Культурную прастору сучаснасці немагчыма ўявіць без Віцебска, а сам горад мастакоў — без знакамітага мастграфа, альма-матар многіх пакаленняў і дынастый творцаў, якой па праве ганарыцца Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П.М.Машэрава. Слаўны пераемнік Віцебскай мастацкай школы мастацка-графічны факультэт адкрыў свету тысячы імён таленавітых майстроў выяўленчага і дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, педагогаў, вучоных, дызайнераў.

Сучасныя спецыяльнасці
Факультэт дае магчымасць атрымаць мастацка-педагагічную адукацыю, заснаваную на акадэмічнай школе рэалістычнага мастацтва. Навучанне грунтуецца не толькі на традыцыях нацыянальнай мастацкай школы, але і на перадавым міжнародным вопыце, сусветнай практыцы развіцця мастацтва. Выпускнік мастграфа — асоба крэатыўная, творчая і кампетэнтная. Ён умее інтэграваць свае веды ў практыку мастацкай адукацыі, разумее адказнасць пастаўленых перад ім задач ва ўсведамленні каштоўнасцей роднай культуры, значнасці яе ў свеце. Гэта спецыяліст, запатрабаваны ў сферы адукацыі, мастацтва і культуры Беларусі.
Мастграф прапаноўвае абітурыенту разнастайны выбар і індывідуальную адукацыйна-творчую траекторыю. Выпускнікі факультэта працуюць ва ўстановах адукацыі і культуры, на прамысловых прадпрыемствах і ў прыватных фірмах, нярэдка распачынаюць уласны бізнес. Прафесійная палітра невычарпальная, як сама творчасць: настаўнікі абслуговай і тэхнічнай працы, педагогі дадатковай адукацыі, выкладчыкі і майстры вытворчага навучання, метадысты, рамеснікі, мастацтвазнаўцы, дызайнеры, дэкаратары, іканапісцы, фэшн-фатографы, ілюстратары камп’ютарных гульняў — далёка не поўны пералік. Падчас вучобы можна атрымаць афіцэрскае званне на ваеннай кафедры і дадатковую спецыяльнасць у Інстытуце павышэння кваліфікацыі і перападрыхтоўкі кадраў універсітэта. Пасля атрымання дыплома аб вышэйшай адукацыі ёсць магчымасць працягнуць навучанне ў магістратуры і аспірантуры.
— Каб стаць нашым студэнтам, неабходна паспяхова здаць цэнтралізаванае тэсціраванне і інтэграваны экзамен “Творчасць”, — расказвае дэкан (і таксама выпускніца) мастацка-графічнага факультэта Галіна Бабровіч. — Прайсці першапачатковую адаптацыю ва ўніверсітэце, актуалізаваць і сістэматызаваць веды дапамогуць падрыхтоўчыя курсы. Але мы людзі творчыя, выбар спецыяльнасці абумоўлены як ведамі, так і талентам. Гэта такі парастак, які трэба заўважыць, пастаянна паліваць і глядзець, што з яго атрымаецца.
Работу па выяўленні талентаў мастграф пачынае задоўга да прафесійнага самавызначэння будучага студэнта, у тым ліку ў створанай на факультэце новай адукацыйнай прасторы. Арт-акадэмія “КВАД РАТ” — адукацыйны цэнтр, што рэалізоўвае дадатковыя агульнаразвіццёвыя і перадпрафесійныя праграмы ў галіне мастацтва.
— Тут можна паспрабаваць сябе ў ролі мастака, паглыбіцца ў свет мастацтва, навучыцца новаму спосабу самавыяўлення — незалежна ад узросту, — гаворыць Галіна Аляксандраўна. — Займаюцца ў нас і дзеці ад 5—6 гадоў, і дарослыя, і, канечне, нашы будучыя студэнты: для іх год плённай працы па падрыхтоўцы да паступлення — цудоўная магчымасць. Хацелася б звярнуць увагу на інтэграваную форму творчага выпрабавання. Экзамен прадугледжвае агульны набор на ўсе спецыяльнасці, такім чынам у абітурыента няма падстаў для лішніх хваляванняў у самы адказны момант, застаецца толькі расставіць прыярытэты. Нашы спецыяльнасці запатрабаваныя — гэтым яны і сучасныя. Што да новых спецыяльнасцей, то разглядаем пэўныя варыянты на перспектыву. Так, да дызайну інтэр’ераў плануем далучыць вэб-дызайн. Адпаведная база і кадравыя рэсурсы на факультэце ёсць. Дарэчы, летась абітурыентаў, якія аддалі перавагу педагагічным спецыяльнасцям, было значна больш за тых, хто захацеў ста ць дызайнерам.

