Эфект хвалі на старце

Звычайна, калі чуеш слова “эканаміст”, уяўляецца засяроджаны чалавек у акулярах, які дзень і ноч сядзіць над кіпай папер, спісаных слупкамі лічбаў. А калі да гэтага дадаецца яшчэ і прыметнік “юны”, падаецца, што перад табой — яго зменшаная копія. Але дзеці, якія займаюцца ў школе юнага эканаміста, што адкрылася нядаўна на эканамічным факультэце БДУ, знішчаюць ушчэнт падобныя асацыяцыі. Жывасцю, весялосцю, лёгкасцю і дапытлівасцю.

— На факультэце даўно праводзяцца конкурсы па фінансавай дасведчанасці сярод школьнікаў. Па шчырасці, іх вынікі нас не вельмі задавальняюць, хоць да ўдзельнікаў не прад’яўляецца завоблачных патрабаванняў. Гэта засмучае, — тлумачыць перадумовы стварэння школы куратар праекта загадчык кафедры карпаратыўных фінансаў эканамічнага факультэта Ірына Карачун. — Але развіццё фінансавай дасведчанасці апошнім часам набывае актуальнасць, у краіне распрацоўваюцца нацыянальныя праграмы. І мы вырашылі ўнесці ў працэс свой уклад. Калі мы навучым эканамічным асновам дзяцей, яны пазнаёмяць з імі сваіх бацькоў, бабуль і дзядуляў. Гэта своеасаблівы эфект хвалі, калі веды распаўсюдзяцца ад малодшага пакалення да старэйшага.

Такія рэчы, як дэпазіты, выбар працэнтнай стаўкі пры афармленні крэдыту, папаўненне дэпазітаў грашовымі сродкамі, могуць напужаць многіх. Але з усім гэтым з лёгкасцю справяцца выпускнікі школы, якая завершыцца ў маі.

Ідэя пляцоўкі — адукацыйнага цэнтра менавіта для школьнікаў — узнікла ў Ірыны Карачун даўно. Пашанцавала і пры яе рэалізацыі: праектам зацікавіліся арганізацыі-партнёры (Нацыянальны банк, камерцыйныя банкі, разнастайныя агенцтвы), яго падтрымалі. Спецыяліст падкрэслівае, што вучні — гэта будучыя абітурыенты незалежна ад таго, у які ўніверсітэт яны паступяць.

— У такой школе дзеці змогуць ацаніць свае захапленні, схільнасці і здольнасці, магчыма, нават вызначыцца з будучай прафесіяй. А калі вучню, які пачне займацца гэтым на раннім этапе, не спадабаецца эканоміка, ён зможа рэалізаваць сябе ў іншай сферы. У яго застанецца час, каб пераарыентавацца, выбраць для сябе штосьці больш цікавае і карыснае. У гэтым вялікі плюс, — пераканана куратар праекта.

Арганізатары атрымалі вялікую колькасць заявак на ўд зел, прытым не толькі ад школьнікаў. Цікавасць да школы юных эканамістаў праявілі студэнты з іншых факультэтаў БДУ, а таксама дарослыя, дзейнасць якіх поўнасцю адрозніваецца ад эканамічных спецыялізацый. Так, высветлілася, што падобная ініцыятыва — гэта патрабаванне часу. Адметна і тое, што праект ахоплівае не толькі сталічных вучняў (на заняткі прыязджаюць дзеці з Фаніпаля, Дзяржынска і Бабруйска).

Заняткі ў школе будуць праходзіць па суботах у дзвюх групах: для тых, хто ўжо мае пэўны вопыт, і дзяцей, якія толькі знаёмяцца з эканомікай. Лекцыі будуць дапоўнены інтэрактыўнымі формамі ўзаемадзеяння з падлеткамі (конкурсы, віктарыны, экскурсіі ў партнёрскія ўстановы), а таксама практычнымі заняткамі, што дазволіць замацаваць атрыманыя веды. Перад імі выступяць вядучыя супрацоўнікі кампаній-партнёраў, выкладчыкі факультэта і студэнты. Такім чынам, абітурыенты маюць магчымасць набыць першасную інфармацыю непасрэдна ад прадстаўнікоў спецыяльнасцей.

Студэнты, якія прыйдуць да юных эканамістаў, па словах Ірыны Андрэеўны, павінны быць здольнымі выбіраць цікавыя матэрыялы, апрацоўваць іх і ў даступнай форме даносіць да аўдыторыі. Дарэчы, маладыя людзі з такімі якасцямі вучацца на спецыяльнасці “Эканамічная тэорыя”, спецыфіка якой прадугледжвае праходжанне педагагічнай практыкі і ўменне кантактаваць з дзецьмі.

У Беларускім дзяржаўным універсітэце школы юных не рэдкасць. Але адметнай рысай пляцоўкі для юных эканамістаў стала непарыўная сувязь з партнёрамі.

— Мы не будзем варыцца ў сваім саку, займаючыся падрыхтоўкай дзяцей да цэнтралізаванага тэсціравання, — заўважае Ірына Карачун. — Школа функцыянуе не толькі з прафарыентацыйнай мэтай: у першую чаргу яна накіравана на развіццё асобы. Інфармацыя, атрыманая ў школе, можа быць выкарыстана дзецьмі ў жыцці незалежна ад таго, звяжуць яны свой лёс з эканомікай ці не.

Гэтыя словы пацвердзіў першы дзень узаемадзеяння з падлеткамі. На адкрыцці школы арганізатары правялі сярод іх тэсціраванне па фінансавай дасведчанасці. Дзеці адказвалі на пытанні, вырашэнне якіх можна знайсці ў штодзённым жыцці. Здавалася б, паспрабаваць сябе ў няпростай эканоміцы, тым больш займацца ёй далей, захочуць нямногія. Аднак не, на першыя заняткі прыйшло каля 80 чалавек, больш за 100 плануюць наведваць іх у далейшым. Больш за тое, запіс ахвочых усё яшчэ працягваецца.

Адзінаццацікласніца Ірына Туміловіч завітала сюды разам з сяброўкай: кажуць, што разам цікавей. Аб праекце дзяўчынкі сталічнай сярэдняй школы № 190 даведаліся ад прадстаўніка факультэта, які аднойчы завітаў да іх на ўрок. Ён змог распаліць у дзяцей цікавасць, і тыя вырашылі паглядзець на школу, а таксама сабраць звесткі пра вучобу ў БДУ.

— Мне хацелася б даведацца пра эканоміку і яе асноўныя напрамкі больш, бо гэта неверагодна цікава. Ды і ў гэтай справе мне ёсць на каго раўняцца: мая матуля — эканаміст-практык, — адзначае Ірына Туміловіч.

Ірына ІВАШКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.