Каледж майстроў

Атрымаць разам з прэстыжнай і запатрабаванай на прадпрыемствах спецыяльнасцю не менш актуальную кваліфікацыю майстра вытворчага навучання, паспяхова рэалізаваць уласныя ідэі і творчыя праекты, стаць пераможцам прэстыжных міжнародных конкурсаў прафесійнага майстэрства і рэспубліканскіх спартыўных спаборніцтваў, улетку адпачыць на моры і падзарабіць у складзе маладзёжнага сэрвіснага атрада — усё гэта магчыма падчас вучобы ў Індустрыяльна-педагагічным каледжы Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта.


Прафесію трэба выбіраць сэрцам, а дарогу да яе — розумам


Індустрыяльна-педагагічны тэхнікум у Віцебску быў адкрыты паўстагоддзя назад і на працягу дзясяткаў гадоў уваходзіў у лік лепшых на савецкай прасторы. Разам з беларусамі ў тэхнікуме вучыліся юнакі і дзяўчаты з усіх рэспублік Савецкага Саюза і шэрага краін замежжа. Усяго за час свайго існавання ўстанова адукацыі падрыхтавала больш за 15 тысяч спецыялістаў для лёгкай прамысловасці, прадпрыемстваў грамадскага харчавання і бытавога абслугоўвання; яе выпускнікі працуюць ва ўсіх краінах СНД, а таксама ў Манголіі, В’етнаме, Фінляндыі, Германіі, Францыі, ЗША, Японіі, Ізраілі. У нашы дні калектыў творча развівае найбагацейшыя традыцыі і пастаянна прырастае новымі.

У каледжы зрабілі свае першыя крокі ў прафесію многія кіраўнікі айчынных прадпрыемстваў і рэстаранаў, начальнікі цэхаў, інжынеры, загадчыкі лабараторый і вытворчасцей, кіраўнікі і вядучыя педагогі ўстаноў прафесійнай адукацыі. Сярод апошніх, напрыклад, трэнер беларускай каманды па цырульніцкім мастацтве і дэкаратыўнай касметыцы чэмпіянату WorldSkills выкладчык Брэсцкага дзяржаўнага каледжа сферы абслугоўвання Марына Аляксандраўна Булдык, намеснік дырэктара па вучэбна-вытворчай рабоце Гродзенскага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа бытавога абслугоўвання насельніцтва Святлана Васільеўна Нарыцына, дырэктар Полацкага дзяржаўнага хіміка-тэхналагічнага каледжа Ганна Станіславаўна Бурэнь. Дырэктар каледжа ВДТУ Святлана Леанідаўна Лапухіна, яе намеснік па вучэбнай рабоце Вольга Сяргееўна Кумрова і яшчэ больш за 20 выкладчыкаў і майстроў вытворчага навучання таксама з ліку выпускнікоў.

Індустрыяльна-педагагічны каледж ВДТУ ажыццяўляе падрыхтоўку па спецыяльнасцях “Камерцыйная дзейнасць” (кваліфікацыя — “таваразнаўца, кантралёр-касір, прадавец”), “Тэхналогія харчовых вытворчасцей” (кваліфікацыя — “тэхнік-тэхнолаг, пекар, кандытар”), “Вытворчасць прадукцыі і арганізацыя грамадскага харчавання” (кваліфікацыя — “тэхнік-тэхнолаг, кухар, афіцыянт”),“Канструяванне і тэхналогія швейных вырабаў” (кваліфікацыя — “тэхнік-тэхнолаг, швачка, кравец”), “Цырульніцкае мастацтва і дэкаратыўная касметыка” (кваліфікацыя — “мастак-мадэльер, цырульнік, візажыст”).

