Дыстанцыйная школа па геаграфіі: навучэнцы ацанілі і фармат, і тэхналогіі

Аб адкрыцці рэспубліканскай вочна-завочнай школы дадатковай геаграфічнай адукацыі дзяцей і моладзі, якую арганізавалі Рэспубліканскі цэнтр турызму і краязнаўства сумесна з геаграфічным факультэтам БДУ, мы пісалі ў пачатку навучальнага года. А цяпер вырашылі паглядзець, як спрацоўвае такая форма падрыхтоўкі, свайго роду “дыстанцыйны рэпетытар”. Аказалася, цудоўна спрацоўвае! У школе прайшлі навучанне больш за 300 чалавек, частка з якіх, несумненна, абярэ спецыяльнасці геаграфічнага профілю.

У гэтым годзе школа працавала ўпершыню. Увогуле гэта адзін з нямногіх прыкладаў у краіне, калі школьнікі могуць пазаймацца прадметам дадаткова з дапамогай дыстанцыйных тэхналогій. Мабыць, галоўная перавага дыстанцыйнага навучання ў тым, што яно дазволіла арганізаваць вучэбны працэс ва ўстановах, аддаленых ад такіх адукацыйных цэнтраў, як, напрыклад, БДУ. Дзеці з розных куткоў Беларусі атрымалі доступ да якасных адукацыйных рэсурсаў.
Як расказала каардынатар школы намеснік дырэктара Рэспубліканскага цэнтра турызму і краязнаўства Л.А.Жур, у самым пачатку ў школу залічылі 339 чалавек. Навучэнцаў 7—9 класаў — 225, 10—11 класаў — 114. Найбольшая колькасць з іх былі з Мінскай, Гродзенскай і Брэсцкай абласцей. Праўда, школьнікі праяўлялі розную актыўнасць у вучобе.
“Мы асабліва ўдзячныя тым настаўнікам, якія нацэлілі навучэнцаў на дадатковае вывучэнне геаграфіі ў нашай дыстанцыйнай школе”, — адзначае Лідзія Андрэеўна Жур.
Работа была пабудавана наступным чынам. Выкладчыкі геафака БДУ распрацавалі праграму, якую разбілі на 7 модуляў. У канцы кожнага школьнікі здавалі дыстанцыйныя тэсты, праходжанне якіх было умовай пераходу ў наступны тур. Тэставыя заданні, якія распрацавалі тыя ж выкладчыкі БДУ, Марына Міхайлаўна Ермаловіч і Яўген Анатольевіч Казлоў, размяшчаліся на сайце Рэспубліканскага цэнтра турызму і краязнаўства. На працягу навучальнага года на сайце можна было бачыць рэйтынгі паспяховасці слухачоў школы.
Тэмы навучэнцы асвойвалі самастойна, выкарыстоўваючы электронныя навучальныя дапаможнікі, кансультуючыся з педагогамі цэнтра. Кансультацыі праводзіліся з дапамогай электроннай пошты, па скайпе.
Апошні, вочны, тур прайшоў нядаўна на геаграфічным факультэце Белдзяржуніверсітэта. У “фінал” былі запрошаны школьнікі, якія занялі першыя 28 радкоў у рэйтынгу.
Падводзячы вынікі работы школы, яе арганізатары адзначаюць, што дзеці па праве ацанілі дыстанцыйную форму навучання. Дыстанцыйная школа — гэта свайго роду аддаленае рэпетытарства.
“Слухачы нашай школы — гэта тыя, хто жадае атрымаць дадатковыя веды, пашырыць кругагляд і выйсці за межы стандартнай адукацыі. Дыстанцыйная школа падыходзіць тым, хто па якіх-небудзь прычынах не можа наведваць адукацыйныя ўстановы, напрыклад, з-за асаблівасцей псіха-фізічнага развіцця. Ці ў выпадку геаграфічнай аддаленасці ад адукацыйных устаноў”, — кажа дырэктар Рэспубліканскага цэнтра турызму і краязнаўства Сяргей Сцяфанавіч Мітраховіч.
Ён адзначае і такі важны вынік: школьнікі атрымалі навыкі работы з рознымі тэхналогіямі дыстанцыйнага навучання, электроннымі адукацыйнымі рэсурсамі, а таксама навыкі самаарганізацыі і самаадукацыі. Гэта спатрэбіцца ім у далейшым навучанні, незалежна ад абранага шляху. Хоць, вядома, галоўнымі задачамі школы першапачаткова былі паглыбленая падрыхтоўка навучэнцаў па геаграфіі і арыентацыя на спецыяльнасці геаграфічнага профілю.
У наступным навучальным годзе ў дыстанцыйнай школе плануецца запусціць двухгадовую праграму вывучэння геаграфіі на павышаным узроўні. Гэта дасць магчымасць уручаць выпускнікам пасведчанні аб дадатковай адукацыі.
Яшчэ ў планах Рэспубліканскага цэнтра турызму і краязнаўства адкрыццё дыстанцыйнай школы па гісторыі. Такую думку выказаў дырэктар цэнтра С.С.Мітраховіч, выступаючы перад школьнікамі падчас вочнага тура на геаграфічным факультэце БДУ.

Іна НІКІЦЕНКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.