Найстарэйшая ў краіне ўстанова вышэйшай адукацыі па падрыхтоўцы кадраў для аграпрамысловага комплексу адзначыла сваё 95-годдзе. Пра здабыткі, з якімі Віцебская ордэна “Знак пашаны” дзяржаўная акадэмія ветэрынарнай медыцыны сустрэла свой юбілей, і перспектывы развіцця — у гутарцы з рэктарам, доктарам сельскагаспадарчых навук, дацэнтам Мікалаем Гаўрычэнкам.
— Галоўная мэта, рэсурсы і сродкі дасягнення поспеху сучаснай установы вышэйшай адукацыі — яе студэнты, выкладчыцкі склад і выпускнікі. Хто вызначае цяперашняе аблічча ветэрынарнай акадэміі?
— Ёсць трапнае выказванне знакамітага магістра ветэрынарных навук Сяргея Яўсеенкі: “Чалавечая медыцына захоўвае чалавека, ветэрынарных навук аберагае чалавецтва”. Усе нашы спецыяльнасці звязаны з жывёлагадоўляй. І трэба сказаць, што практычна 60 працэнтаў студэнтаў ужо з ранняга ўзросту марылі стаць урачамі ветэрынарнай медыцыны, зоаінжынерамі, ветэрынарнымі фармаколагамі ці экспертамі. Найперш гэта людзі, якія любяць жывёл, таму ў акадэміі, як правіла, няма выпадковых студэнтаў.
У адрозненне ад большасці іншых устаноў адукацыі, мы рыхтуем спецыялістаў вельмі шырокага профілю: толькі відаў жывёл вывучаем больш як 16. Наш выпускнік можа працаваць у розных сферах — ад сельскай гаспадаркі, прыватных клінік, мясакамбінатаў, фармакалагічных прадпрыемстваў да органаў дзяржаўнага кіравання.
99 працэнтаў ветэрынарных спецыялістаў вышэйшай кваліфікацыі ў краіне — нашы выпускнікі. Але акадэмія славіцца яшчэ і тым, што мы рыхтуем не проста спецыялістаў, а кіраўнікоў. Губернатар Віцебскай вобласці Мікалай Шарснёў, намеснік Прэм’ерміністра Беларусі Уладзімір Дворнік, старшыня Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі Міхаіл Орда, рэктар Беларускай дзяржаўнай сельскагаспадарчай акадэміі Віталь Веліканаў, член калегіі (міністр) па прамысловасці і аграпрамысловым комплексе Еўразійскай эканамічнай камісіі Аляксандр Субоцін, пераважная большасць кіруючых работнікаў айчыннага АПК і галіновых прадпрыемстваў — нашы выпускнікі.
— Як удаецца за час вучобы сфарміраваць высока-кваліфікаванага спецыяліста і разам з тым развіць лідарскія, арганізатарскія здольнасці?
— Такія прыклады наглядна дэманструюць: мы рыхтуем спецыяліста, які валодае не толькі ўнікальнымі тэарэтычнымі ведамі і практычным вопытам, але і шырокім кругаглядам, здольнага эфектыўна працаваць і прымаць адказныя рашэнні. Выпадкі, калі пасля заканчэння акадэміі выпускнік не ідзе ў ветэрынарыю, а працягвае развівацца ў іншым напрамку дзейнасці — хутчэй выключэнне, якое пацвярджае правіла. Але, дзе б ні быў наш выпускнік, з альмаматар ён захоўвае непарыўную сувязь.
Адпаведна, часта ў нас з’яўляюцца альмаўнукі і альмапраўнукі. Жартам (не забываючы пра долю ісціны) мы часам называем сябе акадэміяй сямейнага тыпу. Думаю, у кожнага чацвёртага выкладчыка ёсць у сям’і ці заатэхнік, ці ветурач. А вельмі многа і тых, чые дынастыі налічваюць 5—6 пакаленняў прафесіяналаў нашага профілю. Мы ганарымся сваімі выкладчыкамі і 14ю прызнанымі ва ўсім свеце навуковапедагагічнымі школамі. Ганарымся сваімі студэнтамі: выдатнікамі вучобы, стыпендыятамі спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы адораных навучэнцаў і студэнтаў, лаўрэатамі прэстыжных навуковых і творчых конкурсаў, пераможцамі міжнародных алімпіяд і конкурсаў прафесійнага майстэрства, грамадскімі актывістамі, чэмпіёнамі рэспублікі, Еўропы і свету.
