З узвышша, на якім пабудаваны аграрна-тэхнічны каледж, адкрываюцца цудоўныя краявіды — на Жыровіцкі манастыр, на палеткі і сасновыя бары. Для шматлікіх выпускнікоў адсюль пачалася дарога ў жыццё, у прафесію, якую яны звязалі з сельскай гаспадаркай краіны.
Сёння ў Жыровіцкім дзяржаўным аграрна-тэхнічным каледжы на дзвюх спецыяльнасцях вучацца амаль 700 чалавек. А ўсяго за гады работы тут падрыхтавана каля 24 тысяч спецыялістаў.
Гісторыя аграрнай адукацыі ў Жыровічах пачалася ў сярэдзіне 20-х гадоў мінулага стагоддзя. З 1924 па 1939 год тут працавала аграрна-лясная школа. Яшчэ ішла Вялікая Айчынная вайна, а ў Жыровічах адкрылі сельскагаспадарчую школу, якая ў 1945 годзе пераўтварылася ў сельскагаспадарчы тэхнікум. У першы год вучыцца набралі 50 чалавек, праз год на новае аддзяленне тэхнікаў-механікаў — ужо 150, а на аддзяленне паляводаў — 300. Краіне патрэбна было як мага хутчэй аднавіць сельскую гаспадарку, накарміць людзей.
Адзін з першых выкладчыкаў тэхнікума Леанард Фаміч Ядкевіч так успамінаў той час: “У першыя гады заняткаў кабінеты тэхнікума мелі толькі назвы, ніякага абсталявання не было, па агульнаадукацыйных прадметах не было наглядных дапаможнікаў. Кабінеты не абаграваліся, навучэнцы і выкладчыкі хадзілі на заняткі ў шынялях, бушлатах, фуфайках. З тэхнікі быў адзін гусенічны трактар на хаду і ГАЗ — палутарка, якая часта рамантавалася. У вучэбнай гаспадарцы зямлю апрацоўвалі пераважна коньмі”.
Але і ў тых цяжкіх умовах, дзякуючы самаадданай працы педагагічнага калектыву, жаданню студэнтаў вучыцца і хутчэй стаць адукаванымі спецыялістамі, у 1948 годзе сельская гаспадарка Беларусі атрымала 42 аграномы з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй.
У наш час карціна зусім іншая. Сёння матэрыяльна-тэхнічная база каледжа — гэта вучэбны і лабараторны карпусы агульнай плошчай звыш 33 тысяч квадратных метраў, вучэбныя майстэрні, спартыўны комплекс. Акрамя гэтага, Дом культуры з актавай залай і бібліятэкай, чатыры інтэрнаты (месцамі забяспечаны ўсе іншагароднія навучэнцы), парк трактароў і аўтамабіляў.
— Умовы вучобы, пражывання нашых навучэнцаў, умовы работы выкладчыкаў, майстроў вытворчага навучання змяніліся кардынальна. Але нязменнымі застаюцца традыцыі, якія закладвалі і першыя студэнты, і ўсе кіраўнікі нашай установы адукацыі, — гаворыць дырэктар Жыровіцкага аграрна-тэхнічнага каледжа Вячаслаў Апановіч. — У тым, што аграпрамысловы комплекс Гродзеншчыны — прызнаны ў Беларусі лідар, ёсць уклад і нашага калектыву, нашых выпускнікоў.
Сярод тых, хто прынёс славу каледжу, — акадэмік правадзейны член Расійскай акадэміі сельскагаспадарчых навук І.Е.Янкоўскі; член-карэспандэнт Акадэміі водагаспадарчых навук РФ І.І.Радзівонаў; былы міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь Л.І.Харужык; доктар тэхнічных навук загадчык лабараторыі БНТУ Ю.Д.Карпіевіч; кандыдаты тэхнічных навук дацэнты БДАТУ Г.Ф.Дробыш і М.С.Крынскі; героі Сацыялістычнай Працы А.М.Дудук і А.А.Жамойцік; кавалер ордэна Працоўнай Славы В.А.Усовіч і шмат іншых людзей.
Сёння ў каледжы рыхтуюць па дзвюх спецыяльнасцях — “Тэхнічнае забеспячэнне працэсаў сельскагаспадарчай вытворчасці” і “Энергетычнае забеспячэнне сельскагаспадарчай вытворчасці” на дзённай і завочнай форме навучання. Дарэчы, за ўвесь час работы каледжа падрыхтаваны 8696 спецыялістаў без адрыву ад вытворчасці. У цяперашні час на завочнай форме займаюцца 224 навучэнцы (97 — на бюджэтнай аснове і 127 — за свой кошт).