— Нашы педагогі дасканала ведаюць сучасную вытворчасць, — расказвае Вольга Кумрова. — Найперш — з уласнага вопыту, бо амаль усе яны прыйшлі ў каледж з вытворчасці. Выключэнне складаюць хіба што выкладчыкі педагогікі і псіхалогіі — але яны практыкі ў прынцыпе, іх работа — штодзённае прымяненне тэорыі. Многія спачатку вучыліся ў нас, потым набылі вышэйшую адукацыю, працоўны вопыт. Мы вельмі ўважліва і ўдумліва ставімся да падбору кадраў. Хто лепш за спецыяліста-практыка, які працаваў на пасадзе намесніка галоўнага бухгалтара прадпрыемства, патлумачыць навучэнцам вучэбны матэрыял? Так у калектыў вярнулася выпускніца каледжа і Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта Кацярына Васільеўна Міхайлава. Ёсць сярод нас і тыя, хто раней удала паспрабаваў сябе ў індывідуальным прадпрымальніцтве (прадпрыемства паспяхова працуе і дагэтуль), але схільнасць да педагагічнай дзейнасці аказалася ўсё ж мацнейшай, — так было з Лінай Сяргееўнай Памазковай. Хтосьці вяртаецца праз два гады пасля выпуску, а хтосьці нават праз чвэрць стагоддзя, як Людміла Аляксандраўна Рымша. Свае першыя крокі ў прафесію я таксама зрабіла тут. Пасля выпуску працавалася лёгка, усе неабходныя веды і навыкі даў каледж. Дагэтуль удзячна кіраўніцтву, калегам за давер: мяне памяталі, некалькі гадоў не выпускалі з поля зроку і ў пэўны момант запрасілі ў калектыў. Скончыла Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт харчавання; цяпер дзялюся з навучэнцамі, калегамі тым, што ведаю і ўмею, пастаянна вучуся ў іх сама. І мне гэта вельмі падабаецца.


Кароль Леў і памада з шакаладу


У размове адчуваецца, наколькі моцна аб’ядноўваюць педагогаў адданасць каледжу, захапленне выбранай спецыяльнасцю і ўстойлівая матывацыя да прафесійнага росту. Бліжэй да старэйшых курсаў такая ж устаноўка становіцца нормай і для моладзі. Лічба прыёму за апошні час усталявалася стабільная — 295 чалавек. Акрамя спецыяльнасцей узроўню ССА, па кожным напрамку навучэнцы атрымліваюць адпаведныя рабочыя кваліфікацыі, звычайна ў межах 5—6 разраду. Такім чынам, выпускнікі каледжа становяцца не вузка накіраванымі спецыялістамі, а запатрабаванымі ў сучасных умовах універсаламі.


Установа адукацыі з’яўляецца пляцоўкай па рэалізацыі інавацыйнага праекта “Укараненне мадэлі завочнай формы атрымання адукацыі на аснове модульнага падыходу пры засваенні праграмы сярэдняй спецыяльнай адукацыі”; некалькі распрацаваных модуляў з мінулага года ўжо прымяняюцца на практыцы.

Характэрна, што практыцы ў адукацыйным працэсе адводзіцца вядучая роля: у вучэбных планах па некаторых спецыяльнасцях прадугледжаны семестры, калі ў рамках навучання практычныя работы складаюць 100%. Важны складнік — практыка на вытворчасці. Гэта работа і на базавых прадпрыемствах — з імі наладжана цесная сувязь, і ў сэрвісным атрадзе — улетку кулінары выязджаюць на работу ў дзіцячыя аздараўленчыя лагеры (атрад каледжа прызнаны адным з лепшых у вобласці).

З лепшымі творчымі работамі педагогаў і навучэнцаў, выкананымі на вучэбных занятках, у аб’яднаннях па інтарэсах і ў рамках падрыхтоўкі да конкурсаў прафесійнага майстэрства, можна пазнаёміцца ў спецыяльным выставачным пакоі. Захапленне выклікаюць фігурныя пернікі з фантазійным роспісам, мастацкія кампазіцыі з салёнага цеста, масцікі, пасцілажу: кветкі, прыгажуні ў шыкоўных уборах, дзівосныя мініяцюры. Побач з імі — шакаладная казка: карціны, скульптурныя выявы, нават памада з шакаладу — нізашто не адрозніш ад звычайнага цюбіка, пакуль не адчуеш адметны водар!

