Характар у факультэта спартыўны

Пра спартыўны характар мы вялі размову з дэканам факультэта фізічнай культуры Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы доктарам педагагічных навук Віталем Храмавым. Менавіта такім дэкан лічыць характар сваіх студэнтаў, укладваючы ў гэтае азначэнне адказнасць, настойлівасць, сілу волі, вялікую працаздольнасць.

Дэкан факультэта экан факультэта фізічнай культуры Віталь Храмаў.

— Нашы студэнты, адвучыўшыся на лекцыях, працягваюць свой дзень на трэніроўках, — гаворыць Віталь Уладзіміравіч. — І такі расклад жыцця патрабуе менавіта спартыўнага характару.

Спартыўны характар дэманструе і сам Віталь Храмаў. Толькі гэтым летам ён прыняў удзел у 4-м Мінскім трыятлоне, дзе пераадолеў дыстанцыю 1,9 км у плаванні, праехаў 90 км на веласіпедзе і прабег 21 км. А ў канцы жніўня пераплыў Мінскае мора. Адлегласць у 5 км Віталь Уладзіміравіч пераадолеў за адну гадзіну і 25 мінут і стаў сёмым сярод 69 удзельнікаў.

Менавіта спартыўны характар дазваляе студэнтам факультэта фізічнай культуры заваёўваць медалі. Так, Аляксей Дудараў у складзе нацыянальнай каманды Беларусі па скачках на батуце стаў чэмпіёнам Еўропы на спаборніцтвах у Сочы. Алег Кіюць і Вікторыя Гулер сталі сярэбранымі прызёрамі адкрытага чэмпіянату і першынства Беларусі па класічным і экіпіровачным паўэрліфтынгу. У чэмпіянаце і першынстве Беларусі па спартыўных бальных танцах Мікіта Лукашоў заняў першае месца. Ганна Траўкова заняла першае месца на адкрытым Кубку Беларусі па спартыўнай гімнастыцы, паказаўшы лепшыя вынікі ў апорным скачку і практыкаванні на бервяне. Чэмпіёнамі краіны па грэка-рымскай барацьбе сталі Саслан Даураў і Радзік Куліеў. І гэта толькі ў гэтым годзе.

У нацыянальнай камандзе Беларусі на Алімпійскіх гульнях у Токіа прынялі ўдзел восем студэнтаў і выпускнікоў ФФК.

А яшчэ было шмат масавых спартыўных мерапрыемстваў: Тыдзень арыентавання, турнір жаночых каманад па міні-футболе “Вясновыя ластаўкі”, турнір сярод юнакоў па міні-футболе “Восеньскі лістапад”, Кубак рэктара ГрДУ па валейболе сярод жаночых каманд, адкрытае першынство факультэта па баскетболе і баскетболе 3×3, адкрытае першынство факультэта па жыме штангі лежачы, рэспубліканскі лёгкаатлетычны студэнцкі забег “На старт, моладзь”, лёгкаатлетычная эстафета па вуліцах Гродна на прызы газеты “Гродзенская праўда” (першае месца сярод 40 каманд), першае месца ў ваенна-прыкладной гульні “Разведатлон”, якая прысвячалася памяці воінаў-афганцаў Гродзеншчыны. І ўсё гэта таксама ў бягучым годзе.

Больш за 40 высокакваліфікаваных спартсменаў — 2 майстры спорту міжнароднага класа, 12 майстроў спорту, сярод якіх ёсць пераможцы рэспубліканскіх, еўрапейскіх і сусветных спаборніцтваў, — паступілі на факультэт фізічнай культуры ў гэтым годзе. Тут вучацца людзі актыўныя і таленавітыя, і гэтая традыцыя вядзе свой пачатак з 1989 года. Менавіта гэты год лічыцца часам стварэння факультэта ў складзе Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Тады на кафедры тэорыі і методыкі фізічнай культуры працавалі сем штатных выкладчыкаў, а першымі студэнтамі стаў 51 чалавек. Сёння на факультэце фізічнай культуры працуюць чатыры кафедры: спартыўных гульняў, спартыўных дысцыплін, фізічнага выхавання і спорту, тэорыі фізічнай культуры і спартыўнай медыцыны. На факультэце вучацца больш за 550 студэнтаў на дзённай і завочнай формах навучання. Выкладчыцкую дзейнасць ажыццяўляюць 65 спецыялістаў, сярод якіх — 2 дактары навук і 13 кандыдатаў навук. А яшчэ алімпійскія чэмпіёны, пераможцы сусветных, еўрапейскіх, рэспубліканскіх спаборніцтваў. Многія выкладчыкі маюць трэнерскія і спартыўныя званні.

