Для прафесіяналаў не бывае непераадольных цяжкасцей

Аршанскі дзяржаўны каледж харчавання — новая назва адной з найбольш рэйтынгавых і найстарэйшых у нашай краіне ўстаноў прафесійнай адукацыі, якая з’явілася на адукацыйнай карце Віцебшчыны 1 студзеня 2016 года. На працягу больш чым васьмі дзесяцігоддзяў тут рыхтуюць спецыялістаў для перапрацоўчай прамысловасці, грамадскага харчавання і гандлю. Чым абумоўлена змена ў статусе ўстановы і якія перспектывы яна раскрывае перад навучэнцамі, расказвае дырэктар каледжа Генадзь СІНЯЎСКІ.

— Кожны абітурыент марыць стаць майстрам сваёй справы, запатрабаваным спецыялістам і атрымліваць дастойнае ўзнагароджанне за сваю працу…
— Менавіта такія стартавыя ўмовы мы і стараемся забяспечыць нашым выпускнікам. Са студзеня атрымалі статус установы сярэдняй спецыяльнай адукацыі з адкрыццём набору на аснове агульнай базавай адукацыі (пасля 9 класаў) на спецыяльнасць “Тэхналогія захоўвання і перапрацоўкі жывёльнай сыравіны (малако і малочныя прадукты)” з прысваеннем кваліфікацыі “тэхнік-тэхнолаг”. Гэта дае навучэнцам магчымасць у больш кароткі тэрмін атрымаць прафесійную падрыхтоўку, а ў перспектыве па жаданні — вышэйшую адукацыю па скарочанай форме навучання ў Магілёўскім дзяржаўным універсітэце харчавання.
У той жа час, як і раней, мы працягваем набор на другую ступень пасля атрымання прафесійна-тэхнічнай адукацыі з атрыманнем сярэдняй спецыяльнай адукацыі па спецыяльнасці “Тэхналогія захоўвання і перапрацоўкі жывёльнай сыравіны (мяса і мясныя прадукты)” з кваліфікацыяй “тэхнік-тэхнолаг” на дзённай і завочнай формах навучання.
Тых, хто жадае набыць якасную прафесійна-тэхнічную адукацыю, запрашаем на вучобу па спецыяльнасцях “Першасная перапрацоўка жывёльнай сыравіны (абвальшчык мяса, жылоўшчык мяса і субпрадуктаў)”, “Вытворчасць мясных прадуктаў (укладальнік фаршу, фармоўшчык каўбасных вырабаў, вытворца мясных паўфабрыкатаў)”, “Гандлёвая справа (прадавец). Грамадскае харчаванне (кухар)”. Хтосьці з выпускнікоў вырашыць пайсці працаваць на вытворчасць, хтосьці будзе вучыцца па профільнай спецыяльнасці ва ўніверсітэце, але з упэўненасцю можна сказаць, што адукацыя, атрыманая ў нас, стане для іх паспяховым укладам у прафесійную будучыню.