Прастора творчасці
Мастак Фелікс Гумен (выпускнік МГФ 1962 года): “Усё маё жыццё звязана з факультэтам. Тут вучыўся, выкладаў, падрыхтаваў 50 членаў Беларускага саюза мастакоў. Любіў, люблю і буду прапагандаваць заўсёды”.
Генеральны дырэктар Нацыянальнага мастацкага музея, кандыдат мастацтвазнаўства, заслужаны дзеяч мастацтваў Рэспублікі Беларусь Уладзімір Пракапцоў (выпускнік МГФ 1975 года): “Як мастак я нарадзіўся ў Віцебску”.
Летапіс Віцебскай мастацкай школы пачынаецца з 1918 года, калі ў горадзе з’явілася народнае мастацкае вучылішча. Да восені 1959 года назва і статус установы адукацыі неаднаразова мяняліся, пакуль на базе мастацка-графічнага педагагічнага вучылішча не быў адкрыты мастацка-графічны факультэт.
Сёння мастграф — не проста асобны ўніверсітэцкі корпус, але і фенаменальная энергетыка, адметная прастора творчага росту. Вучэбныя аўдыторыі абсталяваны па апошнім слове тэхнікі, як і спецыялізаваныя майстэрні, студыі, камп’ютарныя класы. Выхад у інтэрнэт кругласутачны, такі ж доступ у спартыўную і актавую залы. Студэнцкія ініцыятывы вітаюцца і падтрымліваюцца, між тым рэй вядуць усё ж выкладчыкі. Яны таксама незвычайныя — вучоныя з сусветнымі імёнамі, члены Беларускага саюза мастакоў, Беларускага саюза дызайнераў і Беларускага саюза майстроў народнай творчасці.
— Наш прафесарска-выкладчыцкі склад — гэта людзі, здольныя павесці за сабой, — упэўнена Галіна Аляксандраўна. — У сучасных рэаліях мала проста навучыць: актуальны прынцып docendo discimus, прычым на працягу жыцця. Ні ў якім разе не спыніцца на тым, што ў цябе ёсць доўгачаканая сіняя кніжачка ў кішэні і ведаў хапае, іх будзе дастаткова толькі пры ўмове далейшага развіцця. Той, хто калісьці паспрабаваў мастацтва, навучыўся яго разумець — прырастае да яго і ніколі не пакіне, бо гэтае пастаянна пераменлівае, жывое становіцца родным. У любы музей заходзіш з думкай “Што я тут для сябе адкрыю новае?”. І заўсёды знаходзіш нейкі яркі зыходны пункт, сцяблінку ў бурштыне, якая будзе потым тваім правадніком. Так і з выкладчыкамі: студэнт знаходзіць сабе настаўніка. Магчыма, дваіх-траіх па розных напрамках, але ўсё роўна будзе адзін, хто стане зыходным пунктам. У кожнага педагога звычайна некалькі студэнтаў у вучнях, якія і пасля ўніверсітэта вяртаюцца да яго, раяцца, сябруюць з ім — ім важны менавіта гэты чалавек, таму што як нам патрэбна маці, так творцу патрэбны прафесіянал побач. І вялікая радасць для педагога, калі былы студэнт яго перарастае.

“Гэта само жыццё”
Дацэнт кафедры выяўленчага мастацтва кандыдат мастацтвазнаўства Сяргей Мядзвецкі (выпускнік МГФ 1996 года): “На факультэце ў свой час вучыўся бацька, Віктар Мядзвецкі, вучыліся і зараз працуем мы з братам Аляксеем, вучыцца на 2 курсе сын Аляксандр. Мастграф — не работа і пошук самавыяўлення, не агульнапрызнаны брэнд, не тысячная сям’я аднадумцаў, нават не прызванне. Ён аб’ядноўвае ўсё пералічанае і значна шырэйшы за яго. Гэта само жыццё”.
Каардынатар міжнародных мастацкіх майстэрняў для студэнтаў і выкладчыкаў Пекінскага аб’яднанага ўніверсітэта — летняй беларуска-кітайскай школы ВДУ Ян Лямін (выпускнік МГФ 2009 года): “Беларусь — мая другая Радзіма, на мастграфе ў Віцебску жыве маё сэрца”.
