БДПУ імя Максіма Танка: творчасць праз край

Дзень адкрытых дзвярэй у БДПУ імя Максіма Танка традыцыйна прайшоў з аншлагам. Актавая зала ўніверсітэта не здолела змясціць усіх жадаючых, таму анлайн-трансляцыя з мерапрыемства вялася яшчэ ў шасці аўдыторыях.

У абітурыентаў і іх бацькоў была выдатная магчымасць сустрэцца з кіраўніцтвам універсітэта, выкладчыкамі і студэнтамі. З першых вуснаў яны атрымалі адказы на ўсе пытанні пра паступленне, навучанне, умовы засялення і пражывання ў інтэрнатах БДПУ і г.д. Таксама госці азнаёміліся з сучаснымі інтэрактыўнымі класамі, рэсурснымі цэнтрамі, спартыўнымі заламі ўніверсітэта і сталі ўдзельнікамі яркай відовішчнай праграмы.

У фае ўніверсітэта працавалі тэматычныя пляцоўкі “Псіхалогія для ўсіх”, “Займальная хімія”, “LEGO-робаты”, “Партфель поспеху” і іншыя. Прайшлі майстар-класы па маляванні нестандартнымі тэхнікамі, аквагрыме, дэфіле ў гістарычных, нацыянальных і авангардных касцюмах. Калекцыі прадэманстравалі ўдзельнікі студэнцкай творчай лабараторыі дызайну касцюма “Час і мода”. Мала хто ўстрымаўся ад таго, каб не паўдзельнічаць у традыцыйным конкурсе сэлфі “Я ў БДПУ!”.

Галіна ГЕНАДЗЬЕВА.
Фота Юліі ШЫМАНСКАЙ.