Эколаг — гэта гучыць… разнастайна

Экалогія — загадкавая навука, якая ва ўсіх на слыху, але да сёння не мае адзінага вызначэння. Адны скажуць, што гэта падраздзел біялогіі, аднак будуць толькі часткова мець рацыю. Іншыя звяжуць экалогію з прыродаахоўнай дзейнасцю, але гэта таксама не раскрые яе сутнасці. Справа ў тым, што складаная разгалінаваная навука — экалогія — існуе на стыку розных дысцыплін: біялогіі, хіміі, фізікі, матэматыкі, геаграфіі і іншых. І калі гаварыць пра эколага без спасылкі на яго спецыялізацыю, то гэта можа быць спецыяліст амаль што з любой сферы навукі і практыкі.

Каб даведацца пра гэтую цікавую навуку, а галоўнае, як атрымаць адпаведную адукацыю, мы накіраваліся ў Міжнародны дзяржаўны экалагічны інстытут імя А.Д.Сахарава Белдзяржуніверсітэта. Дарэчы, гэта вядучая ўстанова Беларусі, якая ажыццяўляе падрыхтоўку спецыялістаў экалагічнага профілю, і базавая арганізацыя дзяржаў — удзельніц СНД па экалагічнай адукацыі.



“Усе змены ў навакольным свеце адбываюцца ў выніку актыўнай дзейнасці чалавека, — гаворыць намеснік дэкана факультэта маніторынгу навакольнага асяроддзя Уладзімір Мікалаевіч Капіца. — Мы пераўтвараем свет пад нашы патрэбы, і, каб нам было зручней жыць, патрабуецца ўсё больш рэсурсаў і энергіі. За камфорт даводзіцца плаціць тым, што забруджваецца навакольнае асяроддзе. Атрымліваецца, што спачатку мы ствараем праблемы, а потым пачынаем іх мужна вырашаць”.

Сёння пры арганізацыі прыродаахоўнай дзейнасці патрэбны спецыялісты, якія маглі б устанаўліваць і кантраляваць выкананне правіл гульні — экалагічнага заканадаўства. Па гэтай прычыне сучасным эколагам неабходна добрая прававая падрыхтоўка, каб правільна рэагаваць на тыя ці іншыя сітуацыі. Для іх таксама важна валодаць тэхнічнымі ведамі, умець аналізаваць тэхналагічныя працэсы вытворчасці, выяўляць механізмы ўздзеяння на навакольнае асяроддзе. “Паколькі гэтае ўздзеянне тэхнагеннае, то і супрацьдзеянне павінна быць адпаведным”, — гаворыць Уладзімір Мікалаевіч.

Экалагічныя праблемы можна вырашаць толькі ў комплексе. Аднак не заўсёды атрымліваецца, каб адзін і той жа спецыяліст валодаў усімі неабходнымі ведамі. У інстытуце імя Сахарава ажыццяўляецца дыферэнцыраваная падрыхтоўка спецыялістаў. На факультэт маніторынгу навакольнага асяроддзя (яго называюць яшчэ інжынерным) абітурыенты здаюць мову, фізіку і матэматыку; на факультэт экалагічнай медыцыны — мову, хімію і біялогію. Пералік спецыяльнасцей даволі шырокі: ад эколага-эксперта да медыцынскага фізіка.

На варце прыроды

Па спецыяльнасці “Прыродаахоўная дзейнасць” прапаноўваюцца два напрамкі падрыхтоўкі: экалагічны маніторынг; экалагічны менеджмент і экспертыза (кваліфікацыя “эколаг, інжынер па ахове навакольнага асяроддзя”).

Як паведаміў загадчык кафедры экалагічнага маніторынгу і менеджменту прафесар Сяргей Яфімавіч Галаваты, пры падрыхтоўцы спецыялістаў акцэнт робіцца на прававую падрыхтоўку. Выпускнікам даюцца асновы тэхнічнай адукацыі, каб яны маглі добра арыентавацца ў тэхналагічных працэсах, чытаць чарцяжы, даваць тэхнічна абгрунтаваныя рэкамендацыі па рэгуляваным уздзеянні на навакольнае асяроддзе. Акрамя таго, пры падрыхтоўцы вылучаюцца сур’ёзныя патрабаванні да ведання хіміі, біялогіі, экалогіі.

