У канцы мінулага года ў жыцці Гродзенскага дзяржаўнага каледжа тэхнікі, тэхналогій і дызайну адбылася значная падзея: калектыў атрымаў сертыфікат адпаведнасці сістэмы менеджменту якасці. Сертыфікат сведчыць, што сістэма менеджменту якасці аказання адукацыйных паслуг па падрыхтоўцы рабочых і спецыялістаў з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй, рабочых (служачых) з прафесійна-тэхнічнай адукацыяй, правядзення ідэалагічнай і выхаваўчай работы адпавядае патрабаванням СТБ ISO 9001-2015.
— Для нас гэта вельмі важна, таму што дазваляе развівацца, мы бачым перспектывы і шляхі ўдасканалення работы, — гаворыць дырэктар каледжа Святлана Сяргееўна Шока. — А яшчэ гэты дакумент пацвердзіў, што аб’яднанне дзвюх устаноў адукацыі — каледжа тэхнікі, тэхналогій і дызайну і прафесійна-тэхнічнага каледжа прыборабудавання, якое адбылося некалькі гадоў назад, прайшло для калектыву станоўча. Мы атрымалі новыя магчымасці па падрыхтоўцы высокакваліфікаваных кадраў, захаваўшы пры гэтым усе спецыяльнасці дзвюх устаноў адукацыі.
У каледжы лічаць, што для падрыхтоўкі якаснага спецыяліста патрэбны такія складнікі, як прафесійны калектыў, добрая матэрыяльная база і супрацоўніцтва з заказчыкамі кадраў.
— Нашы выкладчыкі і майстры вытворчага навучання — гэта калектыў прафесіяналаў, — працягвае Святлана Сяргееўна. — Калі б трэба было ахарактарызаваць нашых супрацоўнікаў, то я вылучыла б галоўную якасць: творчы і неабыякавы падыход да справы. У нас працуе шмат былых выпускнікоў — і гэта таксама характарызуе калектыў як аднадумцаў.
Матэрыяльная база каледжа сёння — гэта 39 вучэбных кабінетаў і тры лабараторыі, 8 камп’ютарных класаў, аб’яднаных у лакальную сетку. Тут працуе рэсурсны цэнтр па спецыяльнасцях “Тэхналогія вытворчасці швейных вырабаў” і “Канструяванне і тэхналогія швейных вырабаў”, дзе навучанне праходзяць і навучэнцы з іншых каледжаў Гродзенскай вобласці. У каледжа ёсць два інтэрнаты амаль на 600 месцаў. І гэта вельмі важна, таму што вучыцца сюды прыязджаюць з усіх рэгіёнаў Беларусі. Спартыўная база — гэта дзве залы, адкрытая спартыўная пляцоўка, тэнісная зала плошчай звыш 200 квадратных метраў.
Асноўнымі задачамі дзейнасці рэсурснага цэнтра з’яўляюцца ўкараненне ў адукацыйны працэс інавацыйных форм і метадаў вытворчага навучання, прымяненне найноўшага швейнага абсталявання, апрабацыя сучасных тэхналогій швейнай вытворчасці. Адметнасцю рэсурснага цэнтра з’яўляецца і тое, што, акрамя працы на сучасным швейным абсталяванні, навучэнцы вывучаюць магчымасці выкарыстання розных сістэм аўтаматызаванага праектавання швейных вырабаў, такіх як Grafis, “АўтаКрой”, “Асоль”, “Леко”, “Грацыя”.
У сярэднім за адзін навучальны год у рэсурсным цэнтры праходзяць навучанне каля 200 чалавек, 9—10 груп з іншых устаноў прафесійна-тэхнічнай адукацыі Гродзенскай вобласці. Стажыруюцца тут і студэнты кафедры дызайну Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.
Лабараторыя паштовай сувязі — гэта сапраўднае паштовае аддзяленне, дзе з дапамогай заказчыка кадраў — Гродзенскага філіяла РУП “Белпошта” — створана міні-прадпрыемства. Пасля вучобы дзяўчаты прыходзяць у аддзяленні сувязі з такой падрыхтоўкай, што адразу могуць працаваць самастойна.
Навучэнцы каледжа падчас вытворчага навучання, вучэбных і вытворчых практык забяспечваюцца аплатнымі рабочымі месцамі. Заключаны дагаворы з прадпрыемствамі “Белкард”, “Гарант”, “Радыёхваля”, Гродзенскі філіял РУП “Белпошта”, “БелТАПАЗ”, “Белкрэда”, “Контэ Спа”.
— Супрацоўніцтва з прадпрыемствамі дазваляе не толькі арганізаваць практыку, — расказвае Святлана Сяргееўна. — Абавязкова членамі дзяржаўных камісій на выпускных кваліфікацыйных экзаменах з’яўляюцца прадстаўнікі базавых арганізацый. Яны часта прыглядваюць тут сабе будучых работнікаў. Дарэчы, гэта яшчэ і магчымасць атрымаць найноўшае абсталяванне. Напрыклад, прадпрыемства “Контэ Спа” прадастаўляе нам для навучання новыя машыны, якія набывае для сваёй вытворчасці. Адна з апошніх такіх навінак — машына па апрацоўцы трыкатажу.