— Разам з беларусамі ў акадэміі вучацца замежныя студэнты. Адкуль яны і чаму выбралі гэтае месца вучобы?
— У нас праходзяць падрыхтоўку студэнты з 15 краін, пачынаючы з найбольш аддаленага геаграфічна Уругвая да блізкіх Расіі, Украіны, Літвы, Латвіі, Эстоніі, Узбекістана, Туркменістана. Прычым акадэмію яны выбіраюць мэтанакіравана і загадзя: звычайна наша знаёмства з будучым замежным абітурыентам адбываецца за 2—3 гады да паступлення. Нярэдка нам аддаюць перавагу, бо з профільных устаноў адукацыі мы лепш за ўсіх на постсавецкай прасторы ў рыхтуем да работы з буйнымі жывёламі. Таму, калі хтосьці жадае займацца буйной жывёлагадоўляй, накіроўваецца менавіта ў Віцебск.
Навучанне ў нас адбываецца непасрэдна на клінічным матэрыяле — нідзе ў СНД падобнае не практыкуецца. Мы прызнаны і цесна кантактуем з Сусветнай ветэрынарнай асацыяцыяй (адзіныя ў СНД. — Заўв.аўт.) і Еўрапейскай ветэрынарнай асацыяцыяй па адукацыі. Нашы замежныя студэнты без праблем пацвярджаюць дыпломы, іх ахвотна прымаюць на работу. Зараз мы робім крокі, каб у ерапейскіх краінах нашы дыпломы прызнаваліся аўтаматычна, без пацвярджэння спецыяльных ведаў.
Варта ўлічваць, што нашы спецыяльнасці ліцэнзаваны за мяжой і колькасць ліцэнзій абмежаваная, таму, як правіла, замежныя грамадзяне вучацца кропкава: па 5—6 чалавек з адной краіны. Нашы асноўныя замежныя рынкі, дзе не хапае спецыялістаў, Ліван і Узбекістан. Сёлета мы заключылі пагадненне і адкрылі сумесны факультэт з Самаркандскім інстытутам ветэрынарнай медыцыны. Ужо праведзены першы набор па спецыяльнасцях “Ветэрынарная медыцына” і “Ветэрынарная санітарыя” (каля 30 чалавек). Два гады яны будуць вучыцца ва Узбекістане па нашых вучэбных планах, потым на 3 гады прыедуць да нас, каб падрыхтавацца па клінічных дысцыплінах. Па завяршэнні вучобы гэтыя студэнты змогуць атрымаць два дыпломы — беларускі і ўзбекскі. Акрамя таго, сярод першакурснікаў акадэміі зараз 15 грамадзян Узбекістана. Думаю, у далейшым іх будзе значна больш.
— Ці праўда, што вучыцца ў акадэміі можна не толькі ў Віцебску, але і ў іншых рэгіёнах Беларусі?
— Так. У нас ёсць два асноўныя філіялы ў Рэчыцы і Пінску, дзе завочна працягваюць падрыхтоўку выпускнікі профільных каледжаў па спецыяльнасцях “Ветэрынарная медыцына” і “Заатэхнія”. Больш за 90 працэнтаў з іх працуюць на вытворчасці і мэтанакіравана атрымліваюць вышэйшую адукацыю. Разам з тым асноўныя курсы, дзе мы даём клінічныя веды, праходзяць у Віцебску. Акрамя таго, у нашым падпарадкаванні — аграрны каледж у Лужасне (дарэчы, каля 50 працэнтаў яго выпускнікоў паступаюць у акадэмію).
Трэба разумець: нашы выпускнікі вельмі запатрабаваныя, зараз на кожнага з іх маем ад работадаўцаў да 10 заявак. Справа ў тым, што вельмі імкліва развіваецца ветэрынарыя ў гарадах, адкрываюцца новыя клінікі, ветэрынарныя аптэкі, фармпрадпрыемствы, і пры падборы кадраў яны ў першую чаргу арыентуюцца на спецыялістаў з вопытам работы на вытворчасці. Адпаведна, ідзе адток ветэрынарных кадраў з АПК, утвараецца дэфіцыт. Каб яго знізіць, у шэрагу абласцей (першай была Віцебская, другой — Магілёўская) павысілі зарплату для ветэрынарных спецыялістаў нашага профілю як мінімум у 2—3 разы ў параўнанні з сярэдняй па мясцовых сельскагаспадарчых прадпрыемствах.
