Экасістэма інавацый

Набыць сучасную спецыяльнасць, прайсці грунтоўную практыку, паспяхова працаўладкавацца — мэта кожнага абітурыента, а для студэнтаў Віцебскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя П.М.Машэрава толькі сціплая праграма­-мінімум. Альма-­матар заахвочвае першыя крокі моладзі ў навуку, дапамагае раскрыць таленты, праявіць лідарскія якасці, асвоіць навыкі інавацыйнага прадпрымальніцтва, ажыццявіць уласныя праекты. Аб прыярытэтах, якія абумоўліваюць развіццё ВДУ імя П.М.Машэрава, дасягненнях калектыву і цікавых пачынаннях — у гутарцы з рэктарам, доктарам эканамічных навук, прафесарам Валянцінай БАГАТЫРОВАЙ.

— Валянціна Васільеўна, што ва ўніверсітэце галоўнае на парадку дня? 

— Напэўна, не толькі для нас, а для ўсёй сістэмы адукацыі сёння самае важнае — гэта зразумець: адукацыя не паслуга, а ў першую чаргу сур’ёзная духоўна-маральная, патрыятычная работа з моладдзю. У кантэксце рэалізацыі комплексу ключавых праектаў і праграм, у тым ліку дзяржаўнай праграмы “Адукацыя і маладзёжная палітыка”, мадэлі “Універсітэт 4.0”, у цэлым Канцэпцыі развіцця адукацыі Рэспублікі Беларусь да 2030 года, прыярытэтнай мэтай устаноў вышэйшай адукацыі мне бачыцца выхаванне. Кажучы па-скарынаўску, неабходна, каб людзі з дзяцінства ўбіралі ў сябе вялікую ласку і любоў да таго месца, дзе нарадзіліся: шанавалі яго і хацелі яму служыць, цанілі вопыт папярэдніх пакаленняў, захоўвалі гістарычную памяць. Віцебшчына слаўная сваімі людзьмі. Зберагаць і прымнажаць іх спадчыну — гонар для кожнай установы адукацыі. Мы, напрыклад, вельмі ганарымся тым, што наш універсітэт носіць імя Пятра Міронавіча Машэрава, і не проста гутарым аб гэтым з моладдзю, а стараемся падмацоўваць размовы канкрэтнымі справамі, якія дазваляюць усвядоміць: дзень пражыты не марна.

— Новая ініцыятыва ВДУ — стварэнне ліцэя. Чым яна выклікана?

— Вобласці і краіне патрэбны высокакваліфікаваныя маладыя спецыялісты, таму ўніверсітэт забяспечвае высокую якасць адукацыі і набор на сучасныя спецыяльнасці, прадастаўляе студэнтам разнапланавыя магчымасці для раскрыцця чалавечага патэнцыялу ў вучобе і навуцы, грамадскай і праектнай дзейнасці, творчасці і спорце. Для таго, каб юнакі і дзяўчаты ўсвядомлена імкнуліся застацца ў сваім рэгіёне, каб сацыялізаваць іх у студэнцкую супольнасць на ранніх этапах, сёлета мы адкрываем ліцэй ВДУ імя П.М.Машэрава. Лічым гэта добрым інструментам для прытоку ва ўстановы вышэйшай адукацыі вобласці матываваных першакурснікаў. Разам з тым гаворка не толькі і не столькі пра нашых патэнцыяльных абітурыентаў. Для падлетка надзвычай каштоўныя зносіны з аўтарытэтнымі вучонымі-педагогамі, якія маюць велізарны прафесійны і жыццёвы вопыт. Верагодна, многія з тых сённяшніх навучэнцаў, хто пакуль марыць пра чужыя далячыні, і не пакінуць Віцебск, бо ім захочацца працягнуць вучобу і супрацоўніцтва з любімымі выкладчыкамі. Я ў гэта веру. У высокатэхналагічных лабараторыях нашы ліцэісты паглыбяцца ў захапляльны свет навуковых даследаванняў, аднак найперш — стануць часткай дружнай універсітэцкай сям’і, дзе паняцці гонару, сумлення, годнасці, любові да Радзімы займаюць асаблівае месца.

— Ці з’явяцца ў пераліку спецыяльнасцей новыя?

