Не памыліцца ў галоўным

— Правільна выбраная прафесія — гэта не проста ўдала ці няўдала прынятае ў юнацтве рашэнне, а даволі часта шчаслівы ці нешчаслівы лёс, актыўнае, творчае і радаснае жыццё ці пасіўнае, абыякавае і бэссэнсоўнае існаванне, — гаворыць настаўніца хіміі брэсцкага ліцэя № 1 імя А.С.Пушкіна Святлана Сяргееўна Мелехавец.

Сучасны свет імкліва мяняецца. Разам з ім мяняюцца і прафесіі. Развіццё навукі і тэхнікі суправаджаецца з’яўленнем адных спецыяльнасцей і з’яўленнем іншых. Грамадскія функцыі многіх прафесій не змяніліся, але яны грунтуюцца на новых тэхналогіях. Павышаюцца патрабаванні да разумовага развіцця, адукацыі і асобасных якасцей чалавека. Асабліва актуальнымі сярод іх з’яўляюцца працавітасць, добрасумленнасць, арганізаванасць, акуратнасць, самастойнасць, ініцыятыўнасць, вытрымка, настойлівасць, уменне пераносіць няўдачы і дабівацца пастаўленых мэт. Змены ў сучасным свеце ўскладняюць прафесійны выбар і патрабуюць пошуку эфектыўных шляхоў і метадаў прафарыентацыйнай работы.

— Прафарыентацыя ў школе — гэта сістэма вучэбна-выхаваўчай работы, накіраванай на засваенне вучнямі неабходнага аб’ёму ведаў пра сацыяльна-эканамічныя і псіхафізічныя характарыстыкі прафесій, — расказвае Святлана Сяргееўна. — У нашым ліцэі гэтай работай займаюцца класныя кіраўнікі, педагог-псіхолаг, сацыяльны педагог і настаўнікі-прадметнікі. Іх задача — сфарміраваць у вучняў станоўчыя адносіны да працы і ўсвядомленае стаўленне да выбару будучай прафесіі, навучыць разбірацца ў змесце прафесійнай дзейнасці, суадносіць патрабаванні, якія прад’яўляе прафесія, з індывідуальнымі якасцямі, аналізаваць уласныя магчымасці і здольнасці. З гэтай мэтай настаўнікі ствараюць умовы для прафесійнага самавызначэння і асобаснага развіцця старшакласнікаў.

У ліцэях і гімназіях прафесійныя інтарэсы вучняў выяўляюцца ўжо на этапе выбару ўстановы адукацыі і профілю навучання, але гэты выбар не заўсёды з’яўляецца самастойным і цалкам усвядомленым. Даволі часта ён адбываецца пад уплывам бацькоў, знаёмых і сяброў. Важную ролю адыгрывае і статус установы адукацыі. Таму дзіцяці трэба як мага хутчэй пераканацца ў правільнасці гэтага выбару, адпаведнасці сваіх магчымасцей, здольнасцей і індывідуальных якасцей тым патрабаванням, якія прад’яўляе будучая прафесія.
— Прафарыентацыйная работа ў ліцэі накіравана на максімальна хуткую і паспяховую адаптацыю выпускнікоў у дарослым жыцці, — адзначае Святлана Сяргееўна. — Паспяховасць гэтай дзейнасці залежыць ад розных фактараў. Па-першае, яна не павінна абмяжоўвацца толькі работай са старшакласнікамі. Па-другое, у рабоце з вучнямі трэба выкарыстоўваць індывідуальны падыход, улічваць іх узрост і інтарэсы, каштоўнасныя арыенціры, жыццёвыя планы і паспяховасць. Па-трэцяе, неабходна аптымальна спалучаць масавыя, групавыя і індывідуальныя формы прафарыентацыйнай работы з вучнямі і бацькамі. Важную ролю адыгрывае ўзаемасувязь школы, сям’і, устаноў вышэйшай адукацыі, цэнтраў прафарыентацыі моладзі, службы занятасці і грамадскіх маладзёжных арганізацый.

Павышаюцца патрабаванні да разумовага развіцця, адукацыі і асобасных якасцей чалавека. Асабліва актуальнымі сярод іх з’яўляюцца працавітасць, добрасумленнасць, арганізаванасць, акуратнасць, самастойнасць, ініцыятыўнасць, вытрымка, настойлівасць, уменне пераносіць няўдачы і дабівацца пастаўленых мэт.

