У краіне завяршаецца чарговая кампанія па прыёме абітурыентаў ва ўстановы сярэдняй спецыяльнай і вышэйшай адукацыі. І тут ёсць над чым падумаць, зрабіць высновы, унесці карэктывы ў далейшыя дзеянні.
Без сумнення, правільным было рашэнне аб увядзенні мінімальнага парога для тых, хто паступае ва ўстановы вышэйшай адукацыі. Гэта дазволіла адсеяць абітурыентаў, якія маю ць нездавальняючую школьную падрыхтоўку па мовах, фізіцы, матэматыцы і, як паказвае вопыт, не здольны адолець універсітэцкую праграму. І, можа, варта было б увогуле не прымаць ва ўніверсітэт тых, хто атрымаў на ЦТ менш за 40 балаў са 100 па профільных дысцыплін? Бо чаму можа навучыць будучы настаўнік фізікі, якога залічылі ва ўніверсітэт з нізкімі ведамі па фізіцы?
Даводзіцца канстатаваць, што ў апошнія гады значна знізілася якасць падрыхтоўкі школьнікаў па фізіцы, матэматыцы, хіміі, чарчэнні, якія з’яўляюцца фундаментам для падрыхтоўкі ў галіне прыродазнаўча-навуковых і інжынерна-тэхнічных спецыяльнасцей. На жаль, Беларусь, якая некалі была адной з самых паспяховых рэспублік у галіне фізіка-матэматычнай адукацыі не толькі ў СССР, але і ў свеце, сёння страціла гэтую пазіцыю.
Так склалася ў апошнія гады, што маладыя людзі, як матылькі на агонь, ляцяць на яркія, гучныя назвы спецыяльнасцей са словамі “міжнародныя”, “эканамічныя”, “кіраўніцкія” і г.д., часта не зусім уяўляючы, што іх чакае пасля атрымання жаданай вышэйшай адукацыі. А атрымаўшы дыплом з прыгожай назвай спецыяльнасці і няясным зместам па сутнасці, у выпускніка і яго бацькоў пачынаецца другі этап пакут — куды ж уладкавацца на працу?
А што ж нашы майстры пяра? Простыя, радавыя ці нават з высокімі ўзнагародамі, яны часта сваімі сентэнцыямі ўсхваляюць пераважную значнасць для грамадства і краіны гуманітарыяў, эканамістаў і г.д. Ніколькі не прыніжаючы значнасці гэтых спецыялістаў, заўважым для параўнання: у нашай краіне (на 9,65 мільёна жыхароў) не намнога менш бухгалтараў, чым у Кітаі (на 1,33 мільярда).
Дзеля справядлівасці трэба сказаць, што прадпрыемствы розных форм уласнасці заўсёды рады ўзяць на работу не проста чыстага эканаміста, а інжынера-эканаміста, які мае фундаментальную падрыхтоўку ў канкрэтнай галіне (аграрны сектар, лясная гаспадарка, лёгкая прамысловасць, будаўніцтва, машына-, прыборабудаванне і г.д.). Таму і запатрабаванасць апошніх рэальным сектарам эканомікі ў разы перавышае такую для чыстых эканамістаў.
Аналіз вынікаў прыёму ў ВНУ ў бягучым годзе выяўляе вельмі трывожную тэндэнцыю. Да хранічнага недабору на педагагічныя (асабліва фізіка-матэматычныя) спецыяльнасці дадаўся недабор на аграрныя, ваенныя і тэхнічныя спецыяльнасці. Варта адзначыць, што ўсе рэгіянальныя ўніверсітэты з дамінуючымі тэхнічнымі спецыяльнасцямі (за выключэннем спецыялізаванага па чыгуначным транспарце БелДУТа), мелі недаборы на інжынерна-тэхнічныя спецыяльнасці.
У той жа час у рэальным сектары эканомікі надзвычай запатрабаваны спецыялісты шырокага спектра, у тым ліку тыя, што ўмеюць вырошчваць хлеб, варыць метал, вырабляць простыя і складаныя прыборы, машыны, тэхніку. Бо вядома прапісная ісціна: рэальны прадукт ствараецца ў канкрэтных галінах эканомікі, а не ў гуманітарнай сферы.