— Мы нацэлены на адкрыццё новых спецыяльнасцей, правя­дзенне навуковых даследаванняў, якія праз прызму адукацыйных прадметаў выклікаюць у маладога чалавека прагу пазнання свету, вынаходніцтваў, пошуку раней нязведанага і карыснага, укаранення яго ў жыццё людзей. Упэўнена, што за тэхнічнымі спецыяльнасцямі на аснове высокага гуманітарнага развіцця будучыня нашай дзяржавы. За апошнія некалькі гадоў ва ўніверсітэце адкрыта 9 новых цікавых спецыяльнасцей, прычым боль­шасць з іх знаходзяцца на стыку навук. Адну з іх хочацца вылучыць асобна — як наша значнае агульнае дасягненне і маю спраўджаную мару. Падрыхтоўку студэнтаў па спецыяльнасці “ІТ у ахове здароўя” ажыццяўля­юць факультэт матэматыкі і інфармацыйных тэхналогій сумесна з факультэтам хіміка-біялагічных і геаграфічных навук — абодва з магутнай матэрыяльна-тэхнічнай базай, вельмі сур’ёзнымі навуковымі школамі. З імі актыўна ўзаема­дзей­нічае ў даследаваннях і праектах факультэт фізічнай культуры і спорту. Невыпадкова тут сёлета мы адкрылі новую спецыяльнасць “Спартыўна-педагагічная дзейнасць (трэнерская работа па лёгкай атлетыцы)”, набор на якую пачнецца наступным летам. Пакуль як профіль выбралі лёгкую атлетыку, але патэнцыял факультэта, наяўныя рэсурсы і запыт у рэгіёне на трэнераў-выкладчыкаў з вышэйшай адукацыяй даюць падставу прагназаваць далейшае пашырэнне лінейкі па відах спорту. І, канечне ж, традыцыйна ў ліку нашых прыярытэтаў педагагічныя спецыяльнасці.

— Спецыяльнасці на стыку навук — трэнд у сучаснай адукацыі. Якім чынам ён суадносіцца з навуковай і інавацыйнай дзейнасцю ўніверсітэта?

— Гэтая дзейнасць у нас арганізавана ў рамках 15 навуковых школ, што маюць сусветную вядомасць — прычым 7 працу­юць на згаданых факультэтах. Ра­зам з нашымі вучонымі навуковымі даследаваннямі вынікова займаюцца студэнты. Асаблівую цікавасць уяўляюць праекты на стыку навук з ярка выяўленай практычнай накіраванасцю — напрыклад, на аснове інтэграцыі матэматычнага мадэлявання і электронікі з медыцынай, або фармацыі, спорту ці біятэхналогій з камп’ютарнымі тэхналогіямі, або эканомікі з электронікай і праграмаваннем, або біяфармакалогіі, біяінфарматыкі, медыцынскай робататэхнікі. У ліпені ў нас быў створаны аддзел арганізацыі і суправаджэння інавацыйнай дзейнасці. На працягу мінулага года ўніверсітэт прыняў удзел у звыш 10 выставах, большасць з іх мела міжнароднае прадстаўніцтва. Мы падпісалі пагадненні аб супрацоўніцтве з інстытутамі НАН Беларусі — фізіка-тэхнічным, аб’яднанага машынабудавання, прыкладной фізікі, тэхнічнай акустыкі. Уступілі ў Віцебскі абласны саюз наймальнікаў, які аб’ядноўвае больш за 300 юрыдычных асоб, у асноўным — прамысловыя прадпрыемствы вобласці. ВДУ нацэлены на ўзмацненне ўзаема­дзеяння з навукова-вытворчымі, рэсурснымі і інавацыйнымі цэнтрамі рэгіёна і рэспублікі, краін блізкага і далёкага замежжа. У прыватнасці, бачым шырокія перспектывы для развіцця медыка-фармацэўтычнага кластара, што ўжо функцыянуе. Для вырашэння пастаўленых задач плануем стварыць ва ўніверсітэце цэнтр трансферу тэхналогій з навукова-даследчай лабараторыяй комплекснага аналізу, ма­дэлявання і прагназавання даных. Актуальныя напрамкі здольныя забяспечыць нам першынство на рынку аказання навукова-тэхнічных паслуг і ўкаранення распрацовак, ператварыць універсітэт у драйвер інавацыйнага развіцця рэгіёна.

— Жыццё ўніверсітэта, студэнцтва — тэма ўдзячная і невычарпальная…

— Расказваць можна многа, але лепш завітаць да нас і пазнаёміцца з універсітэцкім жыццём асабіста. Чаму абітурыенты ўсё часцей аддаюць перавагу ВДУ? У пачатку мінулага года наш універсітэт быў прызнаны лепшым у сістэме адукацыі рэспублікі ў намінацыі “За развіццё інавацыйнай дзейнасці і экспарту адукацыйных паслуг”. Па выніках конкурсу, што прахо­дзіў у сакавіку—красавіку, мы адзіныя ў краіне сярод устаноў вышэйшай адукацыі былі адзначаны прэміяй Урада Рэспублікі Беларусь за дасягненне значных вынікаў у галіне якасці і канкурэнтаздольнасці, укараненне інавацыйных тэхналогій і сучасных метадаў менеджменту. У красавіку ўніверсітэт быў занесены на абласную Дошку гонару. З параўнальна нядаўняга — у снежні мы сталі ўладальнікамі гран-пры Міжнароднай бізнес-прэміі “Лідар года — 2021” у намінацыі “Адукацыя”. Гэта не проста ўзна­гароды, а пераканаўчая ацэнка пастаяннай карпатлівай працы — шчырай, сумленнай і з душой — усяго калектыву.

Таццяна БОНДАРАВА.
Фота прадастаўлена Медыяцэнтрам ВДУ імя П.М.Машэрава vsu.by .