Практыка-арыентаванае навучанне ў аграрна-тэхнічным каледжы лічаць асновай падрыхтоўкі якаснага спецыяліста. Для гэтага пастаянна папаўняюць матэрыяльна-тэхнічную базу. Так, у апошнія гады набыты трактары “Беларус”, аўтамабілі МАЗ, іншая сельскагаспадарчая тэхніка. Вядзецца работа па забеспячэнні вучэбнага працэсу інфармацыяй на электронных носьбітах: каталогі прадукцыі, якая выпускаецца ў краіне, плакаты па ўстройстве трактароў МТЗ і асноўных тыпаў машын вытворчасці “Гомсельмаш”, “Лідсельмаш”, вучэбныя фільмы і інш.
Базай для адпрацоўкі вучэбных практык з’яўляюцца вучэбна-вытворчыя майстэрні са слясарным, механічным, кавальскім, зварачным цэхамі, машынны двор, пункт тэхнічнага абслугоўвання аўтамабіляў і машынна-трактарнага парка, аўтадром, электрамантажны цэх, цэх па тэхнічным абслугоўванні і рамонце электраабсталявання.
— Вельмі важным з’яўляецца супрацоўніцтва з сельскагаспадарчымі прадпрыемствамі, дзе арганізоўваюцца тэхналагічная і пераддыпломная практыкі нашых навучэнцаў, — гаворыць Вячаслаў Апановіч. — Тэмы курсавых і дыпломных работ таксама вызначаем, зыходзячы з патрэб гаспадарак. На базе перадавых гаспадарак Слонімшчыны арганізоўваем павышэнне кваліфікацыі нашых выкладчыкаў і майстроў вытворчага навучання.
Для індывідуальнага навучання кіраванню аўтамабілем, трактарам і камбайнам ёсць аўтадром. Навучэнцы маюць магчымасць атрымаць пасведчанне вадзіцеля аўтамабіля катэгорый “В”, “В, С” і трактарыста катэгорый “А”, “В”, “С” і “D”. Вучэбнае поле плошчай 250 га дазваляе навучэнцам адпрацоўваць навыкі работ на сельскагаспадарчай тэхніцы.
Традыцыйнымі сталі конкурсы “Лепшы па прафесіі” — лепшы араты, вадзіцель, электраманцёр. Прадстаўнікі каледжа неаднаразова станавіліся пераможцамі і прызёрамі рэспубліканскіх алімпіяд і конкурсаў прафесійнага майстэрства. У 2017 годзе каманда навучэнцаў каледжа ў складзе Аляксандра Сашко, Сяргея Лакуця, Аляксея Грыгаровіча пад кіраўніцтвам вопытнага выкладчыка Ірыны Мікалаеўны Маціевіч заняла 1-е месца ў конкурсе па спецыяльнасці “Тэхнічнае забеспячэнне працэсаў сельскагаспадарчай вытворчасці”.
— Каледж актыўна супрацоўнічае з іншымі ўстановамі адукацыі ў рамках створанай навукова-вытворчай асацыяцыі “Аграінжынер”, якая паспяхова рэалізоўвае сістэму бесперапыннай інтэграванай прафесійнай адукацыі, — расказвае намеснік дырэктара па ідэалагічнай і выхаваўчай рабоце Аляксандр Ліцвінчык. — Пасля заканчэння каледжа больш за палову нашых выпускнікоў ідуць ва ўстановы вышэйшай адукацыі, звыш 30% паступаюць у Беларускі дзяржаўны аграрны тэхнічны ўніверсітэт, дзе атрымліваюць вышэйшую адукацыю за 3—4 гады.
Каледж знаходзіцца ў невялікім мястэчку, але гэта не значыць, што жыццё навучэнцаў нецікавае і аднастайнае. Наадварот, тут створаны найлепшыя ўмовы для ўсебаковага развіцця і заняткаў рознымi відамі дзейнасці.
Працуюць секцыі па баскетболе, валейболе, футболе, стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі. Навучэнцы займаюцца ў вакальнай групе, гуртку эстрадных спеваў, тэатральным і танцавальным гуртках, гуртку гукааператараў. Пазаўрочнай дзейнасцю заняты больш за паўтысячы навучэнцаў.