“Зараз укараняецца ў практыку экалагічнае заканадаўства — вельмі патрабавальнае да ўсіх суб’ектаў гаспадарання, — тлумачыць прафесар С.Я.Галаваты. — Таму неабходны спецыялісты, якія не толькі разбіраюцца ў праблемах экалогіі, але і могуць вырашаць гэтыя праблемы з пункту гледжання вытворчасці”.

Спецыяльнасць, сумесная з БНТУ

Сучаснае грамадства ў значнай ступені залежыць ад энергазабеспячэння, таму кіраванне энергетычнымі рэсурсамі з’яўляецца неабходным. Спецыяльнасць “Энергаэфектыўныя тэхналогіі і энергетычны менеджмент” (кваліфікацыя “інжынер-энергаменеджар”), якая адкрыта ў інстытуце імя Сахарава сумесна з БНТУ, заклікана забяспечыць рацыянальнае выкарыстанне наяўных рэсурсаў, папярэджанне іх страт і абгрунтаванне магчымасці і перспектыўнасці прымянення аднаўляльных рэсурсаў, якія ёсць у нашай краіне, але выкарыстоўваюцца недастаткова.

“Выпускнікі гэтай спецыяльнасці — па сутнасці інжынеры-энергетыкі з класічнай падрыхтоўкай, якія ўмеюць працаваць з аднаўляльнымі крыніцамі, — тлумачыць Уладзімір Капіца. — Яны знаходзяць прымяненне ва ўсіх арганізацыях, дзе патрэбен энергетык: пачынаючы школамі і заканчваючы міністэрствамі, у тым ліку на прамысловых, камунальна-бытавых прадпрыемствах. Усе гэтыя арганізацыі павінны выконваць патрабаванні па энергазберажэнні, а тыя з іх, што працуюць аддалена (аўтазапраўкі, асобныя магазіны і г.д.), за кошт наяўнасці там вялікай тэрыторыі могуць устанавіць ветраэлектрастанцыі, сонечныя батарэі і такім чынам выкарыстоўваць аднаўляльныя крыніцы энергіі. Усё гэта пры неабходнасці могуць забяспечыць нашы выпускнікі”.

Сёлета інстытут разам з Мінскім дзяржаўным энергетычным каледжам пачынае інтэграваную падрыхтоўку спецыялістаў па скарочанай форме навучання. Некаторыя дысцыпліны, якія выпускнікі вывучалі ў каледжы, будуць залічвацца як дысцыпліны вышэйшай адукацыі, і з’явіцца магчымасць паступаць у інстытут адразу на 3 курс.

Праграмісты з экалагічным ухілам

Спецыяльнасць “Інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі” не новая ў нашай краіне, але напрамкі падрыхтоўкі — “Інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі (у экалогіі)” і “Інфармацыйныя сістэмы і тэхналогіі (у ахове здароўя)” — ёсць толькі ў інстытуце імя Сахарава.

“Выпускнікі атрымліваюць кваліфікацыю “інжынер-праграміст” (а па першым напрамку — “інжынер-праграміст-эколаг”), — расказвае Уладзімір Мікалаевіч. — Акрамя ІКТ, яны вывучаюць шэраг экалагічных дысцыплін. Гэта дазваляе ім паўнавартасна працаваць у арганізацыях, звязаных з прыродаахоўнай дзейнасцю, маніторынгам навакольнага асяроддзя і г.д. Выпускнікі другога напрамку падрыхтоўкі, дзякуючы наяўнасці спецыяльных ведаў, запатрабаваны ў сістэме аховы здароўя. Сёння актыўна развіваюцца сайты клінік, ствараюцца электронныя карткі пацыентаў, уводзяцца электронныя рэцэпты. Нашы выпускнікі якраз і развіваюць адпаведныя рэсурсы”.

