Г.У.САЛАНЕЦ: “Ведаў не можа быць зашмат…”

Чым жыве сёння Гомельскі дзяржаўны медыцынскі каледж, якія задачы ставіць перад сабой на перспектыву і які падыход да падрыхтоўкі будучых спецыялістаў тут абралі — аб гэтым у размове з дырэктарам установы Галінай Уладзіміраўнай САЛАНЕЦ.

На Гомельшчыне медыкаў сярэдняга звяна рыхтуюць дзве ўстановы адукацыі — у Гомелі і Мазыры. Сёння мы прапануем нашым чытачам пазнаёміцца з Гомельскім дзяржаўным медыцынскім каледжам. Гэта адна са старэйшых шматпрофільных медыцынскіх устаноў, якая ўжо на працягу 80 гадоў рыхтуе спецыялістаў-медыкаў. За доўгую гісторыю тут склаліся свае каштоўнасці і традыцыі, якія зберагаюць і памнажаюць пакаленні выкладчыкаў і выпускнікоў.
У структуры каледжа пяць аддзяленняў: медсястрынскае, зубалячэбнае, медыка-прафілактычнае, фельчарска-акушэрскае і аддзяленне павышэння кваліфікацыі медыцынскіх работнікаў з сярэдняй спецыяльнай адукацыяй. Сёння тут навучаецца каля 700 будучых спецыялістаў, крыху больш за палову з іх — выпускнікі сельскіх школ.
Як правіла, кожнаму выпускніку, які прайшоў навучанне на бюджэтнай форме, прадастаўляецца першае працоўнае месца, а разам з гэтым і статус маладога спецыяліста, які дае пэўныя льготы. Варта адзначыць, што накіраванне на першае працоўнае месца нярэдка просяць і выпускнікі, якія вучыліся па кантракце. Напрыклад, сёлета з 304 такіх выпускнікоў Гомельскага медыцынскага каледжа 247, па іх жаданні, атрымалі першае працоўнае месца. Насамрэч, гэта добрая падтрымка для маладога чалавека, які толькі-толькі атрымаў дыплом. Не трэба абіваць парогі ў пошуках працы і чуць у адказ: “Прабачце, але нам патрэбен спецыяліст з практычным вопытам”. Вось табе працоўнае месца, вучыся, гледзячы на старэйшых калег, спасцігай навыкі і ўменні. Каб дасягнуць вяршынь, трэба павольна прайсці па ўсіх прыступках, ад самага пачатку.

— Галіна Уладзіміраўна, сёлетняя ўступная кампанія паказала неверагодную папулярнасць вашай установы, конкурс быў досыць вялікі. На ваш погляд, чаму ў выпускнікоў школ узнікае жаданне атрымаць сярэднюю спецыяльную медыцынскую адукацыю?
— Я мяркую, што выбар прафесіі дыктуецца ўнутранымі патрэбамі і якасцямі асобы, гатоўнасцю працаваць у той ці іншай сферы. Нашы патэнцыяльныя абітурыенты — гэта маладыя людзі, якія ўсвядомілі важнасць такіх чалавечых праяў, як міласэрнасць, спачуванне, гатоўнасць прыйсці на дапамогу іншым людзям, адказнасць. Гэта тое, што іграе першасную ролю.
Па-другое, і гэта нельга не ўлічваць, каледж праводзіць сур’ёзную прафарыентацыйную і прапагандысцкую работу. Нашы выкладчыкі едуць у школы, дзе сустракаюцца з вучнямі старшых класаў, для сельскіх школьнікаў мы праводзім спецыяльныя сустрэчы і экскурсіі па каледжы. Так яны могуць на нейкі час акунуцца ў атмасферу, якая пануе ў нашай установе. У гэтым годзе, напрыклад, у нас пабывалі старшакласнікі са школ Добрушскага і Гомельскага раёнаў.
Трэба сказаць, што і навучэнцы каледжа таксама не застаюцца ўбаку, многія ідуць у школы, з якіх нядаўна выйшлі самі, і расказваюць аб сваёй спецыяльнасці. Для некага такія сустрэчы становяцца вызначальнымі — для тых, напрыклад, хто марыў пайсці ў медыцыну, але сумняваўся. А тут — жывы аповед будучага медыка. А калі яшчэ ў яго зацікаўленасць, вочы гараць, эмоцыі…
Яшчэ мы заўсёды стараемся быць публічнымі — удзельнічаем у шматлікіх валанцёрскіх акцыях, выступленнях, канцэртах, конкурсах. Гэта таксама своеасаблівая рэклама медыцынскага каледжа.

