У Беларускім дзяржаўным універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі стартавала серыя вэбінараў, прысвечаных уступнай кампаніі. 9 чэрвеня адбылася другая анлайн-сустрэча прадстаўнікоў БДУІР з абітурыентамі. На пытанні сёлетніх выпускнікоў адказвала начальнік аддзела суправаджэння прыёмнай камісіі Паліна Сакалоўская.
Сёння БДУІР — гэта 8 факультэтаў, 32 кафедры, навукова-даследчыя падраздзяленні, Інстытут інфармацыйных тэхналогій, Мінскі радыётэхнічны каледж і больш за 15 тысяч студэнтаў. Тут адкрыта 41 спецыяльнасць першай ступені (4 з іх — спецыяльнасці ваеннага факультэта), 13 — магістратуры, 30 спецыяльнасцей аспірантуры і 15 — дактарантуры. Таксама ва ўніверсітэце дзейнічаюць 12 адукацыйных цэнтраў вядучых сусветных кампаній.
Тэрмін навучання ў БДУІР на дзённай форме складае 4 гады, на завочнай і дыстанцыйнай — 5, на скарочанай форме пры вочным навучанні — 3 гады і на скарочанай завочнай — 3,5 года.
Дакументы
Для падачы ў прыёмную камісію неабходна сабраць наступныя дакументы: 2 фота 3´4 см, дакумент, які сведчыць асобу (пашпарт, від на жыхарства, пасведчанне бежанца ці даведка, якая выдаецца МУС у выпадках страты ці крадзяжу такога дакумента), заява на імя рэктара ўстаноўленага ўзору і аформленая праз электронны кабінет, арыгіналы пасведчанняў аб адукацыі з дадаткамі да іх, арыгіналы сертыфікатаў ЦТ 2020 ці 2021 года. Таксама ў пакет уваходзяць медыцынская даведка аб стане здароўя па ўзоры, вызначаным Міністэрствам аховы здароўя, і дакументы, якія пацвярджаюць права студэнтаў на льготы (калі такія ёсць).
Як адзначае Паліна Сакалоўская, у медыцынскай даведцы няма неабходнасці пералічваць усе спецыяльнасці, на якія плануе паступаць абітурыент. Дастаткова пазначыць профіль гэтых спецыяльнасцей (тэхніка-тэхналагічны ці эканамічны). Таксама не варта рабіць некалькі даведак: нават калі малады чалавек яшчэ вызначаецца, у заключэнні можна ўказаць спецыяльнасці абодвух напрамкаў. Гэты дакумент дзейнічае на працягу 6 месяцаў.
— Абітурыенты павінны добра разумець, што ні вадзіцельскія правы, ні карткі ці копіі дакументаў не з’яўляюцца дакументамі, якія сведчаць асобу (як паказаў запіс на ЦТ, пашпарт можа быць дзе заўгодна). Ніякія апраўданні пра візу ці штосьці падобнае не прымаюцца, — падкрэсліла спецыяліст. — Непаўналетнія абітурыенты падаюць дакументы з законнымі прадстаўнікамі (бацькамі ці асобамі, якія іх замяшчаюць): яны павінны мець з сабой дакументы, што сведчаць асобу. Гэта таксама абавязковае патрабаванне, бо непаўналетні не можа падпісваць дамову з універсітэтам самастойна.
Паліна Сакалоўская заўважае, што, калі непаўналетні абітурыент па нейкай прычыне не можа прысутнічаць пры падачы дакументаў, зрабіць гэта за яго могуць законныя прадстаўнікі (пры наяўнасці ўласнага пашпарта і дакумента, які сведчыць асобу дзіцяці). Калі ж у такой сітуацыі апынаецца паўналетні абітурыент, бацькам, каб падаць дакументы, спатрэбіцца даверанасць, завераная натарыяльна.
Асабісты кабінет
Асабісты кабінет абітурыента пачне працаваць з 1 ліпеня. Для паступлення на кожную спецыяльнасць трэба будзе прадаставіць 2 сертыфікаты ЦТ: па рускай ці беларускай мове і матэматыцы. Трэці сертыфікат будзе залежаць ад канкрэтнай спецыяльнасці: для тэхніка-тэхналагічага профілю — па фізіцы, для эканамічнага — па замежнай мове.