— Каледж карыстаецца поспехам у абітурыентаў і штогод не проста паспяхова выконвае, але і павялічвае план прыёму. Як вам гэта ўдаецца?
— Прафесійныя намеры выпускніка школы ў вялікай ступені прадвызначаюць памер будучай зарплаты і сацыяльны пакет. Падрыхтоўка кваліфікаваных кадраў павінна грунтавацца на прынцыпах сацыяльнага партнёрства, унутраных рэсурсаў толькі ўстановы адукацыі тут недастаткова. Неабходна, каб на вынік працавалі ўсе зацікаўленыя бакі: галіновыя прадпрыемствы і арганізацыі, органы ўлады і кіравання адукацыяй, педагагічны калектыў, навучэнцы і іх бацькі.
Каб спецыяліст не толькі паспяхова працаваў, але і прымаў непасрэдны ўдзел у развіцці вытворчасці, прадпрыемства павінна паклапаціцца пра якасных абітурыентаў і будучых працаўнікоў, падчас вучобы ў школе ўжо знаёміць іх з умовамі будучай прафесійнай дзейнасці, заахвочваць да атрымання профільнай адукацыі. У выніку маладыя спецыялісты будуць свядома імкнуцца заняць знаёмыя ім месцы працы.
Пры гэтым трэба ўлічваць, што ў выбары абітурыента зараз ці не галоўную ролю адыгрывае рэнтабельнасць прадпрыемства — у першую чаргу я маю на ўвазе мэтавы набор. У гэтым плане трывалыя сувязі з прадпрыемствамі-партнёрамі — як мясцовымі, так і з іншых рэгіёнаў — у нас наладжаны.
Безумоўна, усё сказанае не зніжае ролю каледжа: тое, наколькі ён прэстыжны сёння на адукацыйнай прасторы краіны, наколькі якасныя дае веды, які спектр адукацыйных паслуг і магчымасці культурнага адпачынку прадастаўляе, таксама мае вырашальнае значэнне. Дарэчы, практыка паказвае, што парады і рэкамендацыі навучэнцаў — самы эфектыўны сродак прафагітацыі. Пра каледж, сацыяльна-побытавыя ўмовы, тое, якім цікавым жыццём мы сёння жывём, якую прафесію і перспектывы атрымліваем у выніку, — пра ўсё гэта найлепш сваім равеснікам расказваюць самі навучэнцы. Ці не пераканальны, напрыклад, такі аргумент на карысць паступлення: “Ведаеш, дружа, а я нядаўна пабываў на практыцы, і, не паверыш, атрымаў 6—7 млн зарплаты!”
Лічбы важкія, а галоўнае — усім зразумела, што практыка толькі старт. Для значнай часткі нашых навучэнцаў вучоба ў каледжы — сямейная справа, працяг працоўнай дынастыі. Бацькі — нашы выпускнікі — без сумненняў раяць паступаць у каледж сваім дзецям, і такі давер — вялікія гонар і адказнасць для нас. Паводле маніторынгу, з іншых крыніц — у тым ліку з рэкламы ў сродках масавай інфармацыі, сацыяльных сетак — пра нас даведваецца параўнальна невялікая частка абітурыентаў. Тым не менш і гэты рэсурс неабходна выкарыстоўваць па максімуме. Прымаем да сябе ўсіх жадаючых па конкурсе атэстатаў. Калі з’явіцца неабходнасць, будзем павялічваць набор.

— Хто яны — вашы абітурыенты і навучэнцы?
— Традыцыйна да нас паступаюць дзеці з Гродна, Брэста, Гомеля, Мінска. Шырока прадстаўлена Магілёўшчына і Віцебшчына. Варта адзначыць, што ўсе іншагароднія навучэнцы забяспечваюцца інтэрнатам з камфортнымі ўмовамі пражывання. Абітурыентаў з сельскай мясцовасці звычайна больш — між іншым, у іх і фізічная падрыхтоўка больш высокая, чым у гараджан. Гэта дзеці, якія прывыклі працаваць, а праца ў перапрацоўчай прамысловасці на самай справе складаная і фізічна цяжкая.
З моманту залічэння ў каледж у дачыненні да навучэнца ўступае ў сілу правіла: прафесійныя веды і навыкі лепш даюцца здароваму і выхаванаму. Значыць, здароўе — аснова, яно — перш за ўсё.
У каледжы адкрыты медыцынскі цэнтр з сучаснымі стаматалагічным і гінекалагічным кабінетамі. Тыя, хто да нас паступае, за першыя два месяцы праходзяць паглыблены медыцынскі агляд у спецыялістаў па адзінаццаці параметрах — так мы атрымліваем дакладныя звесткі аб стане здароўя кожнага навучэнца. Штогод такі агляд паўтараем. У абавязковым парадку пралечваем зубы — многім гэта неабходна. А ўвогуле, мы ўсім калектывам стараемся данесці да свядомасці навучэнцаў простую ісціну: чым потым змагацца з запушчанай хваробай, лепш яе папярэдзіць, своечасова выявіць і выправіць збой у рабоце арганізма.
Хачу сказаць, што медыцынскія паказчыкі сведчаць: на працягу вучобы ў каледжы стан здароўя навучэнцаў прыкметна паляпшаецца. Гэтаму спрыяюць і заняткі фізкультурай, спортам, і маштабная прапаганда здаровага ладу жыцця. Што да харчавання, то, жартам кажучы, тут нас профіль абавязвае, а калі сур’ёзна, то выручаюць цесныя сувязі з прадпрыемствамі-партнёрамі.
Паступова першакурснік далучаецца да жыцця каледжа. Выхаваўчая работа рэалізоўваецца найперш праз далучэнне навучэнца да культурна-масавых мерапрыемстваў, гуртковай працы. Аб’яднанні па інтарэсах даюць ім магчымасць праявіць свой патэнцыял і шматгранна развівацца ў культурным плане.
Мы абавязкова выязджаем на экскурсіі, падарожнічаем па знакамітых мясцінах Оршы і яе ваколіцах, арганізоўваем падарожжы па Беларусі і за яе межы. Адпаведна вялікую работу вядзём з партнёрамі — установамі адукацыі, як беларускімі, так і замежнымі, напрыклад, з даўгаўпілскімі медыцынскім і гандлёвым каледжамі, Ніжагародскім тэхнікумам гарадской гаспадаркі і прадпрымальніцтва, Дзяржынскім тэхнічным каледжам і тэхнікумам бізнесу і тэхналогій. Не заўсёды наш профіль. Але хто сказаў, што кантакты павінны развівацца толькі паміж галіновымі ўстановамі адукацыі?
Якую б прафесію ні атрымаў выпускнік, тое, якой асобай ён стане ў прафесіі, залежыць ад педагога. Задача выхаваць “у здаровым целе здаровы дух” спрадвеку аб’ядноўвае настаўніцтва. Спортам у каледжы захоплены ўсе. Спаборнічаюць па футболе, баскетболе, шахматах, шашках, іншых відах спорту — паміж паверхамі ў інтэрнаце, старшыя курсы з малодшымі. Каледж мае моцныя каманды па баскетболе і валейболе, мы неаднойчы перамагалі і станавіліся прызёрамі круглагадовай спартакіяды і спаборніцтваў рознага ўзроўню.