Сёння ў каледжы працуюць чатыры аддзяленні: швейнае, інфармацыйнае, электрамеханічнае, машынабудавання. Вучыцца каля тысячы чалавек. Падрыхтоўка спецыялістаў з сярэдняй спецыяльнай адука-цыяй вядзецца па чатырох спецыяльнасцях: “Тэхналагічнае абсталяванне машынабудаўнічай вытворчасці”, “Мехатроніка”, “Праграмнае забеспячэнне інфармацыйных тэхналогій”, “Канструяванне і тэхналогія швейных вырабаў”. Падрыхтоўка рабочых з прафесійна-тэхнічнай адукацыяй ажыццяўляецца па 11 спецыяльнасцях і 18 кваліфікацыях, сярод якіх “Тэхнічнае абслугоўванне і рамонт радыёэлектронных сродкаў”,
“Эксплуатацыя і рамонт аўтамабіляў”, “Паштовая сувязь”, “Тэхнічная эксплуатацыя пад’ёмна-транспартных механізмаў”.
Штогод каледж размяркоўвае ўсіх сваіх выпускнікоў. Якаснай падрыхтоўцы садзейнічае і ўключанасць навучэнцаў у даследчую і творчую дзейнасць. Два разы навучэнкі каледжа заваёўвалі першынство на Рэспубліканскім конкурсе прафесійнага майстэрства WorldSkills Belarus у кампетэнцыі “Тэхналогія моды”. Юлія Маркевіч зараз рыхтуецца да ўдзелу ў сусветным чэмпіянаце. У гэтым годзе Юля стала лаўрэатам абласной прэміі імя А.І.Дубко па падтрымцы таленавітай моладзі.
Намеснік дырэктара па вытворчым навучанні Маргарыта Сяргееўна Сазанкова характарызуе сваю вучаніцу як вельмі таленавітага, адказнага, сціплага і працавітага чалавека. А падрыхтоўка да адказнага прафесійнага спаборніцтва вядзецца ў каледжы з удзелам многіх спецыялістаў, што стварае атмасферу пастаяннага творчага пошуку.
— Актыўнасць ва ўсіх галінах — прафесійных і творчых конкурсах, даследчай дзейнасці, спартыўных спаборніцтвах, грамадскай рабоце — мы падтрымліваем і ў навучэнцаў, і ў выкладчыкаў, — гаворыць намеснік дырэктара па вучэбна-метадычнай рабоце Таісія Самсонаўна Шымановіч. — Так, больш за 15 гадоў існуе навуковае таварыства навучэнцаў. Пры яго стварэнні зыходзілі з таго, што недастаткова разлічваць на адоранасць як прыроджаную якасць, неабходна абуджаць адоранасць у навучэнцаў, развіваць іх здольнасці, ствараючы для гэтага спрыяльныя ўмовы.
На сённяшні дзень у навуковым таварыстве дзейнічаюць чатыры секцыі: агульнаадукацыйных і агульнапрафесійных прадметаў, інфармацыйных тэхналогій, тэорыі і практыкі швейнай вытворчасці, тэорыі і практыкі выхавання моладзі. Штогод у каледжы праходзяць навукова-практычныя канферэнцыі пад дэвізам “Ад ведаў — да творчасці”. Праведзена 11 такіх канферэнцый, на якіх амаль 500 навучэнцаў з 21 установы адукацыі прадставілі 342 даклады.
Неаднаразова выкладчыкі і навучэнцы станавіліся лаўрэатамі Рэспубліканскага конкурсу “100 ідэй для Беларусі”. Праект “Азбука маленькага беларуса” — гэта новы від дапаможніка для вывучэння роднай мовы, у якога ёсць электронная версія. Кожнай літары адпавядае слова — сімвал роднай зямлі. А побач — паэтычныя радкі беларускіх аўтараў. Над праектам працавалі намеснік дырэктара па вучэбна-выхаваўчай рабоце Карына Леанідаўна Валаткевіч, выкладчык інфармацыйнага аддзялення Надзея Аляксандраўна Сцяпура, майстар вытворчага навучання Наталля Сяргееўна Катовіч і навучэнцы Сяргей Зайко і Дзмітрый Стральцоў. У 2018 годзе Дзмітрый на ІІІ Рэспубліканскім конкурсе прафесійнага майстэрства WorldSkillsBelarus у намінацыі “Вэб-дызайн і распрацоўка” заняў 3-е месца.
