Гісторыя, схаваная ў альбоме

Шматлікія аповеды пра паступленне, на жаль, даволі банальныя: парэкамендавалі сябры, адправілі бацькі, супалі прадметы на ЦТ ці проста хапіла балаў. Лепш складваецца сітуацыя, калі абітурыенты ідуць да будучай прафесіі мэтанакіравана, год ад году адбіваючыся ад перашкод, або, ужо паступіўшы, разумеюць, што лепшай спецыяльнасці, чым абраная, у свеце няма. Але найбольш адметныя і яркія выпадкі, звязаныя з мінулым сям’і ці прыкладам блізкіх людзей. Якраз такая гісторыя ў студэнткі 2 курса факультэта лясной інжынерыі, матэрыялазнаўства і дызайну Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта Вікторыі Дзем’янковай.

80% “насельнікаў” факультэта — хлопцы. Цікава, што ў БДТУ атрымлівае адукацыю значная частка прадстаўнікоў сямейных дынастый (на факультэтах у розныя часы маг­ло вучыцца некалькі братоў, бацька, дзед) і выпускнікоў адных і тых жа вясковых школ (дзейнічаў прынцып сарафаннага радыё). Сярод маладых людзей добра глядзяцца рэдкія “зорачкі” — дзяўчаты, якія не лічаць тэхнічныя спецыяльнасці выключна мужчынскімі. Адна з іх — Вікторыя Дзем’янкова — з вялікай гісторыяй.

У 10 класе дзяўчына вырашыла пасля выпуску працягнуць навучанне ў Магілёўскім дзяржаўным універсітэце харчавання. Але аднойчы яе планы кардынальна памяняліся…

У выхадныя дні Віка прыехала пагасцяваць да бабулі. На хвалі ўспамінаў яны вырашылі перагля­дзець сямейны фотаархіў. На адным дыханні дзяўчына слухала аповеды пра мінулае сям’і, пра бабуліна жыццё, у тым ліку гісторыю іх з дзядулем кахання. Сярод стосаў фотакартак і альбомаў найбольш вылучаўся альбом з пажаўцелымі ад часу старонкамі. Менавіта ён і змяніў лёс дзяўчыны. Невялікая прадаўгаватая кніжачка змяшчала надпіс “Беларускі лесатэхнічны інстытут імя С.М.Кірава. 25 выпуск”. Як аказалася, альбом належаў дзядулю Вікторыі. 

— Дзядуля нарадзіўся і доўгі час жыў у вёсцы. У яго маладосці, каб некуды паступіць, трэба было мець пашпарт, які ў сельскай мясцовасці давалі не ўсім і за вялікія заслугі. Ён права на вучобу здабыў перамогай у спаборніцтве па лыжным спорце, — дзеліцца студэнтка. — Тады я падумала: у кожнага ж ёсць магчымасць даведацца пра стварэнне любога ўніверсітэта — дату заснавання, выбітных асоб і да т.п. Але ж не толькі гэтыя факты фарміруюць па­мяць пра ўстанову! Маленькая гісторыя асобнага студэнта ці выкладчыка — таксама адметны летапіс жыцця ўніверсітэта. І такі летапіс я трымала ў руках!

Так Вікторыя Дзем’янкова вырашыла пакінуць свой след, як і дзядуля, у гісторыі цяпер ужо Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта. Таму, зразумела, варыянт з вучобай у Магілёве самаліквідаваўся. Паступіўшы ў БДТУ, студэнтка захацела рэканструяваць тое, што адчуваў, чым займаўся і як праводзіў вольны час Яўген Данілавіч.

На першым сходзе для першакурснікаў дэкан факультэта Уладзімір Лой заўважыў, што інфармацыя пра студэнтаў універсітэта захоўваецца ў архівах 75 гадоў. Так дзяўчына знайшла асабістую справу Яўгена Дзем’янкова і высветліла, што ён быў выдатнікам. Карціна дапоўнілася фотадакументамі і ўспамінамі родных. 

— Любімым заняткам дзядулі і яго сяброў быў прагляд футбольных матчаў на стадыёне “Дынама”. Успаміны пра гэта змешваліся з гісторыямі пра здачу супрамата, пасля чаго, як тады жартавалі, студэнты маглі спакойна заводзіць сям’ю, — кажа Віка. —  Усё гэта — толькі маленькая цаглінка з гісторыі 25 выпуску ўніверсітэта. Іх, пераканана, значна болей, і ў нашых сілах не толькі сабраць ужо вядомае, але і пастарацца аднавіць найбольш яскравыя моманты.