Другая частка назвы каледжа — педагагічны — азначае, што з першых гадоў работы тут рыхтуюць майстроў вытворчага навучання з правам выкладання ва ўстановах адукацыі. Стаць майстрамі маюць магчымасць выпускнікі ўстаноў ПТА, падрыхтоўка вядзецца па спецыяльнасцях “Канструяванне і тэхналогія швейных вырабаў”, “Цырульніцкае мастацтва і дэкаратыўная касметыка”, “Вытворчасць прадукцыі і арганізацыя грамадскага харчавання”.

Наступныя экспазіцыі складаюць аўтарскія калекцыі адзення і аксесуараў, лялькі, пано, узоры прычосак, фрагмент тэматычнай сервіроўкі святочнага стала. Асобна размешчана ўнушальная калекцыя кубкаў, дыпломаў і медалёў. Большасць з іх прынеслі ў агульную скарбонку цырульнікі і візажысты — за перамогі на міжнародных фестывалях прыгажосці “Неўскія берагі” і “Ружа вятроў HAIR”, адкрытым чэмпіянаце “Кубак Мінска”. Апошнім часам і па іншых напрамках узнагарод прырастае багата.

— У мінулым кастрычніку з Міжнароднага чэмпіянату кандытарскага мастацтва ў рамках “Прадэкспа-2018” наша каманда прывезла 14 медалёў, — праводзіць экскурсію загадчык аддзялення Вольга Аляксандраўна Ганчарова. — Годам раней на тым жа чэмпіянаце мы былі адзначаны 11 медалямі. Палюбуйцеся: “Кароль Леў” — уладальнік “золата”. А гэтая скульптура з салёнага цеста адзначана сярэбраным медалём. Як мы потым даведаліся, “золата” журы не рызыкнула прысудзіць, бо засумнявалася, што настолькі дасканалую работу змагла выканаць навучэнка. Мы ў адрозненне ад журы былі сведкамі, як аўтар шчыравала над сваім творам, таму афіцыйнае “серабро” ўспрымаем як “золата” найвышэйшай пробы. Звярніце ўвагу на калекцыю дзіцячага адзення з ільну з унікальнай “геаграфічнай” вышыўкай і апрацоўкай у тэхніцы сінель. Спадабалася маляванка? Перад тым як за яе ўзяцца, навучэнцы абаранялі даследчую работу па творчасці Язэпа Драздовіча, Алены Кіш, іншых мастакоў — і толькі потым, у адпаведнасці з традыцыяй, распісалі дыван па чорным лёне. Фарбы, праўда, выкарыстоўвалі не алейныя, а сучасныя акрылавыя. Штосьці дадалі свайго — жанр гэтага патрабуе. У такой жа тэхніцы распісалі скрыні… Атрымалася цудоўная калекцыя.