У мінулым годзе ў намінацыі “Сацыяльная сфера” перамог праект “Спецыяльныя магчымасці праграмнага забеспячэння для людзей з абмежаванымі магчымасцямі”, які распрацаваў навучэнец інфармацыйнага аддзялення Пётр Івановіч. Пётр добра ведае праблемы такіх людзей, бо сам з дзяцінства не бачыць. Ён ставіў задачу навучыць сляпых людзей не проста карыстацца камп’ютарам, а праграмаваць. І сваім прыкладам дэманструе, што гэта магчыма. Дарэчы, распрацоўкай Пятра зацікавіліся ў Гродзенскім філіяле Парка высокіх тэхналогій.
Летась на XIII Рэспубліканскім конкурсе “Камп’ютар. Адукацыя. Інтэрнэт” выкладчык спецыяльных дысцыплін вышэйшай катэгорыі Людміла Аляксандраўна Варанко, навучэнцы Мікіта Хмурчык і Аляксандр Кандакоў увайшлі ў лік прызёраў. Іх праект “Адукацыйная гульня “Гісторыя Беларусі” быў удастоены дыплома III ступені. А годам раней праект “Электронны вучэбны дапаможнік “Аптымізацыйныя алгарытмы”, распрацаваны Людмілай Аляксандраўнай, быў адзначаны дыпломам І ступені.
Навучэнцы каледжа неаднаразова станавіліся пераможцамі рэспубліканскіх і абласных конкурсаў “Інфармацыйныя тэхналогіі ў прафесійнай адукацыі”, “Таленты ХХІ стагоддзя”, конкурсаў творчых дасягненняў вучнёўскай моладзі “Праз творчасць — да майстэрства”, “АРТ-вакацыі”.
“Паясы”, “Рэчка”, “Ірыда”, “Па расе”, “Залатое мроіва”, “Вясновая серэнада”, “Белая кветка”, “Пацалунак матылька”, “Кветка зямлі” — пералік назваў калекцый адзення можна працягваць і далей. За 20 гадоў існавання тэатра моды “Маладосць” у каледжы створаны дзясяткі калекцый, якія дэманстраваліся на гарадскіх, абласных паказах, прымалі ўдзел у рэспубліканскіх конкурсах “Белая амфара” і “Млын моды”, “Бурштынавая іголка” ў польскім Гданьску. Тэатр моды дэманстраваў свае калекцыі ў Вене, Парыжы, Маскве.
Аналізуючы рынак працы, патрэбы прадпрыемстваў і арганізацый рэгіёна ў спецыялістах, штогод адкрываюцца новыя спецыяльнасці. Так, у мінулым годзе з’явілася “Мехатроніка”. Падрыхтоўка спецыялістаў для паштовай сувязі ў Гродзенскай вобласці вядзецца толькі ў каледжы тэхнікі, тэхналогій і дызайну.
У складзе народнага тэатра моды — навучэнцы і выкладчыкі. Усё робяць самі: праектуюць адзенне, шыюць, ствараюць упрыгажэнні, дэманструюць. На занятках навучэнцы вучацца асновам дэфіле, макіяжу і прычоскі, акцёрскага майстэрства, харэаграфіі.
У складзе тэатра — група барабаншчыц, танцавальны калектыў “Нон-стоп”. Кіраўніком тэатра з’яўляецца творчы чалавек Настасся Фадзееўна Мікуліч. Штогод склад удзельнікаў, калекцыі і праграмы выступленняў абнаўляюцца. А многія былыя члены “Маладосці” сёння працуюць у каледжы. Так, былая ўдзельніца групы барабаншчыц Маргарыта Сяргееўна Сазанкова гаворыць, што ўдзел у гэтым творчым калектыве надаў большай упэўненасці, навучыў сябраваць, пераадольваць перашкоды, падняў самаацэнку, паслужыў стымулам да добрай вучобы і сёння дапамагае ў педагагічнай дзейнасці.
У каледжы працуюць вакальныя гурткі “Голас” і “Млада”, тэатральная студыя “Маска”, гурткі прыкладной творчасці, шмат спартыўных секцый.
А па суботах у каледж прыходзяць школьнікі Ленінскага раёна Гродна, для якіх тут арганізавана прафесійная падрыхтоўка па чатырох спецыяльнасцях. Гродзенскі дзяржаўны каледж тэхнікі, тэхналогій і дызайну быў адным з першых у горадзе, які пачаў працаваць з вучнямі школ спачатку па дапрафесійнай арыентацыі, а зараз даючы ім рабочую прафесію і дадатковы шанс на рынку працы.
— У 2019 годзе калектыў будзе адзначаць 45-гадовы юбілей, — гаворыць Святлана Сяргееўна Шока. — А гэта вельмі добрая нагода працаваць яшчэ больш творча. Ужо сёння думаем пра тое, як удасканальваць сістэму менеджменту якасці, як весці прафарыентацыйную работу са школьнікамі, каб да нас прыйшлі матываваныя маладыя людзі, якасна правесці выпускныя экзамены і размеркаванне. І абавязкова ўдзельнічаць ва ўсіх магчымых конкурсах, спаборніцтвах. Расці, развівацца, удасканальвацца.
Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара.