Арыгінальнасць, тонкасць, прастата тлумачэнняў, работа з любой аўдыторыяй, мабільнасць і гатоўнасць працаваць у палявых умовах — такімі словамі характарызуюць сябе студэнты з каманды “Віртуозы навукі БДУ”, праекта, які робіць хімію даступнай.
“Віртуозаў навукі БДУ” нельга прадставіць як удзельнікаў аднаго калектыву: моладзь не абмяжоўваецца вузкай тэматыкай і сябруе са многімі студэнцкімі арганізацыямі. Ды і сама ініцыятыва вырасла з двух іншых праектаў хімічнага факультэта — “Віртуозаў хімічнага эксперымента” і “Экастылю БДУ”.
Гісторыя пачалася ў 2017 годзе, калі ў асяроддзі зацікаўленых студэнтаў выкрышталізавалася ідэя “Віртуозаў хімічнага эксперымента” — курсаў, якія вучылі б моладзь паказваць доследы. Праз год нарадзіўся “Экастыль БДУ”, накіраваны на тое, каб узнімаць пытанні экалогіі. Яго першая версія “Экаідэі твайго ўніверсітэта” вывела стваральнікаў за межы БДУ: іх падтрымалі студэнты іншых устаноў вышэйшай адукацыі. Работу пабудавалі на прынцыпе “ідэя — даследаванне — рэалізацыя” (удзельнік прадстаўляе задуму ў сферы экалогіі, арганізатары прадастаўляюць пляцоўку для яе прафесійнага вывучэння, а партнёры дапамагаюць з ажыццяўленнем). А пасля пачалі ўводзіць новыя формы ўзаемадзеяння: канферэнцыі, кангрэсы, спецыялізаваныя экскурсіі.
Сёлета абодва праекты аб’яднала каманда “Віртуозаў навукі БДУ”. Ініцыятыва ахоплівае мноства напрамкаў, аднак большая частка належыць эксперыментам, пытанням экалогіі і вядзенню заняткаў у школе юных хімікаў пры факультэце. Аўдыторыя праекта таксама не абмяжоўваецца ўзростам: ад школьнікаў пачатковага звяна — да іх бабуль і дзядуляў. “Хросным бацькам” ідэі стаў агульнаўніверсітэцкі конкурс “Лепшы маладзёжны праект” (усе яны — на пераможных прыступках: у 2018 — на другім месцы, у 2017 і 2019 годзе — на першым).
Хлопцаў і дзяўчат можна ўбачыць не толькі на ўніверсітэцкіх і школьных пляцоўках — усё часцей звесткі пра іх чуюцца з адукацыйных праектаў горада, з прафарыентацыйных паездак, навуковых флэшмобаў. “Віртуозы” расказваюць, што часта школьнікі запрашаюць прыехаць да іх у школу. Тады, нават калі ўся каманда занята, нехта з больш вопытных студэнтаў можа закінуць на спіну заплечнік з рэактывамі і самастойна пусціцца ў падарожжа да старшакласнікаў. Нехта чытае пра іх у сацсетках, некаму расказваюць сябры ці настаўнікі: адным словам, чуткі пра “віртуозаў” ідуць наперадзе іх саміх.
Куратар праекта намеснік дэкана па вучэбнай і выхаваўчай рабоце хімічнага факультэта БДУ Жанна Цабкала гаворыць, што каманду “віртуозаў” вылучае адказнасць: “Ідэі могуць выспяваць доўга, але за арганізацыяй справа не стаіць: студэнты ведаюць, што рабіць, таму хутка кааперыруюцца. Яны разумеюць, што не так важна тое, як называемся, а тое, што робім”.
“На хімфаку пытанні экалогіі былі надзённымі заўсёды не толькі з навуковых пазіцый. І хоць адзін з самых вядомых напрамкаў — “Зялёная хімія” — спачатку ўспрымаўся з доляй скепсісу і гумару (маўляў, што гэта такое?), хутка значнасць гэтай навукі стала відавочнай. Было зразумела, што кожны хімік павінен быць эколагам”, — адзначае Жанна Анатольеўна.
На пляцоўцы школы юных хімікаў, якая існуе на факультэце больш за паўстагоддзя, увасобіліся курсы “Дзіўная хімія”, “Уводзіны ў хімію” (з “нуля” — да ўскладненай школьнай праграмы), “Экалагічная хімія”, “Арганічная хімія” і “Неарганічная хімія”.
“Дзяцей трэба ўмець зацікавіць навукай: гэта не той занятак, да якога найперш цягнуцца школьнікі. І трэба звяртаць увагу не на клас, у якім знаходзіцца вучань, а ўлічваць узровень агульнай падрыхтоўкі, жаданне вывучаць канкрэтны напрамак. Важна, каб дзеці захацелі быць хімікамі. Мы стараемся дыферэнцыраваць іх у залежнасці ад інтарэсаў”, — расказвае Жанна Цабкала.
