Дарога ў бізнес

У мінулую суботу адбыўся дзень адкрытых дзвярэй у Інстытуце бізнесу і менеджменту тэхналогій БДУ. Мерапрыемства наведалі звыш сотні абітурыентаў і іх бацькоў, якія цікавіліся ўмовамі паступлення ў гэтую адну з самых прэстыжных устаноў адукацыі краіны.


Інстытут бізнесу і менеджменту тэхналогій — унікальнае падраздзяленне ў структуры БДУ. Тут дзейнічае практыка-арыентаваная магістратура, у тым ліку МВА, а таксама праграмы перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі спецыялістаў у галіне бізнес-адміністравання, лагістыкі, фінансаў, IT, кіравання персаналам. Адпаведна, у інстытуце сканцэнтраваны вельмі моцны кадравы патэнцыял, вопыт, амбіцыі. Усё гэта істотна ўплывае на першую ступень вышэйшай адукацыі. Нельга застацца ўбаку, знаходзячыся побач з сапраўдным дзейсным бізнесам. Студэнты ІБМТ БДУ маюць магчымасць на практыцы засвойваць тое, што многія іншыя вывучаюць толькі ў тэорыі.

У інстытуце дзейнічае Цэнтр развіцця кар’еры, які вядзе пошук месцаў вытворчай і пераддыпломнай практыкі студэнтаў, арганізоўвае сустрэчы з прадстаўнікамі кампаній і паспяховымі выпускнікамі, трэнінгі і факультатывы па працаўладкаванні і планаванні кар’еры, непасрэдна дапамагае ў працаўладкаванні.

У кастрычніку 2017 года Інстытут бізнесу і менеджменту тэхналогій БДУ стаў членам Асацыяцыі па развіцці ўніверсітэцкіх бізнес-школ (AACSB) і першай бізнес-школай Беларусі, прынятай у гэтую статусную міжнародную арганізацыю. Сяброўства ў AACSB — першы крок да міжнароднай акрэдытацыі інстытута і прызнання беларускай бізнес-адукацыі на сусветным узроўні.

Аб прызнанні ІБМТ БДУ абітурыентамі сведчыць той факт, што ўжо на працягу многіх гадоў тут стабільна высокія балы пры паступленні не толькі на бюджэт, але і на платнае навучанне.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.