Ці лёгка быць студэнтам?

У Беларускім дзяржаўным універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі завяршыўся чарговы сезон праекта “Я ў БДУІР”.

Праект, дзякуючы якому 60 школьнікаў з розных рэгіёнаў краіны змаглі ўбачыць студэнцкае жыццё знутры, сёлета праходзіць другі раз. Яго мэта — паказаць маладым людзям адрозненне паміж установай вышэйшай адукацыі і школай.

Абавязковай умовай для ўдзелу ў праекце быў фотаздымак з дня адкрытых дзвярэй, выкладзены ў сацыяльных сетках з адпаведным хэштэгам, і творчае эсэ, дзе абітурыенты тлумачылі сваю матывацыю. Сёлета за права стаць студэнтам на дзень змагалася больш за 100 школьнікаў.


Па словах арганізатараў, 90% удзельнікаў “Я ў БДУІР” 2016 года сталі студэнтамі ўніверсітэта. І большасць з іх дапамагалі ўдзельнікам сёлетняга праекта.

Такім чынам, школьнікі правялі паўнавартасны дзень студэнта БДУІР. Яны пабывалі на лекцыях і лабараторных занятках, азнаёміліся з навуковымі цэнтрамі на некалькіх факультэтах. На базе лабараторыі А1QA будучыя студэнты разгледзелі апаратна-праграмны комплекс з біялагічна адваротнай сувяззю. Ім прапаноўвалася праверыць сябе на канцэнтрацыю, пераключальнасць і выбарнасць памяці, рэакцыю на светлавыя і візуальныя сігналы, а таксама на працэсы пазнання. Гэтая праграма, распрацаваная на кафедры інжынернай псіхалогіі і эрганомікі факультэта камп’ютарнага праектавання, дапамагае вызначыць схільнасці і здольнасці школьнікаў да той ці іншай прафесіі, вызначыць фактары рызыкі на вытворчасці. Таксама ўдзельнікі праекта змаглі паабедаць у студэнцкай сталовай, наведаць спартыўны комплекс. Акрамя таго, яны пабывалі на фестывалі творчасці “Студэнцкая вясна — 2017” і адкрытым чэмпіянаце БДУІР па праграмаванні.


На брыфінгу з удзелам куратара праекта кіраўніка прэс-службы ўніверсітэта Алы Баярка і студэнтаў, адзінаццацікласнікі даведаліся, якая спецыяльнасць падыходзіць кожнаму з іх, на чым трэба сканцэнтраваць увагу пры падрыхтоўцы да цэнтралізаванага тэсціравання, якія спецыяльнасці самыя запатрабаваныя. Абітурыенты задавалі пытанні пра органы студэнцкага самакіравання, засяленне ў інтэрнат і асаблівасці навучання ў Беларускім дзяржаўным універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі.

Студэнткі 1 курса факультэта інфарматызацыі і тэхналогій кіравання Настасся Шайпак і Ганна Сапегіна расказалі школьнікам пра работу маладзёжнага тэлебачання, дадатковыя заняткі па матэматыцы і фізіцы. “Вучыцца тут весела. Нам заўсёды дапамагаюць старэйшыя студэнты. Мы становімся вельмі дружнымі”, — адзначылі дзяўчаты.

Ала Баярка расказала абітурыентам пра некаторыя магчымасці падчас навучання: пераход на любы факультэт БДУІР з невялікай даздачай пэўных дысцыплін, дыстанцыйнае вывучэнне некаторых дысцыплін на старшых курсах. Куратар праекта азнаёміла адзінаццацікласнікаў з навінкай гэтага года — электронным журналам уліку падачы дакументаў, які дапаможа пазбегнуць чэргаў. Дзякуючы электроннай сістэме залічэння, якая ўжо некалькі гадоў дзейнічае ў БДУІР, абітурыенты могуць указаць у заяве некалькі спецыяльнасцей у парадку прыярытэту. Калі малады чалавек не праходзіць на першую спецыяльнасць, ён аўтаматычна ўдзельнічае ў конкурсе на наступную. Акрамя таго, на этапе прыёму дакументаў праз электронны кабінет абітурыенты могуць сачыць за конкурснай сітуацыяй і аналізаваць свае шансы на паступленне.


У канцы сустрэчы школьнікі атрымалі сертыфікаты, якія даюць магчымасць без чаргі засяліцца ў інтэрнат у першы год навучання. “Паступіўшы ва ўніверсітэт, не пазбаўляйце сябе студэнцкага жыцця. Патрэбна ўсё сумяшчаць. Студэнцтва — гэта тое, што вы будзеце ўспамінаць доўгі час”, — звярнулася да дзяцей Ала Віктараўна.

З факультэтам камп’ютарных сістэм і сетак маладых людзей азнаёміў аспірант выкладчык кафедры інфарматыкі Максім Рогаў, які паказаў ім сімвал “ксісаўцаў” — бронзавага студэнта. Выпускнік факультэта расказаў абітурыентам пра традыцыю дакранання да статуі перад сесіяй. Гэта, на думку студэнтаў ФКСІС, прыносіць удачу і адпужвае дрэнныя адзнакі на экзамене. Максім Рогаў азнаёміў школьнікаў са спецыяльнасцямі факультэта, падзяліўся ўласным вопытам з размеркавання, расказаў пра магчымасць стажыровак у розных краінах, адзначыў важнасць стартапаў у развіцці студэнта.

“Вучыцца цяжка, але гэта прыносіць плён. У БДУІР вы трапляеце ў асяроддзе людзей, якія заўсёды нечым заняты. Гэта матывуе, падштурхоўвае наперад”, — падвёў вынікі выкладчык.

Ірына ІВАШКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.