Дарэчы, кафедра інфармацыйных экалагічных сістэм, якая з’яўляецца выпускаючай па згаданай спецыяльнасці, мае свае філіялы на вядучых профільных прадпрыемствах. Так, з 2004 года дзейнічае філіял у Аб’яднаным інстытуце праблем інфарматыкі НАН Беларусі, а два гады назад адкрыта інавацыйная пляцоўка кафедры на базе Парка высокіх тэхналогій.

Інжынеры з медыцынскай падрыхтоўкай

Падрыхтоўка па спецыяльнасці “Медыцынская фізіка” ў нашай краіне вядзецца толькі ў інстытуце імя Сахарава (кваліфікацыя “медыцынскі фізік”). Заказ на адпаведных спецыялістаў паступіў ва ўстанову адукацыі з Савета Міністраў, і ў 2013 годзе тут адбыўся першы набор.

“Сёння ўсе вядучыя клінікі забяспечаны лазерным, іанізуючым абсталяваннем, якое неабходна для дыягностыкі і лячэння, — тлумачыць Уладзімір Капіца. — Для работы з ім патрабуюцца не толькі ўрачы, але і спецыялісты, здольныя індывідуальна для кожнага чалавека разлічыць бяспечныя дозы дыягнастычнага ці тэрапеўтычнага выпраменьвання і забяспечыць яго максімальную эфектыўнасць. Такім чынам, прафесійныя ўрачы ведаюць, што трэба рабіць, а тое, як рабіць, ведаюць медыцынскія фізікі”.

Дагэтуль іх даводзілася рыхтаваць за мяжой. Але ў інстытуце імя Сахарава ўжо была практыка падрыхтоўкі радыеэколагаў і радыебіёлагаў, таму было прынята рашэнне адкрыць спецыяльнасць “Медыцынская фізіка” менавіта тут.

“Фізіка-матэматычная падрыхтоўка па гэтай спецыяльнасці вельмі моцная. Па аб’ёме гадзін яна ў 4 разы пераўзыходзіць звычайную інжынерную падрыхтоўку, — гаворыць загадчык кафедры фізікі і вышэйшай матэматыкі Віктар Феліксавіч Малішэўскі. — Заўважную дапамогу ў падрыхтоўцы спецыялістаў нам аказваюць установы аховы здароўя. Таму студэнты ў дадатак да фізікі атрымліваюць добрыя медыцынскія веды”.

Першы выпуск медыцынскіх фізікаў адбудзецца праз год (па гэтай спецыяльнасці захаваўся 5-гадовы тэрмін навучання). Аднак, улічваючы высокую патрэбу ў такіх спецыялістах, ужо сёлета ў інстытуце адкрываецца магістратура па згаданай спецыяльнасці.

“Мы зыходзілі з таго, што ва ўстановах аховы здароўя працуе вельмі шмат фізікаў, якія захочуць павысіць сваю кваліфікацыю, — тлумачыць Віктар Малішэўскі. — Гэта будзе двухгадовая завочная практыка-арыентаваная магістратура, выпускнікі якой пасля абароны дысертацыі атрымаюць акадэмічную ступень магістра медыцынскай фізікі. За кошт бюджэту сёлета плануецца прыняць 10 чалавек, на ўмовах аплаты — 3 чалавекі”.

Павышаныя стыпендыі і вельмі цікавыя практыкі

Яшчэ адна спецыяльнасць — “Ядзерная і радыяцыйная бяспека”, па якой захаваўся 5-гадовы тэрмін навучання (кваліфікацыя “інжынер”). Яна была адкрыта ў 2008 годзе ў рамках Дзяржаўнай праграмы падрыхтоўкі кадраў для ядзернай энергетыкі. Адпаведна, асноўны спажывец кадраў — Міністэрства энергетыкі (найперш для АЭС). Акрамя таго, гэта Міністэрства аховы здароўя, Мытны камітэт, Пагранічны камітэт, дзе таксама выкарыстоўваюцца ўстаноўкі з іанізуючым выпраменьваннем і трэба гарантаваць іх бяспечнае выкарыстанне.

“Спецыяльнасць запатрабавана, хаця вучыцца на ёй няпроста, — гаворыць Уладзімір Капіца. — Затое ў студэнтаў гэтай спецыяльнасці ёсць пэўныя бонусы: больш высокія стыпендыі і вельмі цікавыя практыкі — як на тэрыторыі нашай краіны, так і замежныя”.