Для заняткаў фізічнай культурай і правядзення спартыўна-масавых мерапрыемстваў ёсць стадыён з футбольным полем, бегавымі дарожкамі, валейбольнай і баскетбольнай пляцоўкамі, два сектары для кідання молата, пяць трэнажорных залаў — 2 у спартыўным комплексе і 3 — у інтэрнатах. Каледж стаў месцам правядзення спаборніцтваў па кіданні молата на прызы заслужанага майстра спорту, чэмпіёна свету, прызёра Алімпійскіх гульняў Івана Ціхана.
Яшчэ адной асаблівасцю каледжа можна лічыць яго мужчынскі склад (тут вучацца толькі шэсць дзяўчат па спецыяльнасці “Энергетычнае забеспячэнне сельскай гаспадаркі” і восем дзяўчат паступілі на завочную форму навучання), таму гурткі тэхнічнай творчасці карыстаюцца асаблівай папулярнасцю. Іх тут 29 — на любы густ: “Эксплуатацыя і рамонт электраабсталявання і сродкаў аўтаматызацыі”, “Тэхналогія электрамантажных работ”, “Электраабсталяванне сельскай гаспадаркі”, “Аўтаматызацыя тэхналагічных працэсаў”, “Асновы электроннай і мікрапрацэсарнай тэхнікі”, “Асновы цеплатэхнікі і гідраўлікі”, “Інфармацыйныя тэхналогіі”, “Нармаванне дакладнасці і тэхнічных вымярэнняў” і шмат іншых.
Навучэнцы каледжа неаднойчы станавіліся пераможцамі выстаў тэхнічнай творчасці: у мінулым годзе занялі 1-е месца на рэспубліканскім конкурсе па спецыяльнасці “Тэхнічнае забеспячэнне працэсаў сельскагаспадарчай вытворчасці”, 3-е месца ў абласным аглядзе інавацыйнай і тэхнічнай творчасці. На другім паверсе галоўнага корпуса каледжа можна азнаёміцца з выставай тэхнічных распрацовак навучэнцаў, выкладчыкаў, майстроў вытворчага навучання, якая пастаянна папаўняецца навінкамі.
Ёсць дасягненні і ў творчасці: на абласным і рэспубліканскім этапах агляду-конкурсу мастацкай творчасці вучнёўскай і студэнцкай моладзі “Арт-вакацыі” Ілья Грак быў адзначаны дыпломам І ступені ў намінацыі “Чытальнік”, Павел Аніська і Аляксей Крывецкі — дыпломамі ІІІ ступені ў намінацыі “Група эстрадных спеваў”. Такім жа дыпломам было адзначана выступленне агітбрыгады “Новае пакаленне”.
Вакальны гурт хлопцаў на працягу шэрага гадоў з’яўляецца пераможцам раённых і абласных конкурсаў патрыятычнай песні. Каманда КВЗ каледжа — неаднаразовы пераможца раённага конкурсу КВЗ сярод каманд устаноў сярэдняй спецыяльнай адукацыі.
Традыцыйнымі сталі ў каледжы конкурсы “Алё, мы шукаем таленты”, канцэртныя праграмы да Дня работніка сельскай гаспадаркі, удзел у навагоднім кірмашы “Музычная візітоўка” ў Слоніме і шэсці Дзядоў Марозаў і Снягурак, выступленне з канцэртнай праграмай у Ваўкавыскім дзіцячым доме. Дыскатэкі напярэдадні Дня святога Валянціна праходзяць з удзелам навучэнак Слонімскага медыцынскага каледжа.
Будучы электрык Серафім Васілеўскі гаворыць, што для яго заняткі мастацкай самадзейнасцю — гэта добры адпачынак.
— Калі я спяваю ці ўдзельнічаю ў КВЗ, дык знаходжу шмат аднадумцаў, — гаворыць Серафім. — Дзякуючы нашым выкладчыкам, удасканальваюся ў розных кірунках — у прамоўніцкім майстэрстве, танцах, уменні браць высокія ноты. Уменне дасягаць вяршынь спатрэбіцца ў любой дзейнасці.
Гісторыю каледжа беражліва захоўваюць у гісторыка-этнаграфічным музеі, які ствараўся выкладчыкамі і навучэнцамі на працягу многіх гадоў. Багатая экспазіцыя расказвае пра людзей і дасягненні калектыву, мясцовыя традыцыі.
— Музей — важны элемент выхаваўчай работы, — гаворыць метадыст каледжа Аляксандр Крот. — Тут праводзяцца і заняткі па гуманітарных прадметах. Кожны першакурснік абавязкова знаёміцца з гісторыяй каледжа менавіта ў музеі. Пазнае гісторыю і сам становіцца творцам гэтай гісторыі і свайго жыцця.
Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.
Фота аўтара і з архіва каледжа.