Эксперымент — душа праекта. Такая форма ўзаемадзеяння не толькі прываблівае гледача, але і выклікае жаданне разумець сутнасць таго, што адбываецца. Студэнты прыходзяць у каманду праз навуку, многія — на першым курсе. Але адной зацікаўленасці недастаткова. Юнакоў і дзяўчат, якія прэтэндуюць стаць часткай “Віртуозаў навукі БДУ”, чакае міні-экзамен. Такі іспыт у свой час вытрымала цяперашні кіраўнік праекта Лізавета Бандарчык. Дзяўчыне трэба было прапанаваць небанальны дослед і нясумна расказаць пра яго. Ліза выбрала эксперымент, звязаны са зменай чайнага колеру ў розных вадкасцях (у шчолачы ён цямнейшы, у кіслаце — святлейшы). Студэнтка расказала, што раней такія ўласцівасці прадукту выкарыстоўвалі праваднікі вагонаў: у шклянку дабаўлялі соду, і чай здаваўся больш насычаным, а лішкі выкарыстоўвалі ў іншых патрэбах.
“Першае, што ўспамінаецца са знаёмства з “віртуозамі”, — прыгажосць. Я вучылася ў звычайнай школе, таму многае было ў навінку. Хлопец, які выступаў перад намі, раней рыхтаваў мяне да алімпіяды. Я глядзела на яго і разумела, што хачу займацца тым жа, чым і ён”, — успамінае Лізавета.
Дзяўчына лічыць, што ў праекце лепш згарэць, чым затухнуць. Можа, таму яе і цягне да доследаў з агнём, а ў блізкім асяроддзі студэнтку называюць прымай эксперымента. Сакрэт прафесійнага “віртуоза”, па словах Лізы, нескладаны: калі проста назіраць, наўрад ці нечаму навучышся. Трэба больш практыкі. Студэнтка гаворыць, што лепшы атрыманы навык — уменне выходзіць з пазаштатных сітуацый, згадвае, як прыходзілася працаваць без водаправода і нават без вагаў (паспрабуй на вока адмераць столькі рэактываў, каб дослед атрымаўся). Але такія выпадкі Ліза лічыць лепшымі ўрокамі.
На хімфаку школьнікі і абітурыенты знаходзяць нешта для сябе. Ліза любіць паўтараць, што віртуоз жыве ў кожным чалавеку (дарэчы, гэтыя словы — дэвіз каманды). Даказвае іх прыклад шасцікласніка Барыса Ганчара, які займаецца неарганічнай хіміяй у школе юнага хіміка. Акрамя гэтага, у хлопца шмат захапленняў: міфалогія, мінералогія, англійская мова, гісторыя. “Віртуозы” гавораць, што, дзякуючы такім дзецям, яны задумваюцца пра неабходнасць выбудоўвання вучэбнага працэсу пад патрэбы кожнага.
“Тое, што застаецца “за кадрам”, часта не менш важнае за бачны вынік — удалыя мерапрыемствы, новыя ідэі. Тое, як студэнты раскрываюцца, як сябруюць паміж сабой і з дзецьмі, таксама ўплывае на нашу каманду, — дзеліцца Жанна Цабкала. — І многія школьнікі, яшчэ не паступіўшы на хімічны факультэт, атаясамліваюць сябе з намі, бо прыязджаюць сюды на курсы”.
Праект мяняе жыццё і дзяцей, і саміх студэнтаў: многія “віртуозы” вучацца не на педагагічных спецыяльнасцях, але, дзякуючы яму, спрабуюць сябе ў педагогіцы. А што казаць пра развіццё камунікабельнасці і сацыяльных навыкаў! Хлопцы і дзяўчаты гавораць, што вопыт праекта — хоць усяго толькі адзін радок у рэзюмэ, але за ім хаваецца глыбокі асобасны патэнцыял. Таму а 22-й гадзіне, калі зачыняецца вучэбны корпус, моладзь з неахвотай ідзе да выхаду.
“Віртуозы” — гэта тое, што адкрывае іншы свет, адносіць ад рэальнасці і штодзённасці ў чароўную краіну. Зараз у многіх школах не хапае абсталявання і рэактываў, у некаторых з іх доследы паказваюцца толькі на відэа, а мы адкрываем дзецям хімію, абыходзячы лічбы, формулы і задачы”, — лічыць Аляксандра Пынзар. А для Златы Якубоўскай праект стаў памочнікам у барацьбе са страхам выступаць. Пачынаючы са школы выхад да дошкі і адказ без запінкі выклікалі ў дзяўчыны паніку. Зараз жа, калі падчас выступленняў студэнтка заўважае ўсмешкі і зацікаўленыя погляды, у ёй прачынаецца азарт. Злата прызнаецца, што непадробленыя эмоцыі падштурхоўваюць працаваць далей.
“Сёння вакол чалавека шмат нявыверанай інфармацыі. Каму ж, як не нашым студэнтам, якія знаходзяцца поплеч з навукай і валодаюць аб’ектыўнымі ведамі, трансліраваць іх і развейваць міфы?” — рэзюмуе Жанна Цабкала.
Першапачаткова слова “віртуоз” выкарыстоўвалася ў дачыненні да музыкантаў, якія ў сваёй галіне дасягнулі найвышэйшага майстэрства. У гэтым сучасных “Віртуозаў навукі БДУ” таксама можна параўнаць з музыкантамі: але замест інструментаў і канцэртных залаў у іх — рэактывы і камерныя пляцоўкі. А ў дадатак да апладысментаў — пытанні ад слухачоў.
Ірына ІВАШКА.
Фота з архіва “Віртуозаў навукі БДУ”.