Баязлівец не стане пажарным

Прафесія ратавальніка ці пажарнага часта становіцца марай вялікай колькасці хлопцаў і дзяўчат, але нямногія ўвасабляюць яе ў жыццё. Тут на дапамогу маладым людзям можа прыйсці Універсітэт грамадзянскай абароны Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Беларусі. Пра асаблівасці прыёму ва ўстанову, патрабаванні да абітурыентаў, студэнтаў і курсантаў установы, а таксама пра падрыхтоўку кампетэнтных спецыялістаў-ратавальнікаў расказала начальнік вучэбна-метадычнага цэнтра ўніверсітэта Святлана Віктараўна МАРШЫНА.

Універсітэт грамадзянскай абароны МНС Беларусі быў утвораны ў 2016 годзе шляхам аб’яднання трох навучальных устаноў: Камандна-інжынернага інстытута (Мінск), Гомельскага інжынернага інстытута і Інстытута перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі (вёска Светлая Рошча Барысаўскага раёна). Сёння ўстанова ўключае ў сябе 7 факультэтаў, 2 філіялы і ліцэй.

На дзённай форме атрымання адукацыі ва ўстанове вядзецца падрыхтоўка па спецыяльнасцях “Папярэджанне і ліквідацыя надзвычайных сітуацый” з прысваеннем кваліфікацыі “інжынер па папярэджанні і ліквідацыі надзвычайных сітуацый” і “Пажарная і прамысловая бяспека” з прысваеннем кваліфікацыі “інжынер па пажарнай і прамысловай бяспецы”.

Таксама па чатырох спецыяльнасцях рэалізуецца адукацыйная праграма атрымання вышэйшай адукацыі ІІ ступені. Дзве з іх — “Ліквідацыя надзвычайных сітуацый і грамадзянская абарона” і “Інфармацыйна-аналітычнае забеспячэнне дзейнасці органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях” — былі адкрыты ў мінулым годзе. Філіялы ўніверсітэта накіраваны на перападрыхтоўку кіруючых работнікаў і спецыялістаў, павышэнне кваліфікацыі, падрыхтоўку, перападрыхтоўку, павышэнне кваліфікацыі рабочых (служачых).

— У нас запатрабаваны ўсе спецыяльнасці, — гаворыць Святлана Віктараўна. — Адзіная асаблівасць — гэта абмежаванасць вучэбных месцаў згодна з кантрольнымі лічбамі прыёму, якія штогод устанаўлівае Міністэрства па надзвычайных сітуацыях па ўзгадненні з Міністэрствам адукацыі. З улікам таго, што мы ажыццяўляем падрыхтоўку спецыялістаў для органаў і падраздзяленняў па надзвычайных сітуацыях, кантрольныя лічбы залежаць ад запатрабаванасці кадраў на месцах.

Так, сёлета па спецыяльнасці “Папярэджанне і ліквідацыя надзвычайных сітуацый” на навучанне за кошт рэспубліканскага бюджэту прымуць 95 чалавек, а на платнай аснове — 25 чалавек. А спецыяльнасць “Пажарная і прамысловая бяспека” адкрыецца для 40 прадстаўнікоў бюджэтных месцаў, сярод якіх і 15 дзяўчат, і 20 чалавек, якія будуць атрымліваць адукацыю на платнай аснове. Трэба адзначыць, што набор дзяўчат ажыццяўляецца толькі па апошняй спецыяльнасці, агульная колькасць дзяўчат па курсах складае 60 чалавек. Усе астатнія месцы ўкамплектаваны хлопцамі.

На завочную форму адкрыты набор толькі па адной спецыяльнасці — “Папярэджанне і ліквідацыя надзвычайных сітуацый”. На атрыманне вышэйшай адукацыі на завочнай форме (у скарочаны тэрмін — 3 гады) могуць прэтэндаваць толькі асобы, якія маюць сярэднюю спецыяльную адукацыю па азначаным напрамку. Сёлета набор складае 30 чалавек (25 — на бюджэтную форму навучання, 5 — на платную).