— Прафесія медыка, безумоўна, адносіцца да тых прафесій, дзе выбар павінен быць па закліку сэрца, а не наўздагад, “за кампанію” ці, скажам, для працягу дынастыі. Як складаецца звычайна лёс навучэнцаў, якія “выпадкова” трапілі ў ваш каледж?
— Паступіць у каледж “за кампанію” або паддаўшыся на ўгаворы сваякоў можна. Аднак, сутыкнуўшыся з рэаліямі адукацыйнага працэсу, з патрабаваннямі да ўзроўню ведаў, якія прад’яўляюцца з першага дня, вытрымаць інтэнсіўнасць вучэбнай нагрузкі могуць толькі тыя, хто прыйшоў у медыцыну па закліку сэрца, свядома. На жаль, мы назіраем досыць вялікі адсеў “выпадковых” людзей у першыя месяцы вучобы. Падставай для спынення адукацыйных адносін з’яўляецца фармулёўка “па ўласным жаданні”.

— Як правіла (хоць, магчыма, так і не павінна быць), большасць навучэнцаў у медыцынскіх каледжах складаюць дзяўчаты. Як часта прыходзяць да вас юнакі? Чым яны адрозніваюцца ад дзяўчат у плане вучобы, спасціжэння першых прафесійных навыкаў, удзелу ў сацыяльным жыцці каледжа?
— “Дзявочай” спецыяльнасцю з’яўляецца, як правіла, медыцынская сястра, хаця і тут на курсе ў нас бывае па тры-чатыры юнакі. Вядома, значна больш хлопцаў прыходзяць на спецыяльнасці “Лячэбная справа”, “Зубалячэбная справа” і “Медыка-прафілактычная справа”. Зараз у каледжы вучыцца 51 юнак. Гэта нямнога, усяго каля сямі з паловай працэнтаў ад кантынгенту навучэнцаў. Але ж вельмі добра, што яны выбіраюць такія прафесіі.
У плане вучобы ці спасціжэння першых прафесійных навыкаў розніцы па гендарнай прыкмеце мы не назіраем. Усё залежыць ад індывідуальных здольнасцей, агульнай адукацыйнай базы і настрою на сур’ёзную вучобу і работу над сабой. Хаця прызнаюся, што групы, дзе ёсць юнакі, больш актыўна праяўляюць сябе, удзельнічаючы ў спартыўных і культурных мерапрыемствах, агітбрыгадах, конкурсах.

— Даўно існуе меркаванне, што ў нашых установах, якія даюць сярэднюю спецыяльную або вышэйшую адукацыю, шмат “лішніх” прадметаў. Якія дысцыпліны з вучэбнага курса найбольш запатрабаваныя ў прафесійнай дзейнасці выпускнікоў медыцынскіх устаноў адукацыі?
— Адносна “лішніх” прадметаў у медыцынскім каледжы прынцыпова не згодна. Ведаў не можа быць зашмат. Іх можа толькі не хапаць. І гэта асабліва востра ўсведамляеш у сучасным свеце, дзе ўсё хутка мяняецца. Не выпадкова як мінімум раз у пяць гадоў медыцынскі работнік павінен прайсці павышэнне кваліфікацыі. Іншая справа — узгодненасць праграм па вучэбных дысцыплінах, якая дазволіла б пазбегнуць непатрэбнага дубліравання матэрыялу. Над гэтым трэба яшчэ працаваць. Да таго ж неабходна прыцягваць да складання праграм спецыялістаў, якія валодаюць не толькі сваёй дысцыплінай, але і дасканала ведаюць вучэбныя планы па спецыяльнасці.
Сёння ў медыцынскіх каледжах нашай краіны ўзяты курс на практыка-арыентаваную адукацыю: не менш як 20% вучэбнага часу адводзіцца на разнастайныя вучэбныя і пераддыпломную практыкі. Заўтрашнія спецыялісты вучацца на сваіх будучых працоўных месцах. Пры гэтым заказчыкі кадраў — установы аховы здароўя — могуць непасрэдна ўплываць на адукацыйны працэс і фарміраваць прафесійныя кампетэнцыі будучых спецыялістаў.
Што датычыцца найбольш запатрабаваных дысцыплін, то тут нельга адказаць адназначна, паколькі ўсё залежыць ад канкрэтнага месца працы выпускніка і спецыфікі медыцынскай установы.

