Для юных інфарматыкаў — акадэмія ў БДУІР

Акадэмія інфарматыкі для школьнікаў хутка адкрыецца ў Беларускім дзяржаўным універсітэце інфарматыкі і радыёэлектронікі. Яна створана з мэтай дапамагчы навучэнцам школ, ліцэяў, гімназій лепш арыентавацца ў сферы разнастайнасці ІТ-прафесій.

Адным з самых адказных крокаў у жыцці кожнага чалавека з’яўляецца правільны і своечасовы выбар прафесіі. Маладым людзям складана выбіраць з вялікай колькасці спецыяльнасцей. Практыка паказвае, што найлепшых поспехаў дасягае той, хто загадзя пазнаёміўся з асновамі будучай прафесійнай дзейнасці.
— Мы дапамагаем навучэнцам вызначыцца з будучай прафесіяй і тым самым звесці верагоднасць памылкі да мінімуму, зрабіць усвядомлены выбар яшчэ да паступлення ва ўніверсітэт, — адзначае дырэктар Акадэміі інфарматыкі для школьнікаў дэкан факультэта камп’ютарных тэхналогій Інстытута інфармацыйных тэхналогій БДУІР Аляксей Аляксандравіч Ахрыменка. — Паглыбіўшыся ў свет ІТ, падрастаючае пакаленне зможа ацаніць свае магчымасці і прымераць ролю праграміста. Акрамя таго, мы, безумоўна, маем і свае мэты: навучаючы школьнікаў, мы робім доўгатэрміновыя інвестыцыі ў нашых абітурыентаў.Упершыню курсы па інфарматыцы і праграмаванні для школьнікаў 7—10 класаў сярэдніх школ былі арганізаваны гэтай вясной. Тады выкладчыкі былі прыемна здзіўлены імкненнем і захопленасцю школьнікаў, якія наведвалі заняткі. Педагогаў парадавала перш за ўсё тое, што ў век камп’ютарных забаў і сацыяльных сетак расце маладое пакаленне, якое імкнецца выкарыстоўваць камп’ютар не толькі для правядзення вольнага часу, але і для асваення розных камп’ютарных тэхналогій, адточваючы свае навыкі як у іх выкарыстанні, так і распрацоўцы. Пасля паспяховага завяршэння вясенніх курсаў і нарадзілася ідэя арганізаваць заняткі, якія школьнікі змогуць наведваць на працягу навучальнага года.
Акадэмія інфарматыкі запрашае навучэнцаў 7—11 класаў на шматузроўневую падрыхтоўку ў галіне інфармацыйных тэхналогій па наступных узроўнях і напрамках (спецыялізацыях): вучэбны курс Cisco® IT Essentials; камп’ютарная графіка, web-майстар: асновы распрацоўкі сайтаў; web-тэхналогіі: асновы распрацоўкі web-дадаткаў; праграмаванне на мовах Delphi, С/С++/С#; камп’ютарныя сеткавыя тэхналогіі. У найбліжэйшы час колькасць курсаў плануецца павялічыць.
Адукацыйны сезон стартуе ў сярэдзіне лістапада. Групы напаўняльнасцю да 15 чалавек камплектуюцца з улікам падрыхтоўкі навучэнцаў. Заняткі будуць доўжыцца 5 месяцаў па 2 гадзіны на тыдзень. Кожны курс складаецца з базавай і паглыбленай часткі. Слухачы, якія паспяхова прайшлі базавы ўзровень аднаго напрамку, могуць асвоіць навучанне на паглыбленым узроўні ці выбраць базавы ўзровень іншага напрамку, пабываць у кампаніях Парка высокіх тэхналогій. Так, напрыклад, ужо на зімовых канікулах плануецца адвезці школьнікаў у адну з ІТ-кампаній і паказаць, як працуюць людзі на прадпрыемстве, каб будучыя праграмісты ўбачылі прафесію знутры.
Заняткі ў акадэміі, якія будуць праводзіць вопытныя выкладчыкі БДУІР, практыка-арыентаваныя: уводныя тэарэтычныя заняткі, работа за камп’ютарам, дамашнія заданні. Выкладчыкі імітуюць рэальныя праблемныя сітуацыі, вырашэнне якіх патрабуе пэўных прафесійных якасцей, інтэлектуальных здольнасцей. Пасля заканчэння навучання школьнікі выконваюць і абараняюць індывідуальныя праекты, пры паспяховай абароне атрымліваюць сертыфікаты. Акрамя таго, навучэнцы акадэміі будуць мець магчымасць удзельнічаць у конкурсах і алімпіядах БДУІР і пазней стаць студэнтамі гэтай прэстыжнай установы.
Але і гэта яшчэ не ўсё. Усім, хто паспяхова засвоіў праграму таго ці іншага курса, акадэмія інфарматыкі прапануе працягнуць навучанне ў аўтарызаваным цэнтры тэсціравання Еўрапейскага фонду ECDL (The European Computer Driving Licence, Еўрапейскія камп’ютарныя правы) з выдачай сертыфіката міжнароднага ўзору, які з’яўляецца пацвярджэннем таго, што яго ўладальнік цалкам кампетэнтны ў выкарыстанні камп’ютара, агульных камп’ютарных дадаткаў і валодае асновамі інфармацыйных тэхналогій.
На думку А.А.Ахрыменкі, добра было б распаўсюдзіць праект на ўсю краіну. Магчыма, стварыць рэгіянальныя цэнтры, дзе праводзіць навучанне школьнікаў, падключыць тэхналогіі дыстанцыйнай адукацыі.

Наталля КАЛЯДЗІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.