Правядзенне адбору прадстаўнікоў, патрабаванні да іх

Перад падачай дакументаў усе абітурыенты ўстановы праходзяць прафесійны адбор. Ён уключае ў сябе папярэдняе вывучэнне кандыдата органамі і падраздзяленнямі па надзвычайных сітуацыях, якія з’яўляюцца камплектуючымі органамі. Да 1 мая маладыя людзі звяртаюцца ў гарадскія ці раённыя аддзелы па надзвычайных сітуацыях па месцы жыхарства, пасля спецыяльных праверак (медыцынскага агляду, псіхалагічнага субяседавання і вызначэння ўзроўню фізічнай падрыхтоўкі) на кандыдатаў, якія паспяхова іх прайшлі, фарміруюцца вучэбныя справы, якія дасылаюцца ва ўніверсітэт.

Трэба адзначыць, што патрабаванні да здароўя пры паступленні ва ўніверсітэт высокія: на спецыяльнасць “Ліквідацыя і папярэджанне надзвычайных сітуацый” у абітурыентаў павінна быць І група здароўя, а на спецыяльнасць “Папярэджанне і ліквідацыя надзвычайных сітуацый” — не ніжэйшай за ІІІ групу. Ды і вызначэнне ўзроўню фізічнай падрыхтоўкі для непадрыхтаваных — справа не самая лёгкая. Так, для юнакоў прадугледжана здача бегу на 100, 1000 метраў і падцягванні, для дзяўчат — бег на 100 і 500 метраў, а таксама комплексныя сілавыя практыкаванні (прэс і адцісканні).

Пасля фарміравання вучэбнай справы абітурыент павінен здаць цэнтралізаванае тэсціраванне па трох прадметах — фізіцы, матэматыцы і адной з нацыянальных моў, і ў вызначаныя тэрміны падаць сертыфікаты ў прыёмную камісію. Пры гэтым, па словах Святланы Маршынай, сёлета будуць прымацца сертыфікаты годнасцю не меншай за 7 балаў.

Пасля залічэння для былых абітурыентаў пачынаецца самы цяжкі этап — праходзіць лагерны збор (так званы курс маладога байца). Маладыя людзі засяляюцца ў казармы, вучацца быць адказнымі за сябе і свае рашэнні. Хлопцы і дзяўчаты пераходзяць на строгі рэжым дня, займаюцца фізічнай і страявой падрыхтоўкай, наведваюць заняткі аварыйна-выратавальнай падрыхтоўкі. Па словах Святланы Маршынай, некаторыя кандыдаты, колькасць якіх невялікая, сыходзяць. А тыя, хто вытрымлівае адаптацыйны перыяд — першыя два тыдні, застаюцца назусім.

Высокіх вынікаў у падрыхтоўцы кадраў дапамагае дасягнуць матэрыяльна-тэхнічная база ўніверсітэта. Яна прадстаўлена вучэбнымі лабараторыямі, спецыялізаванымі аўдыторыямі і пляцоўкамі па адпрацоўцы прафесійных навыкаў і ўменняў. Ва Універсітэце грамадзянскай абароны МНС Беларусі існуе тры вучэбныя аварыйна-выратавальныя часткі, за якімі замацаваны свае раёны выезду. Адтуль пры праходжанні практыкі ці выхадзе на дзяжурства курсанты выязджаюць на ліквідацыю надзвычайных сітуацый. Гомельскі філіял таксама валодае адпаведнымі аўдыторыямі і пляцоўкамі, а на тэрыторыі філіяла ўніверсітэта “Інстытута перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі” размешчаны палігон аператыўна-тактычнай падрыхтоўкі, які змяшчае больш за 40 вучэбных пляцовак. Такая планіроўка пляцовак і наяўнасць спецыяльных трэнажораў дазваляе мадэляваць увесь спектр надзвычайных сітуацый прыроднага і тэхнагеннага характару.

— У нас практыка-арыентаванае навучанне, — падкрэслівае Святлана Маршына. — Практычны складнік вучэбнага працэсу ва ўніверсітэце — больш за 70% ад усяго аб’ёму вучэбнага часу. З 1 курса ва ўніверсітэце прадугледжана правядзенне практыкі — як вучэбнай, так і вытворчай. У залежнасці ад яе прызначэння, працягласцю тыдзень і месяц адпаведна. Нельга забываць, што спецыяльнасці звязаны з рызыкай для жыцця будучых ратавальнікаў. Менавіта па гэтай прычыне на працягу чатырох гадоў курсанты заўсёды адпрацоўваюць пэўныя сітуацыі, з якімі яны могуць сутыкнуцца ў далейшым.

