога мозга, а ад шэрасці і звычайнасці нашай будзённасці. Таму марце, спрабуйце і перамагайце!

Кацярына КАВАЛЕНКА.