— Прафесійная дзейнасць медыка працякае, як правіла, у напружаных умовах. Як выпускнікоў медыцынскіх каледжаў рыхтуюць да работы ва ўмовах практычна пастаяннага стрэсу?
— Безумоўна, мы разумеем і ўлічваем праблему прафесійнага выгарання медыцынскага работніка, якому даводзіцца працаваць ва ўмовах штодзённага стрэсу. Мы павінны выпусціць спецыяліста, які будзе падрыхтаваны да гэтага, які не разгубіцца ў нестандартнай сітуацыі, а пачне дзейнічаць. Таму ў каледжы па-за рамкамі асноўнага адукацыйнага часу праводзяцца заняткі па факультатыўных дысцыплінах “Прафесійная адаптацыя” і “Канфлікталогія”. Праграмы па гэтых дысцыплінах уключаюць у тым ліку практычныя трэнінгі. Значную карысць прыносяць і заняткі па вучэбнай дысцыпліне “Медыцынская псіхалогія, этыка і дэанталогія”, якая ўключана ў вучэбныя планы ўсіх спецыяльнасцей. Такім чынам, выпускнікі нашага каледжа валодаюць асноўнымі навыкамі самакантролю і самарэгуляцыі ва ўмовах стрэсу. Зразумела, гэтыя навыкі ім давядзецца замацоўваць на практыцы, пры непасрэдным сутыкненні з пэўнымі сітуацыямі.

— Галіна Уладзіміраўна, як ваш каледж узаемадзейнічае з тымі медыцынскімі ўстановамі, у якіх пасля прыйдзецца працаваць выпускнікам?
— Згодна з загадам Міністэрства аховы здароўя, базамі практычнай падрыхтоўкі навучэнцаў нашага каледжа з’яўляюцца больш за пяцьдзясят устаноў аховы здароўя, размешчаных як у абласным цэнтры, так і ў раёнах вобласці. Сюды ўключаны практычна ўсе цэнтральныя раённыя бальніцы, абласныя і гарадскія лячэбна-прафілактычныя ўстановы, цэнтры гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя. Спецыялісты-практыкі не толькі вядуць практычныя заняткі на лячэбных базах, але яшчэ і чытаюць навучэнцам лекцыі, напрыклад, па хірургіі і асновах траўматалогіі на спецыяльнасці “Лячэбная справа”, па клінічным матэрыялазнаўстве і хірургічнай стаматалогіі — на спецыяльнасці “Зубалячэбная справа”, па сястрынскай справе ў акушэрстве і гінекалогіі — на спецыяльнасці “Сястрынская справа”. Зразумела, лекцыя чалавека, у якога за плячыма пэўны практычны вопыт, адрозніваецца жывасцю, тут можа быць прыведзена шмат рэальных прыкладаў.
Павінна сказаць, што для нас, кіраўніцтва і выкладчыкаў каледжа, вельмі важна, якіх спецыялістаў мы выпускаем. Таму на працягу некалькіх гадоў мы адсочваем прафесійныя навыкі нашых выпускнікоў, накіроўваем запыты па месцы іх працы, аналізуем атрыманыя адказы на педсавеце і вытворчых нарадах, робім пэўныя высновы. Такая работа дапамагае нам аптымізаваць працэс падрыхтоўкі спецыялістаў і задавальняць патрабаванні заказчыкаў кадраў.

— Мабыць, у медыцынскай сферы, як ні ў якой іншай, важнай з’яўляецца трансляцыя вопыту прызнаных прафесіяналаў да моладзі, якая толькі пачынае свой шлях у гэтай няпростай справе. Наколькі сёння актуальны інстытут настаўнікаў на працоўным месцы медыка?
— Так, я цалкам згодна, што ў маладога чалавека, які толькі асвойвае прафесію, павінен быць мудры настаўнік. І тут усё залежыць як ад кіраўніцтва ўстановы аховы здароўя, так і ад пэўнага чалавека, я маю на ўвазе вопытнага спецыяліста. Ці гатовы ён цярпліва вучыць моладзь і дзяліцца сваім багажом практычных ведаў? Асабіста я не магу ўплываць на гэтую праблему. Але ж я магу гаварыць канкрэтна за ўстанову, якой кірую. І не без гордасці скажу, што ў нашым каледжы традыцыя трансляцыі вопыту існуе як у дачыненні да маладых спецыялістаў, накіраваных на працу ў каледж, так і да тых, хто перайшоў на выкладчыцкую дзейнасць з устаноў аховы здароўя і не мае за плячыма педагагічнага вопыту. Функцыянуе Школа выкладчыка-пачаткоўца, у цыклавых камісіях арганізавана настаўніцтва. Гомельскі медыцынскі каледж з’яўляецца абласной базай педагагічнага вопыту па пытанні “Роля настаўнікаў у станаўленні маладых спецыялістаў”. Бясспрэчнай застаецца ісціна, што, навучаючы іншых, ты вучышся і расцеш сам.

