Чалавека і зямлю стварыў Бог, а ўсё астатняе — будаўнік

Некаторыя людзі яшчэ жывуць у палоне стэрэатыпаў, маўляў, вытворчасць — гэта бруд і шум, дзе рабочыя брыдкасловяць і лаюцца, іх работа некваліфікаваная і нецікавая… Для таго каб пазбавіцца ад гэтых штампаў, дастаткова наведаць сучаснае прадпрыемства або сучасную ССНУ, як, напрыклад, Архітэктурна-будаўнічы каледж Беларуска-Расійскага ўніверсітэта. На некаторыя спецыяльнасці конкурс тут вышэйшы, чым у ВНУ, а ў размеркаванні выпускнікоў прымаюць удзел кіраўнікі буйных будаўнічых арганізацый. Пра тое, што у каледжы можна атрымаць выдатную адукацыю, якая адпавядае міжнародным стандартам, сведчыць таксама сертыфікат якасці ISO 9001:2008 і СТБ ISO 9001 — 2001.

Аб падрыхтоўцы сучасных спецыялістаў у ССНУ і пойдзе наша размова з дырэктарам  архітэктурна-будаўнічага каледжа Беларуска-Расійскага ўніверсітэта Канстанцінам Андрэевічам Башаркіным, дарэчы, выпускніком гэтай установы.

— Канстанцін Андрэевіч, раскажыце, чым адрозніваецца навучанне амаль адной і той жа прафесіі ў ВНУ і каледжы?

— У ВНУ даюць інжынерную падрыхтоўку і не паглыбляюцца ў тое, як, скажам, устанавіць перагародку ці куды паставіць экскаватар. А ў кале­джы гэтаму вучаць дэтальна, падрабязна. Заўважу, што выпускніку каледжа вучыцца ў ВНУ цікава і проста: многае ён ужо вывучаў, рабіў курсавыя і дыпломны праекты. Дарэчы, маштабнасць курсавога і дыпломнага праектавання ў ВНУ значна вышэйшая, але ў цэлым змест мала адрозніваецца ад таго, што робіцца ў каледжы.

Вучэбным планам ССНУ прадугледжаны вучэбныя практыкі, падчас якіх, напрыклад, толькі на мулярныя работы вылучаецца два тыдні, столькі ж на малярныя, тынкавальныя і г.д. Таму, на маю думку, спецыяліст з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй, падмацаванай дыпломам ВНУ, у многім выйграе ў параўнанні са спецыялістам, які мае толькі вышэйшую адукацыю.

Мы адсочваем лёс нашых выпускнікоў, і магу сказаць, што многія з іх ужо пасля двух месяцаў работы на будоўлі становяцца майстрамі, прарабамі. Пазней, калі яны атрымаюць вышэйшую адукацыю, безумоўна, адкрыюцца яшчэ большыя магчымасці, каб узняцца па кар’ернай лесвіцы.

— Скажыце, Канстанцін Андрэевіч, ці шмат абітурыентаў свядома, перш чым паступіць у ВНУ, ідзе вучыцца ў ваш каледж?

— Гэта ўжо залежыць ад патрэб кожнага абітурыента. Мы набіраем больш дзяцей на аснове агульнай базавай адукацыі (9 класаў). Многія з іх разважа­юць наступным чынам: пасля 11 класа я ў ВНУ адразу магу не паступіць, а пасля кале­джа змагу працаваць і не буду залежаць ад бацькоў матэрыяльна, вышэйшую ж адукацыю можна і завочна атрымаць.

Сёння, дзякуючы таму, што мы знаходзімся ў структуры Беларуска-Расійскага ўніверсітэта, ужо распрацаваны вучэбны план і зацверджаны кантрольныя лічбы прыёму, згодна з якімі БРУ будзе набіраць на завочна-дыстанцыйную форму навучання па спецыяльнасці “Прамысловае і грама­дзянскае будаўніцтва” нашых выпускнікоў.

— Будаўнікі сёння — адны з самых запатрабаваных спецыялістаў, іх праца высока аплачваецца, але на многіх абітурыентаў цісне стэрэатып, што трэба абавязкова атрымаць хай і не надта запатрабаваную, але вышэйшую адукацыю. Мяркую, што вас таксама хвалюе пытанне: як вярнуць прэстыж сярэдняй спецыяльнай адукацыі?

— Зараз існуе сацыяльны заказ на тое, каб выпускнікі былі больш мабільнымі на рынку працы. Я лічу, што для гэтага мы павінны даваць не адну спецыяльнасць, а дзве і нават тры, і каб нашы навучэнцы яшчэ падчас вучобы ў каледжы маглі павысіць свой разрад. Вучэбным планам прапісана атрыманне другога і трэцяга разрадаў, але было б вельмі добра на платнай аснове або праз павелічэнне тэрміну навучання прадастаўляць лепшым навучэнцам магчымасць павысіць разрад. На прэстыж ССНУ вельмі ўплывае тое, куды і на якія пасады размяркоўваюцца выпускнікі ўстановы.

Яшчэ адным элементам мабільнасці нашых кадраў з’яўляецца практыка-арыентаванае навучанне. У нашай установе не толькі вучэбныя практыкі, але і практычныя заняткі мы імкнёмся праводзіць непасрэдна на прадпрыемствах. Напрыклад, мы прывозім навучэнцаў на завод, і яны ўвесь дзень вывучаюць, як вырабляюцца будаўнічыя канструкцыі: гэта намнога эфектыўней, чым калі б усё гэта ім выкладчык расказваў у аўдыторыі.