С.С.Мелехавец лічыць, што знаёміць вучняў са светам прафесій можна і трэба праз вучэбныя прадметы. Так, хімія і біялогія даюць для гэтага вялікія магчымасці. Урок з’яўляецца асноўнай формай арганізацыі пазнавальнай дзейнасці вучняў. Вучэбныя заняткі не толькі даюць ім пэўныя веды, але і абуджаюць разумовую і творчую актыўнасць. Падчас урокаў можна вырашаць многія прафарыентацыйныя задачы: расказваць пра найбольш масавыя прафесіі, раскрываць іх сацыяльныя, эканамічныя, тэхналагічныя і псіхалагічныя бакі; інфармаваць пра шляхі атрымання выбраных прафесій, установы адукацыі і перспектывы прафесійнага росту; фарміраваць пазітыўныя адносіны да прафесій, у якіх адчуваецца вострая неабходнасць у рэгіёне.

— У ліцэі распрацаваны план азнаямлення вучняў з прафесіямі, звязанымі з хіміяй і біялогіяй, — гаворыць Святлана Сяргееўна. — У ім адлюстраваны тэмы курса, пытанні праграмы, звязаныя з пэўнай прафесіяй, неабходныя ўменні і навыкі, формы і метады прафарыентацыйнай работы. Пры тлумачэнні новага матэрыялу настаўнікі звяртаюць увагу вучняў на тое, дзе могуць прымяняцца адпаведныя веды і людзям якіх прафесій яны неабходны. Найбольш распаўсюджаным метадам работы з’яўляецца прафарыентацыйная гутарка, лагічна звязаная з вучэбным матэрыялам, які адпавядае ўзроставым асаблівасцям дзяцей і ахоплівае кола іх інтарэсаў. Да падрыхтоўкі такіх гутарак даволі часта прыцягваюцца самі вучні, якія збіраюць інфармацыю па пэўных пытаннях.

У вучэбных кабінетах падабраны прафесіяграмы, якія дазваляюць вучням бліжэй азнаёміцца з прафесіямі, зрабіць усвядомлены выбар і пазбегнуць памылкі ў атаясамліванні той ці іншай прафесіі з вучэбным прадметам. На ўроках часта выкарыстоўваюцца відэафрагменты навукова-папулярных перадач (“Як гэта зроблена?”, “Як гэта ўладкавана?”, “Дзякуй, Леанарда!”) з тэлеканалаў Discovery, Animal Рlanet, National Geographic і інш. Гэта дазваляе не толькі вывучыць уласцівасці розных рэчываў, прадметаў і з’яў у жывой і нежывой прыродзе, азнаёміцца з рознымі вытворчымі працэсамі, але і ўбачыць іх непасрэдных удзельнікаў — прадстаўнікоў розных прафесій — і ўмовы працы на прадпрыемствах.

— Вялікая прафарыентацыйная работа праводзіцца ў рамках тыдня прыродазнаўчых навук, падчас якога афармляюцца інфармацыйныя стэнды “Свет прафесій”, “Я і мая будучая прафесія”, “Кім быць? Якім быць?”, “Прафесіі сёння і заўтра”, “Псіхалагічныя характарыстыкі прафесій” і інш., — расказвае С.С.Мелехавец. — Іх мэта — даць вучням звесткі пра свет прафесій, сітуацыю на рынку працы і сістэму прафесійнай адукацыі, асобасныя і прафесійна важныя якасці чалавека, прынцыпы выбару прафесіі, памылкі і цяжкасці на гэтым шляху. У рамках прадметнага тыдня праводзяцца фотавыставы “Мае бацькі — паспяховыя прафесіяналы”, “Якім я бачу сваю прафесійную будучыню” і “Ліцэйскія зоркі на небасхіле Беларусі”, афармляюцца альбомы аб прафесіях, ладзяцца конкурсы на лепшае веданне прафесій, арганізоўваюцца прафесіяграфічныя даследаванні і інш. Мерапрыемствы, якія накіраваны на павышэнне цікавасці да прадметаў прыродазнаўчага цыкла, праводзяцца з улікам напрамку навучання і ахопліваюць усіх ліцэістаў. Кожны дзень прадметнага тыдня мае назву і дэвіз.