Акадэмія мае 74 дагаворы аб супрацоўніцтве з замежнымі партнёрамі, у межах якіх студэнты і магістранты праходзяць стажыроўкі ў вядучых сельскагаспадарчых установах адукацыі Еўропы і Азіі. У 2013 годзе акадэмія (адзіная ў СНД) прынята ў члены Сусветнай ветэрынарнай асацыяцыі.
У сваю чаргу, мы з мінулага года да 70 працэнтаў павялічылі аб’ём практычнага навучання. Пачынаем з азнаямленчай двухтыднёвай практыкі на першым курсе, падчас якой паказваем спецыфіку работы на розных прадпрыемствах рэгіёна: ад вядучых — да самых слабых. Тыя, хто памыліўся з выбарам прафесіі, адразу адсейваюцца. Гэта звычайна 5—6 чалавек. Іх месцы адразу займаюць, таму што на нашы спецыяльнасці існуе конкурс. Потым кожны курс не менш як 4 тыдні знаходзіцца на практыцы.
— Для студэнтаў выпускнога курса гэтага дастаткова?
— На пазамінулым тыдні рэктарат прыняў рашэнне, што выпускнікі паўгода будуць знаходзіцца на вытворчай практыцы на тых сельгаспрадпрыемствах, куды кожны з іх ужо размеркаваны. За гэты час студэнт адаптуецца і, што важна, на месцы высветліць патрабаванні да сваёй будучай прафесійнай дзейнасці, каб на заключным этапе навучання акцэнтаваць увагу на матэрыяле, які яму хутка спатрэбіцца ў рабоце. Між тым кіраўнікам гаспадарак гэта дае магчымасць узяць практыканта на палову стаўкі ці стаўку ветфельчара, каб і прастымуляваць яго, і павысіць адказнасць. Гэта правільна, бо спецыяліст, які не валодае неабходнымі ведамі, можа нанесці шкоду не толькі жывёлам, але і ўсяму раёну, людзям, якія там пражываюць.
— Сучасны добры доктар Айбаліт: ён у большай ступені спецыяліст па лячэнні хвароб жывёл, тэхнолаг або вучоны?
— На гэтую тэму нядаўна ўбачыў добры мульфільм. Там, па сюжэце, Айбаліт пакідае клініку, яму шукаюць замену, і аказваецца, што неабходны хірург, акушэр, тэрапеўт, анестэзіёлаг, ветсанэксперт…
У прынцыпе, сёння ветурач — спецыяліст шырокага профілю, які сумяшчае ў сваёй дзейнасці да 15 спецыяльнасцей. Таму, напэўна, паступіць да нас прасцей, чым вучыцца. Я гаварыў вышэй пра 16 відаў жывёл, а трэба ж падрабязна вывучыць іх анатомію, фізіялогію, захворванні. Для тых, хто хоча паглыблена займацца, за перыяд вучобы прадугдеджана 8 спецыялізацый. Пачынаючы з першага курса ёсць магчымасць дадаткова спецыялізавацца ў 9 студэнцкіх лабараторыях і 38 гуртках. Субота свабодная ад асноўных заняткаў. Моладзь у гэты дзень займаецца навуковай работай з элементамі даследаванняў у дачыненні да жывёл, якія знаходзяцца ў клініках, а таксама дапамагае лячыць, прысутнічае на аперацыях, даглядае.
У акадэміі праходзяць падрыхтоўку 4600 студэнтаў і навучэнцаў. Адукацыйны працэс забяспечвае больш за 320 выкладчыкаў, у тым ліку 30 дактароў навук і больш за 170 кандыдатаў навук. Навуковымі даследаваннямі займаецца больш за 85 працэнтаў выкладчыкаў і практычна кожны трэці студэнт.
Навукова-даследчы інстытут прыкладной ветэрынарнай медыцыны і біятэхналогіі ў складзе акадэміі адзіны ў сваім родзе ў нашай краіне і СНД. За апошнія 5 гадоў тут распрацавана і ўкаранёна ў вытворчасць больш за 200 ветпрэпаратаў, 500 інструкцый па прымяненні фармакалагічных і біялагічных прэпаратаў, 50 рэкамендацый для АПК, атрымана больш за 20 патэнтаў на вынаходства.
