Быць гаспадаром на сваёй зямлі

Смальянскі дзяржаўны аграрны каледж (Аршанскі раён) з 1900 года рыхтуе спецыялістаў для сельскай гаспадаркі. На працягу больш чым стагоддзя ўстанова адукацыі неаднойчы мяняла назву і ніколі — профіль. Сёлета каледж запрашае будучых спецыялістаў і кіраўнікоў АПК на вучобу па трох спецыяльнасцях: “Аграномія” (на базе 9 класаў і прафесійна-тэхнічнай адукацыі), “Эканоміка і арганізацыя вытворчасці” і “Кіраванне ў АПК” (на базе 9 і 11 класаў адпаведна).

Маляўнічы аграгарадок з багатай гісторыяй, унікальная ўстанова адукацыі з моцнымі традыцыямі і скіраванасцю на інавацыйныя тэхналогіі, дружны і высокакваліфікаваны педагагічны калектыў, па-сямейнаму добразычлівыя ўзаемаадносіны паміж выкладчыкамі і навучэнцамі, устойліва высокі попыт на выпускнікоў сярод наймальнікаў — усё гэта, безумоўна, прываблівае сюды абітурыентаў.

Тэрыторыя каледжа з першых крокаў уражвае прыгажосцю і дагледжанасцю. Два сучасныя вучэбныя карпусы, тры інтэрнаты, дзе створаны ўсе ўмовы для камфортнага пражывання і адпачынку, Дом культуры, сталовая размясціліся літаральна ў старажытным парку і сёння ствараюць з ім цэласны ансамбль. Аматарам спорту і здаровага ладу жыцця таксама ёсць дзе прыкласці сілы: для іх абсталяваны стадыён з бегавой дарожкай і трыбунамі, дзве адкрытыя валейбольныя і адна баскетбольная пляцоўкі, гімнастычны гарадок, паласа перашкод, лыжная база, зала атлетычнай гімнастыкі, дзве спартыўныя залы. Жадаючых развіваць свае творчыя здольнасці чакаюць гурткі мастацкай самадзейнасці і аб’яднанні па інтарэсах. Юнакоў і дзяўчат з лідарскімі якасцямі будуць рады бачыць у ліку арганізатараў шматлікіх мерапрыемстваў, акцый і свят. У распараджэнні навучэнцаў і работнікаў каледжа — вялікая бібліятэка з інфармацыйнай сеткай і ўтульнай чытальнай залай.

Умовы амаль санаторныя, але прыярытэтная задача ўстановы адукацыі — падрыхтоўка кваліфікаваных кадраў. Менавіта ёй падпарадкаваны рытм тутэйшага жыцця. Адукацыйная прастора каледжа ўключае 40 спецыялізаваных кабінетаў і лабараторый, два камп’ютарныя класы з выхадам у інтэрнэт, лабараторыю тэхнічных сродкаў навучання.

— Дзякуючы правільнай арганізацыі адукацыйнага працэсу, кожны навучэнец мае магчымасці для самасцвярджэння, раскрыцця індывідуальных якасцей і здольнасцей, — расказвае намеснік дырэктара каледжа па вучэбнай рабоце Святлана Шыбека. — Адукацыя арыентуе не на сённяшні, а на заўтрашні дзень: мы імкнёмся навучыць дзяцей сучасным спосабам атрымання, захоўвання і апрацоўкі інфармацыі, уменню вылучаць і аналізаваць факты, заўважаць праблемы ва ўсіх сферах дзейнасці і эфектыўна іх вырашаць, аналізаваць вынікі ўласнай дзейнасці і фармуляваць высновы. Наша перспектыўная мэта — высокакваліфікаваны спецыяліст-аграрый, дасведчаны і ўлюбёны ў сваю справу, руплівы гаспадар сваёй зямлі і разам з тым грамадзянін з высокімі маральнымі якасцямі, які любіць родны край, ашчадна адносіцца да прыродных багаццяў, ведае гісторыю і культуру свайго народа, падрыхтаваны да актыўнага самастойнага жыцця ў соцыуме.

Рэалізацыя гэтых мэт ажыццяўляецца педагагічным калектывам шляхам арганізацыі пазаўрочнай работы навучэнцаў, сістэмнай прафілактычнай работы, псіхолага-педагагічнай прафілактыкі дэвіянтных паводзін, работы з бацькамі, развіцця навучэнскага самакіравання ў каледжы, стварэння ўмоў для фарміравання ўстойлівага псіхічнага і фізічнага здароўя навучэнцаў.

Асноўны акцэнт у навучанні зроблены на ўменні нестандартна і лагічна думаць, прымаць рашэнні, дысцыплінавана і якасна выконваць самастойную работу. Асаблівае месца ў адукацыйным працэсе адводзіцца вучэбнай гаспадарцы, якая выступае галоўнай пляцоўкай па ўкараненні інавацыйных падыходаў у падрыхтоўцы практыка-арыентаванага спецыяліста сярэдняга звяна. Па словах дырэктара каледжа Тамары Барысенка, вучэбная гаспадарка — незаменная вытворчая лабараторыя. Практычнае навучанне арганізавана так, каб будучыя спецыялісты паслядоўна пераходзілі ад першасных працоўных навыкаў да вытворчай працы, а затым да пераддыпломнай практыкі.