Факультэт лясной інжынерыі, матэрыялазнаўства і дызайну рыхтуе па спецыяльнасцях “Лесаінжынерная справа”, “Тэхналогія дрэваапрацоўчых вытворчасцей”, “Машыны і абсталяванне ляснога комплексу” і “Энергаэфектыўныя тэхналогіі і энергетычны менеджмент” (самая маладая спецыяльнасць) з прысваеннем кваліфікацый “інжынер-тэхнолаг”, “інжынер-механік” і “інжынер-энергаменеджар”. Гэта адзінае ў краіне падраздзяленне, якое рыхтуе спецыялістаў па згаданых напрамках.

Цяпер Вікторыя Дзем’ян­кова пракладвае асабісты шлях у прафесію — на лекцыях, практычных занятках. А практыкуюцца на факультэце лясной інжынерыі, матэрыялазнаўства і дызайну шмат, асабліва на тых прадпрыемст­вах, дзе арганізаваны філіялы кафедр — Мінскім трактарным заводзе, “Амкадоры”, “Рэчыцадрэве” і інш. Нярэдка гэта спалучаецца з навуковымі пошукамі моладзі. Аднак самая вялікая любоў студэнтаў — “унікальная лабараторыя” Негарэльскі вучэбна-доследны лясгас і тэхнапарк, дзе студэнты спасцігаюць абсталяванне, разбіраюцца ў асаблівасцях яго работы ў звычайным стане і пры паломцы.

Трэнажоры лясных машын з мультымедыйнай сістэмай ёсць і ў карпусах (самі машыны, якія знахо­дзяцца ў Негарэлым, небяспечныя з пункту гле­джання кіравання непрафесіяналамі, таму азы кіравання засвойваюцца на вучэбным абсталяванні), клас па дрэваапрацоўцы. Факультэт, па словах Уладзіміра Лоя, працуе па прынцыпе апярэ­джання: машыны, на якіх вучацца студэн­ты, з’яўляюцца на прадпрыемствах у будучыні. Падобны падыход магчымы дзякуючы модульнай падрыхтоўцы, у межах якой цыкл лабараторных работ выконваецца на базе лесагаспадаркі. У такія “практычныя перыяды” студэнты адпраўляюцца ў Негарэлае на некалькі дзён.

— Лясная тэхніка, якая выпускаецца ў Беларусі, ствараецца рукамі нашых людзей, хаця першапачаткова развіццё галіны пачыналася ў Расіі. Гэтаму спрыяе моцная школа, закладзеная ў 90-х гадах мінулага стагоддзя, — адзначае Ула­дзімір Мікалаевіч. — Фотаздымкі з Негарэлага — лепшая прафарыентацыйная работа, а час, праведзены там, — самы запамінальны для студэнтаў.

— У маёй спецыяльнасці прываблівае магчымасць захоўваць лес, рабіць так, каб яго выкарыстоўвалі рацыянальна і каб навокал, асабліва ў гарадах, было больш зеляніны. Думаю, толькі той, хто хоча вучыцца, стане добрым працаўніком, — дзеліцца Вікторыя Дзем’янкова.

Уладзімір Лой бядуе, што прахадныя балы на факультэт не самыя вялікія па БДТУ.  Гэта, на думку спецыяліста, абумоўлена ўсведамленнем моладдзю складанасці будучай прафесіі і выбарам на карысць больш лёгкіх сфер. Аднак і гэта, па словах дэкана, не перашка­джае факультэту выпускаць годных спецыялістаў, тым больш што ў апошні год цікавасць да інжынерных спецыяльнасцей значна павысілася.

— Выдатна, што боль­шасць выкладчыкаў — нашы былыя выпускнікі. Яшчэ ўчора яны жылі інтарэсамі сённяшніх студэнтаў, жылі ў тых жа інтэрнатах, выкарыстоўвалі адны і тыя ж хітрыкі ў вучобе. Гэта набліжае іх да студэн­таў, вядзе да ўзаемаразумення, — разважае дэкан. — Часта можна па­чуць: “О, класна, ён вучыўся на нашым факультэце”, “Здорава, мы з адной спецыяльнасці”. Гэта не аддаляе студэнта ад выкладчыка: маладыя людзі, наадварот, стараюцца працаваць з большым імпэтам, а педагогі ве­даюць, чым жыве моладзь.

Адметным месцам студэнтаў згаданага факультэта яшчэ з 60-х гадоў ХХ ст. з’яўляецца фантан “Шары” на скрыжаванні вуліц Ульянаўскай і Свярдлова — неафіцыйны сім­вал студэнцкага сяброўства. Калі моладзь арганізоўваецца на нейкае мерапрыемства, знайсціся дапамагае фраза-пароль “Сустрэнемся на шарах”. Па-мойму, добры кандыдат на ўнясенне ў летапіс факультэта лясной інжынерыі, матэрыялазнаўства і дызайну БДТУ. Хто ведае, магчыма менавіта з яго пачнецца нечая прафесійная гісторыя…

Ірына ІВАШКА.
Фота Алега ІГНАТОВІЧА
і з асабістага архіва Вікторыі Дзем’янковай.