Годны адказ на Хэлоўін

У пахмурныя восеньскія дні хочацца насычанага, яркага, напоўненага радасцю і добрымі эмоцыямі свята. Якраз такія эмоцыі выклікаў у наведвальнікаў “Гарбузовы фэст”, арганізаваны студэнтамі, выкладчыкамі і супрацоўнікамі БДПУ імя Максіма Танка на базе аграбіястанцыі “Зялёнае”.

Па словах арганізатараў, “Гарбузовы фэст” стаў своеасаблівым адказам на амерыканскі Хэлоўін і быў прымеркаваны да збору ўраджаю. Нягледзячы на тое, што свята праводзілася ўпершыню, яно адразу набыло вялікі маштаб. Па ўсёй тэрыторыі аграбіястанцыі разгарнуліся шматлікія пляцоўкі: прэзентацыйныя, гульнявыя, спартыўныя і творчыя. Цікавыя ідэі, звязаныя з харызматычнай аранжавай агароднінай, прапанавалі не толькі студэнты, але і супрацоўнікі ўніверсітэта. Напрыклад, бібліятэка здзіўляла шчодрымі пачастункамі і фотазонай “Бібліягарбуз”, а ўпраўленне міжнароднага супрацоўніцтва рэалізавала праект “Гарбуз без межаў”: словы “гарбуз” і “кабачок” загучалі тут на 194 мовах свету.

“Выкарыстоўваючы на свяце восені іншыя мовы, мы імкнёмся развіваць інтэрнацыяналізм і мультыкультурныя зносіны”, — заўважыла кіраўнік падраздзялення Святлана Кабачэўская.


Удзельнікаў чакала насычаная і захапляльная конкурсная праграма — яны спаборнічалі паміж сабой у забіванні цвікоў, дартсе, боўлінгу, стральбе з імправізаванай рагаткі і нават фаршыраванні гарбуза. Кожны факультэт стварыў нешта асаблівае і непаўторнае — пачынаючы ад маляўнічых фотазон, творчых майстэрань і музычных пляцовак, заканчваючы вырабам цацак і элементаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва з гарбуза. Адсюль чуліся песні, гучная музыка, вясёлы гоман і смех. Усё свята суправаджалася выступленнямі творчых калектываў Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта — народнага ансамбля беларускай музыкі і песні “Ярыца”, мужчынскай вакальнай групы “Модус” і танцавальнага праекта “Арт-Юніці”.

У гэты дзень, каб падтрымаць сваіх студэнтаў і проста адпачыць, на прыроду выехалі і выкладчыкі ўніверсітэта. Дацэнт кафедры ўсеагульнай гісторыі і методыкі выкладання гісторыі гістарычнага факультэта Аляксандр Канойка наведаў свята з сям’ёй. “У нашай сям’і ёсць традыцыя наведваць усе мерапрыемствы БДПУ, і “Гарбузовы фэст” не стаў выключэннем, — адзначыў Аляксандр Уладзіміравіч. — Вельмі спадабаліся інсталяцыі, падрыхтаваныя студэнтамі: разам з дзецьмі мы даведваліся штосьці новае пра кожны факультэт”.


Фэст завяршыўся конкурсам “Усім гарбузам гарбуз”, дзе выбралі самы вялікі і самы маленькі гарбуз. У выніку ўладальнікам самага вялікага гарбуза быў абвешчаны факультэт прыродазнаўства, а самага маленькага — Інстытут псіхалогіі. Прыемным бонусам для прысутных стала гарбузовая каша ад рэктарата, якая ўсім прыйшлася да душы.

Энтузіязм і задавальненне студэнтаў было складана не заўважыць. “На фэсце кожны факультэт змог вылучыцца пэўным чынам, і мне было цікава назіраць і адкрываць для сябе таленты іншых студэнтаў, — расказала студэнтка 2 курса факультэта прыродазнаўства Таццяна Баранава. — Прыемна, што дзея праходзіла на свежым паветры, ды і пакаштаваць стравы з гарбуза даводзіцца не кожны дзень”. Студэнт гістарычнага факультэта Аляксандр Давыдоўскі ў якасці самага запамінальнага моманту свята вылучыў творчы конкурс. Фэст — яшчэ адна нагода для нас, студэнтаў розных факультэтаў, каб сустрэцца і прыемна правесці час разам, — падзяліўся хлопец.


“Усё, што звязана з добрым настроем і святам, дае плюсы ў працы і навучанні. Спадзяёмся, што гэты фэст стане фонам для таго, каб студэнты станавілася добрымі педагогамі, прыкладам для іншых. Усё, што мы робім разам, студэнты змогуць у далейшым выкарыстоўваць у сваёй прафесійнай дзейнасці”, — адзначыў рэктар БДПУ Аляксандр Жук.

Ірына ІВАШКА.
Фота аўтара.