Фізічны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта заўсёды лічыўся элітарным. І нават зараз, калі конкурсы туды не надта вялікія, а прахадныя балы невысокія, усе ведаюць, што вучыцца на фізфаку цікава, там развіваецца навука і віруе жыццё. І там ёсць добрая перспектыва прафесійнага і асобаснага росту. Пра факультэт, а таксама фізічную адукацыю і стан фізічнай навукі мы гутарым з дацэнтам кафедры фізікі паўправаднікоў і нанаэлектронікі фізічнага факультэта БДУ Мікалаем Іванавічам Гарбачуком.
— Скажыце, Мікалай Іванавіч, на фізічны факультэт паступаюць пераважна тыя абітурыенты, якія арыентаваны на навуковую дзейнасць?
— Калі б мы пазіцыяніравалі факультэт як падраздзяленне, якое рыхтуе выключна навуковых работнікаў, баюся, у нас былі б недаборы. Сёння ў абітурыентаў расце цікавасць да спецыяльнасцей, якія прыносяць устойлівы прыбытак, а таму мы рыхтуем не толькі фізікаў-даследчыкаў. Так, са 160 чалавек, якіх мы прынялі ў гэтым годзе, на напрамак “Навукова-даследчая дзейнасць” залічаны ўсяго 30 чалавек. Астатнія вучацца на фізікаў-інжынераў, фізікаў-менеджараў, фізікаў-праграмістаў. Усе яны атрымліваюць добрую фундаментальную падрыхтоўку, якая дае ім значныя перавагі ў параўнанні з такімі ж спецыялістамі, але “не фізікамі”. Прынамсі, яны ўмеюць неардынарна мысліць і рашаць нестандартныя задачы.
У той жа час магу сказаць, што даволі вялікая колькасць нашых выпускнікоў выбірае навуку. У нас заўсёды ёсць конкурс у магістратуру, і штогод як мінімум дзесяць чалавек паступаюць у аспірантуру.
— Сёння многія эксперты сцвярджаюць, што ўзровень школьнай адукацыі і, адпаведна, падрыхтоўкі абітурыентаў падае. Вядома, усё пакажа першая сесія. Але калі прааналізаваць сітуацыю апошніх гадоў, ці можна казаць, што “абітурыенты ўжо не тыя”?
— Узровень школьнай падрыхтоўкі сапраўды падае. На графіку яго можна было б адлюстраваць у выглядзе сыходнай сінусоіды: бываюць гады, калі гэты ўзровень быццам бы крыху паляпшаецца, але ў цэлым захоўваецца тэндэнцыя да яго зніжэння.
Прычын многа, і яны вядомыя. Але ўсё ўскладняецца тым, што няўхільна зніжаецца цікавасць моладзі да дакладных навук. І гэта тычыцца не толькі нашай краіны, а з’яўляецца ўвогуле сусветнай тэндэнцыяй.
— А чаму фізічная навука перастала цікавіць моладзь? Не так даўно быў час, калі самыя лепшыя абітурыенты літаральна штурмавалі фізічныя факультэты… Няўжо тут толькі эканамічныя прычыны — усе памкнуліся туды, дзе больш хлебна?
— Справа ў тым, што за два апошнія дзесяцігоддзі ў грамадстве цалкам знікла рамантыка, звязаная з фізікай, — тое, што мела месца ў перыяд актыўнага развіцця ядзернай фізікі і асваення космасу.
Акрамя таго, прыйшла ў заняпад сістэма папулярызацыі навукі. Калі ў 60—70-х гадах мінулага стагоддзя 10—15% інфармацыі, якая трапляла да школьніка, у той ці іншай ступені папулярызавала навуку, то зараз такая інфармацыя займае толькі долі працэнта. Інтэрнэт амаль выцесніў з інфармацыйнай плыні кнігі і часопісы, а там, як вядома, спецыялізаваных навукова-папулярных сайтаў вельмі мала. Што да друкаваных выданняў, то з імі ў нас увогуле дрэнна. Зразумела, каб напісаць добры навукова-папулярны артыкул, трэба парадкам папрацаваць, але гэтая справа не прынясе аўтару ніякага ўзнагароджання. Зрэшты, праблема нават не ў ганарары, а ў часе, які ў вучоных заўсёды ў дэфіцыце.
Што да фізікі як прыродазнаўча-навуковай спецыяльнасці, то частка напрамкаў, якія раней у галіне адукацыі адносіліся да фізікі, зараз аформіліся ў самастойныя галіны, і падрыхтоўка кадраў вядзецца ўжо па асобных спецыяльнасцях. Калі, напрыклад, у 50-х гадах чалавек, які хацеў займацца радыётэхнікай ці электронікай, хутчэй за ўсё трапіў бы на фізічны факультэт, то цяпер яго шлях — у БДУІР або на факультэт радыёфізікі і камп’ютарных тэхналогій БДУ.