На факультэце фізічнай культуры і сёння працуе першая ўніверсітэцкая пераможца Алімпійскіх гульняў Алена Цюнянкова (Валчэцкая). Алена Уладзіміраўна з’яўляецца выпускніцай ГрДУ імя Янкі Купалы. Сёння яна дацэнт кафедры спартыўных дысцыплін, вельмі паважаны і аўтарытэтны выкладчык — ганаровая грамадзянка Гродна, заслужаны майстар спорту, чэмпіёнка СССР, заслужаны трэнер БССР. А ў далёкім 1964 годзе Алена Уладзіміраўна стала алімпійскай чэмпіёнкай у Токіа. 

На адной з сустрэч з навучэнцамі, якія рыхтаваліся да ўдзелу ў заключным этапе Рэспубліканскай алімпіяды па прадмеце “Фізічная культура і здароўе”, Алена Уладзіміраўна пажадала школьнікам не сядзець і не ляжаць, а мэтанакіравана ісці да ажыццяўлення сваёй мары. На гэта нацэльваюць моладзь усе выкладчыкі факультэта.

І яшчэ цікавы факт. Студэнт факультэта фізічнай культуры ГрДУ імя Янкі Купалы прынёс першы алімпійскі медаль і незалежнай Беларусі. На летніх Алімпійскіх гульнях у Атланце ў 1996 годзе выхаванец прафесара В.А.Максімовіча, які зараз працуе на кафедры фізічнага выхавання і спорту, а доўгі час яе ўзначальваў, Аляксандр Паўлаў заваяваў сярэбраны медаль у грэка-рымскай барацьбе. І ён адкрыў лік высокіх алімпійскіх узнагарод беларускіх спартсменаў.

Зрэшты, не толькі спортам жыве факультэт фізічнай культуры. Тут вядзецца падрыхтоўка па спецыяльнасці “Фізічная культура” са спецыялізацыямі “Фізкультурна-аздараўленчая і турыстычна-рэкрэацыйная дзейнасць”, “Трэнерская работа па відах спорту (спартыўныя гульні, лёгкая атлетыка)”. Па гэтай спецыяльнасці рыхтуюць пераважна настаўнікаў фізічнай культуры. Па спецыяльнасці “Спартыўна-педагагічная дзейнасць” у асноўным вядзецца падрыхтоўка трэнераў па лёгкай атлетыцы, спартыўнай барацьбе і валейболе. Летась быў праведзены першы набор на спецыяльнасць “Спартыўна-педагагічная дзейнасць”. Звычайна конкурс на розныя спецыяльнасці факультэта складае ад 1,2 да 1,5 заявы на месца.

— На факультэце рыхтуем у першую чаргу спецыялістаў для педагагічнай і спартыўнай дзейнасці, — гаворыць Віталь Уладзіміравіч. — Многія нашы студэнты на 3—4 курсе пачынаюць працаваць настаўнікамі ў школах. Для іх распрацоўваюцца індывідуальныя вучэбныя планы. Многія нашы выпускнікі праявілі сябе ў органах кіравання спортам: начальнік упраўлення спорту і турызму Гродзенскага аблвыканкама Алег Яўстафьевіч Андрэйчык, начальнік аддзела спорту і турызму Гродзенскага гарвыканкама Яўген Іванавіч Арадзь скончылі ФФК, многія выпускнікі ўзначальваюць спартыўныя каманды вышэйшай лігі.

У вучэбным працэсе на факультэце актыўна выкарыстоўваюць інфармацыйныя тэхналогіі. Пад кіраўніцтвам В.У.Храмава была падрыхтавана серыя электронных вучэбна-метадычных дапаможнікаў для ўрокаў фізічнай культуры і здароўя: па баскетболе, валейболе, футболе, лёгкай атлетыцы, аэробіцы, атлетычнай гімнастыцы, спартыўна-аздараўленчым турызме, якія выкарыстоўваюцца ў вучэбным працэсе. У іх падрыхтоўцы прымалі ўдзел і студэнты. 

На кафедры тэорыі фізічнай культуры і спартыўнай медыцыны створана школа “Інавацыйныя тэхналогіі ў фізічным выхаванні”, кіраўніком якой з’яўляецца прафесар доктар педагагічных навук У.А.Баркоў. Выкладчыкі кафедры падрыхтавалі звыш 50 вучэбных дапаможнікаў, у тым ліку з грыфам Міністэрства адукацыі, і метадычных рэкамендацый, 9 манаграфій. Атрымана 8 патэнтаў на вынаходніцтвы. Штогод кафедра арганізуе рэспубліканскую навуковую канферэнцыю студэнтаў, магістрантаў і аспірантаў “Актуальныя праблемы фізічнага выхавання і спартыўнай трэніроўкі”.

Апошнія свае дасягненні выкладчыкі факультэта нядаўна прадставілі на выставе навуковых распрацовак у Навукова-тэхналагічным парку ГрДУ. Дацэнт кафедры тэорыі фізічнай культуры і спартыўнай медыцыны кандыдат педагагічных навук Л.Г.Харазян і старшы выкладчык кафедры спартыўных гульняў магістр педагагічных навук А.А.Навойчык прадэманстравалі электронныя вучэбна-метадычныя дапаможнікі, прылады для развіцця каардынацыйных здольнасцей у дзяцей з парушэннямі зроку і прыладу для вызначэння абсалютнай тактыльнай адчувальнасці скуры.

На кафедры тэорыі і методыкі фізічнай культуры з 2001 года праводзяць рэгіянальную навукова-практычную канферэнцыю “Спартыўныя гульні ў сучаснай сістэме фізічнага выхавання”. З гэтага ж года дзейнічае магістратура па спецыяльнасці “Тэорыя і методыка фізічнага выхавання, спартыўнай трэніроўкі, аздараўленчай і адаптыўнай фізічнай культуры”.

Выкладчыкі кафедры трэніруюць зборныя каманды ўніверсітэта па гульнявых відах спорту і адзінаборствах, і ГрДУ штогод дэманструе высокія вынікі на Рэспубліканскай універсіядзе. Так, па выніках 2020 года ў агульнакамандным першынстве сярод устаноў вышэйшай адукацыі першай групы каманда ГрДУ заняла першае месца. Купалаўцы былі найлепшымі ў грэка-рымскай барацьбе і ў жаночым баскетболе 3×3. 

Для дасягнення высокіх спартыўных вынікаў вельмі важны элемент — адпаведная матэрыяльна-спартыўная база. Для правядзення вучэбных і трэніровачных заняткаў ёсць стадыён з трыбунамі, дзве гульнявыя залы, лёгкаатлетычны манеж, зала гімнастыкі, зала спартыўных адзінаборстваў, трэнажорная зала, лыжная база, тэнісныя корты і міні-футбольная пляцоўка са штучным пакрыццём.

Але не толькі спортам і вучобай жыве факультэт фізічнай культуры. Як падкрэслівае дэкан, для дасягнення высокіх вынікаў у спорце і вучобе патрэбны адпаведны інтэлектуальны ўзровень, спартыўны характар і камандны дух.

Камандны дух дэманструе і наступны факт. Факультэт фізічнай культуры адным з першых ва ўніверсітэце распрацаваў уласную эмблему. У 2002 годзе ініцыятыўная група, у складзе якой былі Віталь Храмаў (на той момант намеснік дэкана) і прадстаўнікі студэнцкага актыву, прапанавала некалькі варыянтаў будучага сімвала. У выніку з’явіўся кампрамісны варыянт: на фоне пераплеценых літар ФФК сілуэт бягучага чалавека. Рашэнне было прынята 14 лютага, у Дзень усіх закаханых. І гэта вельмі сімвалічна, бо, як гавораць на ФФК, усе любяць родны факультэт.

ФФК быў першым падраздзяленнем ва ўніверсітэце, які стаў праводзіць вечары сустрэчы выпускнікоў. Па ініцыятыве студэнткі Юліі Герасімавай “Ноч ФФК” ужо традыцыйна праводзіцца вясной і аб’ядноўвае выпускнікоў, выкладчыкаў і студэнтаў не толькі ўспамінамі, але і творчай праграмай.

Яшчэ адна традыцыя факультэта — заўсёды выніковы ўдзел у конкурсе першакурснікаў ГрДУ “Alma mater — любоў з першага курса”. Неаднаразова каманда ФФК выходзіла ў фінал і станавілася пераможцай. А гэта вельмі вялікі гонар для першакурснікаў! Зрэшты, імкненне да лідарства ўласціва ўсім студэнтам факультэта фізічнай культуры ГрДУ.

Надзея ВАШКЕЛЕВІЧ.