У сувязі з тым, што ў БДУІР працуе аўтаматычная сістэма падачы заяў і залічэння, тут існуюць некаторыя асаблівасці. Так, кожны абітурыент павінен будзе стварыць уласны асабісты кабінет, унесці туды звесткі пра дакумент, што сведчыць асобу, адукацыю, кантактныя даныя і звесткі пра бацькоў. Акрамя таго, праз асабісты кабінет абітурыенты змогуць адсочваць ход прыёмнай кампаніі, камунікаваць з супрацоўнікамі прыёмнай камісіі, скласці заяву на імя рэктара. Адначасова маладыя людзі могуць напісаць заяву на залічэнне — як на бюджэтную, так і платную форму атрымання адукацыі. Заява на атрыманне адукацыі на платнай аснове ўдзельнічае ў конкурсе толькі ў тым выпадку, калі абітурыент не праходзіць на бюджэт ні па адной з выбраных ім спецыяльнасцей. Калі балаў дастаткова, заява анулюецца.
Паліна Сакалоўская заўважае, што калі ў маладых людзей не будзе магчымасці стварыць ці раздрукаваць заяву, гэта можна зрабіць на месцы. Спецыяліст падкрэслівае, што спецыяльнасці для паступлення абітурыенты павінны пазначыць у парадку прыярытэтнасці. У гэтым пытанні Паліна Станіславаўна рэкамендуе маладым людзям быць максімальна ўважлівымі, каб пазней не ўзнікала дробных непаразуменняў.
— Часта нам задаюць пытанне: “Дзе адсочваць ход падачы дакументаў?” На сайце будзе змешчана спасылка “Статыстыка пададзеных заяў”, дзе можна азнаёміцца з колькасцю пададзеных заяў на кожную спецыяльнасць. Статыстыка адлюстроўваецца па першай спецыяльнасці, якую абітурыент указвае ў заяве, і абнаўляецца апоўдні, а 15-й і а 18-й гадзіне штодня, — звярнула ўвагу Паліна Сакалоўская. — Як толькі складваецца конкурс на пэўную спецыяльнасць (колькасць заяў перавышае планавую колькасць месцаў), будзе размяшчацца бягучы разліковы прахадны бал. Можна арыентавацца па ім. Ён таму і называецца разліковым, а не прахадным, бо мяняецца ў выпадку, калі абітурыенты забіраюць ці перападаюць дакументы. Выніковы прахадны бал будзе апублікаваны ў канцы ўступнай кампаніі.
Алгарытм залічэння
Паліна Сакалоўская расказвае, што першапачаткова сістэма выстройвае абітурыентаў па суме набраных балаў, незалежна ад выбраных імі напрамкаў і прыярытэтаў. Так фарміруецца агульны рэйтынгавы спіс. Паколькі спачатку ўсе месцы вольныя, пачынаецца размеркаванне з улікам попыту — перавага аддаецца тым, хто знаходзіцца вышэй у спісе. Калі малады чалавек не праходзіць на першую спецыяльнасць, яму прапануюць другую і г.д. Калі ж указана толькі адна ці некалькі спецыяльнасцей і абітурыент не праходзіць па балах, ён выбывае з конкурсу. Менавіта па гэтай прычыне сустракаюцца выпадкі, калі людзі з меншымі баламі паступаюць, а з большымі — не (абітурыенты не лічаць патрэбным указваць больш за 1—2 спецыяльнасці). Таму супрацоўнікі ўніверсітэта заклікаюць моладзь у пераліку прыярытэтных указваць больш спецыяльнасцей.
Паліна Сакалоўская адзначыла, што абітурыенты заўсёды могуць звярнуцца да спецыялістаў, якія пракансультуюць па пытаннях паступлення ў любой зручнай форме. Зрабіць гэта можна ў сацыяльных сетках ці па тэлефонах +375172938815 і +375295308815 (Telegram, Viber). Таксама для тых, хто не змог наведаць вэбінары раней, падобныя электронныя сустрэчы пройдуць 16 і 23 чэрвеня.
Ірына ІВАШКА.
Фота аўтара.