Характэрна, што праз стацыянарнае і амбулаторнае лячэнне ў нашых клініках за год праходзіць каля 5 тысяч жывёл, якіх прывозіць насельніцтва. Таксама мы прымаем на лячэнне жывёл з цяжкімі паталогіямі з блізкаразмешчаных гаспадарак. Гаворачы пра спецыялізацыю і практыкаарыентаванае навучанне, нельга абмінуць нашы 60 базавых прадпрыемстваў, дзе аткрыты філіялы кафедр і студэнты пад кантролем вопытных выкладчыкаў або спецыялістаў праходзяць навучанне ва ўмовах перадавой сучаснай вытворчасці.
У акадэміі адкрыта і запатрабавана перападрыхтоўка кадраў, дзе за 2 гады выпускнік можа прайсці вузкапрофільную спецыялізацыю з выдачай дыпломаў дзяржаўнага ўзору. Напрыклад, на хірургію штогод паступае 25—30, на ветсанэкспертызу — да 50 чалавек. Тых, хто праяўляе цікавасць і здольнасці да навукі, запрашаем у аспірантуру па 12 і дактарантуру па 8 спецыяльнасцях. Нарэшце, мы ажыццяўляем павышэнне кваліфікацыі для спецыялістаў галіны і падрыхтоўку па некаторых профільных рабочых прафесіях.
— Якая роля ў адукацыйнай прасторы акадэміі належыць навуковадаследчаму інстытуту прыкладной ветэрынарнай медыцыны і біятэхналогіі?
— У больш шырокім сэнсе варта гаварыць пра навуковаадукацыйную прастору рэгіёна, краіны і ў пэўнай ступені замежжа. Наш інстытут унікальны ў сваім родзе, тут устаноўлена найноўшае дыягнастычнае і лабараторнае абсталяванне. Найперш мы працуем пад прамыя заказы вытворчасці, за апошнія тры гады распрацавалі і ўкаранілі больш за 200 ветэрынарных прэпаратаў. Практычна 70 працэнтаў ветпрэпаратаў, якія ёсць у краіне, — распрацоўкі з удзелам вучоных нашай акадэміі і нашых выпускнікоў. Ёсць прэпараты, якія вельмі шырока выкарыстоўваюцца не толькі ў Беларусі, але і за мяжой. Мы падлічылі ў мінулым годзе: прыбытак ад продажу толькі аднаго з іх у Расію і Грузію склаў каля 300 тысяч долараў.
У складаных выпадках па запытах прадпрыемстваў Беларусі і краін СНД нашы выкладчыкі аказваюць неабходную ім дапамогу. Звычайна выязджае комплексная брыгада, якая разбіраецца ў прычынах, дае рэкамендацыі, пры неабходнасці выязджае паўторна, навучае спецыялістаў, як справіцца з праблемай. Многія нашы выпускнікі звяртаюцца ў акадэмію менавіта для пастаноўкі дыягназу, арганізацыя лячэння цяжкасцей у іх не выклікае. Канечне, з буйнымі навуковадаследчымі інстытутамі, якія займаюцца выключна навуковымі даследаваннямі, мы не раўнуемся. Наша задача — падрыхтоўка спецыяліста. Але выкладчык, які займаецца навукай, не ведаючы вытворчасць, добрага спецыяліста падрыхтаваць не зможа.
— Акадэмія маштабна адсвяткавала 95годдзе. Што для калектыву азначае юбілей?
— Для акадэміі гэта пэўны рубеж, і галоўнай нашай задачай найперш было вызначыць напрамкі далейшага росту. Юбілейныя мерапрыемствы пачаліся з вясны. У асноўным гэта былі семінары і навуковапрактычныя канферэнцыі, у тым ліку рэспубліканскія і міжнародныя. Падчас заключных урачыстасцей таксама прайшло 6 буйных навуковадаследчых канферэнцый па розных напрамках.
Для нас важны жывы абмен вопытам, які адбываецца ў межах такіх мерапрыемстваў. Святочныя канцэрты і спартыўныя спаборніцтвы, сацыяльна значныя акцыі, безумоўна, неад’емны складнік юбілейных урачыстасцей, аднак не галоўны. Праўда, узровень ідэалагічнай, інфармацыйнай і выхаваўчай работы вельмі высокі, як і яе вынікі. Прывяду толькі адзін паказальны прыклад: дырэктар Міжнароднага фестывалю мастацтваў “Славянскі базар у Віцебску” Глеб Лапіцкі таксама наш выпускнік.
Юбілей — добрая нагода з гонарам і ўдзячнасцю азірнуцца на пройдзенае, але не спыняцца. Час патрабуе пастаяннага развіцця, і ў нас амбіцыйныя планы.
Таццяна БОНДАРАВА.
Фота прадастаўлена акадэміяй.