Важную ролю ў фарміраванні прафесійнага выбару адыгрываюць сустрэчы з цікавымі людзьмі, спецыялістамі і прадстаўнікамі розных прафесій. Частымі гасцямі ліцэя з’яўляюцца яго выпускнікі, студэнты розных універсітэтаў, маладыя спецыялісты і вопытныя прафесіяналы. Арганізоўваюцца і сустрэчы з бацькамі вучняў, якія з задавальненнем выступаюць перад дзецьмі, адказваюць на іх шматлікія пытанні. На вечарах сустрэчы з выпускнікамі вучні знаёмяцца з прафесійнымі дасягненнямі былых ліцэістаў. Гэта дазваляе ім паверыць у сябе і свае сілы, усвядоміць рэальнасць ажыццяўлення мар.

Аповед аб прафесіі эфектыўны тады, калі спецыяліст асвятляе значныя аспекты сваёй дзейнасці: змест, працэс і вынікі працы, яе ўмовы, неабходнасць фізічных і разумовых намаганняў, значнасць для грамадства, перспектывы, магчымасці для ўдасканалення майстэрства, творчасці і павышэння кваліфікацыі, матэрыяльнае ўзнагароджанне і інш. Вельмі важна раскрыць не толькі станоўчыя, але і адмоўныя бакі прафесіі, звярнуць увагу на патрабаванні, якія яна прад’яўляе да чалавека, і магчымыя абмежаванні па медыцынскіх паказаннях.

Прафарыентацыя ўключае інфармаванне пра ўстановы вышэйшай адукацыі, дзе можна атрымаць пэўную спецыяльнасць. Гэты напрамак работы носіць пераважна пошукавы характар. Дзеці па ўласнай ініцыятыве вывучаюць даведнікі для абітурыентаў, інтэрнэт-сайты ўніверсітэтаў, наведваюць дні адкрытых дзвярэй, пасля чаго дзеляцца атрыманай інфармацыяй адно з адным. Вынікам такой работы з’яўляецца табліца, дзе пазначана, якая адукацыя неабходна для канкрэтнай прафесіі і дзе яе можна атрымаць. На працягу навучальнага года рэгулярна праводзяцца сустрэчы з выкладчыкамі ўніверсітэтаў, дзе ліцэісты атрымліваюць вычарпальную інфармацыю пра ўмовы прыёму і навучання, прафесіі і інш.

— Самай эфектыўнай формай работы з’яўляецца прафарыентацыйная экскурсія, калі вучні бачаць спецыялістаў непасрэдна ва ўмовах іх прафесійнага асяроддзя, — адзначае Святлана Сяргееўна. — Адукацыйна-выхаваўчае значэнне экскурсій заключаецца ў тым, што яны дазваляюць назапасіць наглядныя ўяўленні і жыццёвыя факты, абагаціць пачуццёвы вопыт вучняў, убачыць сувязь тэорыі і практыкі, навучання, выхавання і жыцця, аб’ектыўна асэнсаваць уласныя магчымасці і іх адпаведнасць рэальным патрабаванням прафесіі, усвядомлена выбраць будучую спецыяльнасць.

Пры падрыхтоўцы да экскурсіі педагогі загадзя выбіраюць аб’ект, дасканала знаёмяцца з ім, прызначаюць кіраўніка, акрэсліваюць план і метады правядзення экскурсіі, вызначаюць яе змест і задачы. Эфектыўнасць экскурсіі залежыць найперш ад прафесійнай падрыхтоўкі экскурсавода, яго эрудыцыі, умення наладзіць кантакт з экскурсантамі і інш. На многіх буйных прадпрыемствах працуюць спецыялісты па сувязях з грамадскасцю, у кола абавязкаў якіх уваходзіць і правядзенне экскурсій. Іх аптымальная працягласць — 40—60 хвілін. На заключным этапе экскурсіі абавязкова падводзяцца яе вынікі, каб прывесці атрыманыя веды ў сістэму. Як правіла, гэта адбываецца ў форме гутаркі. Але практыкуюцца і іншыя формы: афармленне стэнда ці газеты, фотасправаздача, прэзентацыя, водгук, сачыненне і інш.