Па словах Святланы Віктараўны, спецыяльнасць “Пажарная і прамысловая бяспека” — гэта не толькі блок па ліквідацыі надзвычайных здарэнняў, але і нарматыўна-тэхнічная і наглядна-прафілактычная дзейнасць, якую ажыццяўляюць нашы выпускнікі. Вучэбны план сфарміраваны такім чынам, што студэнты і курсанты ў перыяд навучання рыхтуюцца да прафесінай дзейнасці. Пры атрыманні дыплома выпускнік ужо валодае шэрагам кампетэнцый, неабходных спецыялістам гэтага напрамку.

Якасці падрыхтоўкі кадраў спрыяе і прафесарска-выкладчыцкі склад установы (на 19 кафедрах універсітэта працуе больш за 150 выкладчыкаў). Універсітэт арыентуецца на далучэнне курсантаў да навуковай дзейнасці, у чым ім спрыяюць кандыдаты і дактары навук. Акрамя таго, выкладчыкі дапамагаюць сваім малодшым калегам фарміраваць з’яднаны калектыў, выпрацоўваць актыўную грамадзянскую пазіцыю і пачуццё доўгу.

— Курсанты жывуць на тэрыторыі ўніверсітэта з першага дня. І з гэтага ж часу імкнуцца стаць адзіным калектывам. А асобы, якія не схільны да пачуцця адказнасці і доўгу перад таварышам, сыходзяць, — расказвае начальнік вучэбна-метадычнага цэнтра.

Міжнароднае супрацоўніцтва

Універсітэт грамадзянскай абароны МНС Беларусі — гэта базавая арганізацыя краін СНД па навучанні кадраў у галіне папярэджання і ліквідацыі надзвычайных сітуацый, член Еўрапейскай асацыяцыі, якая аб’ядноўвае навучальныя ўстановы пажарна-выратавальнага профілю (EFSCA).

Ва ўніверсітэце праходзяць падрыхтоўку прадстаўнікі амаль 50 краін: Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў, Расіі, Францыі, Польшчы, Казахстана, Туркменістана, Арменіі, Літвы, Латвіі і інш. Выпускнікі-замежнікі адзначаюць высокую мабільнасць установы, якасць практычных заняткаў і магчымасць пабудаваць заняткі ва ўмовах, набліжаных да рэальных.

Дысцыпліны, якія вывучаюцца, і арганізацыя вольнага часу

На першым курсе курсанты і студэнты ўстановы вывучаюць дысцыпліны сацыяльна-гуманітарнага (філасофію, эканоміку, паліталогію) і прыродазнаўчага (вышэйшая матэматыка, фізіка, хімія) блокаў. Пасля іх чакаюць спецыяльныя дысцыпліны. Напрыклад, “Арганізацыя і тактыка тушэння пажараў”, “Тактыка правядзення аварыйна-выратавальных работ”, “Аварыйна-выратавальная падрыхтоўка” — для прадстаўнікоў спецыяльнасці “Папярэджанне і ліквідацыя надзвычайных сітуацый” і “Бяспека інжынерных сістэм”, “Спецыяльнае водазабеспячэнне” і “Бяспека тэхналагічных працэсаў” — для курсантаў спецыяльнасці “Пажарная і прамысловая бяспека”.

Нягледзячы на шчыльны адукацыйны працэс, курсанты і студэнты ўстановы знаходзяць час для сябе: нехта захапляецца творчасцю — піша вершы, песні ці танцуе, а нехта — спортам (маладыя людзі займаюцца бегам, валейболам, тэнісам, пажарна-выратавальным спортам і прамысловым альпінізмам) ці наведвае секцыі па інтарэсах.

Пасля знаёмства са спецыфікай адукацыйнага працэсу студэнтаў і курсантаў установы становіцца зразумела, што пасля навучання маладыя людзі набываюць не толькі прафесійныя здольнасці, але і шэраг агульначалавечых якасцей. Як ні аспрэчвай, без іх будучым ратавальнікам нікуды. І галоўным пацвярджэннем становяцца словы Святланы Маршынай, якая на пытанне “Якім павінен быць выпускнік універсітэта?” адказвае: “Кампетэнтным, смелым, адказным і добрасумленым”.

Ірына ІВАШКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.