Сёння эксперты адзначаюць значны “перагрэў” рынку працы гуманітарыямі (як на постсавецкай прасторы, так і ў блізкіх да Беларусі краінах ЕС) і прагназуюць ужо ў бліжэйшыя пяць гадоў востры дэфіцыт інжынерных кадраў. Невыпадкова найбольш развітыя краіны свету пры-трымліваюцца паслядоўнай палітыкі стварэння прэферэнцый для падрыхтоўкі спецыялістаў па самых неабходных для рэальнага сектара эканомікі напрамках (аграрны, лясны, ядзерны, металургічны і інш.), якія часцей за ўсё замыкаюць спіс прэстыжнасці спецыяльнасцей. Так, напрыклад, у Нарвегіі за навучанне на юрыдычных спецыяльнасцях студэнты плацяць значныя сумы, а на інжынерных спецыяльнасцях навучанне бясплатнае.
Любая краіна, клапоцячыся пра якас ць прадукцыі, якую выпускае, ажыццяўляе жорсткі кантроль і маніторынг якасці падрыхтоўкі і кампетэнцый спецыялістаў усіх узроўняў ад рабочага да кіраўніка. І сёння ў самых развітых краінах свету суадносіны гуманітарыяў і спецыялістаў прыродазнаўча-навуковых і прыкладных, у тым ліку інжынерна-тэхнічных спецыяльнасцей, прыкладна 30:70. У нас жа роўна наадварот!
Відавочна, што для выраўноўвання перакосаў, якія ўзніклі ў сістэме адукацыі, неабходны комплекс мер дзяржаўнага маштабу:
павышэнне ў сярэдняй школе значнасці дакладных навук (хіміі, фізікі, матэматыкі, чарчэння);
павышэнне статусу настаўніка і ў матэрыяльным, і ў маральным (іміджавым) плане;
адраджэнне спецыялізаваных прадметных класаў;
увядзенне для ўніверсітэтаў шэрагу прэферэнцый па востра неабходных для рэальнага сектара эканомікі спецыяльнасцях;
прывядзенне структуры судносін гуманітарыяў і “тэхнароў” да агульнапрынятых у сусветнай практыцы (прыкладна 30% да 70%);
давядзенне грамадскасці, асабліва бацькам, што веды і валоданне замежнымі мовамі, ІТ-тэхналогіямі, юрыдычнымі і эканамічнымі асновамі — гэта інструменты для свабодных камунікацый і эфектыўнай работы спецыяліста канкрэтнай сферы эканомікі.
Безумоўна, патрэбна і глыбокае вывучэнне нейкай (нязначнай) часткай студэнтаў гуманітарных спецыяльнасцей. Але стратэгічнай павінна быць інавацыйная лінія на павелічэнне долі інжынерна-тэхнічных і іншых прыкладных спецыяльнасцей, якія вельмі неабходны рэальнаму сектару эканомікі, пры адначасовым забеспячэнні высокай агульнай гуманітарнай культуры спецыялістаў, у тым ліку моўнай, інфармацыйнай, прававой, эканамічнай і інш.
Аналізуючы сітуацыю з прыёмам у БНТУ і запатрабаванасцю выпускнікоў, трэба канстатаваць наступнае.
На фоне ўстойлівай стабільна высокай цікавасці моладзі да архітэктурна-будаўнічых, энергетычных, інфармацыйных, транспартна-лагістычных, эканоміка-галіновых, мытных, экспертных, сэрвісных спецыяльнасцей у апошнія гады ўсё менш жадаючых стаць металургамі, інжынерамі-механікамі, педагогамі.
Сёння многія маладыя людзі мараць быць юрыстамі, эканамістамі, міжнароднікамі, выбіраюць іншыя знешне кідкія спецыяльнасці, дзе пры гэтым адсутнічаюць складаныя дысцыпліны — фізіка, вышэйшая матэматыка, тэарэтычная механіка, супраціўленне матэрыялаў, будаўнічая механіка, тэорыя машын і механізмаў, дэталі машын і інш.
Сёлета ўпершыню за ўсе гады мы не выканалі дзяржзаказ па наборы металургаў! Разам з тым на кожнага выпускніка БНТУ паступае 2-3 заяўкі ад прадпрыемстваў і арганізацый, што сведчыць пра іх вельмі высокую запатрабаванасць.
Як ужо гаварылася вышэй, асноўнымі прычынамі праблем з наборам на інжынерныя спецыяльнасці, разам з дэмаграфічным правалам, з’яўляюцца аслабленне ўзроўню школьнай падрыхтоўкі па дакладных навуках, а таксама недастатковая ўвага да інавацыйна значных спецыяльнасцей на кіраўніцкім узроўні. Безумоўна, патрабуе ўдасканалення і работа ўніверсітэцкіх калектываў.
Зараз нам усім трэба задумацца над гэтым і тэрмінова прыняць комплекс неабходных мер, інакш мадэрнізаваць рэальную эканоміку і развіваць яе па інавацыйным шляху будзе вельмі праблематычна.