— Здараецца, што выпускнікі вашага каледжа хочуць вярнуцца ў яго сцены ўжо ў якасці выкладчыка?
— Ведаеце, гэта нават можна назваць добрай традыцыяй. Сапраўды, многія выпускнікі нашага каледжа, атрымаўшы вышэйшую медыцынскую або педагагічную адукацыю, вяртаюцца да нас ужо ў якасці выкладчыкаў. Сёння педагагічнай працай у каледжы займаюцца больш як 20 нашых выпускнікоў — трэцяя частка калектыву выкладчыкаў. Многія з іх маюць арганізатарскія здольнасці і лідарскія якасці, займаюць кіруючыя пасады.

— Ці прыгадаеце вы сітуацыю, калі адчувалі асаблівы гонар за вашых выпускнікоў?
— Гонар за сваіх выпускнікоў мы адчуваем тады, калі прыходзім у лячэбныя ўстановы і бачым іх прафесійны рост: паставыя медсёстры становяцца старшымі, галоўнымі медыцынскімі сёстрамі. Напрыклад, паставая медсястра аднаго з аддзяленняў Гомельскага анкалагічнага дыспансера наша выпускніца Н.А.Старавойтава літаральна днямі была прызначана старшай медсястрой. У гэтай жа лячэбнай установе галоўнай медсястрой працуе наша выпускніца Л.І.Шаўчэнка. І такіх прыкладаў можна прывесці шмат.
Для нас вельмі важна, што людзі ажыццяўляюць кар’ерны рост у медыцынскай прафесіі. Мы бачым тут як намаганні і дасягненні саміх медыкаў, нашых выпускнікоў, так і прафесіяналізм выкладчыкаў каледжа. Высокай ацэнкай для нашага педагагічнага калектыву з’яўляюцца лісты, атрыманыя ад нашых выпускнікоў. Словы падзякі за добрыя веды і навыкі, з якімі лёгка было адаптавацца і працаваць па спецыяльнасці нават у далёкім замежжы, мы атрымалі са Злучаных Штатаў Амерыкі, дзе зараз працуе наш выпускнік Генадзь Крэйнгальд, і ад выпускніцы Марыны Варонінай, якая жыве і працуе ў Ізраілі.

— Галіна Уладзіміраўна, цікава пачуць, якім вы бачыце кадравы рынак сярэдняга медыцынскага персаналу ў бліжэйшыя, скажам, тры-пя ць гадоў?
— Патрэба ў кадрах сярэдняга медыцынскага персаналу ў бліжэйшыя гады застанецца высокай, я ў гэтым упэўнена. Акрамя наяўнасці значнай колькасці вакантных месцаў як у цэлым па краіне, так і ў Гомельскім рэгіёне ў прыватнасці, якія пакуль не атрымліваецца запоўніць выпускнікамі медыцынскіх каледжаў, варта ўлічваць і іншыя аспекты. Гэта і агульная дэмаграфічная сітуацыя ў краіне, і міграцыйныя сувязі, якія пастаянна ўзмацняюцца, і жаданне выпускнікоў медыцынскіх каледжаў атрымаць вышэйшую адукацыю, і, нарэшце, тое, што большасць прадстаўнікоў прафесіі з’яўляюцца жанчынамі ў рэпрадуктыўным узросце, а значыць, яны будуць выходзіць у сацыяльныя водпускі па цяжарнасці і родах.

— І ў завяршэнне нашай гутаркі хачу папрасіць вас літаральна ў адной фразе сфармуляваць, якім павінен быць медыцынскі каледж сёння.
— Практыка-арыентаваным. Гэта аснова. Усяму астатняму адводзіцца другое месца.

— Вялікі дзякуй за цікавую размову. Поспехаў вам і вашаму калектыву.

Наталля ЛУТЧАНКА.