— Каледж вядомы і дасягненнямі сэрвісных атрадаў…
— Традыцыйна ў першыя восеньскія месяцы навучэнцы выязджаюць на сельгасработы. У нас выдатныя адносіны з Талачынскім кансервавым заводам, якому мы дапамагаем збіраць ураджай. Уручную здымаем яблыкі. Наш сельгасатрад з’яўляецца прызнаным лідарам абласнога спаборніцтва сярод сельгаскаледжаў як па выніках, так і па заработнай плаце.
Працуюць сэрвісныя атрады і на вытворчасці. Фактычна практыка ў нас ідзе на працягу года на розных прадпрыемствах, пачынаючы з Аршанскага мясакансервавага камбіната і заканчваючы брэндавымі холдынгавымі кампаніямі, якія займаюцца харчовай перапрацоўкай.
Калі работнікі прадпрыемства ідуць у адпачынак — асабліва гэта актуальна ў летні перыяд, — на іх месцы заступаюць нашы навучэнцы. Прадпрыемствам выгадна: не трэба набіраць на замяшчэнне старонніх людзей. Нам тым больш: будучыя спецыялісты атрымліваюць неабходныя ўменні, навыкі на вытворчасці. На выпуску мы маем канкурэнтаздольных спецыялістаў, якім не патрэбна адаптацыя на новым рабочым месцы.
Не менш прывабная для навучэнцаў магчымасць зарабіць грошы — яна таксама пры належных выхаваўчых устаноўках спрыяе развіццю самастойнасці і адказнасці. Гэтак мы працуем па Віцебскай вобласці, ёсць дамоўленасці з Гродна, Брэстам, Мазыром.
Вяртаючыся да пачатку нашай размовы, мушу падкрэсліць: так, кожны абітурыент марыць аб прэстыжнай, запатрабаванай і высокааплатнай прафесіі. І кожны здольны, можа і павінен яе атрымаць. “Непераадольныя абставіны і аб’ектыўныя фактары” — гэта апраўданне для тых, хто пабаяўся праявіць свае здольнасці або паленаваўся папрацаваць над сабой.
Зрэшты, не магу сказаць, што ёсць горшыя і лепшыя працоўныя месцы (праўда, дрэнныя нашым выпускнікам проста не прапаноўваюць). Як, дарэчы, у нас не бывае і дрэнных навучэнцаў: у каледжы няма адлічэнняў і крымінальных правапарушэнняў. Глабальныя праблемы прафесійнай адукацыі на практыцы таксама паспяхова вырашаюцца — трэба толькі мець правільную матывацыю, прадуманы комплекс мер, дружную каманду прафесіяналаў-аднадумцаў, надзейных партнёраў і самых лепшых, таленавітых, працавітых, творчых — а нашы такія і ёсць! — навучэнцаў.

Таццяна БОНДАРАВА.