— У ходзе практыкі вялікая ўвага ўдзяляецца імітацыі вытворчых сітуацый, праблемнаму навучанню, дзелавым і ролевым гульням, паглыбленню ў прафесійную дзейнасць, — адзначае Тамара Уладзіміраўна. — Так закладваецца трывалая аснова для далейшай паспяховай працоўнай дзейнасці на розных участках сельскагаспадарчай вытворчасці, улічваюцца навыкі і здольнасці кожнага, найлепшым чынам спалучаюцца вучэбна-вытворчая і выхаваўчая работа.

У вучэбнай гаспадарцы на плошчы 242 га створаны палявы і агароднінны севазвароты, калекцыйна-доследнае поле, матачна-чаранковы сад з гадавальнікам, пчальнік, прамысловы сад, а таксама вучэбны палігон, аўтатрактарадром, вучэбна-вытворчыя майстэрні. Каледж мае ўласны машынна-трактарны парк з поўным наборам сельскагаспадарчых машын і агрэгатаў.

Тут дзейнічае трохузроўневая сістэма практычнага навучання. Спачатку будучыя спецыялісты-аграрыі пад кіраўніцтвам майстроў вытворчага навучання на практыцы асвойваюць глебазнаўства, земляробства і меліярацыю, батаніку і фізіялогію раслін, аграхімію; далей — раслінаводства, агародніцтва і садавінаводства; на наступным этапе праходзяць тэхналагічную практыку ў базавых гаспадарках (а гэта 39 найбольш эфектыўна працуючых гаспадарак Віцебшчыны). Вытворчая пераддыпломная практыка на трэцім узроўні з’яўляецца завяршальным этапам практычнага навучання і праводзіцца, як правіла, па месцы будучай работы маладых спецыялістаў. Такая сістэма арганізацыі практычнага навучання не толькі садзейнічае росту якасці падрыхтоўкі спецыялістаў у каледжы, але і псіхалагічна рыхтуе іх да работы ў вытворчых калектывах, скарачае перыяд адаптацыі і павышае іх замацаванасць на вытворчасці.

— Немалаважна і тое, што вучэбная гаспадарка каледжа з’яўляецца аб’ектам вытворчасці таварнай прадукцыі, — працягвае дырэктар. — Частка яе накіроўваецца на патанненне харчавання ў сталовай каледжа. Такім чынам, навучэнцы круглы год забяспечаны якаснай агароднінай, бульбай, яблыкамі, зелянінай, кансерваванай прадукцыяй. Але мы не маглі спыніцца толькі на вытворчай дзейнасці вучэбнай гаспадаркі і пайшлі далей. Адкрылі ўласны магазін, дзе рэалізуецца вырабленая прадукцыя. Атрымалася зручна і выгадна як навучэнцам, так і мясцовым жыхарам, а таксама каледжу. Рознічны гандаль у нашых умовах з’яўляецца асноўнай крыніцай пазабюджэтных даходаў. Акрамя таго, магазін каледжа — гэта яшчэ і вучэбны аб’ект, дзе навучэнцы спасцігаюць сакрэты маркетынгу, продажаў, фірменнага гандлю, прымаюць удзел у падрыхтоўцы да сезонных кірмашоў.

За час вучобы ў каледжы навучэнцы, акрамя спецыяльнасці, атрымліваюць рабочыя кваліфікацыі трактарыста-машыніста сельскагаспадарчай вытворчасці (катэгорыя А) і кладаўшчыка (4-ы разрад). Першае рабочае месца прадастаўляецца ўсім выпускнікам. Па сістэме бесперапыннай інтэграванай адукацыі, пасля завяршэння адукацыі на ўзроўні ССА юнакі і дзяўчаты маюць магчымасць паступіць на скарочаны тэрмін навучання ў Беларускую дзяржаўную сельскагаспадарчую акадэмію па спецыяльнасцях “Аграномія”, “Эканоміка і арганізацыя вытворчасці ў АПК”, “Кіраванне ў аграпрамысловым комплексе”. Па дзвюх апошніх спецыяльнасцях адпаведныя дагаворы падпісаны таксама з Віцебскім дзяржаўным тэхналагічным універсітэтам, Беларускім дзяржаўным аграрным тэхнічным універсітэтам, Беларускім гандлёва-эканамічным універсітэтам спажывецкай кааперацыі, Магілёўскім дзяржаўным універсітэтам харчавання. Па статыстыцы, каля 30% выпускнікоў каледжа штогод становяцца студэнтамі ўстаноў вышэйшай адукацыі.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара.