Дыплом аб вышэйшай адукацыі — для выпускнікоў каледжаў

Многім выпускнікам каледжаў няма патрэбы вучыцца ва ўніверсітэце 4-5 гадоў, як гэта робяць студэнты, якія паступілі адразу пасля школы. Іх чакае скарочаная форма навучання. Праўда, толькі ў выпадку далейшай вучобы па блізкай спецыяльнасці.

“Блізкасць” спецыяльнасцей

Зараз скарочаная форма навучання пашыраецца, устанаўліваюцца кантакты з усё большай колькасцю каледжаў. Але так было не заўсёды. У пачатку 2000-х гг. гэтая форма была ва ўпадку, і адна з прычын — цяжкасці ва ўзгадненні вучэбных планаў.
“Мы правялі вялікую работу і зараз здзяйсняем набор па цэлым шэрагу спецыяльнасцей. Гэта “Дакументазнаўства”, “Матэматыка і інфармацыйныя тэхналогіі”, “Бізнес-адміністраванне”, “Дызайн” і іншыя”, — расказала начальнік галоўнага ўпраўлення вучэбнай і навукова-метадычнай работы БДУ Л.М.Хухлындзіна.
Скарочаная форма актыўна развіваецца і ў іншых установах адукацыі.
“Сёлета ў нашым універсітэце гэтая форма значна ўзмацнілася, — паведаміў прарэктар па вучэбнай рабоце БНТУ Г.А.Вяршына. — На скарочаную форму мы будзем прымаць выпускнікоў сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў па 15 спецыяльнасцях. У параўнанні з мінулым годам вельмі шмат — амаль у 10 разоў больш”.
Так, інтэграваныя вучэбныя планы былі зроблены. Частка дысцыплін, якія вывучаюць ва ўніверсітэтах, ёсць і ў каледжах. Яны разглядаюцца як адзіны модуль, і чытаць іх для студэнтаў скарочанай формы навучання няма патрэбы.
“Калі ствараюцца вучэбныя планы, мы запісваем, якія вучэбныя дысцыпліны залічваюцца. Гэтыя дысцыпліны часам адпавядаюць і па назве, і па колькасці гадзін. Навошта яшчэ раз траціць дзяржаўныя сродкі?” — патлумачала Л.М.Хухлындзіна.
Выпускнікі каледжаў маюць добрую практычную падрыхтоўку. Таму, напрыклад, навучанне у БНТУ па скарочанай форме патрабуе меншай колькасці практык.
Як расказалі прадстаўнікі ўніверсітэтаў, на якасці падрыхтоўкі спецыяліста скарочаная форма ні ў якім разе не адбіваецца. Больш за тое, выпускнікі ССНУ нават больш падрыхтаваны да вучобы ва ўніверсітэце, да самастойнага навучання, чым студэнты, якія прыйшлі вучыцца адразу пасля школы.
Сёння БНТУ мае дагаворы са 110 каледжамі па краіне. Гэта значыць, што з гэтымі навучальнымі ўстановамі ўніверсітэт узгадніў вучэбныя планы і іх выпускнікі могуць вучыцца на скарочанай форме навучання. БДУІР, напрыклад, інтэграваў планы з 51 каледжам.

Каледж як філіял універсітэта

Тэндэнцыя апошніх гадоў — аб’яднанне каледжаў з установамі вышэйшай адукацыі. Гэта значыць, што каледжы становяцца асобнымі падраздзяленнямі ўніверсітэтаў.
“У сістэму БНТУ перададзена ўжо 6 каледжаў, якія будуць працаваць у рангу яго філіялаў, — гэта 3 каледжы ў Мінску і 3 рэгіянальныя. Там рыхтуюць па спецыяльнасцях, якія практычна адпавядаюць спецыяльнасцям БНТУ. Гаворка ідзе пра Бабруйскі аўтатранспартны каледж, Жодзінскі політэхнічны каледж, Барысаўскі політэхнічны каледж, Мінскі політэхнічны каледж, Мінскі тэхналагічны каледж, Мінскі архітэктурна-будаўнічы каледж”, — паведаміў Г.А.Вяршына.
У гэтым годзе плануецца далучэнне аднаго з каледжаў да БДУІР. Гэта будзе першае падобнае структурнае падраздзялен-не ва ўніверсітэце.
“Пры такім узаемадзеянні прасцей інтэграваць вучэбныя планы, — расказаў дэкан бесперапыннага і дыстанцыйнага навучання БДУІР В.М.Бандарык. — Але зразумела, што ўніверсітэты неахвотна будуць аддаваць выпускнікоў сваіх каледжаў (патэнцыяльных абітурыентаў) у іншыя ўстановы вышэйшай адукацыі”.
Аб’яднанне каледжаў з універсітэтамі — добрая перадумова для ўваходжання нашай краіны ў Балонскі працэс.
“У Балонскім працэсе прынята двухступеньчатая сістэма падрыхтоўкі — бакалаўрыят і магістратура. Калі каледж знахо-дзіцца ў структуры ўніверсітэта, то вучэбны працэс можна арганізаваць так, каб выпускнік адразу станавіўся бакалаўрам”, — адзначыў Г.А.Вяршына.

Формы бываюць розныя

Варыянты навучання па скарочанай форме такія ж, як у поўны тэрмін: вочная і завочная, платная і бясплатная. Можна паступаць на вочную бясплатную форму навучання, аднак гэта магчыма толькі ў год заканчэння каледжа. На наступны год ужо няма такой магчымасці. Калі чалавек працуе, ёсць завочная форма, у тым ліку і бюджэтная.

Запатрабаванасць

Запатрабаванасць розных спецыяльнасцей неаднолькавая. Напрыклад, у БДУ на шэраг спецыльнасцей упершыню набіралі толькі ў мінулым годзе — на “Сацыяльную работу”, эканамічныя спецыяльнасці, беларускую і рускую філалогію. І вялікага конкурсу тады не назіралася.
“Можа, не ўсе да канца пачулі, даведаліся пра гэта. Мы спадзяёмся, што сёлета інфармацыя атрымала больш шырокае распаўсюджанне, чым летась, і конкурсы павялічацца”, — расказала Л.М.Хухлындзіна.
Спецыяльнасці, на якія набор ідзе не першы год, набылі папулярнасць. Так, на “Прафесійнае навучанне (будаўніцтва)” у БНТУ конкурс на бюджэтнае навучанне летась быў 10 чалавек на месца, на “Тэхнічнае гарантаванне бяспекі” — 19 чалавек на месца.
“Намнога большы конкурс, чым на поўную форму навучання. Вялікая колькасць выпускнікоў каледжаў імкнецца атрымаць адукацыю нават за свае асабістыя сродкі”, — адзначыў Г.А.Вяршына.

Увага: не як у школьнікаў

Ёсць адрозненні ў паступленні ва ўніверсітэт на скарочаную форму навучання. Напрыклад, для паступлення ў БНТУ трэба здаць цэнтралізаванае тэсціраванне толькі па адным прадмеце — рускай ці беларускай мове. А далей у залежнасці ад спецыяльнасці ва ўніверсітэце праводзіцца экзамен па двух профільных прадметах. Напрыклад, калі гэта “Прафесійнае навучанне (будаўніцтва)”, то трэба здаваць “Будаўнічыя матэрыялы і вырабы” і “Тэхналогію будаўнічай вытворчасці”. Абітурыент павінен пацвердзіць веды, атрыманыя ў каледжы.
Для паступлення ў БДУ таксама трэба здаваць адно ЦТ і два ўнутраныя выпрабаванні. А вось у БДУІР ужо трэба прынесці 2 сертыфікаты ЦТ (па мове і матэматыцы) і здаць адзін для ўсіх спецыяльнасцей унутраны экзамен па “Асновах інфармацыйных тэхналогій”.

Бюджэт — спецыяльна для скарочанай формы навучання

Як размяркоўваюцца бюджэтныя і платныя месцы? На ўніверсітэты выдзяляюцца месцы. Рэктар размяркоўвае іх па факультэтах, дэкан — па спецыяльнасцях, узгадняючы з рэктарам.
“Дэкан факультэта радыёэлектронікі БДУІР пайшоў на тое, каб частку бюджэтных месцаў, якія яму выдзелілі, аддаць менавіта для студэнтаў скарочанай формы”, — расказаў В.М.Бандарык.

Святлана ШЫЯН.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.