Немалаважным фактарам з’яўляецца і тое, у якіх умовах вучацца дзеці, у якім інтэрнаце яны пражываюць, таму мы надаём вялікую ўвагу ўмовам вучобы і пражывання нашых навучэнцаў. Стараемся, каб у вольны ад заняткаў час яны маглі папрацаваць у будаўнічых арганізацыях, зарабіць грошы. Гэта таксама ўплывае на прэстыж.

— Важна таксама, на якой базе навучэнцы ССНУ атрымліваюць спецыяльнасць. Будаўнічая галіна зараз вельмі хутка развіваецца. Вам удаецца паспяваць за новымі тэхналогіямі?

— Мы стараемся паспяваць. Нашы выкладчыкі праходзяць стажыроўкі не толькі згодна з нарматывам (раз у 5 гадоў), але і дадаткова ў будаўнічых арганізацыях, непасрэдна на аб’ектах, дзе ўкараняюцца новыя тэхналогіі. Імкнёмся часцей адрываць выкладчыкаў ад дошкі ў аўдыторыях, каб яны бачылі сучаснае будаўніцтва, знаёміліся з найноўшай тэхнікай і матэрыяламі.

Наша матэрыяльна-тэхнічная база з кожным годам паляпшаецца. Пяць класаў абсталяваны мультымедыйнымі ўстаноўкамі і інтэрактыўнымі дошкамі. Выкладчыкі напрацоўваюць матэрыял для таго, каб даваць сучасныя ўрокі з выкарыстаннем новых інфармацыйных тэхналогій.

— Якія спецыяльнасці ў вас найбольш запатрабаваныя?

— Найбольш запатрабаваныя — “Архітэктура” і “Прамысловае і грамадзянскае будаўніцтва”. У мінулым годзе, напрыклад, конкурс на спецыяльнасць “Архітэктура” быў 2,3 заявы на месца, а на “Прамысловае і грамадзянскае будаўніцтва” — 1,9. Хаця быў час, калі на “Архітэктуру” конкурс даходзіў да 5,7.

— Колькі спецыялістаў вы штогод выпускаеце?

— Каля 500 спецыялістаў.

— Ці многія з іх потым паступаюць у ВНУ?

— Прыкладна чвэрць. У нас заключаны пагадненні з шасцю ВНУ. Там  нашы выпускнікі працягваюць навучанне па роднасных спецыяльнасцях.

— Вы ведзяце асобны прыём на базе прафесійна-тэхнічнай адукацыі. Раскажыце, з якімі ўстановамі вы супрацоўнічаеце?

— У нас падпісаны дагаворы аб супрацоўніцтве з адзінаццаццю ўстановамі прафесійна-тэхнічнай адукацыі. Дарэчы, мы былі першымі, хто распрацаваў вучэбны план па падрыхтоўцы спецыялістаў на базе ПТНУ. Скажу, што апошнім часам мы задаволены тымі дзецьмі, якія адтуль прыходзяць. Яны ўжо атрымалі прафесію і разумеюць, для чаго ім патрэбна адукацыя. Многія з іх заканчваюць каледж з чырвоным дыпломам.

— Ці шмат паступае дзяцей, якія не прайшлі ў ВНУ?

— З ліку нашых абітурыентаў прыкладна трэць складаюць тыя, хто не змог прайсці ў ВНУ. Былі і такія, якія пасля аднаго года навучання ў нас спрабавалі паступаць у ВНУ і пакідалі наш каледж, але гэта адзінкі. У каледжы вельмі запатрабавана завочная форма навучання. У мінулым годзе конкурс на яе па спецыяльнасці “Прамысловае і грамадзянскае будаўніцтва” быў 1,8 заявы на месца. Прыемна, што да нас ідуць людзі нават з вышэйшай адукацыяй. На гэты час у нас такіх 6 чалавек. Дарэчы, сярод іх ёсць і настаўнікі.

— Як вы думаеце, Канстанцін Андрэевіч, ці бу­дзе павялічвацца колькасць людзей, якія маюць вышэйшую адукацыю, але жадаюць атрымаць яшчэ і рабочую прафесію?

— Мяркую, што так. Будаўнічыя арганізацыі не поўнасцю забяспечаны кадрамі. Як сказаў ­адзін філосаф, чалавека і зямлю стварыў Бог, а ўсё астатняе — будаўнік. Таму будаўнікі будуць запатрабаваны.

Калі я сюды паступаў, разумеў, што будаўнік з хлебам будзе заўсёды, а на масла — ужо як сам захоча. Гэта разумеюць мудрыя бацькі, якія адразу настройваюць сваіх дзяцей на навучанне ў нашым каледжы.

— Як і настаўнікі школ таксама. Якую работу яны павінны праводзіць са сваімі выхаванцамі, каб тыя выбіралі прафесіі, што забяспечаць ім і хлеб, і масла?

— Яны павінны паказваць рэальныя прыклады, як усё адбываецца на практыцы. Нельга ка­заць, што калі ты будзеш дрэнна вучыцца, то табе адзін шлях — у рабочыя. Таксама не трэба гнацца за паказчыкамі, маўляў, столькі дзяцей з класа паступіла ў ВНУ. Паверце, не гэты крытэрый з’яўляецца галоўным. Вашы выхаванцы скажуць вам вялікі дзякуй, калі вы іх правільна сарыентуеце і яны выберуць тую прафесію, да якой ма­юць здольнасці.

— Дзякуй вам вялікі, Канстанцін Андрэевіч, за інтэрв’ю. Добрых вам абітурыентаў і высокіх конкурсаў!

Гутарыла Святлана КІРСАНАВА.
[email protected]
Фота аўтара.