Даведнік ПВТ для ІТ-абітурыентаў

Для абітурыентаў, якія жадаюць звязаць сваю будучыню з інфармацыйнымі тэхналогіямі, у Парку высокіх тэхналогій выпусцілі штогадовы электронны даведнік “ІТ-абітурыент 2020”.

У даведніку прадстаўлена актуальная інфармацыя пра ІТ-факультэты сталічных і рэгіянальных універсітэтаў: апісанне спецыяльнасцей, планы прыёму на 2020 год, прахадныя балы за мінулыя гады, кошт навучання, наяўнасць ваеннай кафедры, умовы прадастаўлення інтэрната, размеркаванне выпускнікоў і інш.

Штогод у ІТ-галіне з’яўляюцца новыя напрамкі, спецыялізацыі, тэхналогіі, і моладзі няпроста сарыентавацца ў гэтай разнастайнасці прапаноў. У дапамогу абітурыентам у даведніку змешчана апісанне 12 найбольш распаўсюджаных сёння ІТ-прафесій.

Вядучыя супрацоўнікі кампаній — рэзідэнтаў ПВТ расказваюць, якіх ІТ-спецыялістаў не хапае на рынку працы і якія будуць запатрабаваны праз 4 гады. Доўгатэрміновыя прагнозы рабіць не рызыкуюць, бо сфера развіваецца вельмі дынамічна. Але ў тым, што ІТ-спецыялісты застануцца больш запатрабаванымі, чым многія іншыя работнікі ў эканоміцы, не сумняваецца ніхто.

У даведніку адзначаецца, што, дзякуючы імкліваму росту ІТ-галіны, ёй зараз патрабуюцца не толькі тэхнічныя спецыялісты. Парк высокіх тэхналогій асабліва адчуў гэта, калі рэзідэнты, акрамя выканання распрацовак на заказ, сталі ствараць уласныя прадукты. Адпаведна, вырас попыт на прадуктовых маркетолагаў, дызайнераў, эканамістаў і іншых гуманітарыяў. Да таго ж практыка паказала, што гуманітарыі становяцца добрымі тэхнічнымі пісьменнікамі, бізнес-аналітыкамі, спецыялістамі па найме і рабоце з персаналам. Такім чынам, не абавязкова быць чыстым тэхнаром, каб паспяхова працаваць у ІТ-кампаніях. Развівацца і рабіць кар’еру ў гэтай сферы могуць як мужчыны, так і жанчыны.

Сёння ІТ-бізнес цесна супрацоўнічае з вышэйшай школай у падрыхтоўцы спецыялістаў. Толькі кампаніямі — рэзідэнтамі Парка высокіх тэхналогій на базе ўніверсітэтаў створаны і падтрымліваюцца 60 сумесных навукова-вытворчых лабараторый і вучэбных цэнтраў. Многія кампаніі распрацавалі і вядуць спецыялізаваныя адукацыйныя курсы. 34 філіялы ўніверсітэцкіх кафедраў дзейнічаюць непасрэдна на вытворчых плошчах кампаній — рэзідэнтаў ПВТ у Мінску і рэгіёнах. Штогод стажыроўку ў Парку высокіх тэхналогій праходзяць больш за тысячу студэнтаў, многія часткова працаўладкаваны і на пастаяннай аснове бяруць удзел у ажыццяўленні рэальных праектаў ІТ-кампаній.

Спасылка на даведнік “ІТ-абітурыент 2020” размешчана на галоўнай інтэрнэт-старонцы Парка высокіх тэхналогій (park.by). Гэтае аб’ёмнае і даволі падрабязнае выданне стане добрым навігатарам для моладзі, якая мае намер звязаць жыццё з інфармацыйнымі тэхналогіямі.

Зрэшты, нават калі вы не збіраецеся паступаць на ІТ-спецыяльнасці, раім усё роўна азнаёміцца з даведнікам. Ён дае разуменне, як развіваецца працоўны рынак і ІТ-адукацыя, матывуе да прафесійнага і асобаснага росту. А яшчэ выданне дэманструе сур’ёзны падыход галіны, зацікаўленай у падрыхтоўцы кадраў і гатовай працаваць на будучыню, — і гэта магло б стаць прыкладам для іншых сфер эканомікі.

А вось што кажуць пра выбар прафесіі прадстаўнікі ІТ-факультэтаў:

Аляксандр НЕДЗЬВЕДЗЬ, дэкан факультэта прыкладной матэматыкі і інфарматыкі БДУ:

“Яшчэ падчас вучобы ва ўніверсітэце нашы студэнты пачынаюць займацца рэальнымі ІТ-праектамі, прывязваюць да іх свае курсавыя і дыпломныя працы. Але хацелася б звярнуць увагу будучых студэнтаў, што супрацоўніцтва з ІТ-кампаніямі — выдатна, і мы ўсяляк гэта падтрымліваем, аднак не варта пераходзіць мяжу, калі праца пераважвае вучобу. Каб стаць не рамеснікам, а сапраўдным ІТ-прафесіяналам, вучобе трэба ўдзяляць вялікую ўвагу. Наш факультэт стаіць на пазіцыях фундаментальнай падрыхтоўкі, што адрознівае нас ад шэрага іншых ІТ-факультэтаў краіны. І гэта цэніцца вядучымі ІТ-кампаніямі”.

Марына ЛУКАШЭВІЧ, дэкан факультэта камп’ютарных сістэм і сетак БДУІР:

“Хачу рэкамендаваць абітурыентам пры выбары спецыяльнасці не гнацца за прэстыжам і прыбытковасцю, а добра падумаць: што цікава самому табе? Бо менавіта цікавасць дапамагае стаць сапраўдным прафесіяналам у той ці іншай спецыяльнасці. І яшчэ важна, ужо стаўшы студэнтам, не ўпускаць час для развіцця, не расслабляцца, а, наадварот, засяродзіцца на вучобе”.

Леанід ШЫЛІН, дэкан факультэта інфармацыйных тэхналогій і кіравання БДУІР:

“Амбіцыйныя студэнты практычна з першага курса маюць магчымасць актыўна супрацоўнічаць з ІТ-кампаніямі, прымаць удзел у рабочых і навуковых праектах, праходзіць стажыроўкі і трэнінгі, знаходзіць сябе ў свеце інфармацыйных тэхналогій і пры гэтым быць упэўненымі ў сваёй будучыні, маючы першае працоўнае месца. Паводле нашых апытанняў, да чацвёртага курса каля 75% студэнтаў ужо ўладкаваны ў ІТ-кампаніі па сваіх спецыяльнасцях”.

Дзмітрый КУЗЬМЯНКОЎ, загадчык кафедры вылічальнай матэматыкі і праграмавання факультэта матэматыкі і тэхналогій праграмавання Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны:

“Хачу сказаць абітурыентам, што не трэба баяцца, калі пры паступленні ва ўніверсітэт вы слаба разбіраецеся ў інфармацыйных тэхналогіях. Мы ўсяму вучым з нуля. Галоўнае, каб было жаданне вучыцца і стаць сапраўдным прафесіяналам”.

Галіна СІДАРОВІЧ.