Уладзімір Мікалаевіч расказаў, што ў мінулым годзе інстытут пачаў рэалізоўваць праграмы сеткавай падрыхтоўкі з Нацыянальным даследчым ядзерным універсітэтам “МІФІ” (Расія). Самыя паспяховыя студэнты спецыяльнасцей “Медыцынская фізіка” і “Ядзерная і радыяцыйная бяспека” могуць паралельна паступіць у МІФІ, адвучыцца там і атрымаць два дыпломы — БДУ (згодна з атрыманай спецыяльнасцю) і МІФІ (напрыклад, па спецыяльнасці “Ядзерная фізіка і тэхналогіі”). Такім чынам, адкрываюцца даволі добрыя перспектывы для прафесійнага росту.

“Сёлета праграмы супрацоўніцтва з універсітэтам “МІФІ” пашыраюцца, і нам прапанавалі яшчэ некалькі спецыяльнасцей на ўзроўні як бакалаўрыята, так і магістратуры, — гаворыць Уладзімір Капіца. — Для беларускіх студэнтаў навучанне бясплатнае”.

Адметна, што залічэнне на спецыяльнасці “Медыцынская фізіка” і “Ядзерная і радыяцыйная бяспека” інстытута імя Сахарава праводзіцца па агульным конкурсе са спецыяльнасцямі фізічнага факультэта БДУ.

У Міжнароднага дзяржаўнага экалагічнага інстытута імя А.Д.Сахарава Белдзяржуніверсітэта цікавы лёс. Гэтая ўстанова стваралася як каледж БДУ і зараз, праз 25 гадоў, зноў вярнулася ў склад БДУ ў якасці інстытута. Пры гэтым інстытут захаваў статус міжнароднага. Зараз тут зноў адраджаецца дзейнасць міжнароднага папячыцельскага камітэта, які калісьці вельмі дапамог у станаўленні ўстановы адукацыі і абсталяваннем (вучэбным і навуковым), і ў распрацоўцы і развіцці актуальных спецыяльнасцей. Актыўна развіваецца практыка абмену студэнтамі і супрацоўнікамі з еўрапейскімі ўніверсітэтамі.

“У нас добрыя сувязі з універсітэтамі Сербіі, Германіі, Францыі, Польшчы, Турцыі, — расказвае Уладзімір Капіца. — Напрыклад, нядаўна група нашых студэнтаў-эколагаў вярнулася з Сербіі, дзе была на практыцы. Зараз плануецца практыка студэнтаў-энергетыкаў у Германіі”.

На ўсіх спецыяльнасцях, акрамя “Энергаэфектыўных тэхналогій і энергетычнага менеджменту” (паколькі падрыхтоўка там вядзецца па вучэбных планах БНТУ), прадугледжана вывучэнне дзвюх замежных моў. З першага па трэці курс усе студэнты абавязкова вывучаюць англійскую мову, а потым, пачынаючы з трэцяга курса, выбіраюць адну з чатырох еўрапейскіх моў: нямецкую, французскую, іспанскую ці італьянскую.

Уладзімір Капіца папярэджвае абітурыентаў, што трэба рыхтавацца як да паступлення, так і да вучобы ў інстытуце. А гэта не толькі фізіка і матэматыка або хімія і біялогія — тут важна ўмець карыстацца комплексам ведаў з розных дысцыплін.

“Ва ўніверсітэце няма штодзённых апытанняў, таму, атрымаўшы вялікую ў параўнанні са школай свабоду, юныя студэнты часта забываюць, што ўвогуле трэба вучыцца, — гаворыць Уладзімір Мікалаевіч. — Дзякуючы таму, што наш інстытут невялікі, мы можам бачыць кожнага студэнта і працаваць індывідуальна. Напэўна, па гэтай прычыне ў нас так мала адлічэнняў. Камернасць установы дае адчуванне сям’і — гэта асаблівая атмасфера ўзаемаадносін і ўзаемадапамогі”.

Галіна СІДАРОВІЧ.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА.