Цуды? Не, фізіка…

Цікава і з карысцю праводзілі зімовыя канікулы навучэнцы Ганцавіцкага раённага цэнтра дзіцяча-юнацкага турызму і краязнаўства. Яркай падзеяй для іх стаў візіт на фізічны факультэт БДУ і сустрэча з навукоўцамі.

“Напярэдадні мы атрымалі пісьмо з Ганцавіч, дзе нас прасілі арганізаваць візіт для 29 школьнікаў, якія цікавяцца навукай, — гаворыць намеснік дэкана фізічнага факультэта БДУ Мікалай Гарбачук. — Мы ніколі не адмаўляем людзям з такой цудоўнай матывацыяй і, натуральна, запрасілі школьнікаў у госці”.

Адлегласць у 200 кіламетраў не стала перашкодай для хлопцаў і дзяўчат. У БДУ іх чакала сустрэча з дэканам факультэта, дэманстрацыя эфектных фізічных эксперыментаў у выкананні студэнтаў, экскурсія па навуковых лабараторыях. Старшакласнікі наведалі камп’ютарны трэнажорны клас — імітатар АЭС, убачылі, як працуе лазерны пінцэт, і многае іншае.

Далёка не ўсе госці ў будучыні прыйдуць паступаць на фізічны факультэт БДУ. Зрэшты, такая мэта і не ставіцца. Галоўнае, што ўсе яны змаглі па-іншаму паглядзець на фізіку — навуку, якая наколькі складаная, настолькі і цікавая.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.