Акрамя таго, моладзь, якая стаіць перад выбарам прафесіі, цікавіць будучае працаўладкаванне. Як правіла, выпускнікі прыродазнаўча-навуковых спецыяльнасцей па ўзроўні зарплаты не могуць канкурыраваць з юрыстамі і ўрачамі (я маю на ўвазе сусветную практыку). Адпаведна, і цікавасць да гэтага напрамку зніжаецца.
— Скажыце, ці магчымы ў найбліжэйшай будучыні рэнесанс навукі?
— Нельга сказаць, што навука ў заняпадзе. Напрыклад, зараз актыўна развіваюцца нана-і біятэхналогіі, у аснове якіх ляжыць усё тая ж фізіка. Іншая справа, што навука камерцыяналізавалася.
На жаль, фундаментальнымі праблемамі ў нас займаецца ўсё менш і менш вучоных, бо на гэта выдзяляецца вельмі маленькае фінансаванне. І, акрамя таго, ад вучоных, якія вядуць фундаментальныя даследаванні, патрабуецца пацвярджаць іх практычную значнасць. Я ўяўляю сітуацыю, калі б у свой час у Нільса Бора запатрабавалі абгрунтаванне практычнай значнасці яго пастулатаў. Тады ён, верагодна, адказаў бы, што ў іх ёсць пэўны сэнс, каб інтэрпрэтаваць спектр атамаў і малекул… Але сёння ён пачуў бы на гэта недвухсэнсоўны адказ: “Ну і што з таго?!”.
Калі зазірнуць у гісторыю, то ў фізіцы ХХ стагоддзя было два рыўкі: на пачатку стагоддзя, калі стала развівацца квантавая механіка, і ў сярэдзіне стагоддзя, калі абвастрылася супрацьстаянне паміж краінамі за ваеннае панаванне ў свеце і выхад у космас. Усё гэта паспрыяла развіццю фізікі. Зараз жа ідзе паступовая эвалюцыя навукі. Чалавецтва жыве ў даволі камфортных умовах, і ў апошнія паўтара-два дзесяцігоддзі актыўна развіваюцца тэхналогіі, звязаныя з тэлекамунікацыямі і камп’ютарызацыяй.
— Іншымі словамі, тэхнічную рэвалюцыю сёння робяць не вучоныя, а інжынеры…
— Я б сказаў, што інжынеры, якiя дабра ведаюць фiзiку. Звярнiце ўвагу: вы самi выкарысталi тэрмiн “тэхнічная рэвалюцыя”. Але тое, што для звычайнага інжынера здаецца новым, рэвалюцыйным, для фiзiка з’яўляецца следствам адкрытых ім ці яго калегамі заканамернасцей. Таму нельга недаацэньваць ролю фундаментальнай фізікі. Хоць само паняцце “фундаментальнасці” трактуецца вельмі па рознаму, нават у Беларусі і Расіі.
А ўвогуле, навуцы патрэбна фінансаванне. Будуць грошы — будуць і адкрыцці.
— І моладзь хлыне ў навуку?..
— Не хлыне! Нізкае фінансаванне — гэта ўсяго толькі адна з прычын, чаму моладзь не ідзе ў навуку. Важна яшчэ адчуванне неабходнасці развіцця навукі. Калі гэта будзе прысутнічаць у грамадстве, тады ўсё зменіцца. Напрыклад, у мінулым стагоддзі такое адчуванне выклікала пагроза вайны — і гэта прывяло да бурнага развіцця навукі. Бо для таго, каб плацельшчыкі падаткаў захацелі развітацца са сваімі грашыма, яны павінны быць упэўненымі: гэта пойдзе ім на карысць і гарантуе іх бяспеку.
На сёння рэальныя пагрозы не такія відавочныя, наадварот, грамадства забяспечыла сабе дабрабыт, а таму няма вострага ўсведамлення неабходнасці развіцця навукі. Адпаведна і навуковая дзейнасць выглядае не такой “прэстыжнай”, як раней. Але гэта зусім не значыць, што для дапытлівага чалавека навука стала менш цікавай. Таму жадаючыя звязаць сваё жыццё з фізікай будуць заўсёды (калі не з навуковай дзейнасцю, то з тэхнічнай, інжынерна-фізічнай). А наш факультэт заўсёды зможа ім у гэтым дапамагчы.
— Дзякуй, Мікалай Іванавіч, за размову.