Гісторыя мастграфа як — вялікае жывое палатно, дзе кожная лінія, мазок, адценне — падзеі, справы і ўражанні — каштоўныя самі па сабе, але разам яны нараджаюць цуд. На паглыбленае вывучэнне спецыяльных прадметаў скіравана дзейнасць навукова-творчых гурткоў па скульптуры, графіцы, малюнку, кампазіцыі, жывапісе, кераміцы, камп’ютарнай графіцы. Тут адбываецца прафесійны рост будучага майстра — няважна, мастака, педагога ці дызайнера, бо гурток аб’ядноўвае ўсе спецыяльнасці. Па выніках работы гуртка абавязкова праводзіцца выстава. Арт-прастор на факультэце велізарная колькасць, пачынаючы ад сцяны МГФ на трэцім паверсе да выставачнай залы на першым. Наступны крок вядзе мастграфаўца ў арт-прасторы горада, уключаючы цэнтр сучаснага мастацтва, мастацкі і абласны краязнаўчы музеі, на арт-пляцоўкі ў інтэрнэце.
Усе кафедры маюць свае філіялы ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі, у мастацкіх школах, Віцебскім дзяржаўным каледжы культуры і мастацтваў, на вытворчасці. Пастаяннымі партнёрамі факультэта выступаюць дзясяткі ўстаноў і арганізацый. Як падкрэсліла на адкрыцці юбілейнай выставы мастграфа ў Віцебскім мастацкім музеі яго загадчык Вольга Акуневіч, юрыдычна гэта не зацверджана, але фактычна МГФ для музея — навукова-метадычны цэнтр, яго выкладчыкі ўдзельнічаюць і ў пасяджэннях фондава-закупачнай камісіі пры адборы работ для набыцця, і ў навукова-метадычных саветах, на якіх абмяркоўваюцца канцэнцыі экспазіцый. У ліку прыярытэтных напрамкаў работы факультэта — міжнароднае супрацоўніцтва.
— У пачатку ХХ стагоддзя віцебскія авангардысты дэкларавалі ідэю калектыўнай творчасці, калі самастойныя праекты ўдзельнікаў аб’яднання адначасова разглядаліся як часткі цэлага, — праводзіць паралель Галіна Бабровіч. — Перавага адзінства над індывідуальным бачылася настолькі істотнай, што на выставах мастакі не пазначалі сваё аўтарства: выключна УНОВІС. Ідэя нашых папярэднікаў жыве, хаця крыху трансфармавалася. Мастграф — паняцце, якое сведчыць пра прыналежнасць да агульнай супольнасці выкладчыкаў, студэнтаў і выпускнікоў. Вучышся або закончыў МГФ — значыць ты наш чалавек, цябе сустрэнуць як сябра, табе заўсёды дапамогуць і нават у іншай геаграфічнай прасторы працягнуць руку, а нашых выпускнікоў па ўсім свеце велізарная колькасць — і яны паспяховыя. Мастграфаўцы вяртаюцца дадому і даюць новы імпульс навуковаму і вучэбна-адукацыйнаму супрацоўніцтву. Мы ўдзельнічаем у праектна-грантавай дзейнасці, праграмах акадэмічнай мабільнасці выкладчыкаў і студэнтаў, сябруем і падтрымліваем дзелавыя і творчыя кантакты з адукацыйнымі і мастацкімі ўстановамі, калегамі з Францыі, Швецыі, Літвы, Латвіі, Польшчы, Ізраіля, ЗША, Кітая, Расіі, Азербайджана, Туркменістана, Пакістана.
Факультэт жыве па інтэнсіўным графіку: толькі ўніверсітэцкіх мерапрыемстваў па 3—4 штодня плюс гарадскія, тыя ж выставы выпускнікоў. Былых мастграфаўцаў не бывае, МГФ на сотні вачэй сочыць за творчасцю кожнага і не ўпускае магчымасці ўбачыць, як развіваецца калега. Варта дадаць, што традыцыі мастграфа таксама развіваюцца. Характэрны прыклад: летась тыдзень дызайну, які быў візітоўкай факультэта, скараціўся ў часе да дня дызайну. Затое ўдзельнікамі новага праекта сталі навучэнцы ўстаноў сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі з усёй вобласці.
Мастак дырэктар Віцебскага цэнтра сучаснага мастацтва Андрэй Духоўнікаў (выпускнік МГФ 1993 года): “Дзякуючы мастграфу, я знайшоў любімую справу, сяброў, сям’ю, настаўнікаў і вучняў. Жадаю любімаму факультэту свежых ідэй і вялікіх амбіцый: без новых дасягненняў папярэднія страчваюць сэнс. Упэўнены, што мастграф напіша сваю найноўшую гісторыю!”
Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.