Практыка, спорт, канікулы ў Туапсэ


Калі зайшла размова пра перамогі навучэнцаў, то нельга не ўзгадаць і спартыўныя дасягненні. У вялікай пашане тут тэніс і баскетбол: тэнісісты — чэмпіёны горада, а па баскетболе дзяўчаты ў тройцы лідараў рэспубліканскага першынства. Папулярныя плаванне, футбол, аэробіка. Развіццю спорту, сапраўднай модзе на здаровы лад жыцця садзейнічае матэрыяльна-тэхнічная база каледжа. Яна, дарэчы, зайздросная ва ўсіх адносінах: акрамя кабінетаў тэарэтычнага навучання, у вучэбным корпусе размешчаны 5 швейных майстэрань і 5 майстэрань аддзялення “Цырульніцкае мастацтва і дэкаратыўная касметыка”, 2 лабараторыі аддзяленняў “Вытворчасць прадукцыі і арганізацыя грамадскага харчавання” і “Тэхналогія харчовых вытворчасцей”, зала-рэстаран і магазін-кавярня, 3 камп’ютарныя класы, 2 лабараторыі хіміі і лабараторыя электратэхнікі, капіравальна-інфармацыйны цэнтр, прасторныя сталовая і буфет, спартыўная, барцоўская і 2 трэнажорныя залы. Да паслуг навучэнцаў і педагогаў — лыжная база каледжа і басейн ВДТУ. Усім, хто мае патрэбу, прадастаўляюцца месцы ў інтэрнаце, які знаходзіцца ў крокавай даступнасці ад вучэбнага корпуса.

Якасць падрыхтоўкі абумоўлівае попыт на маладых спецыялістаў — здараецца, ён у паўтара-два разы перавышае колькасць выпускнікоў. Размеркаванне адбываецца па ўсёй краіне, але найперш — па Віцебскай вобласці. Ёсць і магчымасць працягнуць вучобу са скарочаным тэрмінам навучання ў Віцебскім дзяржаўным тэхналагічным універсітэце і ў Магілёўскім дзяржаўным універсітэце харчавання. Вучыцца ў каледжы можна як за кошт бюджэту, так і на пазабюджэтнай аснове. Пазабюджэт — традыцыйна крыху больш завочны варыянт, узроставы дыяпазон завочнікаў вельмі шырокі — да 50 гадоў і больш.

Дырэктар каледжа Святлана Лапухіна:

“Большасць нашых педагогаў працуюць сэрцам. Калі ты ідзеш на работу з добрым настроем і новымі ідэямі, гаворыш з веданнем справы і натхненнем, любіш тое, што робіш, — моладзі гэта таксама перадаецца. А дзе жыве любоў, ёсць і ўзаемаразуменне, і рост. Многа абітурыентаў паступаюць дзякуючы тым, хто ў нас вучыўся ці вучыцца, па асабістай рэкамендацыі. Такое дарагога варта. На вялікія паказы калекцый да нас абавязкова прыходзяць выпускнікі мінулых гадоў, якія ведаюць: абавязкова будзе штосьці інавацыйнае, цікавае, незвычайнае”.

— Мы фарміруем адукацыйную прастору для сваіх навучэнцаў i прыцягваем да навучання дзяцей і дарослых горада, — адзначае намеснік дырэктара па вытворчым навучанні Наталля Леанідаўна Шыбека. — Праводзім майстар-класы, адукацыйныя курсы, азнаямленчыя экскурсіі, курсы павышэння кваліфікацыі, падрыхтоўкі і перападрыхтоўкі. Нашы навучэнцы актыўна ўдзельнічаюць у многіх гарадскіх і абласных мерапрыемствах, рэалізуюць уласныя праекты. У складзе студэнцкіх атрадаў хлопцы і дзяўчаты ездзяць на работу ў Туапсэ (Расія). У шосты школьны дзень у нас займаюцца навучэнцы ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі — будучыя прадаўцы. Каледж заключыў дагавор аб абмене педагагічным і метадычным вопытам з Арлоўскім тэхнікумам тэхналогіі і прадпрымальніцтва імя В.А.Русанава і Смаленскай акадэміяй прафесійнай адукацыі, абменьваемся вопытам і групамі навучэнцаў і выкладчыкаў. Віцебск — першы горад у Беларусі, прыняты ў глабальную сетку “Гарадоў, якія вучацца” ЮНЕСКА. “Вучыцца трэба кожнаму і з любой папярэдняй падрыхтоўкай, вучыцца не позна ў любым узросце” — гэта дэвіз і нашага роднага горада, і яго жывой часцінкі — каледжа.


Таццяна БОНДАРАВА.
Фота аўтара і з архіва каледжа.