— Аповед аб прафесіі эфектыўны тады, калі спецыяліст асвятляе значныя аспекты сваёй дзейнасці: змест, працэс і вынікі працы, яе ўмовы, неабходнасць фізічных і разумовых намаганняў, значнасць для грамадства, перспектывы, магчымасці для ўдасканалення майстэрства, творчасці і павышэння кваліфікацыі, матэрыяльнае ўзнагароджанне і інш., — заўважае С.С.Мелехавец. — Вельмі важна раскрыць не толькі станоўчыя, але і адмоўныя бакі прафесіі, звярнуць увагу на патрабаванні, якія яна прад’яўляе да чалавека, і магчымыя абмежаванні па медыцынскіх паказаннях. Ліцэісты з вялікім задавальненнем і цікавасцю наведваюць прамысловыя прадпрыемствы Брэста: электрамеханічны, радыётэхнічны і электралямпавы заводы, заводы бытавой хіміі і газавай апаратуры, камбінаты безалкагольных напіткаў, будаўнічых матэрыялаў і буйнапанэльнага домабудавання, панчошны, дывановы і малочны камбінаты, хлебакамбінат і інш. Вельмі рада бачыць вучняў і шэфскае прадпрыемства “КОМПО”. Важна, што падчас экскурсій можна азнаёміцца і з рабочымі прафесіямі, якія сёння патрабуюць рознабаковай падрыхтоўкі, глыбокіх і трывалых ведаў, высокага прафесіяналізму.

Куратарамі медыцынскага напрамку ў самавызначэнні вучняў з’яўляюцца загадчыкі аддзяленняў і ўрачы ўстаноў аховы здароўя: паліклінік №№ 1 і 6, цэнтральнай гарадской і абласной бальніцы, бальніцы хуткай дапамогі, лабараторыі судова-медыцынскай экспертызы і гісталагічнай лабараторыі, станцыі пералівання крыві, міжбальнічнай аптэкі і абласнога цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя. Гэтыя ўстановы з’яўляюцца традыцыйнымі экскурсійнымі аб’ектамі. Акрамя таго, паліклініка № 6, да якой тэрытарыяльна адносіцца ліцэй, у рамках праграмы “Дакраніся да прафесіі” праводзіць для вучняў класаў хіміка-біялагічнага напрамку сустрэчы з рознымі спецыялістамі. Юнакі і дзяўчаты бываюць у кабінетах і лабараторыях, назіраюць за работай урачоў, задаюць ім пытанні. Пасля сустрэчы праходзіць выніковая гутарка з прадстаўнікамі адміністрацыі паліклінікі.

— Ліцэісты з’яўляюцца жаданымі гасцямі ва ўніверсітэтах Брэста не толькі падчас дзён адкрытых дзвярэй, але і ў любы іншы час, — гаворыць Святлана Сяргееўна. — Вучні ахвотна знаёмяцца з работай універсітэцкіх кафедраў, прадметнымі лабараторыямі, размаўляюць з выкладчыкамі і студэнтамі, даведваюцца шмат новага не толькі пра спецыяльнасці, але і пра студэнцкія будні. Дзякуючы такім кантактам, многія дзеці яшчэ падчас вучобы ў ліцэі ў супрацоўніцтве са студэнтамі і пад кіраўніцтвам універсітэцкіх выкладчыкаў пачынаюць займацца даследчай дзейнасцю, выступаюць на навукова-практычных канферэнцыях рознага ўзроўню.

У 2012 годзе на базе ліцэя адкрыўся сучасны шматфункцыянальны музейна-педагагічны комплекс “Брэст — горад маёй будучыні”, які дапамагае моладзі суадносіць сваю будучыню з перспектывамі развіцця роднага горада і знаходзіць месца ў ім. Падчас экскурсіі можна даведацца пра патрэбы мясцовага рынку працы ў кадрах, установы адукацыі і шляхі атрымання прафесіі. Задача комплексу — развіваць мысленне і пачуцці, уяўленне і інтуіцыю, дапамагаць атрымліваць функцыянальныя веды пра свет і інш.

Пра эфектыўнасць прафарыентацыйнай работы ліцэйскай кафедры прыродазнаўчых навук яскрава сведчаць лічбы: за 25 гадоў з амаль тысячы выпускнікоў класаў хіміка-біялагічнага напрамку 99% паступілі ва ўніверсітэты. Больш за 86% выпускнікоў атрымалі і атрымліваюць медыцынскую адукацыю. Астатнія вырашылі стаць інжынерамі, тэхнолагамі, эколагамі, псіхолагамі і настаўнікамі.

Сяргей ГРЫШКЕВІЧ.